Пачынальнікі
З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 549с.
Мінск 2003
Нарэшце, заўвага, якую мы раілі б п. Марцінкевічу сур’ёзна прыняць да сэрца. Бог не ўкладвае без мэты ў нашы галовы і сэрцы любві і таленту да якой-небудзь галіны ведаў. Ён мае адносна нас і нашага прызначэння свае мэты, якія мы павінны выканаць. Паэзія народная, русінская, з’яўляецца арэнай п. Марцінкевіча — няхай ён трымаецца на ёй, як сапраўдны гладыятар.
Цэзар... горды Юлій Цэзар... дыктатар Рыма, сталіцы свету, праязджаючы праз убогую вёску і прыпомніўшы грознага ў Рыме суперніка Пампея, сказаў гэтыя памятныя словы: «Жадаў бы я тут быць першым, чым у Рыме другім».
W I. Syrokomla. Hebdomadalia. «Gazeta Warszawska», 6(18) студзеня 1857 г„ № 16
1 Назва газетнай рубрыкі: адлац. hebdomadalis — тыднёвы.
2 Гл. вышэй, стар. 294—301.
3 Крыптанім Францішка Скібіцкага (1796—1877) — буйнога чыноўніка, публіцыста, мемуарыста. Маецца на ўвазе яго артыкул «Творы на простанароднай гаворцы» ў «Gazecie Warszawskiej» ад 19мая 1856 г.
4 Сербскахарвацкую.
5 Падура Тымко (Тамаш; 1801—1871) — паэт, вывучаў украінскі фальклор, пісаў на ўкраінскай і польскай мовах.
6 Амфіён — у грэчаскай міфалогіі сын Зеўса і Антыопы, старажытны музыкант Грэцыі. Сваёй ігрой на ліры зачароўваў камяні, якія самі складваліся ў сцены Фіваў.
7 Так у Сыракомлі. Трэба — дачкі.
8 Альгерд (каля 1296 — 1377) — вялікі князь літоўскі ў 1345 — 1377 гг.
9 Маюцца на ўвазе радкі «Усякі там — стары, малы pad бы локацей нанесць» (В. I. Ду н і н-М арцінкевіч. Збор твораў, стар. 183).
10 Нарбут Тэадор (1784—1864) — гісторык і археолаг, аўтар «Гісторыі літоўскага народа» (тт. 1—9, 1835—1841).
№ 3
ПРАЦЫ ВІНЦЭНТА ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА1
Адразу пасля выхаду кожнай больш выдатнай працы Марцінкевіча мы давалі справаздачу аб ёй у «Gazecie Warszawskiej», лічачы творы народнага паэта феноменам, вартым увагі з таго менавіта погляду, што Марцінкевіч, першы ўзяўшы ў свядомыя рукі беларускую дуду нашага народа, здабыў з яе песню, якую народ зразумеў, а хатняе рэха паўтарыла. Адразу пасля выхаду нашых рэцэнзій у «Gazecie» высакародны і вельмі намі шанаваны п. Францішак Скібіцкі, камергер і член сената Каралеўства Польскага, зрабіў пад літарай Y у гэтай жа «Gazecie» папрок, што ён лічыць непатрэбным раздрабленне дыялектаў славяншчыны і ўзняцце іх да пісьмовай апрацоўкі, што дапускае ў славяншчыне толькі чатыры галоўныя падзелы моў: руская, польская, чэшская і сербская (ці, здаецца, ілірыйская), што мова беларусаў як сапсаванне польскай мовы не заслугоўвае літаратурнай апрацоўкі. Мы меліся з гэтага выпадку адказаць, выпісваючы нашы супрацьлеглыя перакананні, аднак перш чым гэта адбылося, спаткала нас прыемнасць пазнаёміцца ў Варшаве з паважаным апанентам, які, выслухаўшы нас, зрабіў ласку згадзіцца з некалькімі нашымі заўвагамі. Сапраўды, гаворачы агульна, на велізарнай славяншчыне толькі адна мова. Калі б мы пешшу, з кіем пілігрыма прайшлі ўвесь яе абшар, ад вёскі да вёскі, услухоўваючыся ў гукі мовы, то не заўважылі б тых тонкіх змен, якія адбываюцца на кожным кроку, а, прайшоўшы з дзесятак міль, убачылі б са здзіўленнем сябе ў акружэнні зусім іншай гаворкі і, нарэшце, сярод цалкам асобнага дыялекту славянскай мовы. Адна мова на такім велізарным абшары, ад Белага да Адрыятычнага мора, мусіла непазбежна разгалінавацца дастасавальна да геаграфічных умоў, уплыву суседніх плямёнаў, нават неславянскіх. Калі мы дапусцім, што галоўныя галіны
супольнага роду мовы могуць і павінны фарміраваць кожная ў сабе пісьмовую літаратуру, то ў гэтай прэрагатыве ні ў якой меры нельга адмаўляць мове тутэйшага народа. Русінская мова2 са сваімі галоўнымі разнавіднасцямі белаі чорнарускай (крывіцкай), а таксама маларускай і галіцыйскай столькі мае падабенства да польскай ці чэшскай моў, колькі твары братоў, хоць падобныя, аднак зусім розныя характарам сваёй фізіяноміі. Гэта мова народа Літоўскай Русі тым больш заслугоўвае назвы асобнага дыялекту, што як галіна русінскай мовы мела сваю багатую мінуўшчыну. У Літве пры Альгердзе і Ягайле3 яна была афіцыйнай і рэпрэзентацыйнай мовай двара, пазней стала афіцыйнай мовай спраў і актаў, пасля пакінула каштоўны пісьмовы помнік, Статут літоўскі, а таксама колькі кніжак і казанняў з часоў рэлігійных палемік. Ужывалася на сеймах, хоць тут, здаецца, апошняе яе слова прагучала разам са слаўнай прамовай сумленнага Мялешкі4 пры Зыгмунце III5; аднак яшчэ ў часы Яна Казіміра6 яна была мовай прыватнай карэспандэнцыі, доказам чаго служыць пісьмо Цырыяка Камунякі да Абуховіча7. Выцесненая потым з афіцыйнай арэны латынню і польскай мовай, яна засталася ў хатах, крытых саломай ці дранкай, у сваёй спрадвечнай чысціні.
Шчаслівейшая за сваю белаі чорнарускую сястру мова маларусаў, хоць ніколі не была афіцыйнай мовай, знайшла ў сабе, аднак, сілы на больш багатыя праявы. Паэтычнае і свабоднае казацтва стварыла на ёй рыцарскую песню; а калі і яна адгучала, водар паэзіі разносілі па вёсках лірнікі, па дварах — бандурысты, па палях і стэпах — вясковыя жанчыны, што жалі залатую пшаніцу. Уяўленне, раскалыханае цёплым кліматам і яшчэ цяплейшымі ўспамінамі, нарадзіла такія цудоўныя народныя творы, што калі прыйшлі натхнёныя пісьменныя паэты, каб замацаваць мову на паперы, яны толькі асцярожна бралі нібыта жыўцом яе хараство, пераносячы на ступень, больш даступную выхаванаму вуху. Чулліва прынята гэта праца.
Іншую, больш сумную долю мела беларуская мова, якая пайшла на выключны ўжытак народа, бо і ўмовы жыцця гэтага народа былі іншыя. Паселены на пясчаных пагорках, на балотах або ў цёмных лясах, не зведаў ён ніколі лепшай долі. Калі бадзёры ўкраінец хіліў чарку, каб яшчэ болей падвесяліць вясёлае сэрца для мужнасці або песні, збяднелы беларус бяздумна браў таксама чарку гарэлкі [...] піў яе, каб забыцца пра бяду, а калі ў яго цямнела ў галаве, як у яго курнай хаце, адважваўся, нарэшце, на песню, сумную словамі і матывам, як шум баравой сасны, як енк ветру ў коміне. Жняя на моргу не мела ахвоты спяваць, бо гэты морг не даваў ёй натхнення, бо быў або неўрадлівы, або чужы. Змізарнела
фантазія народа, а свет яго дзеяння быў такі маленькі, што селянін не адчуў бы нават патрэбы ў асвеце, калі б меў да яе больш лёгкія сродкі, пра якія, зрэшты, ніхто са старэйшых братоў не клапаціўся. Багатая некалі яго мова закасцянела ў застоі, перастала ўзбагачацца, а тыя, хто намагаўся замацаваць яе на пісьме і тым самым заахвоціць народ да кніжкі, мусілі змагацца з не адной цяжкасцю. Няшмат можна налічыць гэтых працаўнікоў добрай і разумнай волі. Р. Зянькевіч8 сабраў і перанёс на паперу песенькі пінскага люду, высакароднай памяці Я. Чачот, робячы тое ж самае для люду з-над Нёмана і Дзвіны, у сваёй прадмове накідаў навуковы фундамент граматыкі крывіцкага дыялекту. Нарэшце, Вінцэнт Марцінкевіч сам пачаў пісаць на мове беларускага народа, у яго духу і пра яго. I міла нам даведвацца, што яго словы ўдзячна адбіліся ад крытыхдранкай беларускіх стрэх. Марцінкевічу належыць заслуга, што літоўска-рускі9 народ, зацікавіўшыся даступнымі яму аповесцямі, распаляе чужую для яго ахвоту да чытання.
Працам пана Марцінкевіча мы не прысвячаем цяпер разбору, a толькі агляд. Мы ацанілі іх некалькі гадоў назад з сумленным перакананнем у іх карыснасці. Будзем гаварыць перш за ўсё пра адны беларускія.
У першым паводле чаргі творы, «Вечарніцах», паэт дае нам вобраз старога Ананія, якога, хоць і быў ён бядняк, кожны шанаваў. Ананія быў вельмі стары: не хадзіў ужо ў карчму, падарыў сыну скрыпку, плёў лапці, хваліў бога і апавядаў розныя казкі малодшым, калі тыя збіраліся на вечарніцы.
На адной з такіх вечарніц ён апавядаў аб прыгодах неабачлівага селяніна, які, будучы п’яным, праз памылку на закуску пасля гарэлкі разам з селядцом з’еў 5-рублёвую асігнацыю. На другой вечарніцы — пацешны анекдот пра мужыка, якога мясцовыя жартаўнікі, згаварыўшыся ўпяцёх, змістыфікавалі, што замест пеўня ён прынёс на рынак зайца, так што падмануты мужык, думаючы, што знаходзіцца пад уплывам чараў, кінуў свой тавар. На трэцяй сходцы расказвае моладзі паданне пра лагойскі замак і пра князя Грамабоя, што панаваў у ім колькі сот гадоў назад. Пра сялянскую сям’ю: як падчарыца Кацярына з’яўляецца прадметам праследавання, а дачка Марфа — пяшчоты ў Параскі, другой жонкі гаспадара, [як] Даніла меў звычай адзначаць дахрысціянскі абрад Стаўроўскіх дзядоў, як на закляцце гусляра з’явіліся ў доме два міфічныя сабакі Стаўры і Гаўры, прыносячы Кацярыне абраз Лады, славянскага бажаства, як зайздрослівая мачыха аддае гэты абраз сваёй дачцы, як Грамабой, будучы на паляванні, прысніў старога, што вёў найпрыгажэйшую дзяўчыну, як пасля адкрыцця, што гэта стаўроўская дзяўчына, ён загадвае сабрацца ўсім дзяўчатам таго сяла, пытаецца, хто з іх
мае падарунак ад сабак Стаўра і Гаўра, і, адчуўшы гідлівасць да брыдоты Марфы, якая паказвае яму падарунак, загадвае яе пакараць смерцю, як гусляр адкрывае, што гэты падарунак быў прынесены Кацярыне, як, нарэшце, князь Грамабой жэніцца з Кацярынай.
Уся гэта легенда мае афарбоўку нашага народа; можа, нават спісана з народнай казкі, але пры спісанні згладжаны ў ёй прывідныя рысы аўтэнтычнасці. Чаму князь называецца па-язычаску Грамабоем, калі іншыя асобы маюць хрысціянскія імёны? Што робяць сярод хрысціян язычаскія казляры і гусляры? Чаму міфалагічныя сабакі адзін раз дораць абраз Лады, а другі раз крыжык? Чаму народ запомніў імёны Грамабоя і, што яшчэ горш, Вітаўта (князь Віт), калі, апавядаючы паданні, народ звычайна забывае імёны спрадвечных герояў, не ўвекавечаныя на месцы назвай якога-небудзь горада, вёскі, урочышча ці каменя. Тут кніжныя рэмінісцэнцыі хутчэй псуюць, чым узнімаюць ілюзію.
Зместдругога твора, «Гапона», можна пераказаць коратка. Аканом кахае сялянку Кацярыну, кахае яе таксама малады парабак Гапон. Аканом вырашае здаць суперніка ў рэкруты, тым больш злы на яго, што Кацярына абвінаваціла яго [аканома] перад паняй. Аканом апраўдваецца перад легкавернай паняй, якая згаджаецца здаць Гапона ў рэкруты, але бярэ Кацярыну ў двор і загадвае вучыць яе чытаць і пісаць.
У трэцяй песні «Гапона» паўстае карціна рэкруцкага набору, але праз некалькі ўжо гадоў. Шляхце загадана давесці свае правы. Несумленны аканом, не маючы магчымасці прадставіць папераў аб высакародным паходжанні, вымушаны запісацца ў так званыя аднадворцы. Бяруць яго ў рэкруты, ставяць да набору. Багаты аканом падкупіў доктара, доктар сведчыць пра яго хваробу, павятовы маршалак згаджаецца з яго меркаваннем, аканом павінен быць вызвалены, але афіцэр, прысланы прымаць рэкрутаў, знайшоўшы здароўе аканома выдатным, рост дастатковым, загадвае прыняць рэкрута, беручы яго пад сваю адказнасць. У гэтым афіцэры аканом пазнае здадзенага некалькі гадоў назад у вайсковую службу... Гапона, які пазней жэніцца з Кацярынай.