Непрыдуманыя партрэты
Лявон Валасюк
Выдавец: Брэсцкая друкарня
Памер: 284с.
Брэст 2014
Анатоль Кудзіненка нарадзіўся ў сям’і ваеннаслужачага 23 студзеня 1940 года. Бацька хацеў, каб сын стаў вайскоўцам. Але Анатоль з маленства цягнуўся да прыгожага. Любіў жывапіс, малюнак. Марыў стаць мастаком: асабліва ў яго атрымліваліся акварэльныя і гуашавыя работы, малюнкі пяром і алоўкам. I, як кампраміс, паступленне ў 1957 годзе ў Беларускі палітэхнічны інстытут на архітэктурнае аддзяленне.
Пасля заканчэння інстытута ў 1963 годзе малады спецыяліст быў накіраваны на работу ў Гомель, у праектны інстытут архітэктарам. У 1966 годзе паступіў у аспірантуру Беларускага палітэхнічнага інстытута на кафедру архітэкіуры, якой загадваў слынны навуковец прафесар А. П. Воінаў. Пасля заканчэння аспірантуры працаваў у праектным інстытуце “Брэстграмадзянпраект”. У 1972 годзе Анатоль Кудзіненка атрымаў вучоную ступень кандыдата архітэктуры і ўзначаліў кафедру ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце.
Анатоль Дзмітрыевіч энэргічна “ўварваўся” ў архітэктуру, таленавіта сумяшчаючы праектаванне і ўдасканаленне вучэбнага працэсу на кафедры, якой бесперапынна кіраваў да развальных часоў Саюза (пасля невялікага перапынку ўзначальваў яе зноў).
У найбольшай ступені талент Анатоля Кудзіненкі раскрыўся ў педагагічнай працы. Ім былі падрыхтаваны і прачытаны курсы лекцый па савецкай, беларускай і замежнай архітэктуры, асновах тэорыі архітэктурнага праектавання, тыпалогіі будынкаў, ахове помнікаў гісторыі і культуры. Толькі за 1986-1996 гады яго студэнты ўдзельнічалі ў шматлікіх Усесаюзных аглядах-конкурсах дыпломных работ, атрымліваючы прэстыжныя прэміі (К. Калодзіч, М.Турлюк, Б. Школьнікаў, Б.Тумашчык, М. Пушкоў і інш.). Працы шматлікіх яго вучняў былі высока ацэнены як у нашай рэспубліцы, так і за яе межамі. Выхаванцы Анатоля Дзмітрыевіча сталі вядомымі архітэктарамі — Віктар Арсеньеў (вядучы архітэктар Санкт-Пецярбурга), Аляксандр Асадаў (вядомы маскоўскі архітэктар), Барыс Лядэнка (галоўны архітэктар Смаленска). У Кудзіненкі вучыліся вядомыя брастаўчане: Валерый Кескевіч, Алег Ляшук, Валянцін Гапіенка, Аляксей Андраюк.
Анатоль Дзмітрыевіч Кудзіненка сам быў удзельнікам шматлікіх архітэктурных конкурсаў, навуковых канферэнцый і семінараў. Ён пабываў у Фінляндыі, Бельгіі, Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі, Ліване, Сірыі. 3 кожнай творчай камандзіроўкі прывозіў вялікую колькасць архітэктурных замалёвак, акварэлей, фотаздымкаў. Гэта дапамагала Анатолю Дзмітрыевічу ў праектнай і выкладчыцкай працы.
Прафесар, акадэмік Акадэміі архітэктуры Рэспублікі Беларусь, ён пастаянна знаходзіўся ў пошуку новых ідэй і канцэпцый. Працуючы педагогам, Анатоль Дзмітрыевіч не пакідаў і праектныя работы. У свой час ён стварыў студэнцкае праектнае бюро. Ім самім былі рас-
працаваны жылы мікрараён па вуліцы Набярэжнай у Брэсце, Паўночны жылы раён у Пінску, пасёлак Мухавец у Брэсцкім раёне, храм у вёсцы Дастоева Пінскага раёна, стадыён і банк у Шклове, генеральныя планы гарадоў Калінкавічы, Драгічын, праект дэтальнай планіроўкі цэнтра Кобрына, праект рэканструкцыі бульвара Шаўчэнкі ў Брэсце, жылыя дамы ў Брэсце, індывідуальныя праекты фермерскіх гаспадарак і многае іншае.
Вялікая працаздольнасць, аптымізм, тонкае разуменне прыгожага, дэмакратычнасць у адносінах характарызавалі Анатоля Кудзінеку як архітэктара, педагога і чалавека, які да апошняга дня служыў сваёй Музе. Я памятаю, як хацелася студэнтам-дыпломнікам (у тым ліку і мне) мець кіраўніком дыпломнага праекта Анатоля Дзмітрыевіча Кудзіненку.
За гады педагагічнай працы Анатолем Дзмітрыевічам былі падрыхтаваны і выдадзены шматлікія вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў-архітэктараў: “Планіроўка і забудова сельскіх населеных пунктаў”, “Раённая планіроўка, рэгіянальнае рассяленне” (у сааўтарстве з I. Д. Белагорцавым), “Фермерская гаспадарка”, “Ваша сядзіба”, “Тыпалогія сельскагаспадарчага прадпрыемства” і іншыя.
4 лістапада 1999 года Анатоль Дзмітрыевіч Кудзіненка быў абраны членам-карэспандэнтам Беларускай акадэміі архітэктуры. У яго наперадзе было яшчэ шмат цікавых архітэктурных праектаў, творчых задумак. Па натуры жыццялюб і весялун, ён не паспеў цалкам рэалізаваць свой творчы патэнцыял у архітэктуры, у выкладчыцкай рабоце, жывапісе, якому заставаўся да апошняга адданым.
Вядомы брэсцкі архітэктар Аляксей Андраюк, адзін з самых паспяховых студэнтаў-вучняў Анатоля Дзмітрыевіча, адзначыў у свой час:
”У архітэктурным асяродку Беларусі ўстаялася паняцце “Брэсцкая архітэктурная школа”. Выхадцы з Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (цяпер дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт) “захапілі” архітэктурны рынак і займаюць у ім ключавыя пазіцыі.
Анатоль Дзмітрыевіч Кудзіненка быў галоўнай асобай у архітэктурным адукацыйным працэсе ў Брэсце. Маючы найлепшыя чалавечыя якасці, ён 25 гадоў узначальваў кафедру архітэкітурнага праектавання і малюнка. I ў яго атрымалася стварыць унікальную архітэктурную школу”.
Пра школу Анатоля Кудзіненкі афіцыйна не гаварылі, але такое разуменне існавала, бо яго выхаванцаў пазнавалі на міжвузаўскіх канферэнцыях, у архітэктурных майстэрнях на тэрыторыі былога Саюза па асаблівых адносінах да самой архітэктуры... Анатоль Дзмітрыевіч усімі магчымымі сродкамі падтрымліваў на архітэктурным факультэце свабоду мыслення. Ён быў перакананы, што незалежнасць поглядаў архітэктара аснова яго поспеху.
Аўтарытэт Анатоля Кудзіненкі быў безумоўным. Чалавечы і прафесійны. Студэнты цёпла называлі яго паміж сабою “Кудя”. Так ён распісваўся на курсавых праектах і ў заліковых кніжках.
Пры ўсёй лёгкасці характару Анатоль Кудзіненка мог быць і незвычайна прынцыповым і настойлівым. У савецкія часы публікаваў шмат крытычных матэрыялаў на праблемныя тэмы. Ён заўжды меў свой асабісты прафесійны погляд на жыццё, тым больш, калі гэта мела дачыненне да будаўніцтва і архітэктуры... Ён бачыў архітэктуру толькі так, як гэта мог бачыць толькі ён.
Мы будзем заўсёды памятаць Анатоля Дзмітрыевіча Кудзіненку, Настаўніка і Архітэктара, Чалавека, які заўжды з аптымізмам глядзеў у будучыню.
Стадыён у Шклове (Магілёўская вобласць). Архітэктар А. Кудзіненка
На кафедры архітэктурнага праектавання і малюнка.
Л. Валасюк, С. Фамянкова, А. Кудзіненка.
На юбілейнай выставе архітэктара А. Андраюка
Царква ў в. Дастоева Іванаўвскага раёна.
Архітэктары А. Кудзіненка, У. Кулін
Л. Шыраева, А. Кудзіненка
МАСТАК АД АРХІТЭКТУРЫ НАШ КУРАТАР ЯЎГЕН ДАЎГАЙЛА
У верасні 1976 года Яўген Максімавіч упершыню сустрэўся з нашай групай А-32-1 у аўдыторыі па архітэктурным праектаванні на трэцім паверсе галоўнага корпуса інстытута. Адбылося знаёмства, цёплая размова... Да мяне, старасты групы і курса, Яўген Максімавіч, памятаю, звярнуўся са словамі: “Стараста павінен быць двужыльным, бо акрамя вучобы ёсць яшчэ і грамадская нагрузка...” На той час здароўя ў мяне было дастаткова, таму я не сумняваўся ў тым, што змагу несці гэты крыж.
Застаючыся, як кажуць, “у актыве” ўсе пяць гадоў вучобы, я ніколі не забываў словы Яўгена Максімавіча, робячы заўжды даручаную працу сам, не перакладаючы яе на чужыя плечы. Бывала, што даводзілася дапамагаць таварышам па групе і некага выручаць, за некага заступацца. Каб толькі на карысць агульнай справе.
Асабліва запомнілася праца ў будаўнічым атрадзе ў вёсцы Стрыгава Кобрынскага раёна (непадалёк ад маіх родных Песцянькаў). Яўген Максімавіч быў камандзірам, а я камісарам. Будавалі Дом культуры і кацельную, а таксама рабілі невялікую прыбудову да мясцовай школы. Непаўторны быў час: па выхадных хадзілі у лазню з песнямі, слухалі анекдоты (заўсёды прыстойныя, хоць кампанія была мужчынская) нашага куратара, якіх ён ведаў вялікую колькасць, знаёміліся з мясцовымі дзяўчатамі... Яўген Максімавіч як мог паляпшаў наш быт, дапамагаў парадамі і асабістым прыкладам.
Наш куратар заўжды быў душою кампаніі. Ён пазнаёміў мяне ў час вучобы са сваімі сябрамі, якія працавалі ў розных галінах культуры на прадпрыемствах і ўстановах горада. Асабліва карыснымі былі знаёмствы з мастакамі і архітэктарамі “па профілю”. Я адкрываў для сябе жыццё ў розных яго праявах праз сустрэчы з творчымі людзьмі, сяброўскія гутаркі, спрэчкі і дыскусіі. I побач вельмі часта быў наш куратар Яўген Максімавіч Даўгайла...
Плённым было наша супрацоўніцтва і ў Жабінцы, на цукровым заводзе і на іншых аб’ектах. Як старэйшы таварыш, былы куратар шмат чаму мяне навучыў. Да ўсяго атрымалася так, што мы доўгі час жылі паблізу на Граеўцы. Яўген Максімавіч не раз бываў у нас дома, добра быў знаёмы з маімі бацькамі, якія высока цанілі яго агульную культуру, дасведчанасць і душэўнасць. Маёй маці такія людзі былі асабліва даспадобы, бо адчувала, што яны дурному не навучаць...
Але прыйшлі перабудовачныя часы, у нашым інстытуце скасавалі архітэктурны факультэт, дзе Яўген Максімавіч працаваў старшым выкладчыкам, і мой старэйшы сябар разам з сям’ёю вярнуўся ў свой родны Мінск, пайшоў працаваць выкладчыкам у школу выяўленчага мастацтва. Некалькі разоў я яшчэ сустракаў яго, калі былы куратар прыязджаў у Брэст па розных справах, пакуль не даведаўся, што ён пайшоў з жыцця, маладым, у 45 гадоў...
“Мастак ад архітэктуры,” так сказаў пра нашага настаўніка і старэйшага сябра вядомы ў рэспубліцы і за яе межамі архітэктар Аляксей Андраюк, мой аднагрупнік. I з ім нельга не пагадзіцца...
Я. Даугайла і А. Кудзіненка на занятках. 1980 год.
Я. Даўгайла на персанальнай выставе студэнта групы А-32 Л. Валасюка. 1977 год
Я. Даўгайла са студэнтамі групы А-32 на сельскагаспадарчыхработах. 1979 год
ДАЦЭНТ КУЛІН
Пазнаёміўся з гэтым паважаным чалавекам нечакана: ідучы з мастаком Канстанцінам Калодзічам да тэлестудыі, ля кафэ “Маладзёжнае”, што месцілася на рагу вуліц Савецкай і Будзёнага, мы сустрэлі калегу Юрася Петручука. 3 ім быў побач сярэдняга росту, сівагаловы мужчына, які назваўся крыху для мяне нечакана “дацэнт Кулін”... Пазней Кастусь Калодзіч крыху расказаў мне пра архітэктара-педагога Уладзіміра Іванавіча Куліна, які на той час працаваў у рэкламным камбінаце мастаком-дызайнерам.
Ужо крыху пазней я сустрэў Уладзіміра Іванаві-
ча ў памяшканні АНМЦК Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама па вуліцы Савецкай. Ён мне паведаміў, што будзе тут працаваць. Так нечакана Уладзімір Іванавіч стаў маім непасрэдным начальнікам пасля некаторай штатнай рэарганізацыі, што адбылася перад гэтым... Сумесна займаліся з ім самадзейнымі мастакамі, народнымі ўмельцамі, нагляднай агітацыяй...