Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Адразу ж пасля вяртання на радзіму Вітаўт перахрысціўся з каталіцтва ў праваслаўе пад імем Аляксандра, як бы змываючы свой нядаўні ўчынак. У верасні таго ж 1384 года ён разам з Ягайлам выступае на ордэнскі замак у Коўне, які быў узяты літоўцамі пасля некалькіх тыдняў аблогі.
Між тым на пачатку 1385 года асабліва прыбліжаныя паплечнікі Ягайлы: яго брат Скіргайла, князь Барыс Падольскі (паходжанне
гэтага князя дакладна не вызначана), віленскі стараста Ганул,— выехалі ў Полыпчу сватаць Ядвігу. Там падзеі разгортваліся ў гэты час бурна. Войска, прысланае з Венгрыі каралевай-маці Альжбетай Баснійскай на дапамогу Вільгельму Габсбургу і прагерманскай партыі, нанесла паражэнне Зямовіту Мазавецкаму, выключыўшы яго з барацьбы за карону. Войскам камандаваў зяць Альжбеты — той самы Сігізмунд Люксембург, якому палякі ўжо адмовілі ў праве быць сваім каралём (затое карону Венгрыі ён атрымаў). Гэта прымусіла антыгерманскую партыю канчаткова зрабіць выбар на карысць Ягайлы.
Другі раз на працягу кароткага часу польскія магнаты маглі дазволіць таму ці іншаму прэтэндэнту атрымаць карону, і зноў яны выкарыстоўвалі гэтую магчымасць, каб паставіць новага караля ў залежнае ад сябе становішча. Скіргайла ад імя старэйшага брата мусіў даваць абяцанні яшчэ больш пашырыць шляхецкія прывілеі. Увогуле ўмовы, на якіх Ягайлу пагаджаліся пусціць на трон, ставіліся даволі жорсткія: гаворка ішла ўжо не пра дынастычны саюз двух раўнапраўных дзяржаў, а фактычна пра далучэнне Вялікага княства да Польскага каралеўства на вечныя часы. Сталіцай пры гэтым заставаўся б Кракаў, а віленскае і троцкае баярства павінна было б перайсці ў стан правінцыяльнай знаці.
У тых умовах наўрад ці можна было разлічваць на поўнае выкананне яўна нераўнапраўных умоў уніі. Між тым Ягайла, напзўна, меркаваў, што галоўнае — атрымаць карону, а з астатнім можна разабрацца пазней. I 14 жніўня 1385 года ў адным са сваіх замкаў (Крэва на поўначы сучаснай Гродзенскай вобласці) ён падпісвае пагадненне на польскіх умовах.(Ёсць. праўда, меркаванне, што на самой справе ўмовы уніі былі не такімі жорсткімі для Літвы, як сведчаць дайшоўшыя да нас дакументы. Магчыма, палякі пазней, пасля смерці Ягайлы падрабілі тэкст.) Так яарадзілася славутая Крэўская унія, якая на доўгі час звяла польскую гісторыю з гісторыяй Вялікага княства ў адзінае рэчышча. Сапраўднае зліццё дзвюх дзяржаў, зразумела, адразу не магло адбыцца. Але яно было абвешчана і стала на шмат гадоў своеасаблівай праграмай-максімум, надаючы польска-літоўскім адносінам пэўную афарбоўку. На працягу двух стагоддзяў гэтыя адносіны развіваліся хоць і непаслядоўна, з прылівамі і адлівамі, менавіта ў напрамку, абвешчаным Крэўскай уніяй, пакуль ужо ў складзе Рэчы Паспалітай не дайшлі да стану, вельмі блізкага да сапраўднага зліцця дзвюх дзяржаў пры перавазе польскага кампаненту.
Але зараз да гэтага яшчэ вельмі далёка. I перш чым на польскім дзяржаўным гербе побач з белым арлом Пястаў з’явіцца выява "Пагоні", павінны адбыцца бурныя падзеі. Каралева Альжбета Баснійская працягвала весці двайную гульню: абяцала руку дачкі і Ягайлу, і Вільгельму. Зімой 1385/86 юда малады Габсбург прыбыў у Кракаў, каб ажыццявіць шлюб з Ядвігай, нягледзячы на пагадненне ў Крэве.
Можна ўявіць сабе стан Ядвігі, чатырнаццацігадовай дзяўчынкі, што апынулася ў становішчы трэскі ў віры падзей. Вйірасла яна ў Будзе, сталіцы Венгрыі, і з дзяцінства рыхтавалася стаць каралевай гэтай краіны. Раптам трапіла ў палаючы палітычнымі страсцямі Кракаў, дзе ўсё было чужым і нязвыклым. Там і адбылася яе
сустрэча з шаснаццацігадовым Вільгельмам, якога яна не бачыла з ранняга дзяцінства, але заўсёды ведала, што ён стане яе мужам, і звыклася з гэтым. Але кракаўскія магнаты адмовіліся ад намечанага шлюбу і паказалі Вільгельму на парог. Ніхто не прымаў да ўвагі адчай юнай Ядвігі: якой замест прывабнага равесніка трэба было зараз рыхтавацца да шлюбу з невядомым літоўскім уладаром, больш чым на дваццаць гадоў старэйшым за яе. I ў той момант, калі лютаўскім днём 1386 года няўдалы жаніх пакідаў Кракаў праз адну браму, праз другую ўязджаў Ягайла.
Антыгерманская партыя перамагла. Нядаўні паганец ахрысціўся пад імем Уладзіслава і павянчаўся з юнай каралеўнай, а праз колькі дзён ганарова абвешчаны новым каралём Польшчы — Уладзіславам II. У пасаг жонцы ён падараваў шэраг уласных маёнткаў і валасцей у Віцебскім княстве і Падняпроўі. Сваё панаванне яму давялося пачаць з абяцаных прывілеяў шляхце. Як і яго папярэднік Людовік, Уладзіслаў-Ягайла выдаў у 1386 і 1388 гадах граматы, у якіх пацвярджаліся і замацоўваліся правы рыцарскага саслоўя.
Тэўтонскі ордэн, зразумела, быў незадаволены саюзам Польшчы і Літвы, тым больш — намечаным хрышчэннем літоўцаў з Польшчы. Выпусціўшы з рук Вітаўта, Ордэн завязаў інтрыгу з другім незадаволеным — Андрэем Альгердавічам. Яму было ўжо каля шасцідзесяці, і надзеі рэалізаваць сваё старэйшынства заставалася ўсё меней. Між тым пасля абрання Ягайлы каралём Полыпчы ўзыход Андрэя на пасад вялікага князя літоўскага прывёў бы да скасавання уніі.
Менавіта таму, напэўна, у 1386 годзе крыжакі ўтварылі пагадненне з Андрэем (супраць якога, дарэчы, некалькі гадоў таму пасылалі войска на дапамогу Ягайлу і Скіргайлу) і смаленскім князем Святаславам Іванавічам. У бытнасць Ягайлы ў Кракаве Андрэй сумесна з крыжакамі-лівонцамі напаў на некаторыя гарады, аднак захапіць здолеў толькі Лукомль. У той жа час Святаслаў Смаленскі спрабаваў захапіць Віцебск і Оршу, а потым аблажыў Мсціслаў.
Можна меркаваць, што за гэтым выступленнем стаялі тыя праваслаўныя сілы Вялікага княства, якія не бачылі ніякіх пераваг у збліжэнні з Польшчай, а арыентаваліся на аднаўленне Кіеўскай Русі (магчыма — на саюз з Масквой). Аб тым, што канфлікт быў не звычайным удзельным бунтам, а барацьбой па прынцыповых пытаннях, сведчыць падкрэслена прадузятае асвятленне яго пралітоўскім аўтарам "Летапісца вялікіх князёў літоўскіх", які не шкадуе чорнай фарбы для Андрэя Полацкага і Святаслава Смаленскага: "Много зла сотворнша хрстянем нечеловеческы н ннхрестнянскы, н мучнша хрстян, нже нн в поганых ратех то не слышах таковых мук".
Аднак гэтае выступленне было даволі хутка падаўлена сумеснымі дзеяннямі Скіргайлы і іншых братоў Ягайлы, а таксама Вітаўта. Святаслаў загінуў пад Мсціславам, дзе смаленскае войска панесла цяжкае паражэнне. Скіргайла дазволіў атрымаць Смаленскае княжанне яго старэйшаму сыну Юрыю, які прызнаў сваю залежнасць ад Ягайлы і Скіргайлы. Андрэй пратрымаўся ў Полацку да 1388 года.
Большасць жа ўдзельных князёў на працягу 1386—1387 гадоў прынесла новую прысягу на вернасць каралю Уладзіславу-Ягайлу без асаблівых канфліктаў. Фактычным кіраўніком спраў Вялікага княства стаў Скіргайла, але Вільна і Віцебск засталіся пад кантролем новага караля. У Віцебску жыла яго маці Ульяна Аляксандраўна, нападалёку ў Абольцах быў маёнтак каралевы Ядвігі. У Вільна ж Ягайла прыслаў намесніка з Польшчы, адсунуўшы мясцовае баярства. За Скіргайлам, паводле дамоўленасці 1387 года, засталіся Трокі і Полацк (які яшчэ належала здабыць у Андрэя), а таксама Менск, Лагойск і воласці ў Падняпроўі: Свіслач, Бабруйск, Рэчыца, Любеч, Пропашаск, Любашаны, Ігумен і шэраг сёлаў.
Пастараўся Ягайла ўмацаваць і свае пазіцыі ў Польшчы. Ен утварыў пагадненне са сваім нядаўнім сапернікам у барацьбе за карону — Зямовітам Мазавецкім, за якога ў 1388 годзе выдаў сваю малодшую сястру Аляксандру. Зямовіт таксама атрымаў Белзскае княства на Валыні, якім некалі валодаў Юрый Нарымонтавіч. Замірыўся кароль і з адным з буйнейшых правадыроў прагерманскай партыі — князем Уладзіславам Апольскім. 3 яго дачкой ажаніўся малодшы брат Ягайлы Віганд, які атрымаў таксама гарады Улацлавек, Быдгашч і Добжын з куяўскіх уладанняў свайго цесця. Праўда, Віганд Альгердавіч хутка памёр у 1392 годзе, не дажыўшы і да 30 гадоў (з ім даследчыкі часга блытаюць Вітаўта, які ў каталіцтве таксама меў першае хрысціянскае імя Віганд).
Выконваючы ўзятыя абавязкі, кароль распачаў хрышчэнне Літвы ў каталіцтва. Асноўнымі праваднікамі гэтай "праграмы" сгалі Скіргайла і Вітаўт, які зноў перахрысціўся ў рымскую веру пад імем Аляксандр, якое меў і ў праваслаўі. За справу ўзяліся даволі крута. У прывілеі Ягайлы ад 22 лютага 1387 года, выдадзеным на лацінскай мове, абвяшчалася: ”Мы запэўніваем, даўшы свяшчэнныя клятвы, што ўсе народы, якія насяляюць Літоўскае княства, абодвух полаў, любога саслоўя ці годнасці, будуць прыведзены да каталіцкай веры і паслушэнства святой рымскай царкве. Яны будуць прыцягнуты туды, прызваны і сагнаны, у якой бы веры ні знаходзіліся". Адначасова ўсім католікам даваліся правы ў адносінах да зямельнай маёмасці, якія ўжо мела польская шляхта: магчымасць свабодна перадаваць у спадчыну, дараваць і прадаваць свае маёнткі, воласці, сёлы і хаты, а таксама самастойна выдаваць замуж дачок-наследніц (але толькі за католікаў).
Канешне, намер "сагнаць" у каталіцтва ўсё праваслаўнае насельніцтва дзяржавы з’яўляўся хімерай. Няма ніякіх звестак, каб ён сапраўды ў той час выконваўся больш-менш настойліва. Гэты пункт быў уключаны ў прывілей, каб улагодзіць рымскага папу. Але ў адносінах да неахрышчанага раней літоўскага насельніцтва акаталічванне актыўна праводзілася ў жыццё. Згаслі свяшчэнныя агні ў старажытных каіпішчах, замест іх будаваліся першыя касцёлы. Апрача існаваўшых з часоў Гедыміна каталіцкіх храмаў у Вільне, на тэрыторыі Віленскага княства Ягайла заснаваў новыя: у Вількаміры, Кернаве, Немянчыне, Быстрыцы, Медніках і Крэве, тады ж з’явіўся касцёл і ў Мерачы, на тэрыторыі Троцкага княства. Яшчэ два касцёлы ўзніклі ў велікакняжацкіх дварах у рускіх землях: у Гайне (на паўночна-заходнім ускрайку Лагойскага княства) і ў падараваных каралеве Ядвізе Абольцах. Іх заснаванне можна
растлумачыць тым, што ў гэтыя воласці перасялілі шмат літоўцаў з іншых велікакняжацкіх уладанняў. Зараз усе яны станавіліся католікамі, і для іх патрабаваліся храмы.
Трэба дадаць, што хрышчэнне літоўцаў з’яўлялася ў значнай ступені вонкавым. Нядаўнія паганцы не маглі імгненна ператварыцца ў сапраўдных хрысціян — гэты працэс расцягнуўся не на адно стагоддзе.
Каталіцкая царква ў Літве адразу зрабілася буйным землеўладальнікам. Да віленскага капітула (рады святароў кафедральнага касцёла Святога Станіслава) былі прыпісаны некалькі валасцей: Таўрагіне, Маляты і Лабанары на поўначы ўласна літоўскай тэрыторыі, а таксама некалькі асобных сёлаў у розных месцах. Пазней, у 1391 годзе, віленскі капітул атрымаў даволі буйную воласць з замкам Стрэшын на Дняпры, крыху вышэй вусця Бярэзіны.