• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пачынальнікі З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.

    Пачынальнікі

    З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 549с.
    Мінск 2003
    144.85 МБ
    НАЦЫЯНАЛ ЬНАЯ АКАДЭМІЯ НАВУК БЕЛАРУСІ
    Інстытут літаратуры імя Я. Купалы
    ПАЧЫНАЛЬШКІ
    3 гісторыка літаратурных матэрыялаў XIX ст.
    Укладальнік Г. В. Кісялёў
    МІНСК «БЕЛАРУСКАЯ НАВУКА»
    2003
    2-е выданне
    УДК 821.161.3.09
    ББК 83.3(4Бен)
    П 21
    Рэдактары: акадэмік В. В. БАРЫСЕНКА, A. I. МАЛЬДЗІС
    Рэцэнзенты:
    доктар філалагічных навук С. X. Александровіч, кандыдат філалагічных навук I. П. Чыгрын
    Пачынальнікі: 3 гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст. / Уклад.
    П21 Г. В. Кісялёў; Рэд. В. В. Барысенка, A. I. Мальдзіс. — 2-е выд.
    Мн.: Бел. навука, 2003. — 549 с. ISBN 985-08-0570-6
    Упершыню кніга выйшла ў 1977 годзе.
    Выданне ўяўляе сабою зборнік дакументаў і матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці беларускіх пісьменнікаў, пачынальнікаў новай беларускай літаратуры: В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, П. Багрыма, Я. Чачота, А. Вярыгі-Дарэўскага, А. Гурыновіча, А. Абуховіча, Я. Лучыны і інш. У зборніку на аснове шматлікіх архіўных дакументаў і іншых рэдкіх матэрыялаў шырока асвятляецца літаратурнае жыццё тагачаснай Беларусі, удзел пісьменнікаў у вызваленчым руху.
    Разлічана на спецыялістаў-даследчыкаў, выкладчыкаў ВНУ і школ, краязнаўцаў, гісторыкаў і ўсіх, хто цікавіцца літаратурай і культурай Беларусі.
    УДК 821.161.3.09
    ББК 83.3(4Бен)
    ISBN 985-08-0570-6
    © Афармленне. Выдавецтва РУП «Беларуская навука», 2003
    АД УКЛАДАЛЬНІКА
    (3 прадмовы да выдання 1977 г.)
    Дадзены дакументальны зборнік прысвечаны беларускім пісьменнікам XIX ст. — пачынальнікам нацыянальнай літаратуры новага часу.
    XIX стагоддзе вылучыла такіх буйных беларускіх пісьменнікаў, як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Францішак Багушэвіч. Побач з імі працавала цэлая плеяда літаратараў, розных па свайму таленту і поглядах: Паўлюк Багрым, Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Арцём Вярыга-Дарэўскі, Вінцэсь Каратынскі, Кастусь Каліноўскі, Янка Лучына, Альгерд Абуховіч, Фелікс Тапчэўскі, Адам Гурыновіч і інш. Гістарычную справу стварэння новай нацыянальнай літаратуры яны распачыналі ў змрочны час, калі па сутнасці не было беларускай перыёдыкі, калі беларуская кніжка з цяжкасцю прабівала сабе шлях праз цэнзурныя перашкоды, калі, нарэшце, само літаратурнае жыццё было слабое і перарывістае. Тым не менш яны, кожны па-свойму, імкнуліся задаволіць патрэбу беларускага народа ў самавыражэнні і самапазнанні праз літаратуру на роднай мове, а некаторым з іх удалося адлюстраваць у сваёй творчасці істотныя бакі эпохі. Іх значэнне яшчэ і ў тым, што яны падрыхтавалі глебу для з’яўлення такіх тытанаў беларускага мастацкага слова, як Янка Купала і Якуб Колас, якія ва ўмовах масавага дэмакратычнага руху, выкліканага рэвалюцыяй 1905—1907 гг., на новай аснове вырашылі вялікую задачу стварэння па-сапраўднаму народнай літаратуры — літаратуры ўплывовай, вядомай далёка за межамі Беларусі.
    У зборніку змяшчаюцца галоўным чынам біяграфічныя матэрыялы, а таксама дакументы і матэрыялы пра тагачаснае літаратурнае жыццё. Гэта пісьмы, артыкулы, у якіх пісьменнікі выказваюць свае погляды, матэрыялы царскай цэнзуры, першыя водгукі на творчасць беларускіх пісьменнікаў у друку, успаміны, дакументы пра ўдзел пісьменнікаў у рэвалюцыйным і грамадскім руху і г. д.
    У зборнік уключаны як вядомыя матэрыялы, раскіданыя па перыядычных выданнях, часам ужо цяжкадаступных, так і новыя, адшуканыя ў архівах і іншых сховішчах.
    Рукапісныя матэрыялы, што ўвайшлі ў гэта выданне, выяўлены ў наступных сховішчах:
    І.Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў БССР (ЦДГА БССР) у Мінску.
    2.	Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Літоўскай ССР (ЦДГА ЛітССР) у Вільнюсе.
    3.	Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў СССР (ЦДГА СССР) у Ленінградзе.
    4.	Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў УССР (ЦДГА УССР) у Кіеве.
    5.	Ленінградскі дзяржаўны гістарычны архіў (ЛДГА).
    6.	Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва Літоўскай ССР (ЦДАЛіМ ЛітССР) у Вільнюсе.
    7.	Архіў Акадэміі навук СССР у Ленінградзе.
    8.	Аддзел рукапісаў і рэдкай кнігі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. I. Леніна ў Мінску.
    9.	Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР у Вільнюсе.
    10.	Рукапісны аддзел Інстытута рускай літаратуры (Пушкінскі дом) AH СССР у Ленінградзе (IРЛI).
    11.	Аддзел рукапісаў Ягелонскай бібліятэкі ў Кракаве.
    Найбольш шырока — і гэта натуральна — прадстаўлены ў зборніку матэрыялы пра В. Дуніна-Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча. Публікуемыя архіўныя дакументы, сведчанні сучаснікаў даюць пэўны матэрыял для іх навуковых біяграфій.
    Значнае месца ў кнізе займаюць таксама матэрыялы, звязаныя з А. Вярыгам-Дарэўскім — таленавітым пісьменнікам, дзеячам вызваленчага руху, трагічны лёс якога яскрава характарызуе тыя непамерна цяжкія ўмовы, у якія была пастаўлена ў мінулым беларуская літаратура. Толькі параўнальна нядаўна гэта імя было вырвана з забыцця і заняло належнае месца ў духоўнай культуры народа. Нашу публікацыю матэрыялаў Вярыгі-Дарэўскага можна расцэньваць як новы крок у гэтым кірунку. У прыватнасці, упершыню чытач атрымлівае магчымасць пазнаёміцца ў больш-менш поўным аб’ёме з вядомым альбомам Вярыгі-Дарэўскага.
    Артыкулы і публікуемыя ўпершыню пісьмы да Я. Карловіча як бы нанава адкрываюць цікавую і супярэчлівую фігуру беларускага пісьменніка 2-й паловы XIX ст. А. Ельскага, прымушаюць перагледзець некаторыя ранейшыя ацэнкі.
    Біяграфічныя звесткі пра вядомага пісьменпіка XIX ст. Ф. Тапчэўскага да апошняга часу амаль цалкам адсутнічалі. У зборніку ўпершыню ўключана некалькі дакументаў аб ім, якія ўдалося адшукаць у архівах.
    Матэрыялы зборніка ўпершыню дазваляюць з дакументальнай дакладнасцю прасачыць жыццёвы і творчы шлях беларускага паэта В. Савіча-Заблоцкага, які пісаў таксама на рускай, польскай і некаторых іншых мовах. У прыватнасці, публікуецца аўтабіяграфічны запіс Савіча-Заблоцкага з альбома М. Сямеўскага «Знаёмыя».
    Матэрыялы зборніка дапаўняюць і ўдакладняюць біяграфічныя звесткі і пра многіх іншых пісьменнікаў. У шэрагу выпадкаў чытач атрымлівае магчымасць супаставіць розныя крыніцы, параўнаць мемуары з архіўнымі дакументамі (напрыклад, успаміны I. Яцкоўскага пра П. Багрыма і матэрыялы афіцыйнага следства 1828 г. адносна крошынскай школы і прачытаных Багрымам вершаў). Некаторыя матэрыялы зборніка адлюстроўваюць тыя ці іншыя аспекты беларуска-рускіх, беларуска-польскіх, беларуска-літоўскіх і беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей.
    Зборнік не прэтэндуе на паўнату. He перадрукоўваюцца, напрыклад, навуковыя публікацыі, змешчаныя раней у выданнях Інстытута літаратуры АН БССР Памеры зборніка не дазволілі таксама ўключыць многія іншыя цікавыя матэрыялы XIX ст. Асобныя ўказанні на такія матэрыялы чытач знойдзе ў каментарыях, a таксама ў прыкладзенай да зборніка бібліяграфіі дакументальных публікацый пра пісьменнікаў XIX ст. У бібліяграфіі таксама змяшчаюцца звесткі пра ўвядзенне ў навуковы ўжытак і выкарыстанне тых ці іншых матэрыялаў, апублікаваных у зборніку.
    Польскія тэксты (апрача вершаў) падаюцца ў перакладзе на беларускую мову, усе беларускія і рускія тэксты, а таксама польскія вершаваныя тэксты — на мове арыгінала. Беларускія тэксты, напісаныя лацінкай, пераводзяцца на сучасны алфавіт. Пры публікацыі беларускіх мастацкіх тэкстаў XIX ст. мы імкнуліся па магчымасці захаваць старую арфаграфію; пазнейшыя тэксты даюцца па новай арфаграфіі.
    Пераклады з польскай мовы зроблены ўкладальнікам зборніка.
    Беларускія словы і тэксты, што былі ў складзе перакладзеных польскіх тэкстаў, выдзяляюцца курсівам.
    Дзеля кампактнасці тэксту элементы вуглавога штампа ў афіцыйных дакументах (назва ўстановы, дата, выходны нумар і г. д.) пераносяцца на верхняе поле. 3 гэтай жа мэтай матэрыялы, размешчаныя ў арыгінале ў выглядзе табліц, падаюцца нярэдка звычайным тэкстам, але кожны раз гэта агаворваецца.
    1 Р. I. Г у л ь м а н. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча. Укн.: Беларуская літаратура. Даследаванні і публікацыі, вып. I. Мінск, 1958; A. М а л ь д з і с. Пісьмы Я. Лучыны да 3. Пшэсмыцкага. У кн.: Садружнасць літаратур. Мінск, 1968.
    Зробленыя ўкладальнікам купюры абазначаюцца шматкроп’ем у квадратных дужках:	Шматкроп’е без дужак належыць
    аўтарам тэкстаў. Прапушчаныя ў арыгіналах словы і часткі слоў узнаўляюцца ў квадратных дужках.
    Падрадковыя заўвагі аўтараў дакументаў абазначаюцца «зорачкамі» (*) з арабскімі лічбамі і размяшчаюцца пасля асноўнага тэксту дакумента перад легендай. Каментарыі ўкладальніка абазначаюцца арабскімі лічбамі і размяшчаюцца ўслед за дакументам пасля легенды.
    Біяграфічныя каментарыі робяцца, як правіла, пры першым упамінанні той ці іншай асобы ў кнізе.
    Зборнік складаецца з агульнага раздзела і 16 раздзелаў, прысвечаных асобным пісьменнікам. Раздзелы-персаналіі размяшчаюцца ў зборніку ў храналагічным парадку паводле дат нараджэння пісьменнікаў; спачатку публікуюцца артыкулы і пісьмы пісьменніка, a потым матэрыялы пра яго.
    У дадатку да зборніка друкуюцца асобныя дакументы Т. ЛадыЗаблоцкага і Р. Падбярэскага, цесна звязаных з тагачасным беларускім літаратурна-грамадскім жыццём, і бібліяграфія дакументальных публікацый пра пісьменнікаў XIX ст. У канцы падаюцца анатаваны спіс ілюстрацый, імянны паказальнік.
    Прадмова да 2-га выдання
    Выдадзены чвэрць стагоддзя таму зборнік «Пачынальнікі» набыў шырокую вядомасць сярод навукоўцаў-гуманітарыяў як у Беларусі, так і за яе межамі. На матэрыялы зборніка ёсць мноства спасылак у навуковай літаратуры. Можна сказаць, што зборнік трывала ўвайшоў у навукова-кльтурны абыходак, стаўся пэўным этапам у станаўленні беларускага дакументальнага літаратуразнаўства. Таму пры перавыданні было вырашана захаваць не толькі першапачатковы тэкст і структуру зборніка, але — у сваёй аснове — і вёрстку, нумарацыю старонак. Сям-там папраўлены толькі асобныя выяўленыя памылкі друку, пропускі, іншыя дробныя недакладнасці. Аднак колькасць такіх правак адносна невялікая. Да асобных мясцін, пазначаных у тэксце тлустымі «зорачкамі» (*), у канцы зборніка прыведзены дадатковы каментарый, звязаны з новымі даследаваннямі і знаходкамі навукоўцаў. Абноўленыя, сучасныя назвы архіваў і бібліятэк чытач знойдзе ў спецыяльным пераліку архіўных і кніжных сховішчаў у канцы зборніка.
    Агульныя матэрыялы
    Ананімныя творы