Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня
Кніга першая
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 476с.
Мінск 2021
Цікава таксама, што ў той час увага беларускага грамадзтва да архітэктурных помнікаў Менску праяўлялася і ў даволі нечаканых формах і сфэрах. Адной з такіх сфэраў стала мастацтва эксьлібрысу. У 1926 годзе навуковы сакратар ЦБК і член Камісіі аховы помнікаў Інбелкульту Мікалай Касьпяровіч выступіў у друку з артыкулам «Краязнаўства ў сучаснай графіцы».
Касьпяровіч пісаў, што тагачасная беларуская графіка сканцэнтравалася найперш у мастацтве афармленьня кніг і часопісаў, а сярод сюжэтаў амаль спрэс пераважаюць краязнаўчыя:
«... Амаль што заўсёды новая беларуская кніжка, часопіс аздабляецца ілюстрацыямі, застаўкамі, канцоўкамі, пачатковымі літарамі і да т. п. Большасьць гэтых кніжных аздоб, і бадай самыялепшыя, маюць краязнаўчы характар... Да апошніх належыць і адна з кніжных аздоб — ex libris, або кніжны знак, што адрадзіўся бадай што ў самыя апошнія часы на Беларусі... Эксьлібрысы бываюць геральдычнымі, партрэтнымі, краявіднымі і інш. Пэўная частка сучасных беларускіх эксьлібрысаў мае краязнаўчы характар, адбіваючы тыя або іншыя дэталі мясцовага краю... Зважаючы на краязнаўчы характар сучаснай графікі, нашы краязнаўчыя арганізацыі павінны распачаць яе калекцыянаваньне, клясыфікацыю і апрацоўку. У іншых старонках існуюць цэлыя музэі графікі і паасобных відаў яе, як эксьлібрысу, робяцца выстаўкі, выдаюцца часопісы, як “Труды Ленйнградского О-ва экслйбрысйстов” і г.
366 Наш край. 1926. №12. С. 36-38.
Далей у сваім артыкуле Касьпяровіч падаў інструкцыі са схемамі апісаньня графічных краязнаўчых прац і ўзоры апісаньня краязнаўчых эксьлібрысаў. Сярод прыведзеных прыкладаў ён падаў выяву свайго эксьлібрысу 1925 году з выяваю, сярод іншага, помнікаў архітэктуры Віцебскага рынку — тады Касьпяровіч працаваў у Віцебскім аддзеле народнай асьветы.
Але ў нашым кантэксьце найбольш цікавыя два наступныя прыклады, якія прывёў Касьпяровіч. Гэта два менскія эксьлібрысы — Міколы Шчакаціхіна і Цэнтральнага бюро краязнаўства. На абодвух апошніх была выяўленая Менская вежа з гадзіньнікам на Пляцы Волі. Эксьлібрыс для Шчакаціхіна ў 1925 годзе выканаў Анатоль Тычына, а для ЦБК у пачатку 1926 году — ГІавал Гуткоўскі. Прысутнасьць вежы на кніжных знаках працаўнікоў Інбелкульту — канечне, знак іх гонару і замілаваньня да менскіх помнікаў даўніны.
Езуіцкая вежа з гадзіньнікам у 20-я гады была агульнапрызнаным сымбалем Менску. У 1928-1929 гадах малюнак езуіцкай вежы быў часткай лягатыпу галоўнага гістарычнага часопісу рэспублікі — органу Цэнтральнага бюро краязнаўства «Наш край».
Увага, нададзеная менскай Замкавай гары і яе забудове, а таксама ўсёй старой частцы гораду ў 1919-1926 гадах, заклала трывалы інтарэс і трывалую павагу да гэтага месца ў беларускіх галовах у наступныя дзесяцігодзьдзі. Калі пасьля прыходу немцаў у 1941 годзе ў Менску зноў сабралася пэўная колькасьць беларускіх дзеячоў, дык выявы Замчышча і старых будынкаў на ім пачалі выкары-
стоўваць у візуальнай прапагандзе і афармленьні органаў друку.
Адным з мастакоў, якія ў часе вайны жылі ў Менску і працягвалі закладзеныя ў 20-я гады традыцыі павагі да Старога гораду, быў графік Павал Гуткоўскі — аўтар эксьлібрысу Цэнтральнага бюро краязнаўства (1926 год) з выяваю езуіцкай вежы. Гуткоўскі дапамагаў афармляць беларускія выданьні ў часе акупацыі, пасьля вайны быў асуджаны да 10 гадоў лягероў і адбыў поўны тэрмін зьняволеньня.
У лютым 1944 году ў Менску была выдадзеная лісток-газэта «Весткі з вызваленай Беларускай Радзімы». У яе лягатып былі закампанаваныя вежа менскага калегіюму езуітаў, герб Пагоня і менскае Замчышча з будынкам Гродзкага суду на ім.
Таксама выявы гарадзкой вежы і менскага Замчышча друкаваліся ў гады вайны на многіх улётках і агітацыйных плякатах СБМ і іншых беларускіх арганізацый.
Зразумела, што гэта не магло застацца незаўважаным у ведамстве, якое і да вайны, і пасьля яе старанна і жорстка дапільноўвала ідэалягічную чысьціню беларусаў — ГПУ-НКВД-МГБ СССР.
Складаньне пляну рэстаўрацыі
Вось на такім фоне ў 1925 годзе члены Камісіі аховы помнікаў Інбелкульту стварылі праект рэстаўрацыі Замкавай гары і дамагліся ад уладаў уключэньня гэтага праекту ў афіцыйны плян Аддзелу камунальнай гаспадаркі.
Як памятаем, 10 красавіка 1925 году Камісія аховы помнікаў вырашыла ўтварыць з навукоўцаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці камісію для агляду Замкавай гары, каб «на месьце выявіць, якія там патрэбна правесьці работы па рэстаўрыраваньню помнікаў старажытнасьці»367.
3 гэтага адназначна вынікае, што мова вялася менавіта пра рэстаўрацыю «помнікаў старажытнасьці» на Замчышчы.
У кастрычніку 1925 годучасопіс «Наш край» апублікаваў справаздачу аб дзейнасьці Камісіі аховы помнікаў Інбелкульту, дзе згадвалася і пра праект аднаўленьня Замкавай гары ў Менску:
«... Камісія апрацавала плян аднаўленьня напалову зруйнаваных помнікаў, у першую чаргу полацкіх і менскіх»™.
Сумненьняў у тым, што такі плян быў створаны і што гэта быў менавіта плян рэстаўрацыі Замчышча і іншай забудовы Старога гораду, быць ня можа. У гэтым нас пераконвае справаздача аб дзейнасьці Інбелкульту, якую ў выглядзе брашуры апублікаваўу 1926 годзе навуковы сакратар ІБК Аляксандар Цьвікевіч.
У разьдзеле «Ахова помнікаў», якая была фактычнай справаздачай аб дзейнасьці Камісіі аховы помнікаў за 1925 год, Цьвікевіч пісаў:
«Да заслуг камісіі трэба залічыць тое, што яна спыніла руйнаваньне полацкіх помнікаў каменнага будаўніцтва ХІ-ХІІ веку — адзіных на Беларусі і вельмі цікавых сваімі фрэскавымі росьпісамі... і
367 ЦНА НАНБ, ф. 67, воп. 1, спр. 9, арк. 78.
368 Наш край. 1925. №1. С. 64.
злажыла плян рэстаўрацыі і аховы Менскага Замчышча. ..»369
Усё гэта рабілася, як памятаем, у адпаведнасьці з травеньскім рашэньнем прэзыдыюму ІБК, калі ён вырашыў:
«Прапанаваць камісіі паразумецца з Горіспалкомам абупарадкаваньні Замкавае гары ў Менску»™.
Такім чынам, мы дакладна ведаем, што дзеячы Інбелкульту разумелі і ўсьведамлялі значнасьць Замчышча і Старога гораду, дбалі пра яго, вырашылі стварыць плян яго рэстаўрацыі (аднаўленьня) і зрабілі гэта.
Знайсьці гэты плян пакуль не ўдалося. Ён або страчаны з увагі на раней апісаныя праблемы зь беларускімі архівамі, або яшчэ будзе некалі знойдзены. Таму мы можам толькі паспрабаваць рэканструяваць яго палажэньні на падставе некаторых ускосных сьведчаньняў.
Раней тут ужо скарочана цытавалася пастанова камісіі па «абглядзе Замкавай гары». Вось яе фрагмэнт:
«1) Прывесьці Замкавую гару ў належны від, абчысьціць яе ад мусару... закрапіць апоўзьні насыпаў...
2) Узяць Дом гродзкага суда на ўчот па ахове помнікаў і прымусіць гаспадара гэтага будынку зрабіць належны рамонт, а таксама выселіць адтуль кузьню.
369 Інстытут беларускае кулыуры. Гісторыя ўзьнікненьня. Сучасная структура. Навукова-дасьледчая дзейнасьць / Апрац. A. I. Цьвікевіч. С. 48.
370 ЦНА НАНБ, ф. 67, воп. 1, спр. 9, арк. 94.
3) Камісіі па ахове помнікаў злажыць пляны і каштарысы на прывядзеньне менскага Замчышчаў належны від і прадставіць усе матар’ялы па гэтых пытаньняху Прэзыдыюм ІБК»371.
У гэтай цытаце быў скарочаны першы пункт. Вось яго больш поўная вэрсія:
«Прывесьці Замкавую гару ў належны від, абчысьціць яе ад мусару... закрапіць апоўзьні насыпаў, зьнесьці драўляныя халупы іразьбіць на самай гары сад і дзіцячую пляцоўку»372.
Складзены Камісіяй аховы помнікаў да восені 1925 году плян упарадкаваньня Замкавай гары і аднаўленьня яе помнікаў якраз і павінен быў прадугледжваць выкананьне ўсіх гэтых трох пунктаў.
На самай высокай частцы Замчышча разьмяшчалася вуліца Падзамкавая. Якраз туды, на перасячэньне яе са Стара-Мясьніцкай і скіроўвалася ўвага экскурсантаў, якія ў той час наведвалі Стары горад. Менавіта адтуль, як пісаў Касьпяровіч, былі «відаць вельмі прыгожыя краявіды на розныя бакі Менску». Пасьля экскурсантам паказвалі так званы Дом гродзкага суду і руіны старажытных дамоў вакол яго — у дварах на бліжэйшай да Сьвіслачы правай (цотнай) частцы Стара-Мясьніцкай, а таксама будынкі былой сынагогі цэху мясьнікоў — у дварах на яе левым баку. Далей шлях экскурсіі кіраваўся на Нізкі рынак.
Сам Стары горад у той час быў вельмі занядбаны і засьмечаны. Паколькі за саветамі Замчышча канчаткова пачало лічыцца ўскраінай, дык яно і
371 Тамсама, арк. 99.
372 Тамсама.
набыло некаторыя прыкметы гарадзкой ускраіны. Як памятаем, у пратаколе «абгляду Замкавай гары» ад 12 красавіка 1925 году канстатавалася, што «ўся мясцовасьць Замчышча знаходзіцца ў самым антысанітарным становішчы». Да гэтага варта дадаць, што на вуліцы Падзамкавай — самым верхнім пункце Замчышча — у той час знаходзіўся склад «утнля» — яго арганізавалі на месцы раней узьніклай там звалкі сьмецьця.
Таму ў складзеным Камісіяй аховы помнікаў пляне рэстаўрацыі Замкавай гары адным з ключавых пунктаў павінна было стаць якраз упарадкаваньне вуліцы Падзамкавай са зносам старых драўляных хатак з боку татарскіх агародаў, вынясеньнем адтуль звалкі і будаўніцтвам на сутыку са Стара-Мясьніцкай бульвару з добрым брукам, ходнікамі, клюмбамі, лаўкамі для наведнікаў-экскурсантаў і г. д. Адтуль, з самай высокай часткі Замчышча, адкрываўся выдатны выгляд на Верхні горад, Нямігу, Траецкае прадмесьце іўсю Траецкую гару, на Ракаўскае прадмесьце, а таксама на Татарскія агароды і Пярэспу.
У адным з пазьнейшых афіцыйных дакумэнтаў камгасу НКВД той плянаваны Камісіяй аховы помнікаў бульвар назвалі так:
«... Бульвар на месте бывшего Лйтовского замка (Подзамковая ул.)»т.
Тое, што чыноўнікі камгасу назвалі былы Менскі замак Літоўскім — ускосна сьведчыць аб аргумэнтацыі, пры дапамозе якой Камісія аховы помнікаў Інбелкульту дамагалася выдаткаваньня сродкаў
373 ДАМн, ф. 284, воп. 1, спр. 8, арк. 15.
на рэстаўрацыю Замкавай гары. I аргумэнтацыя гэтая зусім адназначна адсылае нас да публіцыстыкі Рамуальда Зямкевіча часоў БНР — менавіта Зямкевіч падкрэсьліваў значэньне Менскага замку як сядзібы каралёў і вялікіх князёў літоўскіх, a росквіт самога Менску адносіў да часоў ВКЛ. Таксама і іншыя публіцысты 1918-1920 гадоў (Лёсік, Карскі і інш.) абгрунтавалі пераемнасьць Беларусі з гістарычнай Літвой і права беларускага народу на гісторыю і спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Гэта — відавочная сувязь і пераемнасьць у ідэалёгіі інбелкультаўцаў 1925-1926 гадоўзгістарызмам БНР 1918-1920 гадоў.