Непрыдуманыя партрэты
Лявон Валасюк
Выдавец: Брэсцкая друкарня
Памер: 284с.
Брэст 2014
Творчы шлях Уладзіміра Куліна пачынаўся ў далёкія 50-я гады ў Мінску, дзе ён, будучы студэнтам 5-га курса Беларускага політэхнічнага ўніверсітэта, распрацаваў пад кіраўніцтвам прафесара А. П. Воінава праект абліцоўкі фасаду тыпавой школы плітамі і дэталямі з дэкаратыўнага бетону ў працэсе цаглянай кладкі. Праект быў рэалізаваны (школа на 880 вучняў пабудавана ў Мінску побач з Вялікім тэатрам). На той час у Беларусі гэта быў першы вопыт аздаблення фасадаў каменных будынкаў. За гэту работу У I. Кулін быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР (1951г.).
Да свайго дыпломнага праекту У I. Кулін выбраў рэальны аб’ект “Тэатр юнага гледача”, які ўзводзіўся на месцы разбуранага даваеннага Палаца піянераў.
Уладзімір Іванавіч атрымаў дыплом з адзнакай і быў пакінуты ў аспірантуры пры кафедры архітэктуры. На той час ён быў тут першым аспірантам і, можна сказаць, знаходзіўся сярод тых, хто стаяў ля вытокаў архітэктурнай адукацыі ў Беларусі.
3 1957 года У. I. Кулін, атрымаўшы званне дацэнта, чытаў лекцыі па архітэктуры грамадскіх і прамысловых пабудоў, па архітэктурных канструкцыях, кіраваў курсавым і дыпломнам праектаваннем.
А ў хуткім часе быў назначаны намеснікам дэкана будаўнічага факультэта. У той час у будаўніцтве і архітэктуры распрацоўвалася праблема індустрыяльнага зборнага домабудавання. Асабліва востра стаяла пытанне жылога будаўніцтва з шырокім выкарыстаннем аб’ёмных завадскіх элементаў.
Уладзімір Кулін шмат працаваў у гэтым напрамку: чытаў лекцыі студэнтам, інжынерам і будаўнікам пра развіццё буйнапанэльнага домабудавання ў СССР і за мяжой, сумесна з А. П. Воінавым удзельнічаў у распрацоўцы праектаў жылых дамоў з буйных па аб’ёме элементаў.
У 1966 годзе Уладзімір Іванавіч Кулін па запрашэнні першага рэктара прафесара Ігара Дзмітрыевіча Белагорцава паехаў працаваць у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, стаў загадчыкам кафедры архітэктурнага праектавання. Затым была праца ў праектным інстытуце “Белкамунпраект”, Брэсцкім педагагічным інстытуце загадчыкам кафедры эстэтыкі, дзе ён выкладаў сусветную гісторыю выяўленчага мастацтва, малюнак, жывапіс, тэорыю перспектывы. Акрамя таго, Уладзімір Іванавіч актыўна займаўся творчасцю пісаў партрэты, пейзажы, нацюрморты.
Уладзімір Іванавіч валодае незвычайным дарам малюнка. Выявы фрагментаў будынкаў, аксанаметрычныя або перспектыўныя выявы Цудаў свету, якімі ён суправаджаў чытанне лекцый, здзіўлялі студэнтаў і слухачоў. Яго вучні казалі:
’Тэтыя “звонкія” лініі Уладзіміра Іванавіча”.
Напачатку 1990-х гадоў У I. Кулін сумесна з архітэктарам А. Д. Кудзіненка распрацаваў праект Свята-Троіцкага храма ў сяле Дастоева і вёў аўтарскі нагляд за яго будаўніцтвам.
Уладзімір Іванавіч, думкамі вяртаючыся ў мінулае, з вялікай цеплынёй успамінае сваіх настаўнікаў і калег. Сярод іх народныя архітэктары СССР Г. У Заборскі, В. А. Кароль; заслужаны архітэктар БССР В. М. Волчак, I. К. Елісеяў, М. М. Макляцова, У. А. Аладаў, В. I. Гусеў; маскоўскі прафесар М. П. Паруснікаў; выдатныя дойліды Л. Н. Рымінскі, Н. I. Шпігельман, I. I. Боўт, Л.Д . Усава, Ю. В. Шпіт і іншыя.
Больш за 50 гадоў працуе ён выкладчыкам, у яго больш за 80 апублікаваных навуковых прац, архітэктурна-канструктарскіх і жывапісных работ.
Уладзімір Іванавіч да цяперашняга часу лічыцца прафесарам кафедры архітэктурнага праектавання і малюнка Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, з’яўляецца членам Саюза архітэктараў і дарадцам Беларускай акадэміі архітэктуры.
У Куліну свагм пакоі інтэрната БрДТУ. 2012 год.
У. Кулін і Л. Валасюк са студэнтамі-дыпломнікамі. 1983 год.
АРХІТЭКТАР-ФІЛОСАФ
Аляксей Андраюк вядомы беларускі архітэктар. Здаецца, яшчэ не так даўно мы вучыліся з ім у адной групе на архітэктурным факультэце Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. Пяць гадоў сумеснай вучобы, паездкі на практыку ў Рыгу, Маскву, Оршу, Смаленск, сумесная праца над курсавым архітэктурным праектам усё гэта ўжо стала далёкай гісторыяй. Час несупынна рухаецца наперад, пакідаючы за нашымі спінамі запамінальныя росчыркі.
Вось і надышоў для майго таварыша па вучобе час першага значнага юбілею, калі ён вырашыў па-
казаць плён сваёй шматгадовай архітэктурнай працы...
У чацвер 30 ліпеня 2009 года ў выставачнай зале ДУК “Абласны грамадска-культурны цэнтр” адбылася значная падзея ў жыцці берасцейскіх архітэктараў: адкрыццём творчай выставы адзначыў свой 50-гадовы юбілей вядомы берасцейскі архітэктар Аляксей Анатольевіч Андраюк, які, дарэчы, з’яўляецца архітэктарам кампазіцыі (скульптар Аляксей Паўлючук), прысвечанай 1000-годдзю Бярэсця.
Такое мерапрыемства першае ў архітэктурным жыцці абласнога цэнтра. На юбілейнай выставе былі паказаны шматлікія праекты жылых, грамадскіх пабудоў; праекты будынкаў сакральнага прызначэння; творчыя конкурсныя праекты вынік таго, што зроблена Аляксеем Анатольевічам амаль за 30 гадоў працы...
Выставу адкрыў мастак Міхаіл Канькоў, які адзначыў значымасць асобы архітэктара Аляксея Андраюка, яго прац. 3 віншавальнымі словамі выступіў мэр Брэста Аляксандр Палышанкоў, які ўручыў юбіляру Ганаровую грамату гарвыканкама і выказаў яму вялікую падзяку за ўклад у праектаванне будынкаў, якія ўпрыгожваюць Брэст, ствараюць спрыяльны асяродак для пражывання ў ім, працы і адпачынку. Ён адзначыў, што Аляксей Анатольевіч таленавіты планіроўшчык, які фарміруе твар абласнога цэнтра...
Былы загадчык кафедры архітэктурнага праектавання БрДТУ Анатоль Кудзіненка таксама далучыўся да віншаванняў, прыгадаўшы дыпломны праект Аляксея Андраюка па рэканструкцыі цэнтральнай часткі горада Смаленска. Дадаў, што той праект на цяперашні час можна было б ажыццяўляць, што горад чакае акурат такога праекта... Падкрэсліў, што ўжо са студэнцкіх гадоў Аляксей вызначыўся як архітэктар-філосаф, гэта і зараз вельмі бачна ў яго шматлікіх праектах і пабудовах. Аляксей Анатольевіч сёння мае сваіх вучняў, з’яўляецца выдатным педагогам, які перадае назапашаныя веды і вопыт будучым архітэктарам.
Графік Леў Алімаў адзначыў вялікую працаздольнасць архітэктара, заўважыў, што бачыць, як дапазна свецяцца вокны ў майстэрні Аляксея Андраюка, бо сам часам працуе да поўначы.
Юбіляр шчыра падзякаваў шматлікім брастаўчанам, калегам за віншаванні, за тое, што далучыліся да яго свята, і заклікаў прысутных дойлідаў прадоўжыць распачатую традыцыю рыхтаваць творчыя справаздачы для гараджан і гасцей Брэста... Архітэктар адзначыў таксама, што юбілей гэта яшчэ не канчатковы вынік яго творчай працы, а толькі прыступка для далейшай, да ўдасканалення напрацаванага.
Вытворчая база “КОМПО“. Брэст. Арх. А. Андраюк
Малітоўны дом у г. Калодзішчы Мінскай вобл. Арх. А. Андраюк
Герб г. Пружаны. Арх. А. Андраюк
УНІВЕРСАЛЬНЫ СВЕТ ВАШЫХ ЖАДАННЯУ
Чалавек марыў стаць журналістам. У думках бачыў сябе майстрам пяра, выдатна вучыўся, скончыў школу з залатым медалём, але па жыцці склалася так, што атрымаў дыплом тэхнічнага інстытута. Толькі юначая любоў да літаратуры і мастацтва нікуды не знікла. Урэшце здарылася так, што стаў Віктар Іванавіч дырэктарам брэсцкага ЦУМа, у апошні час дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання. А чаго дасягнуў, што зрабіў для людзей да таго, як ехаць у сталіцу на адказную працу?!. Выведзены на рэспубліканскі ўзровень цэнтраль-
ны ўнівермаг, пабудаваны рынак на прылеглай тэрыторыі, адкрыты два філіялы ў горадзе, урэшце прыбудаваны да галоўнага будынка трохпавярховы прадуктовы магазін “Цэнтрум”, пасаджаны вялікі сад у багатым на гістарычныя падзеі месцы Парэччы Пінскага раёна. За ўсім гэтым гады нястомнай працы генеральнага дырэктара брэсцкага цэнтральнага ўнівермага Віктара Іванавіча Валюшыцкага і ўсяго рабочага калектыву гандлёвага прадпрыемства...
У тыя 90-я гады побач з Віктарам Іванавічам плённа папрацавалі яго першы намеснік Сяргей Дзмітрыевіч Сідзько (пасля быў старшынёй праўлення Белспажыўсаюза), намеснік дырэктара Георгій Уладзіміравіч Курыловіч (паспяхова працуе апошнія гады на рынку будматэрыялаў “Будаўнічы рай”), галоўны інжынер Аляксандр Сяргеевіч Хіліманюк (кіруе рынкам “Будаўнічы рай”).
Калі працаваў у ЦУМе мастаком-дызайнерам, для мяне было галоўным адчуць запатрабаванасць. Работы было шмат, і я ніколі яе не цураўся. Адразу ўключыўся ў працу: з калегам Вітарам Сямёнавічам Яцкевічам (мы выканалі праект рэкламнага афармлення 2-га паверха ЦУМа (гандлёвай залы) напярэдадні калегіі Міністэрства гандлю рэспублікі).
Прыемна было працаваць, адчуваючы актыўную падтрымку маладога кіраўніцтва ЦУМа. Атрымаў я і фінансавую дапамогу для выдання сваёй першай кніжкі вершаў “Блікі дня”. У 1999 годзе яна выйшла накладам у 1100 асобнікаў (для цяперашняга часу нямала).
Думка пра мастацкае афармленне двух бакавых уваходаў на 2-гі паверх універмага, якую я выношваў даўно, пачала матэрыялізавацца. Дырэктар Віктар Іванавіч Валюшыцкі пагадзіўся: трэба нешта рабіць, каб шэрыя сцены не ціснулі сваёй будзённасцю. Так паступова і вымалявалася ідэя стварыць вялікія палотны па гісторыі роднага Брэста і Беларусі паводле вядомых архітэктурных помнікаў. Улічваючы тое, што менш чым за два дзясяткі гадоў старажытны Брэст будзе афіцыйна адзначаць сваё 1000-годдзе, у тым жа 2000-м годзе мною былі створаны чатыры палатны (“Дзяцінец старажытнага (XIII ст.) Бярэсця”, “Размяшчэнне храмаў і асноўных пабудоў у Бярэсці на перыяд 1835 года“, ‘Торад Бярэсце ў XVII стагоддзі ", “Беларусь старажытная").
“Я думаю, што гісторыя гэта не застылыя прыкметы былых эпох і не чарада нямых каляндарных дат. Гэта жывая памяць, што адгукаецца ў нас цяперашнімі справамі, учынкамі, здзяйсненнямі. Мы стаім на магутным духоўным падмурку, створаным былымі пакаленнямі, і не павінны жыць без аглядкі, без удумлівага выкарыстання ўсяго таго багацця, што было назапашана нашымі продкамі на працягу стагоддзяў. Таму і ў сябе, у цэнтральным універмазе горада Брэста, мы вырашылі аб’яднаць функцыянальны камерцыйны асяродак з гістарычным фонам, змясціўшы ў нашых інтэр’ерах манументальныя палотны таленавітага мастака Леаніда Валасюка, якія адлюстроўваюць ключавыя этапы ў лёсе нашага горада, краю, краіны. Па водгуках брастаўчан, гэта не толькі прыкметныя творчыя дасягненні, але і сур’ёзная выхаваўчая акцыя, якая нясе ў сабе зарад гісторыі для будучых пакаленняў. Тым больш што мы набліжаемся да значнай даты 1000-годдзя Брэста. I да яе нам ужо зараз трэба рыхтавацца сур’ёзна, аднаўляючы страчанае, напамінаючы пра мінулае...” так выказаўся дырэктар ЦУМа Віктар Іванавіч Валюшыцкі пра мастацкія палотны, што з’явіліся тут на пачатку 2000-х гадоў.