Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
Акурат у гэты час містэр Джайлс, Брытлз і літавалыпчык падсілкоўваліся на кухні пасля турботаў і жахаў гэтай ночы гарбатай ды іншымі харчамі. He тое, каб містэр Джайлс прывык цярпець празмерную фамільярнасць з боку простых слуг, да якіх ён ставіўся з велічнай зычлівасцю, якая была ім прыемнай,
хоць і не пераставала нагадваць ім пра ягоны больш высокі сацыяльны статус. Але смерць, страляніна, жахі робяцьусіх людзей роўнымі, так што містэр Джайлс сядзеў перад кухонным агменем, выцягнуўшы ногі і паклаўшы левую руку на стол, у той час як ягоная правая рука дапамагала яму рабіць грунтоўную і дакладную ў часе справаздачу пра ноч рабаўніцтва. Слухачы, не дыхаючы (асабліва кухарка і пакаёўка, якія таксама былі тут), лавілі кожнае яго слова.
—I вось дзесьці а палове на трэцюю, — казаў містэр Джайлс, — хоць не стаў бы прысягаць, што гэта не было крыху бліжэй да трэцяй, — я прачнуўся, йавярнуўся ў ложку, як гэта бывае (тут містэр Джайлс перавярнуўся ў сваім крэсле і пакрыўся рогам абруса, як коўдрай, каб было больш наглядна), як раптам мне падалося, што недзе нешта шуміць...
У гэтым месцы аповеду кухарка спалатнела і папрасіла пакаёўку замкнуць дзверы. Тая перадала просьбу Брытлзу, той перадаручыў яе літавальшчыку, а той зрабіў выгляд, што не пачуў.
— ...нешта піуміць, — працягваў містэр Джайлс. — Спачатку я быў падумаў, што мне здалося, і сабраўся быў зноў заснуць, як раптам пачуў гэты гук яшчэ раз, цяпер ужо выразна.
— Што за гук? — спытала кухарка.
— Быццам бы нешта трашчыць, — даў адказ містэр Джайлс і азірнуўся па баках.
—He, хутчэй, быццам нехта правёў жалезнай палкай па тарцы для мускатных арэхаў, — удакладніў Брытлз.
— Гэта ўжо потым, калі вы пачулі, — адказаў містэр Джайлс, — а на той час гэта было, быццам нешта трашчала. Я адкінуў коўдру, — тут містэр Джайлс закруціў край абруса, — сеў у пасцелі і стаў услухоўвацца.
Кухарка і пакаёўка хорам усклікнулі: «Божа!» — і селі бліжэй адна да адной.
—Цяпер я чуў шум зусім выразна, — працягваў містэр Джайлс. — «Нехта, — кажу я сабе, — узломвае дзверы або акно; што рабіць? Пайду, — думаю, — пабуджу гэтага небараку Брытлза і выратую яго ад смерці ва ўласным ложку, каб яму не перарэзалі горла ад
правага вуха да левага, так што ён нават і не паспеў бы ўцяміць, што да чаго».
Тут усе паглядзелі на Брытлза, а той, раскрыўшы рот, утаропіўся ў апавядальніка; яго твар увасабляў найвялікшую ступень жуды.
—Я адкінуў прэч коўдру ды прасціну, — сказаў містэр Джайлс, адкідваючы абрус і сувора гледзячы на кухарку і пакаёўку, — ціха ўстаў з ложка, уступіўся ў...
— Зважайце, містэр Джайлс, тут лэдзі, — прамармытаў літавалыпчык.
— ...чаравікі, сэр, — сказаў Джайлс, павярнуўшыся да яго і асабліва падкрэсліваючы апошняе слова, — схапіў зараджаны пісталет, які заўсёды заносяць наверх разам са сталовым срэбрам, і на дыбачках пайшоў у ягоны пакой. «Брытлз, — кажу я яму, разбудзіўшы, — Брытлз, не бойцеся!»
—Так, вы гэта сказалі, так, — ціхім голасам заўважыў Брытлз.
— «Лічыце, што мы загінулі, Брытлз, — кажу я, — але не бойцеся!»
—А ён баяўся? — спытала кухарка.
—Ані, — запярэчыў містэр Джайлс. — Ён трымаўся гэтаксама... гм... амаль гэтаксама смела, як я.
—Я адразу памерла б, каб была там, — заўважыла пакаёўка.
— Вы жанчына, — сказаў Брытлз і крыху ўзбадзёрыўся.
— Брытлз кажа праўду, — пацвердзіў містэр Джайлс, ківаючы галавой, — ад жанчыны не варта чакаць смеласці. Але мы, як мы ўжо мужчыны, узялі ліхтар з зацямненнем, які стаяў у Брытлза на каміне, і навобмацак пачалі ў цемрадзі спускацца па лесвіцы — скажам, вось так...
Містэр Джайлс устаў і з заплюшчанымі вачыма зрабіў два крокі наперад, каб дапоўніць свой расказ адпаведнымі жэстамі, але раптам ён моцна ўздрыгануўся, зрэшты, як і ўся кампанія, і паспяшаўся сесці назад на сваё крэсла. Кухарка і пакаёўка завішчалі.
— Нехта пастукаў, — сказаў містэр Джайлс, прыкідваючыся вытрыманым і спакойным. — Адчыніце дзверы, хто-небудзь.
Ніхто не скрануўся з месца.
—Дзіўная рэч, што нехта стукае ўранні, — сказаў містэр Джайлс, акідваючы позіркам бледныя твары прысутных і сам прыкметна пабялеўшы, — але дзверы трэба адчыніць. Чуеце ці не?
Гаворачы гэта, містэр Джайлс глядзеў на Брытлза, але малады чалавек, мабыць, лічыў сябе нікім і зразумеў так, што гэтае патрабаванне да яго не мае дачынення; што б ні было, ён нічога не адказаў. Містэр Джайлс запытальна паглядзеў на літавалынчыка, але той раптам заснуў. Пра жанчын не было і размовы.
— Калі б Брытлз адчыніў дзверы ў прысутнасці сведкаў, я згадзіўся б быць адным з іх, — сказаў містэр Джайлс пасля кароткага маўчання.
—I я таксама, — сказаў літавальшчык, прачнуўпіыся аднолькава хутка, як і заснуў.
На гэтыхумовах Брытлз капітуляваў, і кампанія, крыху збітая з панталыку карцінай, убачанай, калі яны адчынілі аканіцы, што ўжо даўно настаў белы дзень, паднялася па лесвіцы, пусціўпіы паперадзе сабак.
Жанчыны, якія пабаяліся заставацца ўнізе, ішлі ззаду. Як параіў містэр Джайлс, яны гучна размаўлялі, каб папярэдзіць злачынную асобу звонку аб сваёй шматлікасці, а ў вітальні, выконваючы выдатную задуму, якая нарадзілася ў мазгах таго самага геніяльнага джэнтльмена, сабакам як наймацней накручвалі хвасты, каб тыя злосна брахалі.
Прыняўшы гэтыя меры перасцярогі, містэр Джайлс абшчаперпыў руку літавальшчыка (каб той не ўцёк, як ён ласкава растлумачыў) і падаў каманду адчыніць дзверы. Брытлз паслухаўся, і астатнія, баязліва выглядваючы адзін з-за другога, не ўбачылі ніякага жаху, акрамя беднага маленькага Олівера Твіста, знямелага ад знямогі, які цераз сілу прьгўзняў галаву і позіркам маліў дапамагчы.
— Хлопчык! — усклікнуў містэр Джайлс, моцна адштурхоўваючы літавальшчыка назад. — Што здарылася з?.. Чаму — Брытлз, глядзі — ты не ведаеш?..
He паспеў Брытлз, які адчыніў дзверы і адразу ж схаваўся за іх, убачыць Олівера, як у яго вырваўся гучны крык. Містэр Джайлс, схапіўшы хлопчыка за нагу і руку (на шчасце, не
прастрэленую), завалок яго проста ў хол і пакінуў там ляжаць ва ўвесь рост на падлозе.
— Вось ён! — загарлапаніў Джайлс у стане найвялікшага ўзбуджання, паварочваючыся да лесвіцы. — Адзін са злодзеяў, мэм! Злодзей, міс! Ен паранены, міс! Я падстрэліў яго, міс, a Брытлз свяціў мне.
—Трымаў ліхтар, міс, — крыкнуў Брытлз, прыклаўшы руку да рота, каб узмацніць голас.
Абедзве служанкі пабеглі наверх паведаміць, што Джайлс злавіў рабаўніка, а літавалыпчык спрабаваў прывесці Олівера ў прытомнасць, каб той не памёр раней, чым яго можна будзе павесіць. Пасярод усяго гэтага галасу пачуўся прыемны жаночы голас, які ў момант навёў цішыню.
—Джайлс! — ціха прамовіў голас з лесвічнай пляцоўкі зверху.
—Я тут, міс, — адказаў містэр Джайлс. — He бойцеся, міс. Я мала пацярпеў. Ён не надта супраціўляўся, міс. Я хутка яго адужаў.
— Ціха! — перапыніла маладая лэдзі. — Ты напалохаеш маю цётухну амаль гэтаксама, як і злодзеі. Гэты небарака цяжка паранены?
—Жахліва паранены, — азваўся Джайлс з неапісальнай самазадаволенасцю.
— Выдае на тое, што ён памірае, міс! — гаркнуў Брытлз у той самай манеры, што і раней. — Ці не будзеце вы ласкавыя сысці ўніз і паглядзець, на выпадак, калі ён будзе паміраць?
— Малю, супакойцеся, калі тут ёсць хоць адзін добры чалавек! — паўтарыла маладая лэдзі. — Пачакайце хвіліну, пакуль я паразмаўляю з цётухнай.
Хадой, гэткай жа мяккай і далікатнай, як і голас, лэдзі пайшла і хутка вярнулася, дала каманду як мага асцярожней падняць паранепага наверх у пакой містэра Джайлса; Брытлзу было загадана сядлаць поні і, не марудзячы, ехаць у Чэрсі, адкуль ён мусіў як мага хутчэй прыслаць канстэбля і доктара.
—Але ж паглядзіце на яго спачатку, міс! — прапанаваў містэр Джайлс з гонарам, як быццам Олівер быў птушкай з рэдкім апярэннем, якую ён па-майстэрску падстрэліў. — Што, не глянеце і вокам?
—He цяпер, ні за што на свеце, — адказала маладая лэдзі. — Небарака! О! Абыходзься з ім як мае быць, Джайлс, прашу цябе!
Стары слуга паглядзеў уверх на маладую лэдзі з такім гонарам і захапленнем, як быццам яна была яго дзіцём. Потым, нахіліўшыся да Олівера, ён далікатна і клапатліва, як жанчына, дапамог занесці яго наверх.
РАЗДЗЕА XXIX
апавядае пра насельнікаў дома, у якім знайшоў сабе прытулак Олівер
Умілым пакойчыку, абстаўленым мэбляй, якая хутчэй выглядала на старадаўні камфорт, чым на мадэрн, за багата накрытым сталом снедалі дзве лэдзі. Ім прыслужваў містэр Джайлс, адзеты ў бездакорную чорную тройку. Ён заняў пазіцыю паміж буфетам і сталом; Джайлс выпрастаўся на ўвесь рост, закінуў галаву і крыху нахіліў яе набок, левую нагу выставіў наперад, а правую руку засунуў у камізэльку, тым часам як левая звісала ўздоўж тулава. Вальяжна трымаючы паднос, ён меў выгляд чалавека, які працаваў, усведамляючы свае заслугі і сваю значнасць.
Адна з дзвюх лэдзі была ўжо ў сталым веку, але нават высокая спінка дубовага крэсла, у якім яна сядзела, не была болып прамой, чым яе пастава. Апранутая скрайне акуратна і вытанчана ў касцюм старога крою, але з нейкай доляй новага стылю, што не толькі не псавала кампазіцыі, але, хутчэй, выгадна падкрэслівала стары стыль, лэдзі сядзела, нібы на троне, паклаўшы рукі перад сабой на стол. Яе вочы (а ўзрост амаль не забраў у іх бляску) пільна глядзелі на маладую суразмоўніцу. Маладзейшая лэдзі была ўвасабленнем самой вясны і росквіту жаноцкасці. Яна была ў тым узросце, у якім (пра гэта можна меркаваць, не ўпадаючы ў блюзнерства), калі Бог па сваім добрым Провідзе калі-небудзь усяляе анёлкаў у смяротных людзей, то менавіта ў такіх, як яна.
Ёй было, можа, крыху больш за сямнаццаць. Аблічча яе было такім мілым і лагодным, такім чыстым і прыгожым, што зямля для яе здавалася занадта нізкай, а зямныя стварэнні занадта грубымі, каб скласці ёй кампанію. Нават розум, які свяціўся ў яе глыбокіх блакітных вачах і адбітак якога несла чало, здавалася, не адпавядаў ні яе ўзросту, ні гэтаму свету, але выраз мяккасці і зычлівасці, дабрыні, водбліскі душэўнага святла, якія ігралі на твары, не пакідаючы на ім ценяў, а найперш — усмешка, шчырая, шчаслівая ўсмешка — усё было створана для сям’і, для міру і для шчасця вакол сямейнага агменя.
Дзяўчына рупліва завіхалася за сталом. Выпадкова яна падняла вочы якраз у тую хвілю, калі старая лэдзі глядзела на яе. Яна ўсмешліва адкінула з ілба валасы, сціпла раздзеленыя пасярэдзіне праборам, і яе прамяністы пагляд выразіў столькі любові, захаплення і непадробнай спагады, што духі нябесныя ўсміхнуліся б, гледзячы на яе.