Пачынальнікі
З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 549с.
Мінск 2003
Скажам цяпер колькі слоў аб самім Марцінкевічу.
Вінцук Дунін-Марцінкевіч быў сынам дробнага землеўласніка Мінскай губерні Бабруйскага павета Яна ДунінаМарцінкевіча. Радзіўся ён у 1807 годзе ў фальварку Панюшкевічах5; маладыя гады пражыў у маёнтку бацькі пад пільным даглядам сваёй маткі Марыяны6 родам Нядзведскай. Затым быў аддадзены ў Віленскую калегію базыліянаў, гдзе і выхоўваўся пад старанным даглядам віленскага біскупа, які, будучы сваяком Марцінкевіча, горача займаўся яго выхаваннем7. Аб сваім жыцці ў калегіі і на кватэры ў біскупа Марцінкевіч
любіў апавядаць у кружку сваёй радні і блізкіх знаёмых. Асабліва захаваўся ў яго памяці звычай перавярнення талерак. Марцінкевіч жыў на кватэры ў біскупа, і калі яго лавілі ў якой правіне, дык мусіў ён прасядзець цэлы абед за сталом разам з біскупам галодны, перад пераверненай уверх дном талеркай; гэты звычай меў месца нават і тады, калі абедалі і госці.
Пасля сканчэння калегіі Марцінкевіч паступіў у Віленскі універсітэт8 на медыцынскі факультэт, але пры першым рэзанні трупа абамлеў, а затым, кінуўшы універсітэт, паступіў на месца сакратара да нейкага Бараноўскага, які ў Вільні меў нейкае выдатнае бюро. Незабавам Марцінкевіч пазнаёміўся з дачкой свайго працадаўцы, каторая не дайшла яшчэ поўных 16 гадоў і з пагляду была яшчэ дзіцяткам, Юзэфай, улюбіўся ў яе і, не атрымаўшы ад Бараноўскага згоды на жаніцьбу, уночы 18 снежня 1831 года ўвёз сваю палюбоўніцу і тайна ад бацькі ажаніўся. Ясна, што служыць далей у разгневанага цесця было ўжо немагчыма, і ён паступіў у Мінску ў каталіцкую кансісторыю, а затым перайшоў праз колькі часу ў дваранскае (шляхецкае) дэпутацкае сабранне.
У 1858 годзе Марцінкевіч кінуў службу і, аўдавеўшы ў гэтым часе, ажаніўся ў другі раз, узяўшы за жонку ўдаву Гружэўскую. Затым праз нейкі час пераехаў у свой невялічкі маёнтак Люцынку9, каторую за свае запрацаваныя грошы купіў у 30-х гадах. Там, у Люцынцы, ён і памёр 29—17 снежня 1884 года10. Пахаваны Марцінкевіч у маёнтку Жарбкоўскіх Тупальшчына (Мінскага павета, Івянецкае воласці).
Пісаць пачаў ён надта рана; шмат твораў не паявілася ў друку і прапала, быць можа, назаўсягды, шмат чаго захавалася ў рукапісах і знаходзіцца яшчэ ў людзей, а толькі малая частка твораў, ды прытым з самае ранняе эпохі яго працы, апублікавана ў друку.
Першай друкаванай кніжкай Марцінкевіча была «Sielanka», аперэта ў двух актах, дзе сяляне гавораць па-беларуску, а паны — па-польску. Кніжка надрукавана ў Вільні 1846 года з паметкай цэнзара Паўла Кукальніка". Старыя людзі апавядалі нам, ды і пацвярджэнне гэтага знаходзілі мы ў рукапісных, недрукаваных успамінах (мемуарах) сучасных людзей, што толькі дзякуючы энергіі разумнага, светлага чалавека, якім быў цэнзар (родам славак12) Павел Кукальнік, кніжку ўдалося пусціць у свет. Рэч у тым, што карэктурную адбітку «Сялянкі» дастаў протаіерэй Плацыд Янкоўскі13, беларус, каторы пісаў па-польску пад прозвішчам John of Dycalp, ад беларускага этнографа Ігната Шыдлоўскага14 дый меў неасцярожнасць прагаварыцца аб гэтым перад сваім начальствам — архіепіскапам Сямашкам15. Сямашка добра вядомы як злы дух і інквізітар беларускага руху; ён яшчэ ў
Віленскім універсітэце праз даносы спыніў нацыянальны беларускі рух пасярод клерыкаў-уніятаў, затым ён увёў забарону беларускае мовы ў цэрквах, ён паліў на двары свайго палаца уніяцкія беларускія абразы, гравюры і кніжкі, якіх цяпер бібліёграфы не могуць знайсці (лік зніштожаных старабеларускіх кніжак, цяпер нікому не вядомых, апрача загалоўка, правышае пяць тысяч экземпляраў!). Няма дзіва, што такі абрусіцель кніжку хацеў спыніць. Дзякуючы энергіі цэнзара Кукальніка і пратэкцыі жонкі генералгубернатара кніжка была адратавана, але надрукавалі яе толькі ў ліку 600 экземпляраў, каб не пашыраць беларускае нацыянальнае «заразы», якую ўжо распачаў сваёй кніжкай «Piosnki», друкаванай у 1844 годзе, Ян Чачот16 [...]
Пасля 1846 года17 ўжо нічога не можна было надрукаваць пабеларуску. Чорныя мікалаеўскія рэакцыянеры спынялі ўсю працу.
Толькі 1855 год, паражэнне Расіі ў Крымскай вайне, патрэба рэформ у дзяржаве далі можнасць крануць з месца і беларускую нацыянальна-выдавецкую працу. I вось у Мінску выдае Марцінкевіч, накладам кніжных гандляроў браццяў Бейлінаў, у друкарні Ёкеля Дворжаца вершаваную аповесць «Нароп» (1855).
Кніжка выйшла лацінскімі літарамі з малюнкамі работы самога Марцінкевіча*, каторыя рабіў мінскі літограф Фальк. Затым пайшлі «Вечарніцы» (1856 год'8), «Шчароўскія дажынкі» і пераклад «Пана Тадэвуша» (1859 год).
Кніжкі раскуплены былі праз колькі месяцаў. Але нашыя анёлы-апякуны не драмалі — пабачыўшы гэткую небяспечную для іх існавання «крамолу», кніжкі «Пана Тадэвуша» канфіскавалі і беларускі друк забаранілі.
Усе творы Вінцука Дуніна-Марцінкевіча напісаны прыгожай каранастай мінскай гутаркай беларускае мовы, малююць яны надта жыва і абразова жыццё і думкі-паняцці беларусаў, і да гэтай пары некаторыя з твораў жывуць у вуснах народа. Асабліва папулярна паміж сялянамі вершаваная аповесць «Гапон», часці каторай пераходзяць ад старога пакалення да маладога, з вуснаў у вусны.
Апісваючы працу Дуніна-Марцінкевіча, не можна не сказаць і аб тым беларускім кружку адраджэнцаў, сярод каторых ён круціўся або, лепей кажучы, душою каторых ён быў.
Выхаваныя пад уплывам Віленскага універсітэта, мінскія інтэлігенты 40—50-х гадоў жылі, хоць і ў цяжкіх варунках царскай мікалаеўскай рэакцыі, досыць шырокім, хаця, праўда, больш хатнім, інтэлектуальным жыццём, ужываючы свой свабодны ад будзённых спраў час на развіццё свайго розуму, знання і душэўных здольнасцей. Усе іх сабранні ў большасці выпадкаў насілі характар навучны або літаратурны, і дзеля таго няма
дзіва, што людзі з літаратурным, музыкальным ці артыстычным талентам сустрачаліся з цёплым, сардэчным, пашанотным прыняццем на гэтых сабраннях. Быць запрошаным на гэткае сабранне лічылася вялікім гонарам. На сабраннях устраівалі літаратурныя вечары, канцэрты, дэкламацыі і тэатральныя любіцельскія выставы.
Вельмі цікава адно здарэнне: гэта пастаноўка любіцелямі на сцэне Мінскага гарадскога тэатра беларускай аперэты Марцінкевіча «Сялянка», прычым сам аўтар іграў на сцэне ролю «Навума». Музыка да «Сялянкі» была напісана знамянітым кампазітарам Станіславам Манюшкам. Гэтае здарэнне мае велізарнае значэнне як першая пастаноўка на сцэне беларускай оперы і як першая пастаўленая опера Станіслава Манюшкі. «Сялянка» была выстаўлена ў 1855 годзе19 і ставілі яе тры разы. Рэцэнзія аб гэтай оперы была друкавана праз пана Юльяна Гарайна ў польскай часопісі «Gazeta Warszawska» ў Варшаве20. Другой пастаўленай на мінскай сцэне ў 1856 годзе операй Манюшкі да слоў Марцінкевіча была пераробка «Гапона» пад загалоўкам «Pobor rekrucki»21. На сцэне, апрача самога Марцінкевіча, выступалі Ляўданскі22, Лопат, Кабылінскі і пан Прушынскі (бацька Promyka23, рэдактара польскай часопісі «Gazeta Swi^teczna» і знамянітага аўтара польскага лемантара, які прызнаны найлепшым з усіх прадстаўленых на міжнародным конкурсе). 3 афішаў гэтых операў захавалася адна толькі афішка «Сялянкі». Меў яе ў сваёй калекцыі беларускі паэт Альберт Паўловіч24.
Тэатр, у каторым былі пастаўлены сцэнічныя творы Марцінкевіча, ужо не існуе; дом Поляка, у каторым быў тэатр, знаходзіцца на Кафедральным пляцы, дзе цяпер25 ваенны камендант. Захаваная фатаграфія (1862 года) гэтага тэатра ў доме Поляка знаходзіцца ў калекцыі пішучага.
У доме Марцінкевіча сабіраліся ўсе інтэлігентныя сілы Мінска. Бывалі ў яго бібліёграф і паэт Ігнат Легатовіч26, які пісаў і па-польску і па-беларуску, артыста-маляр Ян Дамель27, каторы беспадобна рабіў карыкатуры і маляваў тыпы беларускіх сялян, арыгінальны і вельмі фацэтны гумарыст пан Юрый Кабылінскі28, аўтар беларускага зборніка «Тысяча і адна фацэцыя», Міхал Галубовіч29, епіскап, шчыры і добры беларус, знамяніты кампазітар Станіслаў Манюшка, польскі крытык і пісацель Аляксандр Тышынскі30 (напісаў цікавыя дагэтуль не надрукаваныя ўспаміны), граф Канстанцін Тышкевіч31 з Лагойска, пан Аляксандр Валіцкі32, які пісаў па-беларуску пад прозвішчам Місьцюк33, і шмат-шмат іншых.
У 1856 годзе на мінскіх кантрактах34 з’ехалася многалюдзей, быў вялікі канцэрт Концкага і Манюшкі. У адзін вечар
усе сабраліся ў Марцінкевіча. Былі госці прыезджыя, як Концкі35, Сыракомля36 і малады беларускі паэт Вінцэсь Каратынскі. Каратынскі, які з Сыракомлем прыехаў з Вільні, бачачы столькі сэрца і шчырасці са стараны Марцінкевіча і ацаніўшы яго вялікую прыхільнасць да сябе як да маладога пісьменніка, напісаў шчыра, ад сэрца гарачы беларускі вершык на чэсць гаспадара37. Услед за тым і Марцінкевіч напісаў у чэсць Концкага, Сыракомлі і Манюшкі верш, які тутака і прыводзім [,..]38
Сходы ў доме Марцінкевіча лічыліся дэмакратычнымі. Туды не любілі хадзіць людзі, якія лічылі сябе за арыстакратаў, і такія, што не любілі простых сялян — народа. Маладыя з арыстакратаў, так называемая залатая маладзёж, уцякалі, калі чулі хоць адно беларускае слаўцо, і ішлі піць ды гуляць у карты. Шмат каму са шляхтыпамешчыкаў не ў смак былі беларускія творы і вершы Марцінкевіча, і паміж такімі ён звычайна не меў ні прызнання, ні папулярнасці.
Што Марцінкевіч мусіў лічыцца з поглядамі паноў-шляхты на прыгон, відаць хоць бы з яго вершыка «Вясна голад перапала»39. Вершык гэты ён даў з некаторымі пропускамі такому пану, каторага рэзала праўда ў вочы. Гэтага верша вядомы дзве рэдакцыі ўласнай рукі Марцінкевіча, і розніца іх у тым, што адзін напісаны спакойна, бо з пропускамі, а другі вельмі востра. Вершык гэты з рукапісу Марцінкевіча рэдакцыі з пропускамі надрукаваў праф. М. Доўнар-Запольскі40 ў кніжцы «В. Дуннн-Марцннкевнч н его поэма «Тарас на Парнасе», Внтебск, 1896, другі, поўны, друкаваў Е. Раманаў41.
Вядома агульна, што 1855 год прынёс «вясну» свабоды. Хоць і кароценькай была гэтая вясна, аднак яе выкарысталі так, як толькі можна было. На Марцінкевіча нападалі і не любілі яго арыстакраты не за прыхільнасць да сялян, а за беларускі друк. Асабліва не падабаліся беларускія кніжкі арганізатарам польскіх школак і ахронак па вёсках: кніжка ў беларускай мове магла перашкаджаць іх патрыятычнай працы.