Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
— Здаецца, вы думаеце, — заўважыў доктар, — што сёння схільныя да жорсткасці ўсе, акрамя вас, міс Роз. Mary толькі спадзявацца дзеля дабра тых з пакаленняў мужчын, якія сёння ўзрастаюць, што першы годны малады чалавек, які будзе апеляваць да вашага спачування, знойдзе ў вашым сэрцы гэткі самы
чуллівы і спаважны водгук. I я хацеў бы быць юнаком, каб тут і сёння скарыстацца з такой нагоды.
— Вы гэткае ж вялікае дзіця, як той самы Брытлз, — пачырванеўшы, адказала Роз.
— Ну што ж, — смеючыся, азваўся доктар, — гэта не такі ўжо цяжкі выпадак. Але вернемся да хлопчыка. Далей будзе самы важны пункт нашага пагаднення. Я мяркую, што праз гадзіну ці дзве ён прачнецца, і хоць я сказаў гэтаму тупагаловаму канстэблю, які сядзіцьунізе, што хлопчыка нельга ні пераносіць, ні размаўляць з ім без рызыкі для яго жыцця, я думаю, што мы зможам пагутарыць з ім без апаскі. Стаўлю ўмову: я паразмаўляю з ім у вашай прысутнасці, і калі з яго слоў ваш цвярозы розум зробіць выснову, што ён непапраўна сапсаваны (што вельмі проста можа быць), то яго трэба будзе пакінуць на волю лёсу, і я не буду ўмешвацца больш ні ўва што.
—О не, цётухна! — папрасіла літасці Роз.
— О так, цётухна! — сказаў доктар. — Дык што, згода?
—Ён не можа быць непапраўным злодзеем, — сказала Роз. — Гэта выключана.
— Вельмі добра, — заўважыў доктар. — Тым больш ёсць падставы прыняць маю прапанову.
Нарэшце дамова была заключаная, і абодва бакі пачалі з нецярпеннем чакаць, калі Олівер прачнецца.
Цярпенне абедзвюх лэдзі мусіла зазнаць выпрабаванне большае, чым прадказваў містэр Лосбэрн, — гадзіна мінала за гадзінай, а хлопчык усё яшчэ моцна спаў. Настаў ужо вечар, калі добрасардэчны доктар прынёс ім вестку, што Олівер дастаткова аднавіў свае сілы для таго, каб з ім можна было паразмаўляць. Ён сказаў таксама, што хлопчык яшчэ вельмі хворы і аслабелы ад страты крыві, але яму так моцна хацелася нешта выказаць, што доктар палічыў за лепшае даць яму такую магчымасць сёння, а не чакаць наступнага ранку і больш істотнага паляпшэння ў стане малога.
Суразмоўе працягвалася доўга. Олівер падрабязна расказаў ім пра сваё жыццё; часта ён мусіў спыняцца, каб пераадолець боль і недахоп сілаў. Невясёлая гэта была гісторыя; слабы го-
лас знясіленага хлапчаняці ў цёмным пакоі апісваў цэлы шэраг крыўдаў і бед, якія ўчынілі яму жорсткія людзі. О, калі б мы, прыгнятаючы і зневажаючы сваіх бліжніх, хоць аднойчы задумаліся над цёмнай праявай людскіх заганаў, якія, быццам цяжкія, набрынялыя воблакі, падымаюцца ў неба, падымаюцца павольна, але няўхільна, каб потым абрынуць на нашыя галовы помсту! Што засталося б тады ад крыўды і абраз, ад пакут, галечы, жорсткасці і несправядлівасці, якія прыносіць з сабой кожны новы дзень нашага жыцця?
У той вечар над падушкай Олівера луналі пяшчота і спагада, добрыя рукі папраўлялі яе. Ён пачуваўся спакойным і шчаслівым і мог бы памерці без усялякага пратэсту.
Калі лёсавызначальная размова падышла да заканчэння, і Олівер зноў пачаў засынаць, доктар выцер вочы, дакараючы іх адначасова за слабасць, і спусціўся ўніз, каб распачаць дзеянні супраць містэра Джайлса. У гасцёўні ён нікога не знайшоў, і яму падумалася, што ён зможа дасягнуць большых поспехаў, калі распачне дзеянні на кухні. Такім чынам, доктар рушыў на кухню.
Тут у ніжняй палаце хатняга парламента сабраліся служанкі, містэр Брытлз, містэр Джайлс, літавальшчык (які ў якасці ўзнагароджання за паслугі атрымаў запрашэнне харчавацца да канца дня) і канстэбль. Апошні джэнтльмен меў вялікае жазло, вялікую галаву, буйныя рысы твару і вялікія паўботы, і выдаваў ён на чалавека, які выпівае адпаведную колькасць элю; так яно і было насамрэч.
На кухні ўсё япічэ абмяркоўваліся падзеі мінулай ночы. Калі доктар увайшоў, містэр Джайлс распісваў сваю вытрымку, a містэр Брытлз пацвярджаў усё сказанае яшчэ да таго, як яго начальнік паспяваў што-небудзь толкам фармуляваць.
— Працягвайце, — махнуў рукой доктар.
—Дзякуй, сэр, — сказаў містэр Джайлс. — Місіс распарадзілася, каб мне выдалі элю, а паколькі я німала не быў схільны ісці ў свой пакойчык, то вось сяджу тут у кампаніі і п’ю свой эль разам з усімі.
Спачатку Брытлз, а потым і ўсе іншыя лэдзі і джэнтльмены ціха выразілі задавальненне тым, што містэр Джайлс ашчаслівіў
іх сваёй прысутнасцю. Містэр Джайлс паблажліва агледзеўся па баках, быццам гаворачы, што пакуль яны будуць паводзіць сябе прыстойна, ён іх не пакіне.
—Як пачуваецца пацыент сёння, сэр? — пацікавіўся Джайлс.
— Так сабе, — адказваў доктар. — Баюся, містэр Джайлс, што вы трапілі ў непрыемную гісторыю.
— Спадзяюся, вы не хочаце сказаць, — прамовіў, дрыжучы, містэр Джайлс, — што ён памірае. Калі б гэта здарылася, я ніколі сабе не дараваў бы. Ніводнага хлопчыка я не згадзіўся б загубіць, нават вось Брытлза, нават за ўсе каштоўныя сервізы Каралеўства.
— Пра гэта пакуль няма размовы, — таямніча прамовіў доктар. — Містэр Джайлс, вы пратэстант?
— Спадзяюся, сэр, так, — заікаючыся, прамовіў Джайлс і пабялеў у твары.
—А вы, малады чалавек? — спытаў доктар, рэзка павярнуўшыся да Брытлза.
— Божа мой, сэр, — адказваў, моцна здрыгануўшыся, Брытлз, — я — як і містэр Джайлс, сэр.
—Тады скажыце мне абодва, — працягваў доктар, — абодва! Ці гатовыя вы паказаць пад прысягай, што хлопчык наверсе — гэта той самы хлопчык, якога прасунулі ў дом праз маленькае акно мінулай ноччу? Кажыце! Мы слухаем!
Доктар, якога ўсе лічылі адным з самых рахманых людзей на зямлі, запатрабаваў гэта такім пагрозлівым тонам, што Джайлс і Брытлз, узбадзёраныя элем, аслупянеўшы, утаропіліся адзін у аднаго.
— Калі ласка, канстэбль, звярніце ўвагу на гэты адказ! — працягваў доктар, з важным выглядам трасучы ўказальным пальцам і стукаючы ім па пераноссі, каб як мага болей абудзіць праніклівасць гэтага годнага джэнтльмена. — Зараз мы, напэўна, нешта даведаемся.
Канстэбль пастараўся надаць сабе як мага больш мудры выгляд і ўзяў сваё жазло, якое марнела ў кутку ля каміна.
— Вы бачыце, што гэта простае пытанне апазнання асобы, — сказаў доктар.
— Так яно і ёсць, сэр, — адказаў канстэбль, моцна закашляўшыся, бо паспяшаўся праглынуць свой эль, і частка яго палілася яму не ў тое горла.
— Вось уломваюцца ў дом, — працягваў доктар, — і двое мужчын скрозь парахавы дым у стане трывогі, у цемры на момант заўважаюць хлопчыка. А наступным ранкам нейкі хлопчык падыходзіць да таго самага дома, і толькі таму, што яго рука перавязаная, гэтыя мужчыны груба хапаюць яго, падвяргаючы яго жыццё вялікай небяспецы, і клянуцца, што ён злодзей. Цяпер паўстае пытанне, можна іхнія паводзіны апраўдаць гэтым фактам ці не, а калі не, то ў якую сітуацыю яны сябе ставяць?
Канстэбль з мудрым выглядам кіўнуў галавой. Ен сказаў, што калі гэта не законнае пытанне, то ён хацеў бы ведаць, што гэта такое.
— Я пытаю вас яшчэ раз, — грымнуў доктар, — ці можаце вы ганаровай клятвай прысягнуць, што гэта той самы хлопчык?
Брытлз нерашуча паглядзеў на містэра Джайлса; містэр Джайлс нерашуча паглядзеў на містэра Брытлза; канстэбль прыставіў руку да патыліцы, каб знайсці адказ. Абедзве жанчыны і літавалыпчык нахіліліся ўперад, каб не прапусціць адказу, а доктар пільна азіраўся ва ўсе бакі. Раптам каля брамы пачуўся гук званочка і ў той самы момант — стук колаў.
— Паліцэйскія! — усклікнуў Брытлз, відавочна ажывіўшыся.
— Што такое? — азваўся доктар, спалохаўшыся ў сваю чаргу.
—Агенты з Боў-стрыт, сэр, — адказаў Брытлз і ўзяў свечку. — Мы з містэрам Джайлсам паслалі па іх сёння зранку.
— Што?! — закрычаў доктар.
—Так! — сказаў Брытлз. — Я паслаў з адным кучарам вестку пра тое, што здарылася, і гэта дзіва, што яны так спазніліся, сэр.
— Вы паслалі, вы... Каб вас трасца ўзяла... з такімі карэтамі, якія ледзьве едуць, вось і ўсё! — сказаў доктар і выйшаў з кухні.
РАЗДЗЕЛ XXXI
апавядае пра крытычнае становішча
Хто там? — запытаўся Брытлз, прачыніўшы дзверы на ланцужку.
—Адчыніце, гэта агенты з Боў-стрыт, пасылалі сяння па нас, — азваўся чалавек, які стаяў знадворку.
Цалкам супакоены такім адказам, Брытлз расчыніў дзверы насцеж і ўбачыў перад сабой мажнага чалавека ў шэрым паліто, які, не кажучы ні слова, адразу ўвайшоў і выцер ногі аб дыванок з такім выглядам, як быццам ён жыў тут заўсёды.
— Малады чалавек, пашліце каго падмяніць майго напарніка, — распарадзіўся агент, — ён сядзіць у брычцы, пілнуе каня. У вас тут ё стайня, дзе воз можна было б паставіць хвілін на пяць-дзесяць?
Брытлз адказаў сцвярджальна і паказаў на будынак. Мажны чалавек выйшаў праз садовую браму і дапамог свайму таварышу паставіць брычку. Брытлз, поўны захаплення, свяціў ім. Управіўшыся, яны вярнуліся ў дом; іх правялі ў гасцёўню, дзе яны знялі свае шэрыя паліто і капелюшы, так што іх можна было разгледзець лепш.
Чалавек, які стукаў у дзверы, быў тоўстым мужчынам сярэдняга росту, гадоў пяцідзесяці, з ільснянымі чорнымі валасамі, падстрыжанымі даволі коратка, з паўбакенбардамі, круглым тварам і праніклівымі вачыма. Другі быў руды, кашчавы чалавек у высокіх ботах; у яго быў непрыгожы твар і кірпаты, даволі злавеснага выгляду нос.
— Скажыце гаспадару, што прыехаў Блатэрс і Даф, чуяце? — прамовіў таўсцейшы мужчына, пагладзіўшы валасы і кладучы на стол пару кайданкаў. — О! Дабрыдзень, пане! Ці не памяняцца нам з вамі парай слоў сам-насам?
3 гэтымі словамі ён звярнуўся да містэра Лосбэрна, які якраз меў гонар з’явіцца; гэты годны джэнтльмен знакам загадаў Брытлзу выйсці, прывёў абедзвюх лэдзі і зачыніў дзверы.
—Вось гаспадыня дома, — сказаў містэр Лосбэрн, паказваючы на місіс Мэйлі.
Містэр Блатэрс пакланіўся. Гасцей папрасілі сесці; містэр Блатэрс паклаў капялюш, узяў сабе крэсла і даў знак, каб Даф таксама сядаў. Гэты апошні, відаць, або не прызвычаіўся да кола прыстойных людзей, або пачуваўся ў ім не надта вольна, бо сеў толькі пасля нейкіх сутаргавых рухаў, засунуўшы з перапуду ў рот булавешку сваёй палкі.
—А цяпер наконт гэнага рабаўніцтва тут, — сказаў Блатэрс. — Пане, якія былі акалічнасці рабаўніцтва?
Містэр Лосбэрн, які, здавалася, хацеў выйграць час, пачаў распавядаць. Расказваў ён занудліва, з вялікімі падрабязнасцямі і адступленнямі. Што да містэраў Блатэрса і Дафа, то яны сваім выглядам давалі зразумець, што ім гэта не ўпершыню, і час ад часу пераглядваліся і ківалі галовамі.