• Газеты, часопісы і т.д.
  • Непрыдуманыя партрэты  Лявон Валасюк

    Непрыдуманыя партрэты

    Лявон Валасюк

    Выдавец: Брэсцкая друкарня
    Памер: 284с.
    Брэст 2014
    123.53 МБ
    Але баліць душа ў Мікалая Васільевіча за будучыню. He суцяшаецца душэўны боль за родную зямельку, за вёску, за тое, што ён пакіне пасля сябе: “Пражыў я многія гады, немалыя гады, о, пражыў. Трэба ўсё ўспомніць, о. Стараюся і буду старацца, хоць я ўжо і пажылы. He знаю, як гэта ў мяне атрымаецца. Як от кажуць, як бы дурак думкаю багацее. Можа, я і багацею, можа, я толькі хвалюся, але ўсё ж, калі я задумаў, то ноч недасплю, але гэта выканаю з Божаю сілаю. Як Бог дасць мне здароўе, Бог дасць мне розум, я буду выконваць, што я задумаў, я буду працягваць. Я хачу тыя работы паставіць, каторых яшчэ няма. Паспею зрабіць ці не паспею... А ўспамінання на нашым вяку вельмі многа”. Разам з усім гэтым Мікалай Васільевіч верыць у тое, што яго “драўляная Беларусь” застанецца пасля яго, што яна будзе захавана. Адно толькі тое, што ў 2008 годзе была выдадзена “Сялянская энцыклапедыя ў творах
    Мікалая Тарасюка” (аўтарам тэксту да якой і ўкладальнікам была мастацтвазнаўца з Мінска Вольга Лабачэўская, здымкі зрабіў фотамастак і паэт Георгій Ліхтаровіч), дае на гэта надзею. Кніга-альбом утрымлівае ўспаміны пра самабытнага майстра, ягоныя работы, дае шырокае ўяўленне пра жыццёвую пазіцыю і творчасць Мікалая Васільевіча Тарасюка..
    “Сяджу і думаю ”
    “Укрыжаванне ”
    ПАЛЕСКІЯ БЫЛІ ІВАНА СУПРУНЧЫКА
    У пятніцу, 26 кастрычніка 2012 года, па вуліцы Савецкай, 54, у выставачнай зале ДУК “Абласны грамадска-культурны цэнтр” Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама адбылося адкрыццё персанальнай выставы “Палеская Атлантыда” (трэцяй па ліку ў абласным горадзе) народнага майстра Беларусі, разьбяра па дрэве, мастака, былога бібліятэкара з вёскі Цераблічы Столінскага раёна Івана Піліпавіча Супрунчыка, прысвечанай 70-гадоваму юбілею майстра, з прэзентацыяй шыкоўнага альбома-манаграфіі “Палескія былі Івана Супрунчыка” (аўтар Вольга Лабачэўская, фота Георгія Ліхтаровіча).
    Выстава драўляных скульптур, зробленых толькі з дапамогай сякеры, графічныя працы майстра нікога не пакінулі абыякавым. Усё стварала атмасферу святочнасці.
    Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Тамара Паўлюковіч уручыла юбіляру пасведчанне і Ганаровы нагрудны знак міністэрства. I гэтая высокая ўзнагарода далёка не першая. У 2001 годзе майстар разьбы па дрэве быў ганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у 1990-м прэміяй прафсаюзаў БССР у галіне мастацтва і культуры, прэміяй “Славянскага базару”. Іван Супрунчык з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Столінскага раёна (з 2009 года), удзельнікам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў і пленэраў.
    Са шчырымі словамі падзякі за супрацоўніцтва выступілі дырэктар абласной бібліятэкі імя М. Горкага Тамара Данілюк, дырэктар абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Коржук, заслужаны работнік культуры Беларусі Святлана Гуляева і іншыя.
    Прыемнай нечаканасцю для Івана Піліпавіча было віншаванне на добрай беларускай мове абласнога пракурора Івана Наскевіча аднасяльчаніна юбіляра, які ўспомніў, як у школьныя гады быў апантаным чытачом цераблічскай бібліятэкі, дзе працаваў Іван Піліпавіч...
    А мне ў той час узгадалася, як упершыню пабачыў скульптурныя творы з дрэва самабытнага інсітнага разьбяра Івана Супрунчыка, зробленыя ім да 100-годдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Некаторы час яны знаходзіліся ў Абласным навукова-метадычным цэнтры ўпраўлення культуры, цяпер захоўваюцца ў Мастацкім музеі, што ў Брэсцкай крэпасці. Тады і давялося пазнаёміцца з дзіўным майстрам, які ў сваёй працы выкарыстоўвае толькі вострую сякеру. Стаць мастаком Іван Піліпавіч вырашыў з маленства, аднойчы пабачыўшы кінастужку пра знакамітага расейскага жывапісца Васіля Сурыкава. А першай заўважыла ягоны талент маці Аксіння Сцяпанаўна, калі Іван з 8 гадоў пачаў маляваць і выразаць з дрэва розныя фігуркі, хаця яго ніхто гэтаму не вучыў, бо спецыяльных урокаў выяўленчага мастацтва на той час у школе не было.
    Хоць усе свае работы, нават мініяцюрныя, Іван Супрунчык высякае сякерай, гэта не значыць, што яны пазбаўлены вытанчанасці, бо кожная мае свае адметныя рысы, свой характар. Перш чым выканаць твор у дрэве, Іван Піліпавіч вымалёўвае вобраз на паперы, робіць эскіз, хаця, як прызнаецца майстар, усе эскізы ў яго галаве. Пэўна, таму і працуе з дрэвам Іван Піліпавіч хутка. Гэта ўжо такая яго натура, такі ён чалавек...
    Яго драўляныя скульптуры пазнавальныя: ці г?;а Францыск Скарына, ці Еўфрасіння Полацкая, знакамітыя персанажы твораў Якуба Коласа або Янкі Купалы... У іх адчуваецца пакута, здіўленне, радасць, любоў... Усе чалавечыя эмоцыі ўласцівы драўляным людзям майстра з вёскі Цераблічы. Там у яго і свой знакаміты музей, дзе кожная фігура займае адведзенае ёй месца і выконвае пэўную ролю. Памяшканне ўпрыгожваюць доўгія паласатыя тканыя ручнікі, якія толькі на Палессі і можна сустрэць...
    Мне падабаюцца такія кампазіцыі разьбяра, як “Музыкі”, “Жанчына з таўкачом”, “Мужчына з сабакам”, “Жанчына сядзіць”, “Мужык з лапцем”. Гэтыя скульптуры перадаюць дух народа, яго сілу і моц, яго бессмяротнасць.
    У арыгінальных драўляных скульпіурах Івана Піліпавіча адлюстроўваецца былое Палесся звычкі, абрады, гісторыя сваёй сям’і і роднай вёскі. Дрэва ў руках майстра атрымлівае новае жыццё ажывае ў адпаведных вобразах, адлюстроўваючы жыццёвую філасофію Івана Супрунчыка чалавека-селяніна, чалавека-працаўніка, чалавека-змагара за высокія ідэалы духоўнасці, які імкнецца ў дрэве захаваць памяць.
    “Добры настрой ”
    ПОКЛІЧ СТАРАЖЫТНАГА БЯРЭСЦЯ
    Кастрычніцкім ранкам 1976 года мяне, студэнта першага курса архітэктурнага факультэта Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, запрасіў да сябе ў кабінет дэкан факультэта дацэнт Васіль Іванавіч Лысенка. Ён пазнаёміў мяне з археолагам Пятром Фёдаравічам Лысенкам і даручыў падабраць на курсе брыгаду хлопцаў для працы на раскопках старажытнага Бярэсця на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці праз раку насупраць Холмскіх і Цярэспальскіх варот. Больш за месяц пасля заняткаў у інстытуце і па нядзелях мне і маім сябрам-першакурснікам пашчасціла працаваць са знакамітым ар-
    хеолагам. Так нечакана апынуліся мы на зямлі нашых продкаў у XII XIII стагоддзях...
    Старажытны горад доўгі час захоўваў свае таямніцы. Вядомыя расейскія археолагі Ю. А. Ягораў, Ю. В. Кухарэнка, В. В. Сядоў, якія займаліся ў розныя гады пошукамі Бярэсця, меркавалі, што пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці рэшткі старажытнага горада былі знішчаны. Але малады археолаг Пётр Лысенка думаў інакш. Першая спроба адшукаць старажытнае гарадзішча ў 1961 годзе не мела поспеху. Некалькі гадоў пайшло ў Пятра Лысенкі на дэталёвае вывучэнне карт, пісьмовых крыніц, нататкаў падарожнікаў, даследванняў краязнаўцы М. I. Алексеюка. Усё гэта дазволіла ў 1964 годзе спрагназаваць, што дзядзінец старажытнага Бярэсця знаходзіўся менавіта ў тым месцы, дзе зараз створаны музей. Вялікую дапамогу аказаў аматар гісторыі, тагачасны дырэктар Музея абароны Брэсцкай крэпасці П. М. Каралёў, які адшукаў на Валынскім умацаванні вялікую колькасць рэшткаў керамічнага посуду... Знаходкі ў наступным годзе дазволілі ўпэўнена заявіць, што летапісны горад знойдзены.
    На працягу 14 гадоў невялікая група археолагаў вяла раскопкі.
    Вынікам шматгадовай працы археалагічных экспедыцый стала стварэнне музея. Але Пятру Фёдаравічу для гэтага давялося звяртацца аж да самога старшыні Савета Міністраў СССР Аляксея Мікалаевіча Касыгіна...
    Выдатна памятаю рэчы, што былі знойдзены пры маім удзеле гэта дзве металічныя пломбачкі (2-я і 3-я па Беларусі), шахматная касцяная фігурка, свінцовыя і касцяныя пячаткі і абразкі, стрэмя ваяводы, інкруставанае залатой ніццю, і шмат чаго іншага. Сам факт удзелу ў тых раскопках пашырыў мой кругагляд, прымусіў з яшчэ большай павагай і зацікаўленасцю паглядзець на гісторыю роднага горада і Беларусі ўвогуле...
    А Пётр Фёдаравіч у той месяц спакойна накіроўваў нашу працу ў патрэбным напрамку. Яму хацелася да восеньскіх дажджоў завяршыць задуманае.
    Мне падабалася працаваць пад яго кіраўніцтвам, таму заўжды з удзячнасцю ўспамінаю тую пару.
    30 чэрвеня 2012 года, археалагічны музей “Бярэсце” (філіял абласнога краязнаўчага музея) адзначыў сваё 30-годдзе. Ганаровым госцем на гэтым свяце быў прафесар, доктар навук Пётр Фёдаравіч Лысенка. Хвалюючыся, ён звярнуўся да гасцей свята:
    Калі я гляджу на гэтае гарадзішча, разумею, што не дарма мы елі хлеб, тапталі і капалі зямлю. Я маю на ўвазе не толькі сябе, але і ўсіх, тады маладых, археолагаў, брэсцкіх школьнікаў і студэнтаў, якія бескарысліва працавалі на раскопках, і людзей пры ўладзе, якія зумелі знайсці сродкі для стварэння музея, і цяперашніх работнікаў музея. Галоўнае нам удалося адшукаць старажытны горад Бярэсце. А музей сёння з’яўляецца сведкам зацікаўленасці людзей да сваіх гістарычных каранёў. Навуковая манаграфія выходзіць накладам у 2-3 тысячы асобнікаў. Навукова-папулярная кніга 10 тысяч асобнікаў. Няхай кожную кнігу прачытае не адзін, а пяць, няхай дзесяць чалавек. У выніку набярэцца сто тысяч чалавек. А цяпер параўнайце: нядаўна ў “Бярэсце” прыйшоў 3-мільённы наведвальнік. Чалавек пераканаўся, што гэта не муляж, а ўнікальнае сведчанне жыцця горада, якому хутка будзе 1000 гадоў. Эфект атрымліваецца ні з адной кнігай не параўнаеш!
    У музеі “Старажытнае Бярэсце ”
    Раскопкі старажытнага Бярэсця. 1976 год.
    Студэнты В. Кравец і В. Мамацюк за працай.
    АНАТОЛЬ КУДЗІНЕНКА.
    АРХІТЭКТАР,
    ПЕДАГОГ, ЧАЛАВЕК
    Я прывык заўжды бачыць яго па дарозе ў цэнтр горада, калі пешшу накіроўваўся на працу. Ён ішоў мне насустрач — ці па машыну ў гараж, ці на аўтобусны прыпынак ‘Тазаапарат”, калі трэба было ехаць на зяняткі на кафедру архітэктурнага праектавання і малюнка ў тэхнічны ўніверсітэт. Звычайна мы прыпыняліся, размаўлялі, абмяркоўвалі мастацка-архітэктурныя навіны.
    Цяпер нязвыкла ад думкі, што так ужо не сустрэнемся, не пагутарым ніколі... I той боль, што сціскае сёння маё сэрца каля яго дома, ніколі ўжо не пакіне, не адпусціць, бо страта невыказная.
    Здаецца, вось толькі ўчора, у верасні 2010 года, ён прыходзіў у абласную бібліятэку імя М. Горкага на прэзентацыю майго паэтычнага зборніка “Знакі на валуне”, сказаў добрае слова. Я чакаў яго на адкрыцці персанальнай выставы па вуліцы Савецкай, але... 14 снежня 2010 года не стала майго былога выкладчыка загадчыка кафедры архітэктурнага праектавання і малюнка Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, майго Настаўніка, суседа і чалавека, з якім не адзін год супрацоўнічаў...