Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Сённяшні стан нашых ведаў не дазваляе, на жаль, дакладна акрэсліць этнаграфічныя арэалы на тэрыторыі Старажытнай Русі. Гэта можна зрабіць толькі, як кажуць, у першым набліжэнні. Так, мова берасцяных грамат з Ноўгарада даволі выразна адрозніваецца ад мовы паўднёварускіх летапісаў. Свае адрозненні мае пахавальны інвентар розных земляў, асабліва ўпрыгожанні. Верагодна, існавалі тры асноўныя этнаграфічныя правінцыі Русі: паўночная, сярэдняя і паўднёвая.
Паўночная правінцыя ўключала землі Вялікага Ноўгарада і паўночную частку Суздальскай зямлі — тэрыторыі, у насельніцтве якіх большасць складалі нашчадкі ільменскіх славен. Там захавалася і нават узмацнілася старажытнае оканне, характэрным з’яўлялася змяшэнне гукаў ,"ц" і "ч" (цоканне) (хоць гэтая рыса была агульнай для наўгародцаў і палачан), існавалі іншыя моўныя асаблівасці, адлюстраваныя ў берасцяных граматах.
Другі арэал, сярэдні, утварылі нашчадкі крывічоў, вяцічаў і, напэўна, радзімічаў. Ен ахопліваў Полацкую, Смаленскую, Мурама-Разанскую і частку Суздальскай зямлі. Насельніцтва гэтай правінцыі (у аснове сваёй крывіцкае з аднаго боку, вяціцкарадзіміцкае — з другога) мела шмат даволі розных рыс, аднак ва ўсім азначаным арэале развілася такая характэрная новая з’ява, як аканне (яно і сёння аб’ядноўвае жыхароў Падмаскоўя і Разаншчыны з беларусамі). Пры гэтым пэўныя асаблівасці былі агульнымі для заходняй часткі сярэдняй правінцыі і паўночнага арэала, для ўсходняй часткі і паўднёвага арэала.
Нарэшце, паўднёвы арэал утварылі на'шчадкі вельмі блізкіх паміж сабой плямёнаў: валынян, драўлян, дрыгавічоў, а таксама палян (магчыма, і севяран). Дадзеныя раскопак сведчаць, што адрозненне паўднёвых плямёнаў ад крывічоў выступае даволі выразна ў характары ўпрыгожанняў, жытлаў і інш. Нават грашова-вагавая сістэма на поўдні адрознівалася ад сістэмы цэнтральных і паўночных земляў Русі (існавалі кіеўская і наўгародская грыўні — яны былі рознай вагі). У паўднёвым арэале таксама захавалася оканне, хаця і не такое выяўленае (слабае аканне на тэрыторыі сучаснага Беларускага Палесся развілося, напэўна, крыху пазней пад уплывам, што ішоў з Полаччыны і Літвы).
Такім чынам, і землі сучаснай Беларусі ў той час не ўтваралі яшчэ агульнага цэлага. Мяжа паўднёвай і сярэдняй правінцыі перасякала іх амаль напалам, прыкладна па лініі Заслаўе—Рэчыца.
А зараз давайце перанясемся ў Панямонне, на берагі Віліі — у яшчэ нядаўна глухі мядзведжы кут, што імкліва ператвараецца ў новы палітычны цэнтр. Тут жыве гордая і непакорлівая літва — бадцкія плямёны, якія за амаль чатыры стагоддзі суседства з Кіеўскай
2. Зак, 5840.
17
Руссю так і не ўвайшлі канчаткова ў яе межы. Калі мы перасячом нябачную этнічную мяжу, то даволі хутка заўважым змены ў краявідзе. Хаця выгляд прыроды застаўся такім жа, але нешта іншае з’явілася ў абліччы пабудоў, зусім зніклі цэрквы і манастыры, нават гарады — іх месца займаюць драўляныя замкі-сховішчы, вельмі падобныя на дзяцінцы рускіх гарадоў. У густой дуброве можна адшукаць паганскія капішчы з высечанымі з дубовых ствалоў выявамі багоў, нязгаснымі вогнішчамі і валунамі-ахвярнікамі.
У агульных рысах зямля літоўцаў выглядае так, як выглядалі і славянскія землі за тры стагоддзі да таго. Тут на чале грамадства стаяць князькі (кунігасы), ролю якіх на Русі ўсклаў на сябе род Рурыкавічаў. Кожны з іх мае ўладу над сваім невялікім племем, узначальвае дружыну, судзіць супляменнікаў і збірае з іх асвячоныя звычаям падаткі. Да таго ж кожны кунігас — гэта адначасова і прадстаўнік племені перад тварам багоў, увасабленне іх магічнай моцы. Ад яго паводзін залежыць урадлівасць палёў і ўвогуле нязменнасць традыцыйнага ладу жыцця. Гэтая функцыя хрысціянскімі правіцелямі Русі ўжо практычна страчана, тут жа яна яшчэ захоўваецца.
Літоўскія кунігасы жывуць прасцей за рускіх князёў. Яны не маюць камснных харомаў, поўных дарагіх візантыйскіх рэчаў. Сядзібы іх болей нагадваюць умацаваныя двары рускіх баяр. Там жывуць яны сярод сваіх дружыннікаў і рабоў, праводзяць зіму ў зборы даніны, а лета — у набегах на суседзяў, бо ваенную славу прывыклі ставіць вышэй за багацце.
Некранутай застаецца ў літоўцаў і родавая знаць, якую на Русі змяніла служылае баярства. Арыстакраты таксама валодаюць умацаванымі дварамі з чэляддзю, але аснова іх магутнасці — у прыналежнасці да самых аўтарытэтных генеалагічных галін, у паходжанні ад самых славутых продкаў. Яны вельмі нагадваюць германскую знаць першых стагоддзяў нашай эры, пра якую некалі пісаў рымскі гісторык Тацыт: "Калі яны не ідуць на вайну, то ўвесь час свой праводзяць часткай на паляванні, але больш у гультайстве, аддаючыся сну і ежы, так што найбольш моцныя і ваяўнічыя нічога не робяць, пакідаючы клопат пра дом, гаспадарку і палеткі жанчынам, старым 1 ўвогуле самым слабым са сваіх дамачадцаў..." Маючы добрых баявых коней і ўзбраенне, арыстакраты ствараюць грозную літоўскую конніцу, выдатныя баявыя якасці якой адзначаў Генрых Латвійскі.
Просты ж люд сумяшчае абавязкі земляробаў і воінаў. Да шлюбу кожны з іх лічыць справай гонару паўдзельнічаць у паходах пад кіраўніцтвам удатлівага чравадыра. Узброены яны прасцсй за знаць, але таксама даволі эфектна. Захавалася каларытнае апісанне страшэннай літоўскай баявой дубіны, якую рыхтавалі так: у кары маладого дубка рабілі надрэзы, куды ўстаўляліся вострыя камяні. За некалькі гадоў яны трывала ўрасталі ў ствол, і тады з яго высякалася грозная зброя.
Літва ўяўляе сабой адзач са шматлікіх балцкіх народаў, побач з яцвягамі, прусамі, жамойтамі, куршамі, земгаламі, селамі і латгаламі. Кожны з гэтых народаў падзяляецца йа субэтнасы (плямёны), таму этнічная структура балцкага свету выглядае даволі складана. Нельга сказаць, што даследчыкі разабраліся ва ўсіх яе нюансах. Як і ў
выпадку з Руссю, тэрмін "Літва" ўжываўся ў розных сэнсах: як этнічная назва. як назва тэрыторыі, што падпарадкоўвалася непасрэдна галоўнай літоўскай дынастыі. як агульная назва ўсіх плямёнаў і княстваў, якія прызнавалі сюзерэнітэт гэтай дынастыі. Апрача таго, ужываўся яшчэ тэрмін "Аўкштайція". стасункі якога з тэр.мінам "Літва" ў розныя часы былі рознымі. Паколькі апошнім часам набыла вялікае пашырэнне канцэпцыя М. Ермаловіча. паводле якой "Літва" XIII стагоддзя не мае ніякага дачынення да сучаснага літоўскага этнасу, на гэтых пытаннях неабходна спыніцца больш грунтоўна.
Літва ўпамінаецца ў крыніцах з пачатку XI стагоддзя як адзін з прыбалтыйскіх народаў, чые землі мяжуюць з Кіеўскай Руссю. У такой якасці яе згадваюць як рускія летапісцы, так і заходнееўрапейскія храністы (у тым ліку Генрых Латвійскі, які выдатна ведаў стан спраў у Прыбалтыцы). Тэрмін "Жемомть” упершыню з’яўляецца ў Іпацьеўскім летапісе як назва тэрыторыі, падуладнай некаторым з літоўскіх князёў, што ў 1219 годзе падпісалі мірнае пагадненне з Уладзіміра-Валынскім княствам. Побач у такім жа сэнсе ўпамінаецца Дзевалтва. Рускія і крыжацкія крыніцы прыгадваюць таксама іншыя княствы ці субэтнасы ў складзе Літвы: Нальшаны, Упіту — гэтак жа, як у складзе прускіх зямель існавалі княствы Самбія, Памезанія, Пагезанія і інш. (усяго 8, калі лічыць прускімі плямёнамі крыху адасобленых скалваў і надроваў), у складзе тэрыторыі, што зай.малі яцвягі — Дайнава, Судава, Галіндыя, Палексія.
Аднак ссць падставы сцвярджаць. што першапачаткова Жамойць (на польскі лад — Жмудзь) была прылічана да Літвы ў палітычным, а не ў этнічным сэнсе: як тэрыторыя, што належала князям літоўскага паходжання. У Жамойці меліся такія ж тэрытарыяльныя адзінкі, як у землях самастойных балцкіх народаў (Цекліс, Коршаў і інш.), што дазваляе лічыць яе насельніцтва не малым племенем, а асобным этнасам, некалі заваяваным літоўцамі. Аб гэтым выразна сведчаць і археалагічныя дадзеныя: на тэрыторыі сучаснай Літвы ў XIII стагоддзі існавалі два розныя культурныя арэалы: заходні і ўсходні. Першы, які амаль супадаў з тэрыторыяй Жамойцкай зямлі больш позніх часоў (хіба што быў крыху большы за яе), вызначаецца выключна грунтовымі пахаваннямі без курганных насыпаў. Другі ахопліваў усходнюю палову сучаснай Літвы і прылеглыя часткі Беларусі (да возера Нарач, Йалібоцкай пушчы і правабярэжжа Нёмана ў раёне Ліды). Гэта была тэрыторыя культуры так званых усходнелітоўскіх курганоў — бясспрэчна балцкай паводле пахавальнага інвентару, але з выразнымі адрозненнямі ад грунтовых могільнікаў Жамойці.
У Беларусі мяжа распаўсюджання культуры ўсходнелітоўскіх курганоў прыкладна супадае з мяжой арэалу тыпова літоўскай тапанімікі (вёсак з назвамі на -ішкі, -аны, -ёны). Цэнтр яе знаходзіўся якраз там, дзе ўзніклі важнейшыя палітычныя цэнтры Літвы — у раёне Кернава, Вільна, Трокаў. \дным словам, менавіта гэтую тэрыторыю трэба лічыць тэрыторыяй летапіснай Літвы, што падраздзялялася на шэраг княстваў. Упіту, Дзевалтву, Налыпаны і, магчыма, нейкія іншыя. Паказальна што ў адрозненне ад Жамойці названыя княствы не маюць выразных адрозненняў у агульным арэале ўсходнелітоўскіх курганоў.
Самі літоўскія князі, а разам з імі і кры.жацкія храністы ў якасці сіноніма Літвы ўжывалі тэрмін "Аўкштайція" ці "Аўкштота" (рускія летапісы такога тэрміна не ведаюць). Магчыма, ён меў вузкаэтнічны сэнс і быў утвораны штучна па аналогіі з Жамойцю ("Жэмайція" па-літоўску азначае "ніжняя", "Аўкштайція" — "верхняя”). Каб падкрэсліць свае правы на Жамойць, літоўскія князі пазней, у XV стагоддзі, сцвярджалі, што жамойты і аўкштайты — дзве непарыўныя часткі адзінага літоўскага этнасу. Пазней яны і сапраўды зліліся ў адзін этнас, хаця XIV—XV стагоддзі прайшлі пад знакам выразнага жамойцкага сепаратызму. Польскі гісторык Ян Длугаш у XV стагоддзі адзначаў, што "літоўцы, самогіты (лацінізаваная форма назвы жамойтаў.— В. Н.) і яцвінгі, хаця мелі розныя найменні і падзяляліся на шмат родаў, утваралі тым не менш адзінае цэлае", прычым з-за падабенства пэўных моўных рыс зыводзіў іх паходжанне ад рымлян і італікаў.
Зразумела, этнічная мяжа паміж Літвой і заходнімі землямі Русі, што праходзіла прыкладна па лініі Браслаў—Паставы—Смаргонь— Ліда (далей Русь межавала з яцвяжскім племенем дайнава), не была падобнай на сучасныя кардоны. 3 абодвух бакоў яе перасякалі плыні міграцыі: асобныя літоўскія сем’і сяліліся на рускіх землях, a рускія — на літоўскіх. Міграцыя полацкіх крывічоў асабліва актыўна ішла ў басейне нёманскага прытока Бярэзіны (там узнікла сяло з характэрнай назвай Палачаны, ды і іншыя вёскі ўжо ў XV стагоддзі мелі амаль выключна славянскія назвы), а таксама ўздоўж Віліі. Крывіцкае паселішча XII стагоддзя знойдзена нават на тэрыторыі сучаснага Вільнюса недалёка ад датаванага тым жа стагоддзем літоўскага. Мяркуецца, што назва аднаго з віленскіх замкаў — Крывы горад — магла паходзіць ад этноніма крывічоў.