Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня
Кніга першая
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 476с.
Мінск 2021
Адно з тлумачэньняў можа быць такое. Магчымым штуршком для напісаньня вершаў пра Стары Менск для члена інбелкультаўскай «камісіі па абглядзе Замкавай гары» і члена рэдкалегіі часопісу «Наш край» Уладзімера Дубоўкі магла стаць інфармацыя пра новага аўтара праекту пляніроўкі Менску.
Сяргея Шастакова на Ўладзіміра Сямёнава замянілі 23 сьнежня 1925 году, але ў друк інфармацыю тады не далі. Упершыню пра гэта паведаміла газэта «Савецкая Беларусь» 15 студзеня 1926 году ў невялікай нататцы на апошняй старонцы пад назвай «Пляніроўка Менску»:
«Менскі акр. выкан. к-т вядзе перамаўленьні з Маскоўскім прафэсарам Сямёнавым наконт складаньня праекту пляніроўкі Менску. У хуткім часе
праект будзе гатоў, пасьлячагораспачнецца праца па пляніроўцы»467.
Гэты нумар «Савецкай Беларусі» мог трапіць у прадстаўніцтва БССР у Маскве, дзе раней працаваў Дубоўка, і ў Крэмль, куды паэт перайшоў працаваць перакладчыкам468, ужо вечарам таго самага дня або на наступны дзень — пошту і нават некаторыя беларускія тавары, напрыклад, сітны хлеб, пастаўлялі ў Маскву цягнікамі хутка і рэгулярна. А субота, 16 студзеня — гэта дзень напісаньня Дубоўкам першага верша пра Замчышча і Нямігу.
Якраз гэтым можа тлумачыцца факт, што розум Дубоўкі ў тыя дні займалі думкі пра менскі Стары горад. Зь невялікай газэтнай нататкі 15 студзеня паэт і яго паплечнікі-інбелкультаўцы маглі даведацца, што прапановы Шастакова адкінутыя, што яго патэнцыйны праект рэалізаваны ня будзе, і што камгас НКВД знайшоў іншага выканаўцу сваіх плянаў. Магчыма, расчараваньне і прыкрасьць ад гэтай інфармацыі натхнілі паэта на стварэньне вершаў пра Менск.
Зрэшты, неабавязкова Дубоўку трэба было чытаць нататку ў «Савецкай Беларусі». Ён мог быць асабіста знаёмы зь Сяргеем Шастаковым, мог перасякацца зь ім у Маскве і атрымаць інфармацыю непасрэдна ад самога архітэктара. Маглі яны, як памятаем, сустракацца і ў лістападзе 1925 году ў Менску.
467 Савецкая Беларусь. 15 студзеня 1926.
468 У той час законы і афіцыйныя пастановы цэнтральных органаў перакладаліся на мовы народаў СССР. Дубоўка працаваў перакладчыкам на беларускую.
Калі гаворка ідзе пра расчараваньне і прыкрасьць Дубоўкі ад інфармацыі пра магчымы лёс Старога гораду, то ў гэтым сэнсе асабліва характэрны другі верш «Вуліцы шумам спавіты». Гэта вельмі глыбокі і шматплянавы твор. Тут, як і ў першым вершы, паэт азначае месцам сваёй увагі Стары горад. Ён піша «Пырснула сонца праменьнем на пліты / пырснула на брукаваны сьвітак...» Згадае пра пліты Дубоўка і ў апошняй страфе. Многія тратуары Менску, у тым ліку і ў Старым горадзе, былі забрукаваныя квадратнымі плітамі. Далей паэт пазначае і іншыя тапаграфічныя пункты Старога гораду — Няміга, Траецкая. Ну а мэтафара «брукаваны сьвітак» сама па сабе вельмі празрыстая — яна можа і павінна чытацца адназначна: Менск — гэта гістарычная кніга, асяродак гістарычнага духу, «брукаваны сьвітак».
Далей пачынаюцца больш загадкавыя рэчы. Чаму паэт вінаваціць нэпманаўскую Нямігу ў матэрыяльнай абмежаванасьці, маўляў, яе цікавяць толькі «даляры, чырвонцы»? Чаму менавіта «Нямізе» ён укладае ў вусны фразы пра яе пагарду да культуры (Вы пашырайце культуру / стварайце паэмы, пішэце карціны/ Мы вам з музыкай справім хаўтуры / мы вам вянкі ўзложым на дамавіны)! Чаму паэт высьмейвае нэпманаўскія заводзікі па вытворчасьці сэльтэрскай вады і піва на Нямізе (Твае заводы — больш на карыкатуры падобны) і абяцае Менску зусім іншую будучыню? Чаму ён нарэшце ў загадкавай фінальнай страфе цьвёрда і адназначна сьцьвярджае, што пры пабудове новага Менску «Дзень стары ляжа на пліты / неба нам будзе палітрай / стагодзьдзі цяпер экранам»?
Што могуць экраніраваць стагодзьдзі, адбітыя ў старой менскай архітэктуры, падаецца, зразумела — гэтыя радкі Дубоўкі можна лічыць дэманстрацыяй яго вернасьці таму, што раней тут было названа гістарызмам БНР.
А як быць зь іншымі пытаньнямі? Адзін з магчымых адказаў на іх такі.
На Нямізе і ў Старым горадзе жылі людзі розных нацыянальнасьцяў, але, як вядома, болып за палову іх складалі габрэі. Гнанае і пагарджанае ў Расейскай імпэрыі габрэйскае насельніцтва было разьняволена ў выніку рэвалюцыі і пасьля 1917 году праявіла сваю вялікую энэргію і талент. Габрэі актыўна пайшлі працаваць ва ўсе сфэры грамадзкага жыцьця і ў палітыку, а за часы НЭПу — і ў бізнэс.
У выніку адсутнасьці ў Расейскай імпэрыі нармальныхумоваў для адукацыі габрэяў, з другой паловы XIX стагодзьдзя ішоў працэс іх русыфікацыі. У 1920-я гады многія беларускія габрэі ў анкетах ужо пісалі, што іх роднай мовай зьяўляецца расейская, і даволі варожа ставіліся да беларусізацыі. Калі ж меркаваць па асабістых справах супрацоўнікаў Менскага акруговага камгасу НКВД, ад 30 да 50 працэнтаў яго супрацоўнікаў у розныя даваенныя гады былі габрэямі469. Пераважна габрэямі былі і небагатыя нэпманы-прадпрымальнікі Старога гораду. Яны якраз і валодалі заводзікам «для сэльтэрскай вады ці піва» і большасьцю крамаў і лавак Нізкага рынку і яго ваколіцаў.
Вось адзін са шматлікіх дакумэнтаў таго часу. 8 студзеня 1927 году ў Менску адбыліся таргі на
469 Гл.: ДАМн, ф. 354, воп. 3, спр. 1-340.
здачу ў арэн ду ган длёва-прамысловых памяшканьняў. Іх вынікі 13 студзеня зацьвердзіў прэзыдыюм Гарсавету:
«... Магазын на К. Дзяменьцьяўскай вуліцы д. №5 здаць арцелі інвалідаў тэрмінам на 6 месяцаў;
... Магазын на Школьнай вул. у д. №3/9 здаць гр. Газенпуду за 17.50 к. тэрмінам на 6 месяцаў;
... Лаўка №10 на Ніжнім Базары — здаць гр. Рубэнчыку па ацэнцы тэрмінам на 6 месяцаў;
... Лаўка №11 на Ніжнім Базары — зацьвердзіць і здаць гр. Шустэру тэрмінам на 6 месяцаў...»470
Магчыма, у вершы «Вуліцы шумам спавіты» якраз і выявілася раздражненьне Ўладзімера Дубоўкі варожасьцю дзеячоў Менскага акруговага і рэспубліканскага камгасаў НКВД да справы адраджэньня і захаваньня Старога гораду ў Менску і шырэй — да ўсёй беларускай справы.
Зрэшты, магчыма, аўтару гэтага верша не было ніякай справы да нацыянальнасьці няміскіх гандляроў і дзеячоў камгасу. Пад абагульняючым тэрмінам «Няміга» ў творы можа выступаць стары лад, які непазьбежна будзе пераможаны новай сацыялістычнай рэальнасьцю. Такі ідэалягічна правільны сацыяльны патас быў уласьцівы тагачаснай паэзіі.
Прафэсар Сяргей Шастакоў мог прыяжджаць у 1925 годзе ў Менск, мог кантактаваць з інбелкультаўцамі і зацікаўленымі маладнякоўцамі, абмяркоўваць зь імі дэталі будучага праекту генэральнага пляну Менску і мог пакінуць у душах такіх людзей, як Шчакаціхін і Дубоўка, немалыя надзеі на добры далейшы лёс Замчышча і Старога гораду.
I якраз разуменьне, што гэтым надзеям ня суджана збыцца (успомнім пра ад’езд Кацэнбогена за два месяцы да напісаньня Дубоўкавых вершаў, наступ на краязнаўчы рух і іншыя падобныя абставіны) спарадзіла ў душы паэта жаданьне выказацца такім чынам — стварыць два моцныя вершы пра Менск. Гэта быў магутны выкід творчай і грамадзянскай энэргіі.
Два паэтычныя шэдэўры Дубоўкі, прысьвечаныя Старому Менску, застаюцца, верагодна, адзіным у беларускай літаратуры сьведчаньнем аб падзеях, якія разгарнуліся зімой 1925-1926 году вакол Старога гораду, і людзях, якія той справай займаліся. Дубоўка быў у курсе справаў, усё бачыў і разумеў. Як надзвычай таленавіты творца, ён меў яшчэ і разьвітую інтуіцыю, таму адчуў, куды кіруюцца падзеі і што будзе далей. I не памыліўся. Радкі «Мы вам змузыкай справім хаўтуры / мы вам вянкіўзложым на дамавіны» могуць чытацца і як прароцтва — пасьля 1929 году пачаліся рэпрэсіі, і сам паэт 26 гадоў правёў у лягерах і высылцы.
Могуць быць і іншыя тлумачэньні прычын зьяўленьня двух менскіх вершаў Уладзімера Дубоўкі.
Але падставы для таго, каб зьвязаць рашэньне прэзыдыюму Менскага АВК ад 23 сьнежня запрасіць у Менск Уладзіміра Сямёнава, публікацыю «Савецкай Беларусі» 15 студзеня 1926 году і зьяўленьне паэтычных шэдэўраў пра Стары горад 16 і 19 студзеня, таксама ёсьць. Найперш гэта самі вершы. Іх існаваньне і нараджэньне менавіта ў тыя дні — важны і важкі гістарычны факт. I аргумэнт.
Частка VII
Наступ НКВД
Праект пляніроўкі Менску Ўладзіміра Сямёнава
Першы генплян Менску быў складзены ў палове 90-х гадоў XIX стагодзьдзя прускім каморнікам, інжынэрам Р. Дросам, якога ў Менск запрасіў славуты кіраўнік гораду Караль Гутэн-Чапскі. Гэты плян прадугледжваў разьвіцьцё гораду галоўным чынам на поўнач.
Вось з крытыкі ідэяў Дроса і пачаў сваю дзейнасьць у Менску будучы галоўны архітэктар Масквы і аўтар яе «сталінскага» генпляну Ўладзімір Сямёнаў. Агледзеўшыся ў Менску, прафэсар Сямёнаў заявіў, што Дрос памыліўся, бо горад за апошнія 30 гадоў будаваўся галоўным чынам на паўднёвы захад уздоўж чыгункі471. Сам Сямёнаў прапанаваў разьвіваць горад уздоўж галоўнай магістралі — вуліцы Савецкай, кірункам на Маскву. Як мы ведаем, рэкамэндацыя гэтая была дакладна вытрыманая і сёньня яшчэ вытрымліваецца няўхільна.
12 траўня 1926 году адбылося гістарычнае пасяджэньне прэзыдыюму Менскага акруговага выканаўчага камітэту пад кіраўніцтвам яго старшыні Сьцяпана Яцкевіча. У пасяджэньні бралі ўдзел акруговыя і менскія гарадзкія чыноўнікі. Прэзыдыюм заслухаў даклад запрошанага камгасам НКВД з Масквы прафэсара архітэктуры Ўладзіміра
471 Звезда. 15 верасьня 1926.
Сямёнава «Аб праекце пляніроўкі гор. Менску на бліжэйшае 25-ці годзьдзе»472.
Пасьля невялікага абмеркаваньня, у якім узялі ўдзел усяго пяць чалавек (паводле парадку ўдзелу — Рабіновіч, Яцкевіч, Лакціёнаў, Нісэнбаўм і Клімаў) прапановы прафэсара Сямёнава былі зацьверджаныя. У рашэньні запісалі наступную фармулёўку:
«Прымаючы пад увагу, што пытаньне аб пляніроўцы гораду ёсьць надзвычайна важнае, падняць яго ў друку і пасьля састаўленьня папярэдняга праекту пляніроўкі ўнесьці гэтае пытаньне на абмеркаваньне Пленуму Гарадзкога Савету»т.
Сама пастанова па праекце Сямёнава выглядала салідна — яна ўключала ў сябе каля двух дзясяткаў пунктаў:
«Зацьвердзіць для састаўленьня праекту пляніроўкі на бліжэйшае 25-ці годзьдзе ніжэйнаступныя грунтоўныя палажэньні:
а) Прыняць разрахуннае насельніцтва г. Менску ў 250.000 к 1950 году.
б) Для рэгуляваньня будаўніцтва разьбіць горад на 4 будаўнічых зоны па прыкмеце вышыні і густаты забудовы і прымяняемых матар’ялаў.