Пачынальнікі
З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 549с.
Мінск 2003
Пецярбург, 1844, 8 верасня
Стар. XLIII — XLIV(Kilka slow od autora). Падпісана: Jan Barszczewski
1 Выйшлі толькі чатыры тамы.
№2
НАРЫС ПАЎНОЧНАЙ БЕЛАРУСІ
Той, хто падарожнічае з поўначы ў бок Беларусі, бачыць перад сабой велізарныя вёскі накшталт мястэчак, мураваныя, бялеючыя храмы і камяніцы двароў*1, шырокія засеяныя палі, сям-там невялічкія сасновыя або бярозавыя гаі, чуе не раз працяглы і гучны спеў селяніна, які далёка, наколькі можа ахапіць вока, разносіцца па палях або пералятае горы і даліны з мелодыяй пастуховага ражка. У нядзельныя дні, калі сонца набліжаецца да захаду, спатыкае ён вясковых дзяўчат у святочных паркалёвых, а часам і ў шаўковых сарафанах у суправаджэнні залётных юнакоў; водзяць яны карагоды, спяваючы народныя песні, а старыя, седзячы на прызбах, разважаюць пра мінулыя і сённяшнія часы...
Аднак калі ён набліжаецца да межаў Себежа і Невеля, то бачыць перад сабой разлеглыя цёмныя бары, якія, быццам хмары, навісаюць на гарызонце, паміж лясоў — саламяныя дахі бедных жыхароў; дзе-нідзе позірк сустракае вытырклы паміж соснамі жалезны крыж якой-небудзь пакрытай мохам каплічкі, перад дзвярыма якой на двух сасновых слупах вісяць два або тры званы; раскіданыя па ваколіцы магільныя крыжы і камяні. Рэдка трапляецца там прыстойна пабудаваны панскі дом; няшмат і касцёлаў такіх, дзе можна было б бачыць густ архітэктара або затраты багатага фундатара; і гэты выгляд зямлі, змрочны і дзікі, пачынаючыся ад ракі Ловаць, распасціраецца да берагоў Дзвіны, дзе канчаюцца Палата і Дрыса.
На ўсім гэтым абшары вузкія камяністыя дарогі, пераразаючы гарыстыя мясціны і мінаючы дзікія берагі азёраў, хаваюцца ў барах. У бедных вёсках у святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая панурая цішыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапочаныя думкі, бо тут няўрод часта ашуквае надзеі працавітага земляроба...
У гэтых краях прайшлі дзіцячыя мае гады. Тут я пасля таго, як расстаўся з маладымі сваімі таварышамі па Полацкай акадэміі, не могучы мець пры сабе іншых кніг, апрача некалькіх лацінскіх і грэчаскіх класікаў, блукаў у прыемных марах дзе-небудзь у цёмным бары або па бязлюдным беразе возера; любіў чытаць у кнізе прыроды, калі вячэрняй парой адкрыецца старонка, на якой мільёнамі палаючых уверсе зорак напісана боская ўсемагутнасць. На зямлі, пакрытай незлічоным мноствам раслін і жывёл, я чытаў аб міласэрнасці і волі творцы. Гэта кніга прыроды вучыла мяне сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуццям лепей, чым сённяшнія балбатлівыя
крытыкі, якія чужыя пачуцці і розныя здольнасці, дадзеныя чалавеку ад бога, хочуць, быццам фрак, перашыць насваю фігуру.
Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў народных іх аповесцях, якія перайшлі з вуснаў у вусны з старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтай зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.
Пасля таго як лёс закінуў мяне ў далёкія мясціны, як жа часта самотныя думкі мае з берагоў Нявы бягуць у гэты край, дзе прайшлі квітнеючыя гады майго жыцця, дзе столькі мілых успамінаў малюецца ў маім уяўленні! Успамінаю недалёкія ад Невеля ваколіцы Рабшчыны, дзе прырода ўзняла высокія горы, быццам паверхі велізарных гмахаў, якія стагоддзі пакрылі ценем лясоў, a некаторыя пад пагодлівым сонцам ззяюць залатым пяском. Колькі там разнастайнасці ў краявідах, колькі захапляючых карцін! Калі хто, будучы ў гэтым краі, узышоў на вяршыню Пачаноўскай гары*2 і глядзеў на дзікія ваколіцы, што ляжаць навокал, — воды тут і там, як люстэркі, адбіваюць дзённы прамень, а над іх берагамі дрэмлюць густыя лясы, дзе-нідзе па схілах чарнеюць бедныя домікі сялян; не ўбачыш тут нідзе ні гарадскіх муроў, ні вежаў старога замка. Там чалавек забывае пра свет. He гучаць там разважанні пра спрэчкі французскай палаты ў справе Егіпта і Турцыі', не чуваць там пра англійскі парламент2, пра вайну з кітайцамі3, не гамоняць там ні пра чыгункі4, ні пра дзівоснае вынаходства Дагера5. I толькі голас пастушка, стрэл паляўнічага ў гаі або вецер, які гойсае ў вяршалінах бору, парушаюць на хвіліну цішыню ваколіцы...
Бліжэй да Полацка возера Нешчарда на некалькі міль залівае абшар, падмывае хвалямі ўзбярэжныя пясчаныя горы, на поўдзень — шырокія лугі, усеяныя купамі лоз; у некаторых месцах рэчкі, бегучы здалёк сярод чароту, хаваюцца ў разліве азёрных вод. Там вясна — рай; птушкі рознага роду, здаецца, збіраюцца з усіх канцоў свету, тысячы розных меладычных, дзікіх і чуллівых галасоў адгукаюцца над вадой па лугах і лясах: енк зязюлі, песні салаўёў, голас бугая ў чароце, рэзкія крыкі качак... Гэтая дзівосная гармонія і гэты канцэрт прыроды пераносілі маё ўяўленне ў нейкі чарадзейны край.
I цяпер гэтыя мясціны, дзе, будучы дзіцём, я бачыў столькі цудаў прыроды, гэтыя гаі, гэтыя зялёныя берагі Нешчарды малююцца ў маёй памяці, нібы сад, бачаны ў сне. Прыпамінаю простанародныя расказы пра паданні гэтага краю, пра горы, дрэвы, Нешчарду, якія ходзяць сярод народа; і хоць у яго апавяданнях цяжка дашукацца поўнай праўды, аднак можна бачыць нейкі след мінуўшчыны гэтага краю, бо яшчэ дагэтуль у некаторых мясцінах можна назіраць валы, узнятыя чалавечай рукой; гэта, несумненна, сляды ваенных дзеянняў, пра
якія не ўспомніў ніводзін гісторык. Часам погляд сустракае курганы, пакрытыя лесам. Можа, у цяні шумлівых сосен спачывае там які-небудзь ваіцель, імя якога даўно забыта. Я не раз чуў апавяданні простага народа пра даўнія ваенныя дзеянні, але да іх столькі дамешана казак і цудаў, што ледзьве нейкі след застаўся мінуўшчыны, без імёнаў дзейных асоб. Раскажу адно простанароднае паданне гэтай ваколіцы.
У паўднёвым баку возера Нешчарда ёсць гара, якая з трох бакоў амываецца вадой, на той гары — драўляны маленькі касцёлік і некалькі сосен. Там часта знаходзяць у пяску сцёртыя вякамі сярэбраныя манеты, шкляныя прадметы, якія служаць для ўпрыгож* ванняў, і праіржавелыя рэшткі разнастайнай старасвецкай зброі. Кажуць, што на тым паўвостраве быў некалі горад. Аднак чый горад, хто ім уладарыў, невядома. Тамашні народ, які жыве ў аддаленых лясістых ваколіцах, доўга не ведаў нападаў розных народаў, што блукалі ў тым краі для рабунку. Праз некаторы час страшны волат, па імені Княжа, прываблены да берагоў Нешчарды надзеяй на багаты рабунак, аблажыў гэты горад з велізарнай шайкай разбойнікаў, адужаў слабую абарону, абрабаваў дамы, пазабіваў жыхароў, у касцёлах паабдзіраў абразы і спустошыў посуд, што служыў для ахвяраванняў; нават касцёл зруйнаваў, а званы затапіў у возеры і з натоўпам сяброў пасяліўся ў спустошаным горадзе. Аднак бог цудоўным чынам абвясціў сваю кару блюзнерам. Званы, затопленыя на дне возера, штодзень на захадзе і ўсходзе сонца абуджалі глухое маўчанне на дзікіх берагах Нешчарды так, што птушкі, напалоханыя енкам гэтага звону, уцяклі паветранымі шляхамі, а серны і ласі, дрыжучы ад страху, хаваліся ў далёкіх барах. Апоўначы лятала чума, падобная на чорны шар, і дзе яна дакранулася да сцяны жылля, з гэтага дому ўжо ніхто не выходзіў жывы, і такім чынам вымерла ўся дружына Княжа; сам ён, перапалоханы, пакінуўшы ўсе багацці, закапаныя ў гары, уцёк з некалькімі сябрукамі, але недалёка за возерам яго напаткала смерць. Народ і зараз паказвае вялізны курган, які называецца Магілай Княжа.
Шмат і іншых паданняў у тым краі кружыць сярод простага народа; у многіх з іх згадваюцца гістарычныя выпадкі, іншыя ж — болей плён фантазіі і меланхалічнага духу, які адзначае жыхара гэтых дзікіх і лясістых ваколіц; па прыродзе ён здольны да жвавай думкі, уяўленне яго стварае дзіўныя карціны. Некаторыя з тамашніх простанародных паданняў я перадаў у баладах, змешчаных у трох томіках штогодніка «Niezabudka»6, а менавіта: «Крыніца Дзяўчыны», якая знаходзіцца ў паўночным баку ад горада Полацка, схаваная ў цяні адвечных лясоў; «Дзве Бярозы», якія і цяпер народ паказвае непадалёку ад берагоў возера Шэвіна; «Курганы і Русал-
ка», узятыя з песні чараўніцы, якая, сумуючы па сваім каханку, спявае:
Гусанькі, лябёдэнькі,
Скіньця мне па пёрэчку, Я з вамі полечу.
Бываюць тут часам у нядзельныя дні кірмашы, народ збіраецца з бліжэйшых вёсак у касцёл. Там на могілках можна бачыць часам сцэны, якія наводзяць на душу смутак. Тут удава з дробнымі дзецьмі ля драўлянага крыжа, які стаіць над магілай яе мужа, а там сірата над магілай бацькоў раздзіраючым сэрца голасам выказваюць сваю журбу; калі хто наблізіцца да іх і падслухае іх словы, — яны зайздросцяць мёртвым, і гэтыя іх слёзныя скаргі, здаецца, працялі б і каменныя грудзі.
Пасля заканчэння набажэнства ўсе збіраюцца ў адным месцы, дзе-небудзь паблізу ад карчмы; тут з’яўляецца некалькі яўрэяў са стужкамі, іголкамі і рознымі блішчастымі аздобамі для адзення; адгукаецца характэрная беларуская дуда. Распачынаецца музыка пад адкрытым небам; малады хлопец і сівы дзед, падагрэтыя гарэлкай, танцуюць да поту, іх радасць часта пераходзіць межы прыстойнасці. А сумныя плакальшчыцы, якія нядаўна заліваліся слязьмі над магілай мужа і бацькі, танцуюць пад мелодыю дуды:
Слава тобе, Хрыстэ цару, Что мой муж на цмэнтару, I бяды позбылася, I гарэлкі напілася.
Або таксама:
Калі ж тая серада прашла, Як ня еўшы на прыгон пашла, Весь дзень жала, ня лянілася, Злому войту пакланілася;
А цяпер жа ні а чом тужыць, I войт п ’яный у карчме ляжыцьў
У большасці песень гэтага простага народа, як у думках, так і ў мелодыі, ёсць нешта меланхалічнае, і нават вясельныя песні, дзе маладым жадаюць шчаслівага супольнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё суму, як быццам яны не давяраюць будучаму лёсу ў гэтай юдолі плачу... Але вясельныя абрады характарызуюцца рыцарскім запалам; малады перш чым стаць ля парога нарачонай, прывучае свайго каня не баяцца агню і кідацца ў полымя, а пасля такой падрыхтоўкі, калі збіраецца ехаць да сваёй нарачонай, ён і яго дружына апранаюць чырвоныя шапкі, звешваюць на грудзі чырвоныя хусткі і імчацца праз горы да дому, дзе іх чакаюць нявеста і сабраныя госці. Перад варотамі яны спыняюцца: салома шугае полымем, ён і дружына пераскокваюць яе наўскач на ўдалых ко-
нях, але і тут яшчэ запаленыя пучкі саломы, якія кідаюць у вочы коней, не дазваляюць уехаць у адчыненыя вароты; яны пераадольваюць усе перашкоды; малады са схіленай галавой уваходзіць у хату, сядае за сталом, чуецца песня: «Баслов бох вяселя іграць», і тут пачынаецца благаславенне маладых і вясельны баль. Але ў часе таго балю здараюцца розныя незвычайныя выпадкі.