Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
На самой справе адбылося не так. Іпацьеўскі летапіс зноў згадвае імя галоўнага літоўскага князя прыкладна ў 1235 годзе (на жаль, храналогія гэтага летапісу, дакладней, Валынскага летапісу ў складзе Іпацьеўскага збору, кульгае на абедзве нагі, таму ўсе яго даты прыблізныя). У той час уладаром Літвы з’яўляўся Міндоўг. Што адбылося за папярэднія 16 гадоў — можна толькі гадаць. Можа, Жывінбуд, Даўят і Даўспрунк склалі галовы ў шматлікіх набегах на рускія землі. У "Экспазіцыі" гаварылася пра цяжкія паражэнні, якія часам цярпелі літоўцы ў гэтых набегах. Усяго за год перад тым, у 1234 годзе, літоўская раць зноў была перахоплена рускай пагоняй на поўдні Наўгародскай зямлі пры адыходзе са Старой Русы.
Магчыма, аднак, што, прынамсі, некаторыя са старэйшых родзічаў Міндоўга сталі яго ахвярамі ў барацьбе за вярхоўную ўладу — характар гэтага князя, як вынікае з больш позніх падзей, ні ў якім разе не супярэчыць такой магчымасці. Міндоўг, безумоўна, любіў уладу і дзеля яе гатовы быў зайсці вельмі далёка.
У маладыя гады Міндоўг, напэўна, удзельнічаў не ў адным паходзе на Русь. У набегах ён авалодваў ваенным майстэрствам, прыглядаўся да жыцця суседзяў, грамадскі лад якіх знаходзіўся на больш высокім узроўні, заваёўваў аўтарытэт і скалочваў адданую
дружыну. Можа, ужо тады ў яго з’явіліся нейкія асабістыя сувязі з князямі і баярствам суседніх рускіх княстваў.
Пра гэтыя княствы мы не ведаем амаль нічога. У Полацку смаленскае панаванне, магчыма, скончылася ў 1232 годзе, калі палачане дапамаглі Святаславу Мсціславічу стаць князем у Смаленску. Пасля яго Полацк хутчэй за ўсё вярнуўся да аднаго з Рагвалодавічаў. Прынамсі, крыху пазней, у 1239 годзе, там будзе княжыць Брачыслаў, які аддасць сваю дачку за сына Яраслава Усеваладавіча Уладзіміра-Суздальскага — Аляксандра. Магчыма, Брачыслаў — сын віцебскага князя Васількі Брачыславіча, упамянутага пад 1196 годам. У адным з летапісаў гаворыцца, што праз некалькі гадоў пасля шлюбу маленькі сын Аляксандра і Брачыслаўны знаходзіўся ў Віцебску (у родзічаў па маці?).
Найбліжэйшымі суседзямі Літвы былі Менскае і Ноўгародскае княствы. Пра Менск (як і пра Лагойск з Заслаўем) мы не маем ніводнай звесткі, ніводнай зачэпкі нават для ўскосных меркаванняў. Толькі на стагоддзе пазней менскі князь з’явіцца ў летапісе. Канешне, можна лічыць, што мясцовая дынастыя існавала непарыўна з XII стагоддзя, аднак з такім жа поспехам можна адстойваць і любую іншую думку на гэты конт.
Што датычыць Ноўгародка, то ў ім сучаснікам Міндоўга выступае мясцовы князь Ізяслаў. Зноў-такі можна толькі гадаць, паходзіў ён са старажытнай гарадзенскай дынастыі ці з нейкай іншай. Невядома і пра памер падуладнай яму тэрыторыі. Аднак вельмі верагодна, што да Ноўгародка ў гэты час адносілася ўсё Панямонне з Гораднам, Ваўкавыскам і Слонімам, хаця там маглі быць і свае князі (гадоў праз 20 у летапісе з’явіцца Глеб Ваўкавыскі, а яшчэ праз пакаленне — Васілька Слонімскі). Казаць пра ператварэнне Ноўгародка ў палітычны цэнтр усіх заходніх зямель Русі няма важкіх падстаў. Да мангольскага яашэсця гэты горад упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе двойчы. Першае ўпамінанне — ускоснае: у 1228 годзе "новогородцм” (так у летаггісе) прынялі ўдзел у канфлікце пінскага князя Расціслава і кіеўскага Уладзіміра Рурыкавіча з Данілам Раманавічам, які быццам бы захапіў дзяцей Расціслава. Кіеўскі князь заступіўся за пінскага і сабраў супраць Данілы войска, у якое ўвайшлі разам з куранамі, пінянамі і тураўцамі жыхары Ноўгародка (вельмі малаверагодна, што ў гэтай лакальнай падзеі ўдзельнічалі войскі Вялікага Ноўгарада, назва якога часта пісалася аднолькава з назвай панямонскага горада).
Другое ўпамінанне — тое самае, дзе зноў з’яўляецца Міндоўг. У 1235 годзе (пра прыблізнасць храналогіі ўжо казалася) адбыўся канфлікт паміж Данілам Раманавічам і Конрадам Мазавецкім, які выкарыстоўваў крыжакоў не толькі для хрышчэння прусаў, але і для захопу сумежнага Падляшша (тэрыторыі яцвяжскага племені палексаў, што ўжо была амаль цалкам каланізавана валынянамі). Выбіўшы крыжакоў з падляшскага горада Драгічына, "по том же лете Даннл же возведе на Кондрата Лнтву Мендога Нзяслава Новгородьского".
Гэта практычна ўсё, што мы ведаем пра падзею. Але і лаканічная звестка кажа шмат пра што. Па-першае, Літва належыць Міндоўгу. Па-другое, Ізяслаў Ноўгародскі (пра Вялікі Ноўгарад гаворка ісці не можа — там у гэты момант княжыць Яраслаў Усеваладавіч з Залесся) дзейнічае сумесна з Міндоўгам, што сведчыць аб іх цесных
сувязях. Па-трэцяе, і Ізяслаў, і Міндоўг выступаюць ці то як васалы, ці то як наёмнікі ўладзіміра-валынскага князя. Думаць пра раўнапраўны саюз перашкаджае слова "возведе", якое яўна сведчыць пра вядучую ролю Данілы. Характэрна, што Ноўгародак выступае тут не як вораг Раманавіча (што было ў першым выпадку), а як паслухмяны саюзнік. Дарэчы, і ў першым павсдамленні роля ноўгародцаў не большая за ролю іншых удзельнікаў кааліцыі — Курска, Пінска і Турава.
Такім чынам, можна пагадзіцца, што Ноўгародак у гэты час пачынае праяўляць большую актыўнасць, чым суседнія гарады, уключаючы Полацк. Але актыўнасць гэтая — другарадная ў агульнарускім маштабе, яна праяўляецца ў падтрымцы акцый Кіева і Уладзіміра-Валынскага — сапраўдных палітычных цэнтраў.
Пад "Літвой Міндоўга" таксама трэба разумець не ўсю тагачасную Літву, а толькі нейкую яе частку. Міндоўг дамогся вяршэнства сярод прадстаўнікоў галоўнай дынастыі, але засталіся нашчадкі і ў яго брата Даўспрунка, і ў Даўята (яны будуць актыўна дзейнічаць праз некалькі гадоў). Па-ранейшаму існуюць самастойныя дынастыі ў Дзевалтве, Нальшанах і Упіце, а жамойцкая дынастыя і ўвогуле набірае моц. Годам пазней на яе долю выпадзе выдатны ваенны поспех: перамога над крыжакамі-лівонцамі.
Бітва адбылася ў верасні 1236 года, калі Ордэн мечаносцаў арганізаваў свой першы крыжовы паход у Жамойць. Гэта была "разведка боем" — пасля падпарадкавання большай часткі тэрыторыі Лівоніі мечаносцы шукалі перспсктыўныя напрамкі для працягу экспансіі. Паганская Жамойць з’яўлялася натуральным аб’ектам такой экспансіі.
У паходзс ўдзельнічалі амаль усе браты-рыцары Ордэна (каля 100 чалавек) на чале з магістрам Фалькевінам, апалчэнне падуладных эстаў, ліваў і латгалаў, добраахвотнікі з Заходняй Еўропы, нават атрад з Пскова, які ў той час меў цесныя сувязі з мечаносцамі. Аднак на зямлі Саўле (верагодна, сучасны Шаўляй) жамойты (іх узначальвалі, магчыма, тыя князі Эрдзівіл і Выкінт, што выступаюць у дагаворы 1219 года) ушчэнт разграмілі войска мечаносцаў. Загінулі 48 братоў-рыцараў, у тым ліку сам магістр. Няўдача крыжакоў паспрыяла паўстанню супраць іх на новадалучаных землях куршаў, земгалаў і селаў, якія фактычна выйшлі з-пад кантролю Ордэна і архібіскупства.
У гэты ж час Тэўтонскі ордэн дзейнічаў больш паспяхова: у 1236 годзе скончылася заваяванне прускага племені памезанаў у нізоўях Віслы, на наступны год скарылася суседняя Пагезанія. Выпадак з паходам мечаносцаў ясна паказаў, што чакае Літву і Жамойць, калі тэўтонцы выйдуць на іх межы з захаду. Праўда, пакуль што, здавалася, да гэтага яшчэ далёка: большасць прусаў і амаль усе яцвягі захоўвалі незалежнасць. Але заваёўнікі хутка прасоўваліся наперад.
Уварванне закаваных у сталь чужаземцаў спачатку прывяло прусаў ледзь не ў паніку. З’явіліся нават легенды пра людзей з жалезнымі брухамі, якіх не бяруць мячы і стрэлы. Пазней прусы пераканаліся, што і браніраваных захопнікаў можна біць, але першы раунд, безумоўна, застаўся за крыжакамі. Тэўтонцы выкарыстоўвалі адпрацаваную тактыку — улетку адбываўся вялікі паход з удзелам добраахвотнікаў з Полыпчы, Германіі і іншых краін, на новазахоп-
леных землях будаваліся замкі. Рыцары заставаліся ў іх на зіму, каб потым зноў пашыраць уладанні Ордэна.
У 1237 годзе адбылася важная падзея — дэмаралізаваны пасля паражэння пад Саўле Ордэн мечаносцаў аб’яднаўся з больш моцным Тэўтонскім у канфедэрацыю і атрымаў назву Лівонскага. Выпеставаныя Рыжскім архібіскупствам і Мазовіяй, крыжакі пры падтрымцы рымскага папы выйшлі з-пад іх кантролю. Здзейснілася мара фон Зальца аб самастойнай ордэнскай дзяржаве. Праўда, дзяржава была своеасаблівая: яе пануючае кола ўтваралі браты-рыцары, якія лічыліся манахамі і не маглі мець ні жонак, ні дзяцей. Таму існаванне Ордэна залежала ад няспыннага прытоку новых братоў з Германіі і іншых краін. Папская курыя і пасланцы тэўтонцаў рабілі ўсё, каб гэты паток пашыраўся. Па ўсёй Еўропе яны разгарнулі агітацыю, заклікаючы рыцарства прыняць удзел у "выратаванні" (прымусовым хрышчэнні) закаранелых у паганстве прусаў і іншых балцкіх народаў.
У Літве наўрад ці ведалі пра ўсё гэта. Аднак пачуццё небяспекі вісела ў паветры, і аб’ектыўна дзейнасць Міндоўга па канцэнтрацыі ўлады спрыяла таму, што Літва рабілася больш падрыхтаванай для непазбежнай сустрэчы з крыжацкай пагрозай. Магчыма, некаторыя прадстаўнікі літоўскай знаці разумелі гэта і свядома падтрымлівалі прагнага да ўлады князя.
На адносна маладога (Міндоўгу было ў той час каля 40 гадоў), таленавітага і актыўнага правадыра баяздольнай дружыны не маглі не звярнуць увагу і ў сумежных заходнерускіх княствах. Калі ўжо параўноўваць зносіны літоўцаў з Заходняй Руссю і палавецкапаўднёварускія дачыненні, дык варта адзначыць, што кіеўскія князі заўсёды ўважліва сачылі за ходам падзей у палавецкіх качэўях, заводзілі сярод полаўцаў пабрацімаў і сваякоў, шукалі ў іх паратунку ў цяжкі момант і аказвалі такую ж дапамогу палавецкім ханам. Зразумела, князі і баяры Полаччыны, Меншчыны і Ноўгародчыны рабілі тое ж самае ў адносінах да літоўцаў. Прыклад з Усеваладам Герцыкскім, які ажаніўся з дачкой Даўгерда, відавочна, толькі адзін з многіх. I ў Міндоўга, напэўна, меліся сябры і сваякі на Русі, у тым ліку і ў Ноўгародку. Такія людзі пазіралі на яго ўзвышэнне без страху — ім асабіста яно нічым не пагражала. Наадварот, чым мацнейшы станавіўся літоўскі князь, тым больш карысным выглядаў саюз з ім.
Але ўсё гэта наўрад ці мела б значныя вынікі, калі б палітычная сістэма Русі і далей захоўвала стабільнасць. Толькі рэзкі штуршок звонку раптоўна ўсё перамяніў.
Вясной 1237 года ўспыхнуў нарэшце кнот палавецкіх стэпаў. 3 берагоў далёкай Сырдар’і рушыла на паўночны захад незлічонас мангольскае войска, каб выканаць запавет Чынгісхана: заваяваць паўночна-заходні сектар Сусвету, які быў вылучаны ў свой час пад улус яго сыну Джучы. У паходзе ўдзельнічаў малодшы сын Чынгісхана Кюлькан і дзесяць унукаў, у тым ліку старэйшы сын вялікага кагана Угэдэя Гуюк. Лепшыя палкаводцы мангольскай дзяржавы стаялі на чале тумэнаў, сярод іх — стары Субэдэй, што вёў да перамог яшчэ войска самога Чынгісхана. Вярхоўным военачальнікам, джыхангірам, быў назначаны Бату — трыццацігадовы сын і наследнік Джучы.