Пачынальнікі
З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 549с.
Мінск 2003
вай і паэзіяй крывічанскага народа, сабраў яго песні, перакладаў іх удзячным польскім вершам, выдаў іх арыгінальны тэкст, спрабаваў сам ствараць песенькі на гэтай мове, сабраў народныя прыказкі і, зрабіўшы над мовай шмат глыбокіх назіранняў, заклаў першы падмурак яе граматыкі'. За далейшай працай смерць заспела дабрачыннага Чачота.
П. Марцінкевіч, выдатна знаёмы з духам і самымі тонкімі адценнямі крывіцкай мовы, першы наважыўся сам ствараць у большым маштабе творы на нашай народнай гаворцы. Першы вядомы яго твор, так званая «Сялянка», які надрукаваны некалькі год назад і з поспехам ставіўся на сцэне ў Мінску, апрача іншых, мае тую яшчэ вартасць, што тут аўтар у вуснах войта вёскі Навума Прыгаворкі сабраў і ўдала выкарыстаў мноства арыгінальных і жыццёвых народных прыказак — неацэннай важнасці матэрыял для рознага роду народных даследаванняў. Бытавая праўда загадала аўтару пераплятаць польскія дыялогі з крывіцкімі адпаведна таму, выступае на сцэну пан, аканом ці хто іншы з шляхецкай пароды, што размаўляе па-польску, або народ з уласнай гаворкай. Але гэта дзвюхмоўнасць у адным творы магла абражаць пераборлівых эстэтыкаў. Гэта акалічнасць ці само наша няўменне чытаць па-крывіцку былі прычынаю, што «Сялянка» пана Марцінкевіча, хоць ужо цалкам распрададзеная2, не атрымала ў літаратуры такога водгуку, які заслугоўвала.
W dni moje mlode, w dni moje szcz?sliwe
I jam uprawial nad-Niemensk^ niw^.3
1 я навучыўся крывіцкай мове i валодаў ёю з пэўнай элеганцыяй у размовах з добрым сялянствам Жукава Барка4. Выгнаны з тых старонак бураю жыцця, я запомніў, аднак, гэту мову настолькі, што магу зрабіць чытачам сумленную справаздачу наконт другога твора пана Марцінкевіча, якім з’яўляюцца «Вечарніцы». Паспрабую папольску перадаць каларыт гэтых вершаваных гутарак, хоць, сумняваючыся, ці ўдасца мне гэта, загадзя прашу аб паблажлівасці чытачоў.
У названым зборніку ёсць дзве так званыя «вечарніцы», першая складаецца з трох, другая — з дзвюх песень.
1-я песня першай вечарніцы з’яўляецца як бы пралогам: Ананія, вясёлы дзядок, бедны, але шанаваны, не мог ужо хадзіць у карчму, «скрыпку падарыў унуку, хваліў бога, плёў лапці і расказваў казкі». Вечарніцы ў яго хаце бывалі людныя, бо нямала было жадаючых паслухаць апавяданні старога. I вось аднойчы ён запрасіў да сябе на такую гутарку: і юнакі, і дзяўчаты жвава скінуліся па некалькі грошаў, паслалі па гарэлку, хтосьці прынёс вяндліны, хтосьці некалькі яек, хлопцы паклалі смаляной лучыны, запелі набожную пе-
У Сыракомля. Малюнак мастака У. Падкавінскага
сеньку, пахвалілі ў адзін голас Хрыста і багародзіцу, а стары, абапёршыся на локаць, усеўся за сталом, падзякаваў гасцям, што сабраліся, і так далей казаў:
«А можа гэта праўду, мае дзеткі, кажуць людзі, што ў Слуцку не па-людску, а яшчэ горш у Оршы, але тыя грашаць смяротна, хто Мінск наш ганіць! Няма лепшага за Мінск! Відны, вясёлы, забудаваны горад; палацы белыя, як снег, пасярэдзіне плыве зялёнай стужкай пекная рака Свіслач... А людзі? He заморскія, не чужыя, хрысціяне шчодрай, добрай, не панскай натуры. Спаткаеш каго, павітаеш, ён табе адкланяецца, скажа добрае слоўца, запытаецца, куды ідзеш, што нясеш у кошыку на рынак, заплаціць, не таргуючыся, а яшчэ табе ў дадатак удзеліць кус хлеба».
Стары далей працягвае апалогію роднага горада, звяртаецца чулліва да даўніх часоў: «Махнуў рукою, уздыхнуў глыбока, перажагнаўся, напіўся з конаўкі дамашняга квасу, і ўсе на яго паглядаюць, дзеўкі матаюць ніткі, зыркаючы крадком на хлопцаў, і ў хаце поўная цішыня, якая перапыняецца толькі гудзеннем верацёнаў».
Гэты цудоўны ўступ, якога толькі цень мы далі ў перакладзе, найлепш нам падабаецца з усёй першай вечарніцы. Пасля такога чуллівага пралогу мы спадзяваліся на нешта больш урачыстае, чым два народныя наіўныя анекдоты. Шкада, што аўтар не адклаў іх на канец кніжачкі, — тут яны крыху псуюць эфект.
У адным з іх апавядаецца, як неабачлівы вясковец Зміцер разам з селядцом з’еў пяцірублёвую асігнацыю, узятую за вала, у другім той жа Зміцер, містыфікаваны ў горадзе вясёлымі панамі, сам не ведае, пеўня або зайца носіць ён па рынку на продаж. Мова і стыль жывыя, маляўнічыя, натуральныя, толькі дзе-нідзе выдае сябе пісьменны апавядальнік залішняй вытанчанасцю слова або рыфмы, але гэтыя нячастыя плямкі заўважыць толькі той, хто добра знаёмы з духам народнага вымаўлення і таму разумее ўсю мастацкую цяжкасць, не скажу — немагчымасць, утрымацца ў тоне народнай прастаты, каб абысці Сцылу і Харыбду, штучнасць і трывіяльнасць. Увогуле п. Марцінкевіч вельмі шчасліва пазбягае гэтых перашкод.
Другая вечарніца, якая складаецца з дзвюх песень, з’яўляецца гутаркай са старой мінуўшчыны крывічан і носіць назву «Стаўроўскія дзяды». Раскажам яе змест, устаўляючы дзе-нідзе ўласныя словы аўтара.
«Даўным-даўно, — гаворыць Ананія, — некалькі сот гадоў назад, калі не ўсе хвалілі сапраўднага бога, а народ жыў у веры няхрышчанай і пакланяўся нячыстаму духу, у горадзе Лагойску, над ракой Гайнай, быў моцны замак крывічан». Панаваў там князь Грамабой, пан малады, добрага сэрца. Непадалёку,
1 Оа Зак. 2068
297
у яго ўладаннях, жыў селянін Даніла з прыгожай дачкой Кацярынай, са злой жонкай Параскай, яе мачыхай, і дачкой ад той самай Параскі Марфай.
Бедная была доля Кацярыны ад мачыхі і яе пешчанай дачкі!
Даніла адзначаў народную памінальную ўрачыстасць «Стаўроўскія дзяды», якая прыпадала на зялёныя святы5. Падняліся векі трунаў, памёрлыя кружаць па зямлі, а ведзьмы і ваўкалакі мучаць жывёлу.
Кацярына раніцой моліцца за душу сваёй маці, Марфа абгаворвае яе перад мачыхай, што яна лянуецца працаваць, увіхаецца аблаянае дзяўчо, рыхтуе вячэрнюю бяседу, а Марфа ляжыць сабе цэлы дзень.
Надышоў вечар. Кацярына засцілае белы абрус на стале, Даніла ставіць пляшку гарэлкі. Прыйшлі казляр і гусляр, язычаскія жрацы, запалілі яны свечку, памаліліся за нябожчыкаў і селі за стол.
«Гаспадар наліў чарку гарэлкі, выліў трошкі на стол, паводле звычаю, выпіў да жраца, той — да гусляра, гэты — да Параскі. Кацярына прыносіць стравы. Даніла частуе, госці бяруць яду на гліняныя талеркі, кідаючы першую лыжку кожнай стравы ў міску, што стаіць пасярод стала — для нежывых...
На лыжцы Кацярыны ўсеўся матылёк — гэта душа яе маткі. Дзяўчо не кранае лыжку: хоча матыля пачаставаць стравай. Матыль пасядзеў трошкі і паляцеў».
Гусляр звярнуўся з заклінаннем да Стаўра і Гаўра — двух абагаўлёных сабак на славяншчыне. Тыя з’явіліся на заклінанне. Марфа хоча іх прагнаць, Кацярына частуе стравай і песціць міфічных сабак, за што яе лае сястра. Сабакі пад’елі і зніклі, а ля ног Кацярыны аказваюцца дзве бліскучыя цацкі, залатая і жалезная.
Гусляр тлумачыць іх значэнне. Залатое ўпрыгожанне — гэта вобраз бажаства Лады, апякункі дастаткаў; жалезнае — крыж, сімвал невядомага тут да таго часу хрысціянства. Гусляр раіць кінуць крыж у агонь. Але зайздросная сестрыному шчасцю Марфа прысвойвае сабе залатую цацку, а сястры аддае жалезную.
У другой песні дзеянне пераносіцца ў Лагойск. Там пануе апякун народа князь Грамабой; ён любіць паляванне, жыве сціпла, як другі 1е гоі d’Yvetot6 у вядомай французскай песеньцы: гарэлка, талакно, сыр, яйкі складаюць яго яду.
Вітаўт, князь літоўскі, паклікаў Грамабоя на дапамогу супраць непрыяцеляў пад Оршу. Лагойскі князь паказаў сваю мужнасць: пабіў ворагаў, узяў здабычу і вяртаецца дадому пад радасныя крыкі свайго народа, які высцілае ямударогу дыванамі.
Тытульны ліст кнігі В. Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы і Звар’яцелы»
Юа*
Гэты доказ прывязанасці народа ўзрушыў прысутнага тут Вітаўта. «Мусіш ажаніцца, — кажа князю, — бо хто будзе панаваць пасля цябе, хіба можна такую верную грамадку пакінуць на чужыя рукі?»
Падслухалі гэтыя словы падданыя і далучаюць свае просьбы да Вітаўтавай парады. Узрушаны Грамабой абяцае падпарадкавацца іх патрабаванням; жрацы моляцца багам аб шчаслівым выбары.
Аднаго разу на паляванні сніцца Грамабою, што сівы дзядок вядзе да яго прыгожую дзяўчыну. Сэрца яго закіпела, галава закружылася, і ён сардэчна пакахаў убачаную ў сне. Стары раіць яму зараз жа паклікаць і павянчацца з гэтай дзяўчынай, якой міфічны сабака Стаўры падарыў гасцінец. Князь абуджаецца і выконвае параду старога.
Уладальніца залатой цацкі, зайздросная Марфа, цешыцца, што будзе княгіняй — «узяла святочныя сукенкі, павесіла на шыю залаты абразок бажаства Лады і разам з маці ідзе на замкавую гару», — але князь, які быў папярэджаны ў сне, што крыжык — прыкмета яго будучай жонкі, і ўяўляў яе постаць, загадвае шукаць яе. Народ са здзекамі скідвае Марфу з замкавай гары, а Кацярына становіцца княгіняй.
На заканчэнне перакладзём фантастычную прыказку, якімі звычайна завяршаюцца народныя апавяданні:
«I я, дзеткі, быў на вяселлі, — кажа апавядальнік, — піва, мёду і гарэлкі было там дасыта, па барадзе ў мяне цякло, у роце не было. Далі мне смаляную кабылку, пугу з пастарнаку, збрую з капусты, еду... Аж тут пры дарозе блішчыць агеньчык. Пад’язджаю да яго, кідаю пугу, сядаю пры агні і — у размову з пастушкамі, якія там быдла пасвілі. Як загаварыўся, не дагледзеў, што мая смаляная кабылка растала, а скацінка з’ела ярыну, і пугу, і збрую для каня. Вярнуўся дадому пешшу».
Вызваляем сябе ад разгляду далучанай польскай меладрамы пад назвай «Звар’яцелы», бо задачай гэтага артыкула было даследаванне п. Марцінкевіча як крывіцка-народнага паэта; дададзім яшчэ некалькі слоў у сувязі са «Стаўроўскімі дзядамі».
Справа вялікага значэння як збіраць з чыста гістарычнай мэтай легенды, што маглі застацца з часоў дахрысціянскай славяншчыны, так і па-мастацку ўзнаўляць у паэзіі тую мінуўшчыну, што сінеецца з імглы вякоў, — мінуўшчыну, некаторыя звесткі аб якой запісала для нас гісторыя, а некаторыя мы выкапалі з курганоў. Здаецца, невялікі запас, але і з гэтага нямногага геніяльны паэт можа стварыць рэч гамеравай моцы, — бо чаго яму не даскажа кніжка або старая магіла, тое можа ён знайсці пад саламянай страхой народа, які ў паданнях, казках, прыказках, забабонах і мове захаваў яшчэ
мноства дахрысціянскага элементу. Спасцігнуць усё гэта, умець падслухаць біццё сэрца гэтага народа, умець ключом уласнай шчаслівай інтуіцыі прачытаць іерогліф паданняў, умець пакласці на палатне мінуўшчыны фарбы і контуры, якія асыпаліся вякамі, — вось задача паэта, вось яго шырокая ніва. «Вечарніцы» п. Марцінкевіча добра сведчаць аб яго кваліфікацыі ў гэтых адносінах, няхай жа яе прызнае сам у сабе і прысвеціць сябе выключна народным творам. Наша выцвілая шляхецкая літаратура мае досыць працаўнікоў — у народнай ён адзін.