Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Заходні яе ўскраек займае тэрыторыя Полыпчы — дзяржавы славянскай, але звернутай тварам на захад, у свет заходнееўрапейскай цывілізацыі, перыферыю якой яна складае. Польская дзяржава не прыме непасрэднага ўдзелу ва ўтварэнні Вялікага княства, але ўплыў яе будзе ўвесь час вельмі адчувальным, а ў канцы нашага апавядання — проста-такі рашаючым, калі ў выніку дзяржаўнай уніі Вялікае княства і Польшча злучацца ў канфедэрацыю.
Нарэшце на ўсходзе, недзе ўжо за кулісамі сцэны, пачынаецца бясконцы разлог палынова-кавыльных стэпаў, свет цюркскіх народаў, што вузкім пасам цягнецца ў самае сэрца азіяцкага кантынента. Гэты пас стагоддзямі выконвае ролю кнота, па якім распаўсюджваецца полымя качэўніцкіх нашэсцяў. I зараз усходні канец яго дыміцца — там, за тысячы кіламетраў, у далёкай Манголіі выспяваюць значныя падзеі. Хутка яны дакоцяцца сюды і накіруюць гісторыю Усходняй Еўропы ў зусім іншае рэчышча.
Разгледзім асобныя часткі сцэны болып уважліва і пачнём з Русі — вялізнай квітнеючай дзяржавы, што ляжыць ад Карпат на паўднёвым захадзе да сцюдзёных берагоў Ледавітага акіяна на паўночным усходзе. Доўгі час гісторыкі лічылі, што яе раздрабненне на паўсамастойныя палітычныя адзінкі было сведчаннем заняпаду. Але з часам рабілася ўсё больш відавочным, што жорстка
цэнтралізаваны дзяржаўны апарат — зусім не абавязковы атрыбут грамадства, якое працвітае. Час палітычнай раздробленасці на Русі быў не толькі часам росквіту культуры, гандлю і рамёстваў — ён, як ні дзіўна, быў і часам актыўнага зліцця асобных этнаграфічных правінцый — нашчадкаў старажытных славянскіх этнасаў (крывічоў, дрыгавічоў, севяран і інш.) — у культурна-этнічную супольнасць, якая ў савецкай гістарыяграфіі атрымала назву "старажытнаруская народнасць".
На гэтым пытанні трэба спыніцца крыху падрабязней, бо яно мае істотнае значэнне для разумення выкладзеных ніжэй падзей. Сёння тэзіс аб старажытнарускай народнасці часам абвяшчаецца такім жа міфам сталінісцкай псеўданавукі, як і "адзіны савецкі народ — будаўнік камунізму". Але тое, што нейкі тэрмін нарадзіўся ў сталінскі час, зусім не азначае, што ён не варты разгляду. Прынамсі, нейкая доля ісціны ў канцэпцыі старажытнарускай народнасці ўсё ж была. Праўда, пытанні этнічнай ідэнтыфікацыі — ледзь не самыя складаныя. Але які б крытэрый этнасу мы ні ўзялі — ці то агульная самасвядомасць, ці наяўнасць выразнага стэрэатыпу паводзін і звычаяў, што кідаецца ў вочы суседзям,— усе яны болып-менш прымянімыя да насельніцтва Кіеўскай Русі. 3 летапісаў XII—XIII стагоддзяў вынікае, што іх стваральнікі лічылі і Кіеўскую, і Наўгародскую, і Суздальскую землі часткамі адзінай дзяржавы. Праўда, тэрмін "Русь" у вузкім сэнсе азначаў толькі землі, якія былі падуладныя непасрэдна кіеўскаму князю ("вялікаму князю", як яго ўжо пачыналі зрэдку называць у той час). Таму "Русь" у такім значэнні з ходам раздрабнення не пашыралася, а звужалася да невялікай тэрыторыі на сярэднім Дняпры. Але адначасова існавала і шырокае значэнне гэтага слова, якое датычыла ўсіх княстваў, падпарадкаваных дынастыі Рурыкавічаў. У гэтым жа сэнсе яго ўжывалі за межамі дзяржавы. I пазней, калі Кіеўская Русь знікла, насельніцтва яе асколкаў, што ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, Полыпчы, Маскоўскай дзяржавы, упарта называла сябе русінамі, рускімі, a праваслаўную веру — рускай верай. Так магло стацца толькі таму, што і назва, і агульная самасвядомасць паспелі пусціць глыбокія карані. Стваральнік "Слова пра пагібель Рускай зямлі” (гэты выдатны паэтычны твор датуецца хутчэй за ўсё другой паловай XIII стагоддзя) акрэслівае месца рускіх сярод суседніх народаў: паміж уграў (венграў), ляхаў (палякаў), яцвягаў і літвы, немцаў Лівонскага ордэна, карэлаў, а на ўсходзе — паволжскіх народаў (балгараў, мардвы і інш.).
Дарэчы, і раздробленасць дзяржавы мела зусім не такі характар, як, напрыклад, раздробленасць Францыі на герцагствы і графствы, звязаныя толькі васальнымі адносінамі. Русь разглядалася як калектыўная вотчына ўсіх князёў Рурыкавічаў, падзеленая на долі для больш зручнага кіравання ёю і пракорму асобных прадстаўнікоў роду,— таксама, як зямля сялянскай абшчыны-грамады дзялілася паміж сем’ямі.
Цікава, што парадак падзглаў і наследавання княжацкіх уладанняў быў ці не больш архаічным, чым сялянскае землекарыстанне: калі ў сялян асноўным уладальнікам лічылася малая сям’я (бацькі з дзецьмі), то на дзяржаўным узроўні такім уладалыгікам выступала
галіна княжацкага роду — вялікасямейная абшчына. Падзел дзяржаўнай вотчыны адбываўся не паміж сынамі пасля смерці бацькі, а паміж сынамі родных братоў пасля смерці апошняга з такіх братоў, г. зн. не ў другім, а ў трэцім пакаленні. Пакуль браты былі жывыя, старэйшы з іх лічыўся старэйшынам сямейнай групы, права на гэты статус мелі па чарзе ўсе браты. Калі род раздрабняўся на некалькі такіх груп, найбольш аўтарытэтнай з іх лічылася тая, што паходзіла ад старэйшага сына родапачынальніка. Старэйшына гэтай групы меў адначасова вяршэнства над усім родам.
Ha Русі XII—XIII стагоддзяў княжацкі род утваралі нашчадкі пяці сыноў Яраслава Мудрага (менавіта пасля смерці апошняга з іх, Усевалада Яраславіча, у 1093 годзе пачынаецца распад агульнасямейнай вотчыны на ўладанні асобных "абшчын", які быў замацаваны на Любсцкім з’ездзе князёў у 1097 годзе). Сыны кожнага з Яраславічаў атрымалі "отчмну” — тую частку дзяржавы, якой кіраваў пры жыцці іх бацька. Праўда, у сыноў Яраслава Мудрага быў таксама стрыечны брат — Брачыслаў Ізяславіч, уладальнік Полацкага княства. Ён памёр яшчэ пры Яраславе, але яго сын Усяслаў аказаўся адзіным прадстаўніком асобнай княжацкай галіны. Менавіта гэтай генеалагічнай акалічнасцю, а не асаблівым сепаратызмам Полацкай зямлі трэба тлумачыць яе больш ранняе і ўстойлівае адасабленне ад астатніх княстваў. Пазней, каб падкрэсліць сваю дынастычную самастойнасць, нашчадкі Усяслава спасылаліся на тое, што іх род паходзіць ад Ізяслава — старэйшага сына Рагнеды Рагвалодаўны, адзінай наследніцы полацкага князя Рагвалода, забітага разам з сынамі Уладзімірам Кіеўскім (паводле родавых звычаяў, пры адсутнасці нашчадкаў па мужчынскай лініі спадчына пераходзіла да старэйшага па жаночай лініі). Яраслаў Мудры ж, таксама сын Рагнеды і Уладзіміра Кіеўскага, не з’яўляўся старэйшым сынам. Але гэтая дыскусія вялася не дзеля таго, каб канчаткова парваць усе сувязі з Кіевам, а каб адбіцца ад спроб іншых княжацкіх сем’яў захапіць Полаччыну.
Канешне, тут мелася і, так бы мовіць, зваротная сувязь — больш адасобленае генеалагічнае становішча полацкай дынастыі сапраўды спрыяла сепаратызму яе князёў і баяр. Але гэта было ўсё ж вынікам, а не прычынай, і ўвогуле гэты сспаратызм не трэба перабольшваць. Прынамсі, матэрыяльнай культурай (архітэктура, рамесныя вырабы) Полацкая зямля пачатку XIII стагоддзя не больш адрозніваецца ад іншых земляў Русі, чым яны паміж сабой. Для Генрыха Латвійскага, аўтара "Хронікі Лівоніі" пачатку ХШ стагоддзя, не выклікае сумнення, што полацкія князі разам са смаленскімі і іншымі Рурыкавічамі з’яўляюцца рускімі князямі. А полацкая грамата 1264 года недвухсэнсоўна вызначае: "Руськая земля словет Полочьская".
На пачатку разглядаемага перыяду на Русі існавала шмат генеалагічных ліній Рурыкавічаў, прычым колькасць долей, на якія расшчапілася кожная з першапачатковых вотчын, вельмі адрознівалася. Гэта мела непасрэднае дачыненне да палітычнай магутнасці княстваў.
Уладзіміра-Суздальская зямля (інакш Залессе) належала адзінай братняй абшчыне — сынам Усевалада Юр’евіча Вялікае Гняздо, што памёр у 1212 годзе. Хоць браты часам і варагавалі адзін з адным, усё ж з 1218 года, калі старэйшынам гэтай галіны стаў Юрый
Усеваладавіч, ён разам з трыма малодшымі братамі утвараў магутную сілу — бадай што найвялікшую на Русі.
Суседняя Смаленская зямля зусім нядаўна мела такое ж адзінства, калі яна належала пяці братам Расціславічам. Але ў 1215 годзе памёр апошні з іх — Рурык Расціславіч, які болыпую частку сталага жыцця правёў у барацьбе за ўладу над Кіевам. Пасля яго смерці род Расціславічаў фактычна распаўся на чатыры групы. Раздрабненне Смаленшчыны крыху замарудзілася дзякуючы таму, што многія члены роду мелі ўдзелы на поўдні, у Кіеўскай зямлі. Сын Рамана Расціславіча Мсціслаў, а пазней сын Рурыка Уладзімір станавіліся кіеўскімі князямі, а прадстаўнік малодшай галіны, Мсціслаў Мсціславіч Удатны, здолеў уладкавацца спачатку ў Ноўгарадзе, a потым у Галічы (лінія тамтэйшых князёў згасла ў канцы XII стагоддзя). Аднак падзел Смаленскай зямлі на шэраг самастойных вотчын усё роўна пачаўся. Вылучылася асобнае Таропецкае княства — уладанне нашчадкаў Мсціслава Расціславіча Храбрага (а пазней яны ж, верагодна, далі пачатак вяземскай галіне смаленскіх князёў). Нашчадкі Рамана і Давыда Расціславічаў аспрэчвалі вяршэнства ў Смаленскай зямлі (у выніку пасля згасання роду Давыда яно замацавалася за ўнукамі Рамана). Некалі магутная Смаленшчына паступова адыходзіла на другі план.
Трэцяй буйной зямлёй у складзе Русі была Чарнігаўска-Северская. Мы застаём яе падзеленай на дзве вотчыны: уласна Чарнігаўскае і Ноўгарад-Северскае княствы, якія належаць дзвюм галінам роду Олыавічаў. Чарнігаўскай да 1223 года кіраваў Мсціслаў Святаславіч, потым вяршэнства перайшло да яго пляменніка Міхаіла Усеваладавіча. Ноўгарад-северская галіна паходзіць ад славутага князя Ігара Святаславіча — героя "Слова аб палку Ігаравым". Яе ў 1220-ыя гады ўзначальваў сын Ігара Алег. Кожная з дзвюх вотчын (асабліва чарнігаўская) заставалася дастаткова буйной, каб адыгрываць істотную ролю ў дзяржаве.
Некалі магутная Уладзіміра-Валынская зямля на пачатку XIII стагоддзя трапіла ў даволі неспрыяльнае становішча. Старэйшую галіну тамтэйшай дынастыі ўтваралі юныя Даніла і Васілька Раманавічы. Іх бацька, князь Раман, памёр у 1205 годзе, пакінуўшы іх немаўлятамі. Стрыечны брат Данілы і Васількі — Аляксандр Белзскі, а таксама галіна луцкіх князёў мелі асобныя ўладанні. Гэта выклікала часовы палітычны заняпад Уладзіміра-Валынскай зямлі і прывяло да страты суседняга Галіча, які князь Раман у свой час далучыў да сваіх уладанняў. Аднак на працягу 1220-ых гадоў згасае луцкая галіна, а Аляксандр Белзскі церпіць паражэнне ад пасталеўшых Раманавічаў, так што Валынь зноў трапляе ў рукі адной княжацкай сям’і. Гэта вяртае яе ў лік магутных палітычных цэнтраў Русі і дазваляе Данілу Раманавічу распачаць барацьбу за Галіч.