Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Гісторыя дзяржавы патрабуе вельмі шырокага ахопу яе сувязяў з суседнімі краінамі. Таму ў кнізе гутарка пойдзе і пра Польшчу, і пра Маскоўскую Русь, і пра Залатую Арду. Пры гэтым узнікаюць пытанні з ужываннем тэрміналогіі, назваў і імёнаў. Розныя народы часам называлі адны і тыя ж мясціны, адных і тых жа асоб па-рознаму. Перавагу ў такім выпадку належыць аддаваць тым варыянтам, што былі першапачатковымі: Бату-хан, а не Батый, напрыклад. Але такі прынцып цяжка правесці паслядоўна.
Асабліва складаная сітуацыя з назвамі і імёнамі, што ўжываліся народамі, якія ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Часта варыянт, прыняты ў моўнай практыцы таго часу, да нашых дзён не захаваўся ў афіцыйным ужыванні ні ў Літве, ні ў Беларусі. Так, значная частка геаграфічных назваў замацавалася ў польскай транскрыпцыі. Зварот да найменняў, што ўжываліся ў мінулым, нараджае і іншую праблему: гістарычнымі крыніцамі звычайна не фіксаваўся націск, які мае істотнае значэнне для сучаснага беларускага правапісу. Напрыклад, найбольш характэрным варыянтам напісання назвы Навагрудка ў сярэднявеччы было "Новгородок". Дзе ставіць націск у гэтым слове?
У такіх спрэчных выпадках я арыентаваўся на думку вядомага беларускага лінгвіста, акадэміка А. Жураўскага, якую ён абгрунтаваў у газеце "Навіны Беларускай акадэміі" (1992, 14 жніўня). Таму тых, хто сустрэне ў тэксце нязвыклыя назвы "Бёрасце" (Брэст), "Горадна" (Гродна), "Ноўгародак", я заклікаю не здзіўляцца — так, напэўна, вымаўлялі нашы продкі.
Больш складаная справа з імёнэмі літоўскіх князёў. Для пявучай літоўскай мовы і сёння не ўласцівы выразны націск. Як жа гучала ў мінулым імя, якое старажытнарускія крыніцы перадаюць як "Олкгерд", а сучасныя літоўцы вымаўляюць як "Альгірдас", сказаць вельмі цяжка. Па магчымасці, апрача відавочна памылковых форм, я прытрымліваўся традыцыі, якая ўсталявалася ў беларускім друку ("Альгёрд", "Міндоўг" і г. д.).
Складанасць узнікае нават з самім этнонімам славянскага насельніцтва Вялікага княства, у тым ліку жыхароў Беларусі XIII—XIV стагоддзяў. Тагачасныя продкі беларусаў (як, дарэчы, і ўкраінцаў) звалі сябе рускімі, русінамі. Пазней, у межах Вялікага княства, што скарочана называлі "Літвой", згявілася найменне "ліцвіны", пры дапамозе якога не толькі этнічныя літоўцы, але і тыя ж русіны адрознівалі сябе ад падданых Маскоўскай дзяржавы (маскоўцаў, маскалёў). У супрацьпастаўленне літоўцам і жамойтам (жмудзінам) яны па-ранейшаму заставаліся "рускімі". Назвы "Беларусь" і "Украіна" набылі сучасны сэнс вельмі позна. У XVII стагоддзі маскоўскія пісцы разумелі пад "Белай Руссю” ўсе славянскія землі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, у тым ліку часам і Кіеўшчыну, Валынь (хаця для ўсходнеўкраінскіх зямель ужывалася і назва "Украіна"). 3 другога боку, у гэты ж час і пазней назва "Белая Русь" замацавалася за часткай сённяшняй Беларусі — Падняпроўем і Падзвіннем. На землях Вялікага княства, далучаных у канцы XVIII стагоддзя да Расійскай імперыі, былі ўтвораны Беларуская губерня (у 1802 годзе падзеленая на Віцебскую і Магілёўскую), Мінская і Літоўская (апошнюю ў 1801 годзе падзялілі на Гродзенскую і Віленскую). Да паўстання 1831 года і нават адразу пасля яго Віцебскую і Магілёўскую
губерні працягвалі афіцыйна называць беларускімі, а Гродзенскую і Віленскую — літоўскімі, пакуль цар Мікалай I не ўстанавіў агульную назву — Паўночна-Заходні край. Нарэшце, нават на пачатку XX стагоддзя адзін з правадыроў беларускага нацыянальнага адраджэння Вацлаў Ластоўскі лічыў тэрмін "беларусы" штучным і імкнуўся замяніць яго тэрмінам "крывічы".
Усё гэта паказвае, што сучаснае імя беларускага этнасу прырасло да яго значна пазней, чым ён узнік. Ужыванне такой назвы адносна рэалій XV—XIX стагоддзяў з’яўляецца ў пэўнай ступені ўмоўным, тым больпі што этнічная тэрыторыя беларусаў ніколі не супадала з межамі сучаснай Рэспублікі Беларусь. Аднак яно, безумоўна, мае падставы (як мы часам называем старажытных элінаў грэкамі"), бо этнас ужо існаваў, хаця і пад іншымі імёнамі.
У нашай жа кніжцы гутарка ідзе пра XIII—XIV стагоддзі, калі не існавала не толькі назва, але, як будзе паказана ніжэй, і сам этнас яшчэ толькі пачаў фарміравацца. Падзеі, што разгортваліся ў гэты час на Полаччыне, Тураўшчыне ці Ноўгародчыне, маюць непасрэднае дачыненне да беларускай гісторыі, але безагаворачна называць гэтыя землі "беларускімі княствамі", а іх уладальнікаў — "беларускімі князямі", як сёння часам робіцца, было б анахранізмам. Таму я схіляюся да таго, каб у адпаведнасці з абвешчаным мной жа прынцыпам называць іх так, як называлі самі ўдзельнікі падзей,— Русь, рускія княствы, князі і баяры. Тое ж датычыцца і мовы, якая мела назву рускай яшчэ ў XVII стагоддзі. Мову дакументаў XVI—XVII стагоддзяў звычайна лічаць "старабеларускай", але для больш ранніх часоў немагчыма і гэта, бо нават у XV стагоддзі мова "старабеларускіх" і "стараўкраінскіх" актаў (з тэрыторыі Валыні і Галіччыны) практычна нічым не адрозніваецца. Абвясціўшы яе "беларускай", мы пакрыўдзім нашых украінскіх суседзяў.
Але ці не пакрыўдзім мы самі сябе, калі назавём сваіх продкаў так, як сёння завуць сябе насельнікі Расіі? Мне здаецца, што не. Калі беларусы мінулых стагоддзяў, прамыя нашчадкі Кіеўскай Русі, не саромеліся зваць сябе рускімі і пры гэтым не змяшаліся з "маскалямі", не згубілі нацыянальнай самабытнасці, то і нам няма чаго саромецца ці баяцца. Трэба толькі разумець, што ў гэтай саманазве (а яна часам сустракаецца ў беларускіх сялян нават сёння) адбіваецца не атаясамліванне сябе з велікарусамі, а спадчына старажытнарускіх часоў, Русі Яраслава Мудрага і Усяслава Чарадзея. Так атрымалася, што палітычна больш моцныя велікарусы ў XVIII—XX стагоддзях атрымалі манаполію на гэтае імя (як жыхары ЗША "прыхапілі" назву цэлага кантынента), беларусам жа і ўкраінцам прыйшлося браць новае. Але і цалкам забываць пра старое імя не варта.
I яшчэ адна неабходяая заўвага — пра гістарычныя крыніцы, выкарыстаныя ў гэтай кнізе. Асноўныя з іх — старажытныя летапісы, як выпушчаныя асобнымі выданнямі, так і апублікаваныя ў шматтомным "Полном собраннн русскнх летопнсей". Шмат цікавых звестак захавалася ў хроніках Полыпчы і прыбалтыйскіх крыжацкіх ордэнаў, у пасланнях рымскіх пап і іншых дыпламатычных дакументах.
Сярод летапісаў трэба адрозніваць дзве групы. Адны з іх пісаліся ці па гарачых слядах падзей, ці на падставе оольш-менш праўдзівых
вусных паданняў не пазней чым праз два-тры пакаленні ад часу, пра які яны паведамляюць. Другую групу ўтвараюць летапісныя кампіляцыі XVI—XVII стагоддзяў і легендарныя радаводы, што ствараліся ў часы, калі рэальныя падзеі ўжо сцёрліся з памяці. Да гэтай групы, напрыклад, належаць вельмі тэндэнцыйныя версіі паходжання літоўскай пануючай дынастыі ад полацкіх ці смаленскіх князёў або ўвогуле ад "халопа Гегіменіка”, якія ўключаны ў маскоўскія радаслоўныя кнігі (адна з такіх всрсій трапіла ў якасці позняй устаўкі ў Васкрасенскі летапісны збор, а таксама ў Густынскі летапіс). 3 другога боку, не менш тэндэнцыйныя паданні (аб паходжанні літоўскіх князёў ад рымскага патрыцыя Палямона і заваяванні імі амаль усёй тэрыторыі Вялікага княства яшчэ ў сярэдзіне XIII стагоддзя) уключаны ў найбольш вядомыя з беларускалітоўскіх летапісаў — Хроніку Быхаўца і Хроніку Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага, а таксама ў хроніку польскага гісторыка XVI стагоддзя Мацея Стрыйкоўскага, які ў сваю чаргу карыстаўся вельмі блізкім да Хронікі Быхаўца летапісам. Усе названыя творы можна разглядаць як сведчанні свстапогляду XV—XVI стагоддзяў, але толькі не як дакладную крыніцу звестак па гісторыі XIII стагоддзя. Магчыма, тыя ці іншыя фрагменты гэтых паданняў маюць пэўную гістарычную падставу — так, літоўскае паданне выкарыстоўвае кавалак Валынскага летапісу пра Міндоўга і Войшалка. Аднак у большасці выпадкаў даказаць верагоднасць тых ці іншых фактаў з пазней створаных радаводаў немагчыма. Даследчыкі бяруць ці не бяруць іх на веру ў адпаведнасці з тым, як яны суадносяцца з канцэпцыямі саміх даследчыкаў. Бяспечней, аднак, ставіцца крыху скептычна нават да самых праўдападобных з гэтых звестак.
Усё сказанае адносіцца, зразумела, і да тых гістарычных прац XIX стагоддзя, якія выкарыстоўвалі ўказаныя крыніцы,— напрыклад, да другога, трэцяга і часткі чацвёртага тамоў дзевяцітомнай "Гісторыі літоўскага народа", выдадзенай на польскай мове ў першай палове XIX стагоддзя навукоўцам Тэадорам Нарбутам. Дарэчы, твор гэты каштоўны тым, што ў ім вельмі падрабязна пераказаны крыжацкія хронікі і іншыя дакументы на латыні, дагэтуль не выдадзеныя на славянскіх мовах. Аднак Нарбут спасылаўся і на так званы "Раўданскі летапіс", які, паводле даследаванняў польскіх гісторыкаў, сачыніў сам. Насцярожаныя адносіны ў навукоўцаў і да твораў рускага гісторыка XVIII стагоддзя Васіля Тацішчава. Ён меў у сваім карыстанні некаторыя рукапісы, што пазней загінулі, і дакладнасць якіх зараз праверыць немагчыма. Прычым ёсць падазрэнне, што часам ён таксама ўстаўляў прыдуманыя ім самім фрагменты.
На заканчэнне прадмовы дадам, што пачатковы перыяд гісторыі Вялікага княства ўвогуле вывучаны значна горш, чым пазнейшыя. Далёка не ўсе з падзей, вынікі якіх даспелі значна пазней, прыцягвалі да сябе належную ўвагу сучаснікаў. Таму некаторыя пытанні застаюцца без адказаў. Можа, іх растлумачыць хтосьці з тых, у кім гэтая кніга выкліча такую патрэбу.
А пакуль што запрашаю вас прасачыць за тым драматычным спектаклем, што паставіла некалі Гісторыя.
Экспазіцыя
20-ыя гады XIII стагодазя — менавіта ад гэтага часу пачну я сваё апавяданне. Але спачатку давайце не спяшаючыся разгледзім гістарычную сцэну, на якой будзе разгортвацца дзея.
Абшар, што з цягам часу складзе тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага і Рускага, пакуль што падзелены на дзве няроўныя часткі. У паўночна-заходнім яго куце, што прымыкае да пясчаных берагоў Балтыкі,— свет вольных балцкіх плямёнаў. Але з двух бакоў, ад вусцяў Даўгавы і Віслы, на яго пачынае насоўвацца цень каталіцкіх царкоўна-рыцарскіх ордэнаў — з імі балты будуць весці доўгую барацьбу за сваю незалежнасць. Астатняя частка абшару — землі, што ўваходзяць у склад Кіеўскай Русі — рыхлага дзяржаўнага ўтварэння, якое ўяўляе сабой кангламерат дастаткова аўтаномных княстваў. У кожным з іх пануе асобная галіна адзінага роду Рурыкавічаў, але гэтыя землі-княствы змацаваны, як клёпкі ў дзежцы, абручамі эканамічных сувязяў, адзінай праваслаўнай веры, адзінай пісьмовай мовы і культуры, што ўз'нікла як сплаў былога славянскага паганства і візантыйскіх уплываў. Кіеўская Русь раскінулася на большай частцы нашай уяўнай сцэны.