• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пачаткі Вялікага княства Літоўскага Падзеі і асобы Вячаслаў Насевіч

    Пачаткі Вялікага княства Літоўскага

    Падзеі і асобы
    Вячаслаў Насевіч

    Выдавец: Полымя
    Памер: 160с.
    Мінск 1993
    61.64 МБ
    Цімур-Кутлук з Эдыгеем па слядах праціўніка дайшлі да Кіева і, атрымаўшы з яго вялікі водкуп, вярнуліся ў свае межы. Так бясслаўна скончылася спроба Вітаўта зрабіцца гегемонам усёй Усходняй Еўропы. Але такое страшнае паражэнне не стала для яго поўнай катастрофай, нават свой кантроль над часткай Паўночнага Прычарнамор’я ён пазней паступова аднавіў. Усё ж гэтая прыгода з’явілася для яго горкім урокам і моцна папсавала палітычны прэстыж. Да таго ж Вялікае княства згубіла мноства кваліфікаваных, вопытных воінаў, іх даспехі, баявых коней — на аднаўленне ўсяго патрабаваліся гады.
    Вынікам паходу Вітаўта ў Прычарнамор’е з’явілася перасяленне ў Вялікае княства, прынамсі, некалькіх соцень сем’яў татар — прыхільнікаў Тахтамыша і іншых уцекачоў з Арды, а таксама ваеннапалонных. Сярод іх былі асобы ханскай крыві. Так, адзін з іх, Лекса, сын Мансур-Кіята (і быццам бы нашчадак Мамая), ахрысціўся пад імем Аляксандра і атрымаў ад Вітаўта замак Глінск у Левабярэжнай Украіне. Ад яго пайшоў славуты род князёў Глінскіх. Асноўная ж маса татар была паселена ў глыбі краіны — у наваколлі Трок, Менска, Ліды, Узды. Там яны атрымалі землі на правах
    дробнай шляхты з абавязкам ваеннай службы (толькі ім, як мусульманам, забаранялася мець у залежнасці праваслаўную чэлядзь). Ад іх бярэ пачатак татарскае насельніцтва Літвы і Беларусі, якое захавала сваю рэлігію і некаторыя этнаграфічныя рысы да XX стагоддзя.
    Канец XIV стагоддзя выдаўся сумным і для Уладзіслава-Ягайлы: у тое ж лета 1399 года пасля няўдалых радзін памерла яго маладая жонка, каралева Ядвіга. 3 разгубленай дзяўчынкі з часам атрымаўся сапраўдны дзяржаўны дзеяч. "Каралева Янка", як яе любоўна звалі ў Польшчы, карысталася вялікім аўтарытэтам. Выдатна адукаваная і выхаваная, яна прымала актыўны ўдзел у дзяржаўных справах, мела адметны ўплыў на мужа. Па яе ініцыятыве быў адноўлены універсітэт у Кракаве, заснаваны некалі Казімірам Вялікім. Маладыя літоўцы са знатных сем’яў пачалі накіроўвацца для навучання ў Пражскі універсітэт. Аднак адносіны Ядвігі з Вітаўтам хутка сталі напружанымі, бо яна і яе асяроддзе лічылі неабходным рэалізаваць унію ў поўным аб’ёме.
    Смерць жонкі паставіла Ягайлу ў цяжкае становішча, бо сваёй каронай ён быў абавязаны толькі шлюбу з ёй. Зноў, толькі ўлагоджваючы польскую знаць, ён мог разлічваць на захаванне ўлады. У гэтых умовах і Вітаўт зусім не быў зацікаўлены ў тым, каб Ягайла вярнуўся ў Літву, дзе давялося б зноў дзяліць з ім уладу. Старыя сябры-ворагі па-ранейшаму, нягледзячы на іх асабістыя адносіны, не маглі адзін без аднаго абысціся.
    Выйсце з новых цяжкасцей абодва гаспадары пачалі шукаць у новым польска-літоўскім збліжэнні, вынікам чаго з’явілася падпісанне на пачатку новага стагоддзя, у 1401 годзе, новай дзяржаўнай уніі. 3 новага стагоддзя пачынаецца і час дзеяння новага пакалення, месца якому ачысціла пабоішча на Ворскле (хоць абодва галоўныя дзеячы, Ягайла і Вітаўт, будуць жыць і дзейнічаць яшчэ вельмі доўга). Але гэта ўжо зусім новая эпоха.
    Заключэнне
    На мяжы новага, XV стагоддзя мы спыняем разгляд падзей. Перыяд станаўлення Вялікага княства Літоўскага і Рускага можна лічыць завершаным. Пасля далучэння Смаленскай зямлі дзяржава набыла ўстойлівую мяжу на ўсходзе, якая будзе трывала захоўвацца на працягу амаль ста гадоў. Праўда, на захадзе фарміраванне тэрыторыі Вялікага княства скончыцца крыху пазней: Жамойць, якая застаецца ў руках Тэўтонскага ордэна, будзе канчаткова вернута і ахрышчана пасля Грунвальдскай бітвы 1410 года. Яшчэ праз трыццаць гадоў жамойцкае баярства шляхам узброенага паўстання даб’ецца федэратыўнага статуса, якім карыстаецца большасць рускіх зямель, і тады афіцыйная назва дзяржавы набудзе канчатковы выгляд: Вялікае к'няства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іншых (давесак "і іншых" ужываўся на ўсякі выпадак, бо за ім хавалася любая тэрыторыя, з-за якой дзяржава магла ўступіць у спрэчку з кім-небудзь з суседзяў).
    Да канца XIV стагоддзя склалася і знешнепалітычнае асяроддзе, у якім Вялікае княства будзе існаваць доўгі час. На паўночным
    усходзе яно мяжуе з шэрагам паўсамастойных княстваў (Цвярскім, Маскоўскім, Разанскім), што ўтвараюць залежнае ад Арды вялікае княжанне ўладзімірскае, але фактычна сапраўдным гегемонам на гэтай тэрыторыі ўжо з’яўляецца Масква. Яна і надалей будзе набіраць моц, у канцы XV стагоддзя канчаткова праглыне астатнія княствы (у тым ліку і землі Вялікага Ноўгарада, што прылягаюць да Вялікага княства Літоўскага з поўначы), пазбавіцца ад ардынскай даніны, a маскоўскія князі пачнуць тытулавацца "гасударамі ўсея Русі". За землі гэтае "усея Русі", добрая палова якой уваходзіць у Вялікае княства Літоўскае, паміж дзвюма дзяржавамі пачнецца жорсткая барацьба, у выніку якой Літва згубіць да 1514 года Смаленшчыну, Браншчыну і Чарнігаўшчыну, аднак тэрыторыю сучаснай Беларусі, Валыні і Кіеўшчыны трывала захавае за сабой. Усходняя мяжа Вялікага княства амаль няспынна будзе варожай, ваеннай мяжой.
    У паўднёва-ўсходнім сектары суседам дзяржавы застаецца Залатая Арда, якая ўжо пражыла свае лепшыя часы. Фармальна Літва прызнае вярхоўную ўладу ардынскіх ханаў на тыя землі, якія некалі заваяваў Бату, аднак фактычна выплата даніны ўзнаўляецца толькі ў выключных выпадках (такіх, як паражэнне на Ворскле), a галоўным чынам тады, калі трэба выкарыстаць татарскі ваенны патэнцыял супраць галоўнага ворага — Маскоўскай дзяржавы. Баланс трох сіл — Масквы, Літвы і Арды — доўгія дзесяцігоддзі будзе вызначаць палітычны клімат Усходняй Еўропы.
    На паўночным захадзе Літва па-ранейшаму мяжуе са старым ворагам — канфедэрацыяй Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Аднак прыняцце хрысціянства ўжо выбіла глебу з-пад гэтай варожасці, a Грунвальдская бітва паставіць у крыжацкай агрэсіі апошнюю кропку. Надалей Лівонія (на нямецкі лад — Ліфляндыя, на польскі — Інфлянты) будзе адыгрываць ролю аднаго з галоўных эканамічных партнёраў Літвы, для беларускіх зямель Рыга стане галоўнай гандлёвай брамай у Заходнюю Еўропу. Прусія ж сама праз паўстагоддзя трапіць у васальную залежнасць ад Польскага каралеўства.
    I, нарэшце, на захадзе і паўднёвым захадзе землі Вялікага княства прылягаюць да Польшчы. Крэўская унія, пацверджаная ў 1401 годзе, ператварыла Польшчу і Літву ў палітычных пабрацімаў, і на працягу некалькіх стагоддзяў гэты саюз будзе вызначаць гісторыю Вялікага княства. Адносіны дзвюх суседніх дзяржаў складваюцца вельмі няпроста, далёка не заўсёды лагодна. Будзе некалькі спроб разарваць унію, але кожны раз знешнепалітычныя і ўнутраныя акалічнасці прывядуць да яе аднаўлення. He сціхне былое саперніцтва за Валынь і Падолле, якое ў сярэдзіне XVI стагоддзя не толькі прывядзе да іх злучэння з Польшчай, але адарве ад Вялікага княства яшчэ і Падляшша з Кіеўшчынай. Увесь час польскі бок у гэтым саюзе будзе больш актыўным, дамінуючым, што прывядзе і да розных пазітыўных вынікаў, але ў сферы духоўнай культуры, на нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і ўкраінцаў (як, дарэчы, і літоўцаў) адаб’ецца адназначна негатыўна.
    Такім чынам, на працягу наступных дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў асноўны змест гісторыі Вялікага княства Літоўскага будзе заключацца ў развіцці ўмоў і акалічнасцей, што склаліся на працягу дзеяння тых шасці пакаленняў, пра якія мы гаварылі. Асноўнымі дзеючымі
    асобамі наступнай эпохі выступяць прадстаўнікі тых пануючых колаў, што склаліся да пачатку XV стагоддзя. Дынастыя Ягелонаў, якая будзе панаваць у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім да 1572 года — гэта адна з галін Гедымінавічаў. Яе пачатак пакладзе позні шлюб больш чым сямідзесяцігадовага Ягайлы з юнай князёўнай Соф’яй Гальшанскай, ад якога ў 1424 і 1427 гадах народзяцца сыны Уладзіслаў і Казімір. Род Кейстутавічаў згасне ў сярэдзіне XV стагоддзя, але іншыя галіны Гедымінавічаў — князі Бельскія, Заслаўскія, Кобрынскія, Мсціслаўскія, Сангушкі, Слуцкія, Чартарыйскія будуць існаваць побач з Ягелонамі ў якасці вышэйшых арыстакратаў. У арыстакратычнае саслоўе ўвойдуць і нашчадкі літоўскіх і рускіх старажытных княжацкіх родаў: князі Гальшанскія, Астрожскія, Друцкія, Збаражскія, Вішнявецкія, Масальскія і шмат якія іншыя.
    Але галоўны тон у XV і наступных стагоддзях будуць задаваць так званыя радныя паны (ці паны-рада, як іх звалі ў той час) — нашчадкі каталіцкіх (пераважна літоўскіх) баярскіх родаў, што ўтварылі атачэнне вялікага князя Вітаўта. Менавіта на іх ён абапіраўся ў сваёй барацьбе з сепаратызмам удзельных князёў, большасць з якіх былі праваслаўнымі і пасля Крэўскай уніі апынуліся ў апазіцыі. Якраз у канцы XIV — пачатку XV стагоддзя літоўскія баяры — пачынальнікі славутых родаў Манівідаў, Радзівілаў, Кезгайлаў, Гасгаўтаў (Гаштольдаў) і іншых — атрымліваюць у вечнае ўладанне былыя велікакняжацкія сёлы і цэлыя воласці, што дазваляе ім раўняцца багаццямі з прыроднымі князямі. Крыху пазней да іх далучацца выхадцы з падляшскай шляхты Кішкі, акаталічаныя нашчадкі праваслаўных баяр (Глябовічы, Хадкевічы). Усе разам яны ўтвораць шчыльнае кола першаразрадных магнатаў, якія да сярэдзіны XVI стагоддзя будуць займаць практычна ўсе важнейшыя дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім, у тым ліку ў велікакняжацкай радзе.
    Да канца XIV стагоддзя адбыліся і ўсе важнейшыя падзеі, што можна лічыць ключавымі для ўтварэння беларускага этнасу. Першай такой падзеяй з’явілася знішчэнне татарамі Кіеўскай Русі як цэльнага культурна-палітычнага арганізма. У выніку зніклі фактары, якія аб’ядноўвалі насельніцтва розных земляў і княстваў, а мясцовыя асаблівасці выйшлі на першы план.
    Другім ісготным крокам было з’яўленне ў сумежных з Літвой гарадах (Ноўгародку, Полацку) літоўскіх князёў. Гэта выключыла названыя гарады з палітычнай структуры, пабудаванай на вотчынным праве дынастыі Рурыкавічаў, і дазволіла ім ухіліцца ад непасрэднай залежнасці ад Арды.
    Трэці момант — свядомая падтрымка насельніцтвам Ноўгародчыны літоўскіх князёў тады, калі суседняе Галіцка-Валынскае княства прыклала ўсе намаганні, каб з дапамогай татар вярнуць Панямонне ў старую палітычную сістэму. Гэта азначала канчатковы разрыў Ноўгародка з яго старажытнарускай спадчынай і пачатак сімбіёзу з Літвой, у якім ні адзін бок не мог абысціся без другога. Узнікла двухэтнічная дзяржава, чыя трываласць замацоўвалася сумеснай барацьбой як супраць татар, так і супраць крыжакоў.