Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
У гэты ж час і Фёдар Альгердавіч перайшоў са сваім Ратненскім княствам у васальную залежнасць ад Людовіка Анжуйскага. Князь Дзмітрый Бранскі (ёсць меркаванне, што хутка пасля маскоўскіх паходаў Альгерда ён быў выбіты масквічамі з Бранска і княжыў у суседнім Трубчэўску) пэўны час вагаўся. Але калі зімой 1378/79 года маскоўскі князь накіраваў на Трубчэўск войска свайго стрыечнага брата Уладзіміра Серпухаўскага, Дзмітрый Альгердавіч не аказаў яму супраціўлення і выказаў пакорлівасць. Аднак утрымаць свой удзел ад помсты літоўцаў не здолеў і таксама з’ехаў з сям’ёй і дружынай у Маскоўскае княства, дзе атрымаў у якасці кампенсацыі Пераяслаў-Залескі.
У Полацку пасля Андрэя Ягайла паспрабаваў уладкаваць свайго брата Скіргайлу, які толькі што вярнуўся з дыпламатычнай паездкі да крыжакоў і Людовіка Анжуйскага. Аднак Полацк адмовіўся прыняць новага князя — фармальна за тое, што быў паганцам. Скіргайлу пасадзілі на каня задам наперад і з ганьбай выправадзілі з горада. Напэўна, пазіцыі Андрэя ў Полацку, якім ён перад тым валодаў 35 гадоў, былі вельмі моцныя, што пацвердзяць і далейшыя падзеі.
Хісгкасць становішча Ягайлы заключалася яшчэ і ў тым, што бясспрэчным старэйшынам у родзе літоўскіх князёў застаўся яго дзядзька Кейстут. Праўда, той падтрымаў рашэнне Альгерда і згадзіўся, каб трыццацігадовы Ягайла заняў месца свайго бацькі ў дуумвіраце. Аднак кожнаму было відавочна, што раўнапраўны саюз васьмідзесяцігадовага вопытнага воіна і палітыка з "юным" пляменнікам — справа не зусім натуральная.
За падзеямі ў Літве пільна назіралі і ў Тэўтонскім ордэне. Палітычны крызіс у Вялікім княстве адкрываў магчымасць для інтрыг, на якія быў вялікі майстар кіраўнік Ордэна Вінрых Кніпродэ. Літоўскія князі падазрона паглядалі адзін на аднаго, баярскія групоўкі Вільна і Трок кожная на свой лад спадзяваліся набыць пануючае становішча па ўзору маскоўскага баярства. Удала справакаваць сутыкненне гэтых сіл — значыла яшчэ мацней штурхнуць Літву ў полымя міжусобіцы.
I вось пачалася тонкая гульня, пабудаваная на зацікаўленасці літоўцаў у мірнай перадышцы на захадзе. Спачатку ў верасні 1379 года быў заключаны сепаратны дагавор паміж Ордэнам і Трокамі
аб міры на 10 гадоў, прычым пытанне аб узаемаадносінах Ордэна з Віленскай паловай у ім нават не закраналася. А праз паўгода ўжо Ягайла заключыў з Ордэнам тайнае пагадненне аб тым, што не будзе аказваць Кейстуту ваенную дапамогу ў выпадку яго сутыкнення з крыжакамі. Нар&шце, адзін з саноўнікаў Ордэна паклапаціўся аб тым, каб пра змест гэтага тайнага пагаднення стала вядома ў Троках. Крыжакі дамагліся сваёй мэты — абодва літоўскія ўладары пачалі падазраваць адзін аднаго ў намеры расправіцца з суправіцелем з дапамогай Ордэна. Праўда, Вітаўт пастараўся развеяць трывогу бацькі аднссна Ягайлы — ён быў упэўнены, што яго стары сябар не здольны на вераломства. Аднак насенне ўзаемнага недаверу было ўжо пасеяна, каб хутка прарасці крывавай смутай.
Перад тым адбылася яшчэ адна значная падзея — спроба Ягайлы прыняць удзел у сутыкненні Дзмітрыя Маскоўскага з Мамаем. Гэтая спроба з’явілася натуральным працягам лініі яго бацькі на падтрымку ўсіх варожых Маскве сіл. Аднак ні Альгерд, ні Міхаіл Цвярскі не рашаліся адкрыта выкарыстоўваць ваенную моц Арды — вельмі ж непапулярнай была б такая тактыка сярод праваслаўнага насельніцтва, асабліва на фоне таго антытатарскага ўздыму, пра які я казаў вышэй. He выпадкова аднойчы Міхаіл прама адмовіўся ад ваеннай дапамогі, прапанаванай Мамаем.
Ягайла ж рызыкнуў якраз на такое: дамовіўся ўдзельнічаць у сумесным з татарамі паходзе на Маскву, намечаным на пачатак восені 1380 года. Масква перад гэтым зусім ужо ўзняла галаву: не толькі выключыла з гульні Міхаіла Цвярскога, але ў 1378 годзе на рацэ Вожы разбіла карны атрад, пасланы Мамаем, і цалкам перастала выплачваць ардынскую даніну. Для Мамая гэта быў балючы ўдар па яго палітычным прэстыжы, асабліва непажаданы напярэдадні непазбежнага сутыкнення з новым уладаром заволжскай паловы Арды — ханам Тахтамышам, якога падтрымліваў магутны пераемнік славы Чынгісхана, сярэднеазіяцкі правіцель Тамерлан.
Аднак войска, якое мелася ў распараджэнні Мамая, ужо мала нагадвала тую непераможную ваенную машыну, што прывёў некалі на Волгу Бату-хан. Жыццё няўмольна брала верх над бязлітасным ваяўнічым фанатызмам. He выпадкова Мамаю давялося нават наймаць за грошы недастаючае войска ў італьянскіх калоніях, заснаваных незадоўга да таго на крымскім узбярэжжы замест былых калоній візантыйцаў. I хаця сам ён палічыў сябе дастаткова магутным, каб адмовіцца ад паслуг марыянетачных ханаў ("от всех суіцнх его нарнцашеся велнкнй царь Мамай"), Дзмітрый Маскоўскі рызыкнуў пайсці на прамое ваеннае сутыкненне з галоўнымі сіламі ворага.
Пра абставіны Кулікоўскай бітвы існуе вялізная колькасць літаратуры, але галоўным чынам яна асвятляе падзеі з маскоўскага боку. Між тым адна з галоўных загадак, ледзь не вырашальная акалічнасць у ланцугу падзей — дзеянні Ягайлы, які з войскам ішоў на злучэнне з Мамаем, але раптоўна замарудзіў ход. Мамай дарэмна чакаў яго ва ўстаноўленым месцы цэлы тыдзень, а потым мусіў змагацца з аб’яднаным войскам ледзь не ўсёй Паўночна-Усходняй Русі сам-насам і ў выніку быў разгромлены, а хутка затым пацярпеў паражэнне ад Тахтамыша, пасля чаго загінуў пры спробе схавацца ў Крыме.
Улічваючы, з якой цяжкасцю перамог Дзмітрый Данскі (літаральна з апошніх сіл, коштам страшэнных страт), можна амаль не сумнявацца, што сумеснага ўдару татар і літоўцаў ён бы не вытрымаў. Чаму ж Ягайла ўстрымаўся ад удзелу ў Кулікоўскай бітве? На жаль, літоўскі аспект падзей мы ведаем настолькі мала, что магчымых тлумачэнняў — безліч. Аднак наўрад ці літоўскае войска проста спазнілася — ці то з-за сваёй маруднасці (Альгерд, нагадаем, умеў рухацца неверагодна хутка), ці то з-за таго, што Ягайлу напалохаў і збіў з панталыку рух Дзмітрыя проста насустрач яму ў час маршу на Кулікова поле (цяжка ўявіць, што літоўская разведка так цудоўна ведала ўсе нюансы маршруту маскоўскага войска, адначасова не ведаючы, як блізка знаходзіцца Мамай). Хутчэй за ўсё Ягайла ўхіліўся ад бою свядома, але чаму? Можа, у апошні момант вырашыў зрабіць стаўку не на Мамая, а на Тахтамыша, той і сапраўды праз два гады і без літоўскай дапамогі спаліў Маскву і аднавіў выплату даніны. Ці, можа, пераканаўся: сумесная з татарамі перамога над рускім войскам будзе горш за паражэнне ў плане далейшых зносін з праваслаўным насельніцтвам, што складала большасць падданых і самога Ягайлы. Слушным з’яўляецца і меркаванне Кастуся Тарасава, быццам вялікі князь мог сутыкнуцца з моцнай апазіцыяй ва ўласным войску, у значнай частцы праваслаўным, якое не пажадала гінуць пад маскоўскімі мячамі дзеля аднаўлення татарскай улады на Русі. Дарэчы, у войску Дзмітрыя Данскога знаходзіліся два браты і палітычныя канкурэнты Ягайлы, Андрэй і Дзмітрый. Літоўскі правіцель мог чакаць, што хтосьці з яго рускіх васалаў па прыкладу мяцежных Альгердавічаў у вырашальны момант пяройдзе на бок Масквы.
Ва ўсякім выпадку, паход Ягайлы прадэманстраваў яго неразважлівасць і наўрад ці дадаў яму славы. Папрокі маглі ўзнікнуць і за тое, што распачаў паход, і за тое, што не давёў да канца. Для Масквы ж перамога з’явілася важным сродкам узняцця свайго аўтарытэту і надання ўпэўненасці, яе не перакрэсліла цалкам нават хуткае паражэнне ад Тахтамыша — колішняга жаху перад Ардой ужо не было.
Для ўзмацнення сваіх пазіцый Ягайла працягваў абапірацца на крыжакоў (у прыватнасці, выкарыстаў іх ваенную дапамогу, калі ў 1381 годзе спрабаваў зноў скарыць Полацк). Аднак гэта толькі адрадзіла падазрэнні старога Кейстута, які да таго ж быў незадаволены тым, што пляменнік аддаў сястру Марыю за свайго ўлюбёнца Вайдзілу, бязроднага па паходжанні, які, аднак, зрабіў імклівую кар’еру. Менавіта праз Вайдзілу, у той час лідскага намесніка, Ягайла ажыццяўляў зносіны з крыжакамі.
Напружанне нарэшце выбухнула: Кейстут раптоўна прыехаў у Вільна, дзе захапіў пляменніка і знайшоў у яго канцылярыі кампраметуючыя дакументы. Ягайла быў зведзены з вялікага княжання, але па просьбе Вітаўта Кейстут захаваў за ім Крэва і Віцебск. Вайдзілу ж павесілі. Мусіў уцячы з Полацка да крыжакоў і Скіргайла, які з вялікімі цяжкасцямі заняў-такі месца Андрэя пасля паходу 1381 года і аблогі Полацка (дзеля гэтага ён хрысціўся ў праваслаўе пад імем Івана).
Але змяшчэнне Ягайлы апынулася каганцом масла, лінутага на вуголле варожасці. Адбыліся адкрыты разрыў і ваеннае супрацьста-
Пячатка вялікага князя Ягайлы
янне паміж дзвюма групоўкамі: віленскай, прадстаўленай Ягайлам і яго братамі Скіргайлам і Карыбутам, і троцкай у асобах Кейстута з сынамі. У наступнай страшэннай усобіцы было ўсё: і выкарыстанне крыжакоў, і падманныя клятвы, і лютая нянавісць учарашніх сяброў і родзічаў. Ход яе выкладзены ў "Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх" даволі яскрава і паэтычна, што пазбаўляе мяне ад неабходнасці падрабязнага пераказу. Ягайла з дапамогай лаяльнага да яго віленскага купецтва на чале з выхадцам з Рыгі Ганулам узняў паўстанне, а потым у час перамоў вераломна схапіў Кейстута і Вітаўта і
пачаў помсту. Сярод прыхільнікаў Кейстута быў пакараны смерцю брат яго жонкі Відзімонт і шмат іншых баяр. А затым і самога старога Кейстута задушылі ў вежы Крэўскага замка па загаду Ягайлы. Вітаўт ацалеў толькі таму, што пры наведванні яго жонкай Ганнай Смаленскай пераапрануўся ў адзенне яе служанкі і ўцёк з затачэння.
3 братамі і групай прыхілызікаў, князёў і ўплывовых баяр, Вітаўт аддаўся пад заступніцтва нядаўняга ворага, Тэўтонскага ордэна. Сярод яго паплечнікаў згадваюцца Іван Гальшанскі (сваяк жонкі) і Судзімонт, а таксама Леў Друцкі (названы шваграм Вітаўта). Віленская групоўка ўзяла верх. Сам Ягайла зноў стаў вялікім князем, а свайго брата Скіргайлу ўладкаваў замест Кейстута ў Троках, як бы аднавіўшы той расклад, што ўтварыўся пасля змяшчэння Яўнута. Ганула ва ўдзячнасць за падтрымку зрабілі намеснікам Вільна.
Вынікам усобіцы з’явілася пераразмеркаванне палітычных сілаў у дзяржаве. Найбольш відныя дзеячы троцкай паловы ці загінулі, як сам Кейстут (і яго старэйшы сын Войдат), ці вымушаны былі з’ехаць у іншыя краіны. Аднак у дзяржаве захоўвалася шмат паўсамастойных цэнтраў. Адным з іх была Валынь, дзе апошні з сыноў Гедыміна Любарт памёр у 1383 ці 1384 годзе, але пакінуў трох сыноў. 3 іх два малодшых, Лазар і Сямён, таксама памерлі рана, а старэйшы, Фёдар, атрымаў з бацькоўскіх уладанняў толькі Уладзімір. Луцк жа быў ператвораны ў намесніцтва, і першым намеснікам стаў князь Фёдар Данілавіч Астрожскі. Прыкладна тады ж памёр і Аляксандр Нарымонтавіч. Яго браты Юрый і Патрыкей паслядоўна спрабавалі сябе ў якасці служылых князёў у Вялікім Ноўгарадзе ў 1379—1385 гадах.