Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
—Ужо больш за гадзіну прайшло, як Брытлз паехаў? — спытала старая лэдзі пасля паўзы ў размове.
—Ужо гадзіну і дваццаць хвілін таму, мэм, — адказаў містэр Джайлс, паглядзеўшы на срэбны гадзіннік, які ён выцягнуў з кішэні за чорную стужку.
—Ён заўсёды быў такі марудлівы, — заўважыла старая лэдзі.
—Брытлз заўсёды быў нетаропкі хлопец, мэм, — пацвердзіў слуга.
Заўважым, што калі прыняць да ўвагі той факт, што Брытлз быў нетаропкім ужо больш за трыццаць гадоў, то ўяўлялася малаверагодным, што ён калі-небудзь разварушыцца.
— Мне здаецца, што ён замест таго, каб змяняцца ў лепшы бок, змяняецца ў горшы, — сказала сталая лэдзі.
— Нельга будзе дараваць, калі ён перастане гуляць з іншымі хлопчыкамі, — сказала з усмешкай маладая лэдзі.
Містэр Джайлс, напэўна, абдумваў, ці можа ён дазволіць сабе паблажлівую ўсмешку, але тут да садовай брамкі пад’ехала двуколка, і з яе саскочыў тоўсты чалавек. Ён адразу ж папраставаў да дзвярэй, нейкім загадкавым чынам вось тут жа пранік у дом і ўварваўся ў пакой, ледзь не перакуліўпіы містэра Джайлса і стол адначасова.
—Я такое чуў, такія рэчы! — усклікнуў тоўсты джэнтльмен. — Мая дарагая місіс Мэйлі... Божа мой... пад покрывам ночы... Ніколі не чуў нічога падобнага!
Выказаўшы такім чынам сваё спачуванне, тоўсты джэнтльмен паціснуў руку абедзвюм лэдзі, падсунуў крэсла і запытаўся, як яны пачуваюцца.
— Вы маглі памерці, літаральна памерці ад жаху, — сказаў тоўсты джэнтльмен. — Чаму вы не паслалі па мяне? О Божа! Калі не я, дык мой слуга быў бы тут ужо праз хвіліну, або яшчэ нехта, запэўніваю вас, пры такіх абставінах — абавязкова. Так нечакана! Пад покрывам ночы!
Выглядала на тое, што доктар асабліва ўразіўся тым, што спроба рабаўніцтва здарылася нечакана і пад покрывам ночы, як быццам джэнтльмены-ўзломшчыкі мелі звычку пракручваць свае справы апоўдні або папярэджваць пра іх двухпенсавай паштоўкай за дзень-два.
—А вы, міс Роз, — сказаў доктар, павярнуўшыся да маладой лэдзі, — я...
—Так, так, — перапыніла яго Роз, — але там наверсе той маленькі небарака, і цётухна хоча, каб вы яго агледзелі.
—Зразумела, агледжу, — адказаў доктар, — абавязкова. Наколькі я зразумеў, гэта вашых рук справа, Джайлс.
Містэр Джайлс, які ліхаманкава прыбіраў кубачкі, моцна пачырванеў і сказаў, што гэты гонар належыць яму.
— Гонар, кажаце? — перапытаў доктар. — Ну, не ведаю. Можа быць, гэта і гонар — падстрэліць злодзея на кухні, такі самы гонар, як трапіць у саперніка на дуэлі з дванаццаці крокаў. Уявіце сабе, што ён стрэліў у паветра, і вы выйгралі дуэль, Джайлс.
Містэр Джайлс, які ўспрыняў такі легкаважны падыход да справы як несправядлівую спробу паменшыць ягоную славу, далікатна адказаў, што не яму тут выносіць прысуд, але на яго погляд, другому боку было не да жартаў.
— Але, але! — усклікнуў доктар. — Ну дык што, давайце пакажыце мне, дзе ён. Місіс Мэйлі, я зазірну яшчэ да вас, калі спушчуся ўніз. Вось праз гэтае маленькае акенца ён залез, так? Ну, ні за што не паверыў бы!
He перастаючы казаць, ён пайшоў услед за містэрам Джайлсам. Пакуль яны падымаюцца па лесвіцы, чытачу можна паведаміць, што містэр Лосбэрн, мясцовы лекар, вядомы на дзесяць міль у акрузе як «доктар», растаўсцеў больш праз добры характар, чым праз добрае жыццё, і быў такім мілым і сардэчным, а да таго ж і крыху дзівакаватым старым халасцяком, якога ніводны даследчык не знайшоў бы за ўсё жыццё ў акрузе, у пяць разоў большай за гэтую.
Доктар адсутнічаў нашмат даўжэй, чым гэтага чакалі ён сам і абедзве лэдзі. 3 двуколкі прынеслі вялікую плоскую скрынку, у спальні вельмі часта звінеў званочак, а слугі няспынна бегалі ўверх-уніз па лесвіцы. На грунце гэтага была зроблена выснова, што наверсе адбываецца нешта надта сур’ёзнае. Нарэшце доктар вярнуўся, і калі яго з бояззю спыталі пра пацыента, ён з таямнічым выглядам зачыніў болып шчыльна дзверы.
— Гэта надзвычайны выпадак, місіс Мэйлі, — сказаў доктар, падпёршы спінай дзверы, быццам не дазваляючы іх адчыніць.
—Я спадзяюся, ён у бяспецы? — спытала старая лэдзі.
—Калі браць пад увагу ўсе акалічнасці, то можна сказаць, што небяспека ёсць, — адказваў доктар, — хоць я прытрымліваюся іншага меркавання. Вы бачылі гэтага злодзея?
— He, — адказала старая лэдзі.
— I нічога не чулі пра яго?
-He.
—Праіпу мне прабачыць, мэм, — уставіў містэр Джайлс, — але я збіраўся расказаць вам пра яго якраз у тую хвілю, калі ўвайшоў містэр Лосбэрн.
Рэч была ў тым, што містэр Джайлс спачатку не мог прызнацца, што ён падстрэліўусяго толькі хлопчыка. Яго спраўнасць была настолькі ўхваленая, што ён не мог не адкласці на некалькі цудоўных хвілінак канчатковае тлумачэнне, і гэтыя хвілі знаходзіўся на версе хуткаплыннай славы, якую ён здабыў сваёй непахіснай мужнасцю.
— Роз хацела пабачыць гэтага чалавека, — сказала місіс Мэйлі, — але я і чуць пра тое не хацела.
—Гм, — азваўся доктар. — Выгляд у яго зусім не страшны. Вы не будзеце супраць паглядзець на яго ў маёй прысутнасці?
— Калі гэта так неабходна, — адказала старая лэдзі, — то, безумоўна, не супраць.
—Я думаю, што неабходна, — пацвердзіў доктар. — Ва ўсялякім выпадку, я абсалютна пэўны, што вы глыбока пашкадуеце, калі будзеце зноў і зноў адкладваць і не зробіце гэтага адразу. Цяпер ён зусім спакойны і ляжыць ціха. Дазвольце... Міс Роз, вы мне дазволіце? Клянуся гонарам, няма ніякіх падстаў баяцца!
РАЗДЗЕА XXX
апавядае пра тое, што падумалі пра Олівера яго новыя наведвальнікі
Няспынна запэўніваючы, што яны будуць прыемным чынам здзіўленыя, калі ўбачаць злачынцу, доктар узяў руку маладой лэдзі і прасунуў яе пад локаць сваёй; свабодную руку ён прапанаваў місіс Мэйлі і велічна, з годнасцю павёў іх уверх па лесвіцы.
—А цяпер, — ціха сказаў ён, асцярожна паварочваючы ручку дзвярэй, — паслухаем, што вы скажаце наконт гэтага. Ён няголены, але праз тое зусім не выглядае страшным. Але пачакайце! Я мушу паглядзець, ці можа ён прымаць наведвальнікаў.
Доктар прайшоў наперад і зазірнуў у пакой. Потым даў знак, што лэдзі могуць зайсці, зачыніў за імі дзверы і асцярожна адкінуў полаг ложка. На ім замест сапселага, акрутнага зладзея, якога яны чакалі ўбачыць, ляжала дзіця, змучанае болем, выпетралае. Хлопчык спаў. Параненая рука яго была прыбінтаваная да шыны і да грудзей, галава спачывала на другой руцэ, напалову закрытай доўгімі валасамі, што рассыпаліся па падушцы.
Годны джэнтльмен гэтак з хвіліну трымаў полаг у руцэ і моўчкі глядзеў на хлопчыка. Пакуль ён назіраў за пацыентам, маладая лэдзі праслізнула міма яго, прысела на крэсла збоку ложка і ад-
кінула Оліверавы валасы з ягонага лба. Калі яна нахілялася над ім, яму на лоб упала некалькі яе слязінак.
Хлопчык паварушыўся і ўсміхнуўся ўва сне, як быццам гэтая праява жалю і спачування навеяла яму прыемны сон любові і патолі, якіх ён ніколі не ведаў; так лагодная музыка, цурчанне вады ў цішыні, водар кветкі або нават згадка пра знаёмае слова часамі выклікаюць раптоўны няпэўны ўспамін пра тое, чаго ў гэтым жыцці ніколі не было і што знікае, як дыханне, абуджанае нейкай кароткай думкай пра больш шчаслівае існаванне, якое прамінула ўжо даўно і якое нельга выклікаць ва ўяўленні, спецыяльна напружваючы дзеля гэтага свой розум.
— Што гэта значыць? — усклікнула старэйшая лэдзі. — Гэтае беднае дзіця не магло быць памагатым рабаўнікоў.
—Зло знаходзіць прыстанак у многіх храмах, — сказаў лекар, захінаючы полаг. — I хто можа сказаць, што яму не служыць прытулкам прыгожая абалонка?
—Але каб у такім узросце! — усклікнула Роз.
— Мая мілая маладая лэдзі, — зазначыў доктар, роспачна хітаючы галавой, — злачынства, як і смерць, не ёсць наканаваннем толькі старых і нямоглых. Надта часта яе ахвярамі становяцца людзі маладыя і не самыя горшыя.
— Але ж, сэр... о, вы сапраўды думаеце, што гэты мілы хлопчык быў добраахвотным супольнікам адкідаў грамадства? — спытала Роз.
Лекар патрос галавой, выглядам сваім паказваючы, што, на жаль, гэта магчыма. Потым ён заўважыў, што іх размова можа разбудзіць пацыента, і павёў абедзвюх дам у сумежны пакой.
—Але нават калі ён быў замешаны ў рабаўніцтве, — працягвала Роз, — падумайце, які ён яшчэ маленькі, падумайце, што ён, магчыма, ніколі не ведаў матчынай ласкі, быў беспрытульным, можа, нават спазнаў біццё, а можа, голад загнаў яго ў асяродак людзей, якія прымусілі яго пайсці на злачынства. Цётухна, мілая цётухна, дзеля Бога, падумайце пра гэта, перш чым вы дасце ім упекчы гэтае хворае дзіця ў турму, дзе ў любым выпадку будуць пахаваныя ўсе надзеі на яго выпраўленне. О! Вы любіце мяне, вы ведаеце, што дзякуючы вашай дабрыні і любові я ніко-
лі не адчувала таго, што ў мяне няма бацькоў, але я магла спазнаць гэта і быць такой самай бездапаможнай, безабароннай, як гэты бедны хлопчык. Дык пашкадуйце яго, пакуль не позна!
—Любая мая, — сказала старэйшая лэдзі, прыціскаючы да грудзей дзяўчыну, якая залілася слязьмі, — няўжо ты думаеш, што я зачаплю хоць адзін валасок на яго галаве?
— О не! — узрушана сказала Роз.
— He, — сказала старая лэдзі з унутраным хваляваннем, — я не пакрыўджу яго. Жыццё маё ўжо на схіле, і я стараюся быць міласэрнай да людзей, бо спадзяюся, што яны будуць міласэрнымі да мяне. Што магу я зрабіць, каб выратаваць яго, сэр?
—Трэба падумаць, мэм, — адказаў доктар, — трэба падумаць.
Містэр Лосбэрн засунуў рукі ў кішэні і зрабіў некалькі кругоў па пакоі; пры гэтым ён часта спыняўся, балансаваў на дыбачках і пагрозліва хмурыў бровы. Пасля шэрагу воклічаў кшталту «О, нарэшце я прыдумаў!» або «Не, не пойдзе» і адпаведнага ўзнаўлення шпацыраў па пакоі ды насуплівання броваў ён нарэшце канчаткова спыніўся і сказаў наступнае:
—Я думаю, што калі вы дасце мне санкцыю на допыт з асаблівай пільнасцю Джайлса і гэтага хлопчыка Брытлза, то я змагу развязаць гэтую праблему. Я ведаю, што Джайлс — верны слуга і даўно ў вас працуе, але вы можаце знайсці тысячу спосабаў не пакрыўдзіць яго і да таго ж аддзячыць яму за трапную стральбу. Вы не маеце нічога супраць?
— Калі няма ўжо іншага спосабу выратаваць дзіця, — адказала місіс Мэйлі.
— He, няма, — даў адказ доктар. — Даю вам слова, ніводнага.
—Тады мая цётухна надае вам усе паўнамоцтвы, — сказала Роз, усміхаючыся праз слёзы, — але малю вас, не будзьце з гэтымі небаракамі залішне строгім.