Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня
Кніга першая
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 476с.
Мінск 2021
зьбіраньня матар’ялаў зь беларускага мастацтва», прызначаную для мясцовых краязнаўчых суполак. Большая яе частка была прысьвечаная мэтодыцы фатаграфаваньня і апісаньня помнікаў культавай і грамадзянскай архітэктуры.
Вось фрагмэнты таго даволі вялікага дакумэнту, якія добра перадаюць непаўторны калярыт эпохі і грунтоўнасьць падыходу Шчакаціхіна да справы аховы і вывучэньня помнікаў.
Сярод усіх помнікаў ён асабліва вылучае архітэктурныя:
«У найболыаай колькасьці мы знаходзім помнікі архітэктурныя, дасьледаваньне якіх, аднак, зьяўляецца найбольш цяжкім і складаным. Помнікі гэтыя бываюць двох гатункаў: царкоўныя і грамадзянскія, як каменныя, гэтак і драўляныя, прычым царкоўная архітэктура трапляецца значна часьцей і вельмі цікава з гістарычна-архітэктурнага боку...»2У)
Вось рэкамэндацыі Шчакаціхіна адносна фотафіксацыі помнікаў:
«Пры фатаграфаваньні архітэктуры з кожнага помніка трэбарабіць, па магчымасьці, некалькі здымкаў, кіруючыся наступнымі правіламі:
1. Царкоўныя будынкі фатаграфуюцца з надворнага боку цалком два разы: з паўднёваабо паўночна-заходняга і з супрацьлеглага паўднёваабо паўночна-ўсходняга боку, г. зн. адзін раз з рога каля галоўнага ўваходу, другі раз з рога каля аўтарнае часткі, з разрахункам, кабу абодвух выпадках было відаць два фасады адначасна.
239 Наш край. 1926. №2-3. С. 66.
2. Грамадзянскія будынкі, асабліва вялікія (напр., палацы) лепей заўсё фатаграфаваць чатырыразы: галоўны фасад, задні фасад, бакавыя фасады»240.
I, нарэшце, невялікая цытата з інструкцыі Шчакаціхіна адносна ўнутранага выгляду помнікаў:
«3 . Апроч агульныхздымкаў, трэба сфатаграфаваць найбольш цікаўныя паасобныя дэталі, калі яны ёсьць: ганкі, уваходы, вокны, арнамэнтальныя аздобы і г. д. у болыйых разьмерах.
4. Унутры царкоўных будынкаў робяцца два здымкі агульнага выгляду: у бок аўтара і ў бок уваходу. У грамадзянскіх будоўлях абіраюцца найбольш цікаўныя і характэрныя памяшканьні, напр., саля, уваходы і г. д. Здымаюцца таксама дэталі арнамэнтальных аздоб на сьценах, дзьвярах, вокнах, столях і інш.»24'.
Гэта фрагмэнт той часткі інструкцыі, дзе Шчакаціхін дае рэкамэндацыі краязнаўцам на месцах, як фатаграфаваць помнікі архітэктуры. А вось як ён вучыў іх апісваць гістарычныя будынкі:
«Апісаньні архітэктурных помнікаў, нават і без фатаграфічных здымкаў, зьяўляюцца найбольш важнай часткай справы. Трэба апісваць усе старажытныя помнікі данага раёну, не пакладаючыся пры гэтым на свой асабісты густ пры выбары гэтых помнікаў, бо лепей іншы раз апісаць які-небудзь помнік мала цікаўны імала каштоўны, як прапусьціць што-небудзь запраўды каштоўнае, што відаць толькі спэцыялістаму...»242
240 Таксама.
241 Таксама.
242 Тамсама. С. 66-67.
I далей у такім духу яшчэ шмат старонак і шмат пунктаў.
1925 год быў годам плённага і вельмі шчыльнага супрацоўніцтва Камісіі аховы помнікаў Інбелкульту і Таварыства краязнаўства. Можна нават сказаць, што ў той час галоўным клопатам краязнаўцаў была ахова і прапаганда помнікаў архітэктуры. Па ўсёй Беларусі сотні людзей з фотаапаратамі і нататнікамі ў вёсках, мястэчках і гарадах пайшлі шукаць і апісваць старыя будынкі. У Менску і акруговых цэнтрах пачалі ладзіцца экскурсіі па старых частках гарадоў.
Вось фрагмэнт расказу пра летнюю (1925 году) актыўнасьць краязнаўцаў Магілёва ў адной з тагачасных публікацый Язэпа Троські:
«Магілеўскае акр. т-ва краязнаўства нарыхтавала ў гэта лета шэсьць экскурсій па Магілеву з мэтай лепшага азнаямленьня з помнікамі архітэктуры, скульптуры, малярства і інш., якія сьведчаць аб старасьвецкай культуры краю. На чале экскурсій стаяў кіраўнік гістарычна-археалягічнае сэкцыі Д. I. Даўгяла, а апошняй экскурсіяй кіраваў С. Крэер.. .Д43
А вось апісаньне двух з шасьці экскурсійных маршрутаў:
1-я экскурсія. Перад намі вал — сучасны асяродак места, пункт, на якім ужо з XII веку існаваў магілеўскі замак. Па мяжы былога валу захаваліся толькі рэшткі земляных выступаў. Ад сьцяны, якая ахапляла вал, сьлядоў не засталося. Удзельнікі экскурсіі лёгка маглі ўявіць сабе выгляд Магілева
243 Наш край. 1925. №2. С. 25.
XVII-XVIII вякоў паводле 2-х старых гравюр, якія знаходзяцца ў Магілеўскім музэі.
2-я экскурсія. Брацкі Багаяўленскі манастыр ад 30-х гадоў XVI веку. Побач Іванаўская царква 90-х гадоўХУІ веку, навокал — брацкія гандлёвыя рады. Вока экскурсанта можа пацешыцца тут помнікамі беларускай духоўнай і матэрыяльнай кулыпуры старых часоў, як, напрыклад: самабытная архітэктура Багаяўленскае царквы, прысадзістых, з моцнымі жалезнымі дзьвярмі крам у мураваных радох, разьба іканастасу XVII в., мастацкае малярства абразоў (брацкі абраз XVII в.) і г. Ь. Будынкі царкоўнае беларускае архітэктуры, бляшаныя дахі і муры гандлёвыхрадоў пачынаюць руйнавацца...»2™
Усяго Язэп Троська апісаў шэсьць экскурсійных маршрутаў па старым цэнтры Магілёва, зь якіх пяць былі прысьвечаныя помнікам архітэктуры XVI-XVIII стагодзьдзяў і толькі адзін — сучаснаму аб’екту — станцыі лекавых расьлін.
Гэта быў агульны тагачасны настрой і кірунак думак дзеячоў Інбелкульту. Невыпадкова магілёўскімі летнімі экскурсіямі 1925 году кіраваў загадчык Магілёўскага музэю Дзьмітры Даўгяла. У верасьні таго году ён будзе прыняты ў Інбелкульт на пасаду навуковага сакратара Гісторыка-археалягічнай камісіі, пераедзе ў Менск і тут жа зоймецца менскім Старым горадам і яго помнікамі.
Распрацоўка экскурсій была ўкладам краязнаўцаўу папулярызацыю помнікаў гарадзкой архітэктуры. Такія самыя экскурсійныя маршруты, як убачым далей, былі распрацаваныя і спэцыялістамі
Цэнтральнага бюро краязнаўства, а таксама супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага музэю і дому «Рабпросу» ў Менску.
He забывалі ў Інбелкульце і Таварыстве краязнаўства і пра Полацак — навукоўцы і мясцовыя актывісты ня трацілі надзеі выратаваць тамтэйшыя помнікі, у тым ліку і напалову разбураныя будынкі полацкага Барысаглебскага манастыра. У кастрычніку 1925 году Мікола Шчакаціхін друкуе сваю мастацтвазнаўчую працу «Фрэскі полацкага Барысаглебскага манастыра», у якой на падставе высноваў аб вялікай мастацкай вартасьці росьпісаў XII стагодзьдзя ў Бельчыцах абгрунтоўвае неабходнасьць іх захаваньня і рэстаўрацыі245.
Да вывучэньня Сафійскага сабору і храмаў у Бельчыцах краязнаўцы прыцягнулі і навукоўцаў РСФСР. Летам 1926 году ў Полацку працавала адмысловая камісія:
«У ліпені м-цы ў Полацку праводзіў дасьледчую працу над помнікамі XII cm. загадчык Смаленскага губ. музэю т. Хозераў супольна з нам. старшынг акр. краязн. т-ва т. Мялешка; зрабілі агляд становішча помнікаў старажытнасьці г. Полацку, прычым устаноўлена, што Сафійскі сабор патрабуе прыняцьця тэрміновых мер аховы, да ліку якіх у першую чаргу трэба аднесьці рамонт і ахварбоўку даху і інш.»2і6.
Апісвалі і вывучалі ў той час краязнаўцы помнікі па ўсёй рэспубліцы. Далёка ня ўсё ім удалося ўра-
245 Гл.: Шчакаціхін М. Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра // Наш край. 1925. №1. С. 17-27.
246 Наш край. 1926. №6-7. С. 75.
таваць і захаваць, бо дзейнасьць Таварыства краязнаўства празь некалькі гадоў была згорнутая. Але шмат што таварыства зрабіць пасьпела. Былі зробленыя здымкі і апублікаваныя апісаньні некаторых каштоўных помнікаў, якія да нашага часу не захаваліся — напрыклад, Рагачоўскага і Койданаўскага замкаў247.
Краязнаўцы актыўна займаліся таксама публіцыстыкай і спрабавалі падвесьці гісторыка-тэарэтычную базу пад справу аховы помнікаў. Вось характэрны прыклад. У самым пачатку 1926 году старшыня Аршанскага краязнаўчага таварыства Д. Васілеўскі выступіў у рэспубліканскім друку з грунтоўным артыкулам «Сталецьце краязнаўчай працы на Беларусі». Вось як ён апісваў беларускія культурныя страты XIX стагодзьдзя і іх прычыны:
«Паўстаньне 1831 году стрымала моц наступу польскай культуры на беларуса, але побач з гэтым павялічыўся ўціск беларускае культуры з боку царскага ўраду. Злучэньне вуніяцкае і праваслаўнае царквы прывяло к зьніштажэньню багацьцяў беларускай культуры, выяўленай у прадметах вуніяцкага культу»йі.
Як бачым, агульнапрызнаная ўжо сёньня думка пра вялікія культурныя страты Беларусі пасьля забароны Ўніяцкай царквы, у тым ліку і ад гвалтоўнай перабудовы ўніяцкіх храмаў на расейскі манер, прапагандавалася краязнаўцамі ўжо ў 20-я гады XX стагодзьдзя. А вось як Д. Васілеўскі апі-
247 Гл.: Адзярыха М. Апісаньне Койданаўскага замку II Наш край. 1926. №1. С. 37-40; Шчакаціхін М. Замак у Рагачове II Наш край. 1926. №10-11. С.26-33.
248 Наш край. 1926. №2-3. С. 7.
саў страты помнікаў культуры і спробы іх аховы ў пэрыяд вайны і рэвалюцыі:
«У першыя часы рэвалюцыі бібліятэкі браліся на вучот і ахоўваліся “валаснымі” камітэтамі, але польска-нямецкая навала ўвесь культурны рух сапсавала. У пажары грамадзянскае вайны загарэлася панскае дабро, а сумесна зь ім і тыярэшткі беларускай кулыпуры, якія захоўваліся памаёнтках ад старадаўніны. Камісіі па вучоту і ахове помнікаў мінулага, якія працавалі пры кожным аддзеле Нарасьветы, цягалі старыя кнігі і рэчы ў свае валасныя і павятовыя асяродкі. Вёска дужа за кнігамі для ўласнага ўжываньня ня гналася, бралі больш тыя кнігі, папера якіх ішла на курава..,»2І9
3 гэтых некалькіх цытатаў добра відаць, наколькі сур’ёзна Таварыства краязнаўства было заангажаванае ў справу аховы помнікаў дзякуючы Інбелкульту і яго Камісіі аховы помнікаў.
Актыўнасьць была заўважаная і належным чынам «ацэненая» ў ГПУ і ЦК КП(б)Б. 3 канца 1925 году пачынаецца пакрыёмы наступ на краязнаўчы рух і яго паступовая пераарыентацыя на вывучэньне іншых галінаў народнага жыцьця. 20 сьнежня 1925 году НКВД БССР зацьвярджае статут Таварыства краязнаўства. 3 увагі на тыя ролю і месца, якія адыгрывала ахова помнікаў у дзейнасьці краязнаўцаўу 1925 годзе, цяжкаўявіць, каб сярод задач таварыства ў статуце ахова помнікаў ня згадвалася. Тым ня менш у зацьверджаным варыянце пра ахову помнікаў не было ні слова250.
249 Тамсама. С. 12.
250 Гл.: Наш край. 1926. №12. С. 58-62.
Гэты першы крок уладаў прайшоў як бы незаўважаным. Праз паўтара месяца, 7-10 лютага 1926 году, у Менску ў будынку Інбелкульту адбыўся першы Ўсебеларускі краязнаўчы зьезд. Сьнежаньскі намёк НКВД дэлегаты праігнаравалі. Зьезд заслухаў даклад прафэсара Доўнар-Запольскага «Краязнаўчая праца ў галіне гісторыі і археалёгіі» і даклад Міхаіла Мароза «Ахова помнікаў». Па гэтых двух дакладах дэлегаты прынялі асобную рэзалюцыю, некаторыя пункты якой чытачу ўжо знаёмыя: