Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
—А як жа! — з ухмылкай сказаў незнаёмец. — Ну, і як поспехі?
— Нічога добрага, — даў адказ габрэй.
—I нічога благога, спадзяюся? — запытаўся незнаёмец, ураз спыняючыся і спалохана гледзячы на супольніка.
Габрэй пакруціў галавой і збіраўся ўжо адказаць, але незнаёмец перапыніў яго і паказаў на дом, да якога яны тым часам падыпілі, заўважыўшы, што лепш абмеркаваць усё неабходнае пад дахам, бо ў яго ад стаяння на холадзе застыла кроў, а вецер працінае наскрозь.
Выглядала на тое, што Фэджын настроены выбачыцца і адмовіць наведвальніку ў гасціннасці ў такі позні час. Ён дапраўды быў прамармытаў нешта накшталт «няма-агню», але калі ягоны супольнік у загадным тоне паўтарыў прапанову, ён адамкнуў дзверы і папрасіў позняга госця прычыніць іх і пачакаць, пакуль ён не вернецца са свечкай.
—Тут цёмна, яку магіле, — сказаў незнаёмец, намацваючы дарогу. — Паспяшайцеся.
— Зачыніце дзверы, — прашаптаў Фэджын з канца калідора.
Як толькі ён вымавіў гэта, дзверы з моцным грукам зачыніліся.
— Гэта не я, — сказаў незнаёмец, птукаючы дарогу. — Вецер зачыніў іх, або яны самі зачыніліся — адно з двух. Давайце хутчэй святло, а то я разнясу сабе галаву аб што-небудзь у гэтай праклятай дзіры.
Фэджын, крадучыся, спусціўся па кухоннай лесвіцы. Неўзабаве ён вярнуўся з запаленай свечкай і паведаміў, што Тобі Крэкіт спіць унізе ў заднім пакоі, а хлопчыкі ў пярэднім. Потым ён прапанаваў незнаёмцу ісці следам за ім і пачаў падымацца ўверх па лесвіцы.
—На пару слоў можна сесці і тут, даражэнькі, — сказаў габрэй, адчыняючы адны з дзвярэй на другім паверсе. — У аканіцах — дзіры, а мы не хочам, каб суседзі ведалі, што тут нешта ёсць. Так што я пастаўлю свечку на прыступкі. Вось так!
3 гэтымі словамі габрэй нахіліўся і паставіў свечку на верхнюю лесвічную пляцоўку якраз насупраць дзвярэй. Зрабіўшы гэта, ён пайшоў у пакой, у якім не было ніякай мэблі, за выняткам зламанага крэсла з падлакотнікамі і нічым не засцеленай старой канапы ці сафы, якая стаяла ля дзвярэй. Менавіта на гэты від мэблі ўсеўся з выглядам надта стомленым позні госць, а габрэй падсунуў з другога боку крэсла, так што яны сядзелі твар у твар. Дзверы засталіся прачыненымі, таму было крыху бачна. Свечка з-за дзвярэй слаба падсвечвала сцяну насупраць.
Нейкі час яны шапталіся. Хоць з іх размовы нельга было нічога разабраць, акрамя некалькіх абрыўкавых слоў, аднак слухач лёгка мог даўмецца, што Фэджын, відавочна, апраўдваўся пасля рэплік незнаёмца і што гэты апошні ўсё болып раздражняўся. Так яны размаўлялі, можа, з чвэрць гадзіны ці болей. Тут Манкс — гэтым імем габрэй некалькі разоў назваў незнаёмца падчас іхняй размовы, — крыху павысіўшы голас, сказаў:
—А я кажу табе яшчэ раз, што справа была кепска спланаваная. Чаму нельга было пакінуць яго тут, з рэштай, і адразу зрабіць з яго такога самага паршывага, смаркатага кішэннага злодзея?
— Вытолькі паслухайце яго! — усклікнуўгабрэй, паціскаючы плячыма.
—Ты што, хочаш сказаць, што не зрабіў бы так, каб захацеў? — сувора выгаворваў Манкс. — Хіба ты не рабіў гэта дзясяткі разоў з іншымі мальцамі? Калі б у цябе хапіла цярпення на дванаццаць месяцаў, то што, ты не зрабіў бы так, што яго асудзілі б і выслалі б з каралеўства, — магчыма, на ўсё жыццё?
— Каму б гэта прынесла карысць, мой даражэнькі? — прыніжана спытаў габрэй.
— Мне, — адказваў Манкс.
—Але мне — не, — ціхмяна адказаў габрэй. — Мне ён мог бы спатрэбіцца. Паколькі ў дамове бяруць удзел два бакі, то трэба браць у разлік інтарэсы і таго, і другога боку, ці не так, мой сябра?
— Ну, і што далей? — змрочна запытаўся Манкс.
—Я заўважыў, што яго нялёгка прывучыць да рамяства, — адказаў габрэй. — У пэўных абставінах ён паводзіць сябе не так, як іншыя хлопчыкі.
—Але, ён не такі, каб яго чорт забраў, — прамармытаў Манкс, — інакш ён даўно ўжо стаў бы злодзеем.
— Ен ніяк не быў заблытаны ў гэта. Мне не ўдалося запалохаць яго. Гэта тое, што мусіць быць напачатку; без гэтага будзе марная трата часу. Што я мог? Паслаць яго на вуліцу з Махляром і Чарлі? Мой даражэнькі, нам хапіла першага разу. Я да гэтага часу не магу ачомацца.
—Тут маёй віны няма, — заўважыў Манкс.
—Так, так, мой даражэнькі, — падхапіў габрэй. — Я і не шкадую цяпер. Каб гэтага не здарылася, табе ніколі не ўдалося б заўважыць хлопчыка, а значыць, і даведацца, што ты шукаеш менавіта яго. Ну дык вось: я вяртаю яго вам з дапамогай гэтай дзеўкі, а яна — яна пачынае яго шкадаваць!
— Задушыць гадаўку! — з нянавісцю выпаліў Манкс.
— He, цяпер мы не можам сабе гэтага дазволіць, мой даражэнькі, — адказаў з усмешкай габрэй, — акрамя таго, гэта не ў нашай манеры, у адваротным выпадку я гэта ўжо даўно зрабіў бы. Манкс, я добра ведаю гэтых баб. Як толькі малец пачынае даходзіць да кандыцыі, ім на яго становіцца начхаць. Вы хочаце, каб хлопчык стаў злодзеем. Калі ён жывы, то можна было б гэта зрабіць, але калі... калі... — габрэй перапыніўся і падсунуўся да суразмоўцы, — памятайце, што гэта малаверагодна, — але калі здарылася найгоршае, і ён памёр...
—Я не вінаваты ў яго смерці! — перапыніў габрэя Манкс, ахоплены жахам, і дрыготкімі рукамі схапіў габрэеву руку. — Помніце, Фэджын! Я ў гэтым не быў замешаны. Што заўгодна, толькі не яго смерць, — я казаў гэта ад самага пачатку. He хачу праліваць крыві: гэта заўсёды адкрываецца, і тады чалавек не знаходзіць сабе месца. Калі яны яго застрэлілі, то я тут не замешаны і блізка, вы чулі? Каб гэтае логава скрозь зямлю правалілася! Што гэта?!
—Дзе? — усклікнуў габрэй, аберуч хапаючы баязліўца поперак тулава, бо той ускочыў на ногі. — Што?
—Там! — адказаў той, утаропіўшыся ў супрацьлеглую сцяну. — Цень! Я бачыў цень жанчыны, у плашчы і капелюшы, яна хутка рухалася ўздоўж сцяны!
Габрэй адпусціў яго, і яны разам куляй вылецелі з пакоя. Свечка стаяла там, дзе яе паставілі; яна толькі аплыла ад скразняка. Што яны бачылі, дык толькі пустую лесвіцу і ўласныя спалатнелыя твары. Яны напружана ўслухваліся; у доме панавала поўная цішыня.
— Вам падалося, — сказаў габрэй, падымаючы свечку і павярнуўіпыся да супольніка.
— Клянуся, я бачыў яе! — адказаў Манкс. Яго калаціла. — Калі я яе ўбачыў, яна стаяла, нахіліўшыся наперад, а калі загаварыў — пабегла.
Габрэй з пагардай паглядзеў на спалатнелы твар свайго суразмоўцы і, сказаўшы, што той можа ісці за ім следам, калі хоча, пачаў спускацца па лесвіцы. Яны зазірнулі ва ўсе пакоі. Там было холадна і пуста. Яны спусціліся ў калідор і далей, у падвал. На нізкіх сценах была зялёная плесня. У святле свечкі блішчалі сляды слізнякоў і слімакоў, але ўсюды было ціха, як у магіле.
—Ну, дык як? — спытаў габрэй, калі яны вярнуліся ў калідор. — Акрамя нас, тут ні жывой душы. Тобі і хлопцы не лічацца — яны па-за падазрэннем. Глядзіце!
Як пацверджанне гэтага факта габрэй выняў з кішэні два ключы і растлумачыў, што, калі яны зайшлі ў дом, ён замкнуў іх у пакоях, каб ніхто не мог перашкодзіць іх размове.
Гэты доказ моцна пахіснуў упэўненасць містэра Манкса. Яго пярэчанні паступова рабіліся ўсё менш настойлівымі па меры таго, як яны абодва працягвалі пошукі і нічога не знаходзілі. Нарэшце ён пачаў вымучана смяяцца і прызнаў, што ва ўсім вінаватая яго пераўзбуджаная нервовая сістэма. Аднак ён не захацеў працягваць размову, ва ўсялякім разе гэтым вечарам, успомніўшы раптам, што ўжо другая гадзіна, так што сябры мусілі разлучыцца.
РАЗДЗЕЛ XXVII
выпраўляе стан рэчаў, які склаўся ў адным з папярэдніх раздзелаў, калі даволі бестактоўна была пакінутая ў самоце адна лэдзі
Сціпламу аўтару ніяк не выпадае вытрымліваць такую важную асобу, як прыходскі кур’ер, спінай да каміна, з расхінутым крыссём сурдута да таго часу, пакуль аўтару не ўзбрыдзе ў галаву адпусціць яго; яшчэ менш прыдатна кур’еру, беручы пад увагу ягоны статус і якасці, падобным зняважлівым чынам ставіцца да лэдзі, на якую гэты кур’ер глядзеў пяшчотным, расчуленым вокам і на вуха якой шаптаў тыя салодкія словы, што, калі ўжо яны зыходзілі ад такой асобы, прымусілі б часта біцца сэрца дзяўчыны або матроны безуважна, якога саслоўя. Гісторык, чыё пяро выводзіць гэтыя словы, мяркуючы, што ён усведамляе сваё месца і ставіцца з належным піетэтам да тых асоб на гэтай зямлі, якім дадзеная высокая і магутная ўлада, спяшаецца засведчыць ім пашану, якой патрабуе іхняе становішча, і захаваць у абыходжанні з імі ўсе неабходныя цырымоніі, якіх нязменна вымагаюць іх высокая годнасць і, адпаведна з гэтым, станоўчыя якасці іхняй натуры. 3 гэтай мэтай аўтар збіраўся прадставіць тут навуковае абгрунтаванне дадзеных Богам правоў прыходскага кур’ера і ягонай беззаганнасці і беспамылковасці, што для правільна выхаванага чытача было б роўна займальным і карысным, але, на жаль, праз недахоп часу і месца аўтар вымушаны адкласці гэта да больш зручнай і прыдатнай нагоды; калі такая нагода надарыцца, то ён гатовы наглядна даказаць, што кур’ер прысутнага месца ў вузкім сэнсе гэтага слова, то бок прыходскі кур’ер, які належыць да прыходскага штату працоўні і адпаведным чынам бярэ ўдзел у службе прыходскай царквы, валодае найвыбітнейшымі, найлепшымі станоўчымі якасцямі чалавечай натуры і што ні на адну з гэтых якасцей не могуць прэтэндаваць навату самай малой меры ні кур’еры прамысловых кампаній, ні кур’еры судоў, ні нават кур’еры пры капліцах (хіба што, можа, апошнія, але ў вельмі малой, мізэрнай ступені).
Містэр Бамбл яшчэ раз пералічыў чайныя лыжкі, узважыў на далоні шчыпцы для цукру, уважліва агледзеў малочнік, упэўніўся ў належным стане мэблі, праверыў нават, у якім стане набіўка з конскіх валасоў у крэслах і, паўтарыўшы гэтую аперацыю разоў шэсць, пачаў думаць, што місіс Корні мусіла б ужо вярнуцца. Думка за думкай, і паколькі набліжэння місіс Корні нічога не прадказвала, то містэру Бамблу здалося, што ён можа прабавіць час нявінна і дабрачынна, задаволіўшы сваю цікаўнасць і крыху, адным вокам, зазірнуўшы ў камоду місіс Корні.
Містэр Бамбл паслухаў трохі каля замочнай адтуліны, каб упэўніцца, што ніхто не ідзе ў пакой, потым пачаў свой агляд з дна камоды і найперш узяўся правяраць змесціва трох доўгіх шуфляд. Яны былі напоўненыя ўсемагчымымі прадметамі туалету, высакаякаснымі, з добрага матэрыялу. Рэчы былі рупна складзеныя паміж дзвюма бачынамі старой газеты, пасыпаныя сухой лавандай і, відавочна, прынеслі кур’еру вялікае задавальненне. Праз нейкі час містэр Бамбл дасягнуў правага верхняга боку камоды і знайшоў у шуфлядзе, у якой тырчаў ключ, шкатулку з вісячым замком, якая, калі ён яе патрос, азвалася прыемным звонам — няйначай звонам манет. Паважнай хадою містэр Бамбл вярнуўся на ранейшае месца ля каміна, прыняў ранейшую паставу і з сур’ёзным і ўпэўненым выглядам сказаў: «Я зраблю гэта!» Пасля сваёй незвычайнай заявы ён хвілін з дзесяць у добрым гуморы хітаў злёгку галавой, як быццам разважаючы сам сабе, які ён слаўны хлапчына, а потым з заўважнай цікаўнасцю і задавальненнем пачаў разглядаць свае ногі збоку.