Пачынальнікі
З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 549с.
Мінск 2003
Але Багушэвіч не наракаў. Кожны тыдзень ездзіў у родныя Кушляны (за некалькі вёрст ад Жупран) на зайцоў і для агляду сваёй вельмі прымітыўнай фальварковай гаспадаркі. Вечарамі ж замест таго, каб сядзець над судовымі паперамі, займаўся складаннем сваіх беларускіх вершаваных твораў. Я не называю Ф. Багушэвіча паэтам, але песняром3 і раблю гэта свядома: гэты тытул песняра лепей дастасоўваецца да падобнага выразу ў беларускай мове, хоць аўтар быў паэт усёй душою.
Многія яго творы па форме падобныя да «гавэндаў» Ул. Сыракомлі; некаторыя маюць сатырычную аснову; нарэшце, ёсць і такія, якія можна залічыць да твораў выдатнай лірыкі.
Усе творы Багушэвіча ўвайшлі ў тры невялікія томікі, кожны пад асобнай назвай: 1) «Дудка», 2) «Смык», 3) «Скрыпачка». Усе яны друкаваліся за мяжою, і была вялікая цяжкасць пераправіць іх адтуль. Толькі пасля 1905, так званага вызваленчага года, можна іх было друкаваць у Пецярбургу, але, бадай што, поўнае іх выданне ніколі не выйшла.
Першы зборнічак выйшаў пад псеўданімам Мацея Бурачка, другі — Сымона Рэўкі з-пад Барысава.
3 гэтай змены аўтарскіх псеўданімаў трэба меркаваць, што Ф. Багушэвіч хацеў пераканаць народ, што яго доляй цікавіцца болей людзей і што дзякуючы гэтаму і доля тая хутчэй зменіцца на лепшую.
Беглы агляд твораў, змешчаных у двух першых зборнічках, вытлумачыць нам іх настрой і мэту. У «Дудку» ўвайшлі: «Мая дудка», «Дурны мужык, як варона», «Як праўду шукаюць», «У судзе», «Воўк і авечка», «Мая хата», «Праўда», «Здарэнне», «Немец», «Думка», «3 кірмашу», «Падарожныя жыды», «Хрэсьбіны Мацюка», «Бог не роўна дзеле», «Хцівец і скарб на св. Яна», «Гдзе чорт не можа, там бабу пашле», «Кепска будзе», «У вастрозе» і «Быў у чысцы».
Прашэнне Ф. Багушэвіча ў Нежынскі акруговы суд аб звальненні са службы
3 гэтых твораў «Думка» і «Мая хата» адносяцца да чыстай лірыкі; большую частку складаюць сатырычна-бытавыя гутаркі, a «Хрэсьбіны Мацюка» стаяць на мяжы гераічнай эпапеі, як адна са старонак народнага мартыралога [...]
Вот так то хрысцілі мяне казакі 3 тутэйшага ды ў палякі, —
усклікае ў заключэнне беларускі селянін Мацей, некалькі разоў, па загаду славутага жывадзёра князя Хаванскага4, біты розгамі і нагайкамі.
«Смык» змяшчае ў сабе многа песень і сардэчных, глыбокіх заклікаў як да самога народа, так і да набліжаных да народа паноў. Аднак жа тут нідзе няма ні жоўці, ні нацкоўвання, ні падбухторвання, толькі тут і там прабіваецца туга аб нечым лепшым, накіраваным на ўзаемнае шчасце [...] Цудоўнымі ж лірычнымі вершамі, бадай найлепшымі з усіх паэтычных твораў Ф. Багушэвіча, з’яўляюцца «Хмаркі» і «Свая зямля».
X цяпер варта некалькі ўвагі прысвяціць таму, якое становішча займаў Багушэвіч сярод народа, які ён любіў [...]
3 радасцю акружаў ён сябе інтэлігентнай моладдзю і гутарыў з ёю ахвотна, не раз даючы прыклад у мілай, шчырай забаве. Прымаў удзел у першай экскурсіі на лодках з Вільні ў Коўна, але на выключных умовах. Ехаў з намі, але ва ўсім захоўваў для сябе свабоду руху і спосабу жыцця. Вядома, мы згадзіліся без ваганняў.
Багушэвіч выехаў разам са сваім сваяком Габрыелем Радзевічам на асобнай лодцы і са сваёй гаспадаркай. Гэта значыла, што начавалі яны асобна, харчаваліся асобна і г. д. Памятаю, як начавалі яны на беразе рэчкі каля вогнішча, якое падтрымлівалася ўсю ноч, як абавязкова два разы ў дзень варылі сабе кашу і смажылі скваркі. Калі мы трымаліся поўнай цвярозасці, Багушэвіч з Радзевічам выпівалі пару разоў у дзень па чарцы і закусвалі скваркай. Раніцою, калі мы яшчэ толькі завіхаліся каля самавара, тыя двое даўно паімчаліся наперад, і наганялі мы іх толькі ў паўднёвую спёку.
Мяркую, што пасля ўсяго сказанага вышэй кожны лёгка зразумее, што Багушэвіч не любіў сваёй прафесіі, якая была звязана з неабходнасцю зарабляць на хлеб. Таму невыказна шчаслівым для яго падарункам лёсу быў запіс нейкай сваячкі, якая завяшчала яму нешта каля трыццаці тысяч рублёў3.
Наш пясняр павесялеў і зрабіў у сваім жыцці круты паварот. Выбраўся з Вільні ў Кушляны, адрамантаваў дом, гаспадарку падтрымаў добрым інвентаром і старанным доглядам, што забяспечыла яму сціплае, але надзейнае ўтрыманне. Астатнія грошы ён прызначыў, каб вывучыць дачку на спявачку і даць сыну вышэйшую адукацыю.
Аднак напаткала яго ў першай і другой справе расчараванне, a ўслед прыйшлі фізічныя пакуты і сілы пачалі гаснуць. Але да апошніх дзён ён захаваў аптымістычны настрой і верыў у лепшую будучыню.
nr. Piesniarz bialoruski. «Kutjer Wilenski», 11 лютага 1928 г., №33
1 У артыкуле недакладнасць, бо пахаванне адбывалася ў красавіку.
2 Галя — крыты рынак (польск..).
3 У арыгінале: piesniarzem.
4 Магчыма, у вершы Багушэвіча маецца на ўвазе кн. Мікалай Мікалаевіч Хаванскі, гвардзейскі афіцэр, прымаў удзел у падаўленні паўстання 1863 г. у Беларусі і Літве, у перыяд паўстання ваенны начальнік Віленскага пав.
5 Параўн. пераказ акалічнасцей атрымання спадчыны ў папярэднім артыкуле, стар. 425.
3 УСПАМІНАЎ ПЛЯМЕННІЦЫ ПАЭТА Ю. РАДЗЕВІЧ I 3. НАГРОДСКАГА
27 сакавіка 1937 г. малады Максім Танк запісаўу свім дзённіку «Раніцай даведаўся аб смерці 3. Нагродскага. Памёр надзвычай цікавы чалавек, адзін з апошніх прадстаўнікоў таго пакалення, пра якое мы сёння знаем толькі з літаратуры. Апошні раз, калі я быў у яго з Путраментам, ён расказваў аб сваёй дружбе з Ф. Багушэвічам, вершы якога часта ён, апрануўшыся ў мужыцкі строй, дэкламаваў на вечарынках. Паказваў нам цікавыя здымкі Багушэвіча, лісты і рукапісы нікому не вядомых твораў паэта, якія захаваліся ў яго архіве. Нагродскі, здаецца, і сам калісьці пісаў вершы па-беларуску. Успамінаў, як ён памагаў выдаць у Кракаве «Дудку» Ф. Багушэвіча, як ён перапраўляў яго кнігі цераз граніцу ў Вільню [...]» (М а к с ім Та н к. Лісткі календара. Мінск, 1970, стар. 126).
Зыгмунт (Сігізмунд Вікенцьевіч) Нагродскі (1866, па іншых звестках, каля 1873—1937) — прыяцель Багушэвіча. Паходзіў з сялян Сеянцянскага пав. Віленскай губ., самавук. Меў у Вільні магазін земляробчых прылад, займаўся асветніцкай дзейнасцю сярод народа. Пісаў беларускія вершы. Аўтар драматычнага абразка «На каляды» (на польскаіі і беларускай мовах). Разам з Багушэвічам удзельнічаў у камітэце будаўніцтва помніка А. Міцкевічу ў Вільні, у вядомай экскурсіі 1897 г. па Віліі і Нёману. Друкуем урыўкі з яго ўспамінаў, запісаных у 1935 г. і надрукаваных у «Запісах Беларускага навуковага таварыства», сш. 1, Вільня, 1938, стар. 16—30. Падаём таксама кароткія ўспаміны пляменніцы паэта Ю. Радзевіч паводле той жа крыніцы*.
Пляменніца паэтава, Радзевічыха, дала некалькі дробных вестак [...] Багушэвіч жыў не ў Канатопскім павеце, а ў самім Канатопе, — прынамсі там яна, яшчэ малая дзяўчына, першы раз пабачыла свайго дзядзьку. Было гэта ў 1875 ці 1876 годзе. Тады Багушэвіч здаўся ёй вельмі панурым, і дзеці баяліся яго. У Канатопе Багушэвіч ажаніўся ў 1874 годзе з цёткай Радзевічыхі — Габрыеляй Шкленічанкай, родам з Мінска. Знаёмства між імі завязалася ў Канатопе, куды суджаная
паэта прыехала да сваёй сваячкі Міцкевічыхі. У канцы 80-х гадоў Багушэвіч жыў ужо ў Вільні, і тут Радзевічыха ізноў з ім сустрэлася, прыехаўшы з Пецярбурга, дзе жыла з мужам. Паводле яе слоў, Багушэвіч тады, відаць, яшчэ не зусім наладзіў сваё жыццё ў Вільні, бо да яго хадзілі ў гасцініцу. Тады зрабіў на яе зусім іншае ўражанне: быў больш ветлівы, больш вясёлы. Пазней, калі Радзевічыха сама асела ў Вільні (ад 1890 года), яна спатыкалася з Багушэвічам часцей. Характар паэт меў быццам наогул цяжкі. і гэтым Радзевічыха выясняе факт, што настрой дома быў благі, не ўспамінаючы зусім аб магчымасці існавання іншае прычыны: канфлікту ідэйна-нацыянальнага. Багушэвіч меў братоў і сястру. Адзін брат быў зусім хворы (спаралізаваны) і жыў пры Францішку1. Другі быў Апалінарый; сын апошняга цяпер натарыўсам у Вільні [...]
Нагродскі пазнаёміўся з Фр. Багушэвічам у Вільні ў 1893 ці 1894 годзе.
Жыў тады Нагродскі на Бэльманце. Непадалёк ад Бэльманта, на ўзбярэжжы Вілейкі, было месца канспірацыйных спатканняў Нагродскага з рэвалюцыйнымі дзеячамі
Група дэмакратычнай інтэлігенцыі, да якое належаў і Нагродскі, збіралася сістэматычна ў розных месцах на вечары літаратурнамузыкальна-дыскусійныя. На гэтых вечарах мела месца і беларушчына: адна пані вельмі хораша пяяла беларускія народныя песні, дэкламаваліся адрыўкі з беларускіх вершаў Дуніна-Марцінкевіча. На адным з такіх вечароў у кватэры Дмахоўшчыхі2 выступіў неўспадзеўкі нейкі невядомы датуль Нагродскаму грамадзянін і прадэкламаваў беларускі верш, каторы пачынаўся словамі: «Хмаркі цёмныя, мае братанькі...» Нагродскі быў вельмі захоплены дэкламацыяй.
— Хто гэта? — пачаў ён выпытвацца.
Гэта быў Багушэвіч, і Нагродскі тут жа з ім пазнаёміўся.
Яны вельмі здружыліся. Спатыкаліся прынамсі раз у тыдзень — у нядзелю, калі Нагродскі быў вольны ад працы. Калі ж здаралася, што Нагродскі ў нядзелю не мог заглянуць да Багушэвіча, дык той сам да яго даведаваўся3 ў месцы працы Нагродскага.
Ужо з гэтае жмені інфармацый Нагродскага відаць, што Багушэвіч у Вільні кантактаваў з элементамі радыкальнымі [...] У выбары ж знаёмстваў Багушэвіч быў вельмі пераборлівы. Паводле слоў Нагродскага, Багушэвіч, займаючыся адвакацкай практыкай, ані з адвакатамі, ані наогул з грамадзянствам асабіста бліжэй не сыходзіўся. Апрача Нагродскага, адваката Адама Карповіча ды сваяка свайго Радзевіча, больш ні з кім блізка не жыў. Стараўся браць справы вылучна сялянскія, бо крэпка быў звязаны з беларускім народам.
Як вытварылася ў Багушэвіча ягоная беларуская ідэалогія?
Паводле Нагродскага, яна мела дзве падставы. Перадусім ужо пад час паўстання (а мо і раней, калі быў вясковым вучыцелем) Багушэвіч меў ідэалогію радыкальную, і ягоны сацыяльны радыкалізм, ягонае «хлопаманства», як тады называлі, ужывалася згодна з польскай палітычнай незалежніцкай ідэалогіяй. Багушэвіч належаў да тЫпу Каліноўскага і наогул «чырвоных». Ці пад час паўстання спатыкаўся беспасрэдна з Каліноўскім, няма ведама: сам Багушэвіч ніколі аб гэтым Нагродскаму не ўспамінаў [...]
Другой падставай, на якой вырастала беларуская ідэалогія Багушэвіча, былі ўкраінскія ўплывы [...] Бо ж, паводле Нагродскага, Багушэвіч пачаў пісаць вершы, як жыў на Украіне, і пісаў іх спачатку па-ўкраінску. Калі ж вярнуўся да краю, дык тады ўжо аставалася яму зрабіць толькі адзін крок, каб перайсці да беларускага самаўсведамлення. I Багушэвіч гэты крок учыніў. Тут, у краі, Багушэвіч пачаў пісаць вершы па-беларуску, а старыя ўкраінскія пісанні свае спаліў, як нічога не вартыя. Тут, у краі, — кажа з глыбокім перакананнем Нагродскі, — у гэтай працы Багушэвіч «знайшоў сябе» і — «unarodowil si?» [...]