Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Прыклады з гербамі і пячаткамі — толькі найбольш яскравыя сведчанні новага стылю паводзін. He менш прыцягальнымі былі навацыі ў сацыяльным статусе польскай шляхты, да таго невядомыя не толькі літоўскаму, але і рускаму баярству. Карыстаючыся тым, што кароль-чужынец Людовік не вельмі трывала сядзеў на польскім троне, шляхта ў 1374 годзе дамаглася ад яго так званага Кошыцкага прывілея, паводле якога кожны рыцар атрымліваў для сваіх маёнткаў права імунітэту, як яго называлі. Залежныя сяляне мусілі цяпер іілаціць у дзяржаўную казну толькі невялікі, амаль сімвалічны падатак, усе астатнія павіннасці ішлі выключна на карысць землеўладальніка. Адначасова шляхце надаваліся і іншыя правы. Службовыя асобы ў тэрытарыяльных акругах-паветах, у якія ператварыліся былыя княствы, павінны былі назначацца толькі з ліку мясцовых землеўладальнікаў. Утвараўся шэраг выбарных пасад: павятовых суддзяў, маршалкаў, харунжых, якія займаліся судовымі і ваенна-мабілізацыйнымі справамі ў паветах.
Аб такім абмежаванні вярхоўнай улады на карысць рыцарства маглі толькі марыць баяры Вялікага княства Літоўскага. Старажытнаруская традыцыя, паводле якой будаваўся сацыяльны лад на землях Вялікага княства, разглядала баяр як паслухмяных слуг княжацкай
8. Зак. 5840.
113
Пячатка князя Глеба (Нарымонта Гедымінавіча) Полацкага
Пячатка
вялікага князя Кейстута
улады, не болей. Варта адзначыць, што баярства Маскоўскай Русі, да якой заходні ўплыў практычна не дайшоў, так ніколі і не атрымала сапраўднага імунітэту, дый мясцовае самакіраванне не ператварылася там ва ўстойлівую традыцыю. Наадварот, усё большую жорсткасць набывала там іерархічная лесвіца. Князі, якія за пярэчанне свайму гаспадару, ардынскаму хану, маглі развітацца з жыццём, патрабавалі такой жа бездакорнай паслухмянасці ад баяр, а тыя ў сваю чаргу — ад уласных слуг. Праз адно-два стагоддзі гэтая на першы погляд неістотная розніца ператворыць Польшчу і Масковію ў палітычных антыподаў: у першай запануе шляхецкая вольніца, а ў другой буйнейшыя вяльможы будуць звыкла называць сябе халопамі самаўладнага цара.
Такім чынам, у другой палове XIV стагоддзя намецілася яшчэ адна гістарычная развілка, і Вялікаму княству Літоўскаму ў хуткім часе давядзецца зрабіць новы выбар паміж дзвюма альтэрнатывамі: працяг старажытнай рускай традыцыі ці зварот да заходніх узораў? Выбар ажыццявіцца на працягу жыцця таго пакалення, якое мы зараз разглядаем. Гэтым і тлумачыцца такое доўгае адступленне ад палітычных падзей — іх агульны сэнс будзе незразумелым без тых тлумачэнняў, што зроблены вышэй.
А зараз вернемся да гісторыі Вялікага княства. Па-ранейшаму тры праблемы на яго межах чакаюць свайго вырашэння: вайна з крыжакамі, спрэчка з Полыпчай і Венгрыяй за былое Галіцка-Валынскае княства і саперніцтва з Масквой за гегемонію на Русі.
На Валыні ў 1376 годзе Кейстут з братам Любартам і пляменнікамі Нарымонтавічамі і Карыятавічамі зноў паспрабавалі цалкам далучыць да Літвы спрэчныя тэрыторыі. Аднак іх чакала жорсткае паражэнне. Юрый Нарымонтавіч нават трапіў у палон да караля Людовіка і быў адвезены ў Венгрыю. Пазней яго выпусцілі на волю, але пакінулі ў Заходняй Галіччыне ўладальнікам замка Любачаў на правах ці то васала, ці то заложніка Людовіка. Толькі ў 1378 годзе князь Юрый вярнуўся ў Літву, пакінуўшы ў Любачаве сына Івана.
Гэта была, бадай, апошняя рэальная спроба Літвы далучыць Галіч, Львоў і Перамышль да сваіх уладанняў. Пасля гэтай перамогі Людовіка Галіцкая Русь канчаткова замацавалася за Полыпчай. (Заўважым, што гэта быў адзін з крокаў, якія вялі ў напрамку
з’яўлення самастойнага ўкраінскага этнасу, адасаблення яго ад астатняй Русі.) Яшчэ ў 1375 годзе там у дадатак да праваслаўнай мітраполіі было ўтворана каталіцкае архібіскупства, а ў далейшым гэтая тэрыторыя ўтварыла ў складзе Польскага каралеўства асобнае Рускае ваяводства.
Польска-венгерскі ўплыў адчуваўся і ніжэй па цячэнні Днястра, у Падоліі. Мясцовыя князі Аляксандр і Канстанцін Карыятавічы прынеслі Людовіку ленную прысягу, а іх малодшы брат Фёдар увогуле паступіў да караля на службу. За Літвой засталіся ўладанні Любарта (Уладзімір-Ва-
Пячатка кпязя Любарта Гедымінавіча
лынскі і Луцк), а таксама Ратна, дзе княжыў сын Альгерда Фёдар, Крамянец і Карэц (уладанні Аляксандра Нарымонтавіча). Пад літоўскім сюзерэнітэтам засталіся і вотчыны служылых рускіх князёў — Астрог, Чацвяртня, Несвіч.
На ўсходзе Альгерд адмовіўся ад спроб перамагчы Маскву сілай, але працягваў зносіны з яе ворагамі — Мамаем і Міхаілам Цвярскім. Дзіўны выбрык лёсу: сын паўстанца супраць татар Аляксандра Цвярскога ўвайшоў у блок з ардынскім уладаром, у той час як унук татарскага ўлюбёнца Івана Каліты ўзначаліў антыардынскі рух! Сапраўды, Дзмітрый Маскоўскі пайшоў зусім не тым шляхам, што яго продкі — рызыкнуў амаль адкрыта парваць з Ардой. Праўда, пры гэтым ён абапіраўся на вынікі той палітыкі, якую праводзілі пад татарскім крылом яго папярэднікі, збіраючы вакол Масквы вялікую і моцную вотчыну.
Выкарыстанне антыардынскіх настрояў было ў руках Дзмітрыя козырам, якому Альгерд нічога не мог супрацьпаставіць. Таму ў 1375 годзе маскоўскі князь выглядаў бясспрэчным лідэрам ПаўночнаУсходняй Русі. Ён абагульніў узброеныя сілы ледзь не ўсіх тамтэйшых княстваў, але нечакана кінуў іх не супраць татар, a супраць Міхаіла Цвярскога. Абложаны ў сваёй сталіцы, як мядзведзь у берлагу, увосень таго ж года Міхаіл капітуліраваў, прызнаў вяршэнства Дзмітрыя і адмовіўся ад усіх прэтэнзій на вялікае княжанне ўладзімірскае. На гэтых умовах за ім была пакінута Цвер. Яго саюз з Літвой цалкам не знік (у наступным годзе ён ажаніў свайго старэйшага сына Івана з дачкой Кейстута), але з барацьбы супраць Масквы Цвер зараз была цалкам выключана.
(Аднак не ўсе вынікі гэтага паходу былі спрыяльнымі для Дзмітрыя Ма'скоўскага і неспрыяльнымі для Альгерда. Тое, што маскоўскі князь і яго натхняльнік мітрапаліт Аляксей выступілі ініцыятарамі міжусобнай вайны на Русі, выклікала гнеў патрыярха і яго эмісара Кіпрыяна. Альгерд удала выкарыстаў гэта, каб зноў узняць пытанне аб незалежнай ад Масквы літоўскай мітраполіі. Гэтым разам патрыярх зноў пайшоў насустрач "вогнепаклонніку" — у канцы 1375 года ён прызначыў Кіпрыяна мітрапалітам Кіеўскім і Літоўскім (праўда, з агаворкай, што пасля смерці Аляксея мітраполіі павінны зноў уз’яднацца). He апошнюю ролю адыграла тут пагроза Альгерда, што ў выпадку адмовы ён прыме мітрапаліта "ад лацінскай царквы". Гэта сведчыць, што пераарыентацыя ў бок каталіцтва ўжо тады
разглядалася ўладарамі Літвы як магчымы крок. Крыху раней, у 1373 годзе, рымскі папа афіцыйна звяртаўся да іх з прапановай прыняць каталіцкую веру, але Альгерд ўсё вагаўся. Магчыма, ён не мог развітацца з марай падпарадкаваць усю Русь, а дзеля гэтага неабходны былі сувязі з праваслаўнай царквой.
Але Альгерду не суджана было зрабіць канчатковы выбар — у 1377 годзе, ва ўзросце 83 гадоў, ён памёр і быў пахаваны паводле паганскага абраду (спалены на вогнішчы). Цвярскі манах Спірыдон-Сава, які пісаў на мяжы XV—XVI стагоддзяў, сцвярджаў, нібыта перад смерцю Альгерд па просьбе жонкі прыняў пра-
васлаўнае хрышчэнне і нават пастрыжэнне ў манахі, аднак слушнасць гэтай звесткі выклікае сумненні. За сваё доўгае жыццё Альгерд пакінуў надзвычай вялікае патомства: пяць сыноў ад першага шлюбу і сем ад другога, а таксама не менш шасці дачок. Пры дзіцячай смяротнасці каля 30—40% народжаных, уласцівай старажытным часам, выжыванне столькіх дзяцей было унікальнай з’явай. Але адносна наследавання ўлады вялікая колькасць сыноў таіла небяспеку смуты. Перад смерцю Альгерд распарадзіўся сваёй спадчынай так жа, як некалі яго бацька. Пераемнікам ён прызначыў старэйшага сына ад другой жонкі — Ягайлу. Напэўна, вялікі князь быў незадаволены сваімі першынцамі, Андрэем і Дзмітрыем, якія на сваіх рускіх удзелах аддаліліся ад агульнадзяржаўных інтарэсаў.
Альгерд не змог пераадолець інерцыю "ўдзельнай эпохі", якая патрабавала, каб кожны родзіч вялікага князя меў сваё княства. Удзелы атрымалі яго малодшыя сыны: Карыгайла пачаў княжыць у Мсціславе, Віганд — у Кернаве, Карыбут — у Ноўгарадзе-Северскім. Побач з Карыбутам, у Старадубе, атрымаў удзел Патрыкей Нарымонтавіч. Пра ўладанні Скіргайлы і Лугвеня ў гэты час звестак няма. Калі дадаць сюды Войдата і Вітаўта Кейстутавічаў, што княжылі адпаведна ў Ноўгародку і Горадне, і падрастаючых Свідрыгайлу Альгердавіча і двух малодшых сыноў Кейстута, якім хутка таксама трэба было вылучаць уладанні,— то перад намі яўны рэнесанс удзельнай сістэмы, так паспяхова пераадоленай у суседняй Полыпчы. Існаванне звыш дваодаці паўсамастойных князёў не магло абысціся без канфліктаў паміж імі і да таго ж запавольвала працэс утварэння заможных рыцараў-магнатаў, на гаспадарцы якіх трымаўся дабрабыт Полыпчы.
Калі б Літва існавала як асобная монаэтнічная дзяржава, яна непазбежна прайшла б праз натуральную для яе стадыі развіцця сістэму ўдзелаў (і, напэўна, была б захоплена ў гэты момант магутнымі суседзямі). Аднак сімбіёз з Руссю, якая такую стадыю ўжо мінавала, ствараў магчымасць пазбегнуць драблення, асабліва пры ўзмацненні польскага ўплыву. Праўда, рэалізацыя падобнай магчымасці не абышлася без жорсткага крызісу.
Заканчэнне доўгага і моцнага праўлення звязана з ажыўленнем ўнутрыпалітычнага жыцця. Дзяржава ў гэты момант нагадвае
насякомае, якое скінула цесны хіцінавы панцыр і хутка расце ў кароткі прамежак, пакуль новая абалонка не зацвярдзела. Як і пасля смерці Гедыміна, скрытае напружанне, што накапілася да таго часу, ліхаманкава разраджаецца.
Непасрэдным штуршком для ўнутрыдзяржаўнай барацьбы і на гэты раз стала заняцце велікакняжацкага пасада малодшым братам у абыход старэйшых. Найбольш незадаволенымі былі Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы, пазіцыя іх братоў Уладзіміра і Канстанціна невядомая. Андрэй Полацкі барацьбу за ўладу прайграў і пасля гэтага адкрыта стаў прыхільнікам Маскоўскага княства. Узімку 1377/78 года ён са сваёй дружынай і сынамі Міхаілам, Сямёнам і Іванам уцёк з Полацка ў Пскоў, дзе яго прынялі гараджане на княжанне, якое займаў некалі ў маладосці. Хутка потым Андрэй з’ездзіў у Маскву і прынёс васальную прысягу Дзмітрыю Іванавічу — "айцу і гаспадзіну", які па ўзросце падыходзіў яму ў сыны.