Пачынальнікі
З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 549с.
Мінск 2003
Наогул, паводле Нагродскага, палітычная дзеяльнасць Багушэвіча закончылася ў 1863 годзе і пасля ўжо ні ў чым не выяўлялася. На віленскім грунце ён узышоў на шлях вылучна культурна-нацыянальнае беларускае працы. На маё пытанне, ці не было ў Багушэвіча нейкае лучнасці з народавольцамі, Нагродскі адказаў негатыўна.
[...] Багушэвіч, аднак, цікавіўся ўсімі справамі польскага культурна-грамадскага жыцця. I гэта рэч зусім зразумелая: беларускага грамадзянства, беларускага культурнага жыцця тады яшчэ не было, і Багушэвіч як чалавек культурны мусіў шукаць сабе «аддушыны» ў польскім культурным асяроддзі, але заўсёды на грунце краёвым. Багушэвіч карэспандаваў з блізкай яму, відаць, духоўна Элізай Ажэшковай (Арэшчыхай), якая ў свой чарод вельмі цікавілася паэтам і ягонымі творамі (асабліва беларускімі, бо [...] польскія вершы Багушэвіча лічыла слабьгмі). У 1896 ці 1897 годзе Арэшчыха папрасіла Багушэвіча ў Горадню4, дзе ён і правёў некалькі дзён ды блізу увесь час праседжваў у Арэшчыхі, якой чытаў свае творы. Паміж іншымі — адумысны верш да Арэшчыхі, каторы канчаўся словамі: «Прыймі як адзнаку тваёй чэсці ў вёсцы!» (верш гэты быў першы раз надрукаваны ў «Варце». Мінск, 1918, № 1 і паўтораны ў «Часопісі». Коўна, 1920, № 2)5.
У 1897 годзе, у ліпені месяцы (пасля арганізацыі ў Вільні выстаўкі абразоў6, абслужанае польскімі малярамі7 — пераваж-
на з Варшавы)8, была наладжана экскурсія лодкамі ў Коўна, каб даведацца да «ліцвіноў». Вядома (і гэта асабліва характэрна для нацыянальнай тэрміналогіі гэтых часоў наогул), справа ішла аб ковенскае польскае грамадзянства, якое толькі тэрытарыяльна называлася літоўскім, бо ж этнаграфічна літоўскае, як і этнаграфічна беларускае, тады яшчэ не існавала, і толькі лічаныя адзінкі спасярод нацыянальна свядомых ліцвіноў у Вільні процістаўляліся і нацыянальна, і палітычна палякам (д-р Дамашэвіч9 і інш.). На лодках паплылі: Фр. Багушэвіч, ягоны сваяк Габрыель Радзевіч, Зыгмунт Нагродскі, Аляксандра Давідоўскі (мянушка Ротмістр), Станіслаў Булгароўскі, Напалеон Роўба, Зыгмунт Пацкевіч, урэшце — два матурысты10: Баляслаў Швэнгрубэн і Вацлаў Макоўскі". Едучы спыніліся ў Кярнове ў арт[ысты]-маляра Русецкага12, дзе прылучыўся да экскурсіі вучыцель Слівінскі з Пецярбурга. Адначасна з экскурсіяй на лодках прыехала ў Коўна цягніком каля 20 віленскіх польскіх дзеячаў. Ковенскае грамадзянства вельмі горача прыняло гасцей. На гары Напалеона (непадалёк ад места13) быў зладжаны пікнік, на якім прывітаў прыезных гарачай прамовай ковенскі адвакат Міхал Юновіч. Адказаў яму вельмі прыгожа Напалеон Роўба. Тады шмат хто прамаўляў на бягучыя нацыянальна-палітычныя тэмы, а калі за нейкі час ковенцы рэвізітавалі сваіх гасцей у Вільні, дык ім зладзілі выезд у Трокі і там — на востраве, у замку — зрабілі пачастунак, гэтак сама з палітычнымі прамовамі [...]
Прабыўшы ў Коўне 2—3 дні, экскурсія лодкамі паплыла далей — у Юрбург, але Багушэвіч туды не паехаў.
Экскурсія пакінула свой след у творчасці Багушэвіча. Вярнуўшыся з Коўна, кажа Нагродскі, ён напісаў тры вершыкі беларускія і адзін польскі, апісваючы ў іх сваё падарожжа і гасціннасць «ліцвіноў», ды ўпісаў у альбомы сёстраў Петравічанак, бацькі каторых асабліва гасцінна прымалі віленцаў. Вось гэтыя вершыкі — з захаваннем Багушэвічавае лацініцы і ўсіх асаблівасцей ягонага правапісу [...]14
Вярнуўшыся з Юрбурга, экскурсія яшчэ пару дзён забавілася ў гасцінных «ліцвіноў» і ўрэшце паехала назад у Вільню. Паехаў і Багушэвіч.
Экскурсія гэта мела для здароўя Багушэвіча фатальныя вынікі. Едучы ў Коўна, учаснікі яе перажылі цяжкі момант: матурыст Швэнгрубэн чуць не ўтануў. Гэты выпадак страшэнна падзеяў на Багушэвіча, у якога зрабіўся як быццам нервовы «шок». А ўслед за гэтым, у той жа дзень, сталася такая рэч. Прыстаўшы да берага на начлег, усе пайшлі спаць у нейкую пуньку. Але Багушэвіч не хацеў спаць у душнай пуні і пастанавіў легчы пад голым небам на лужку. Хаця пакрапваў дожджык і Багушэвіча адгаворвалі ад гэтага, ён сказаў:
«У 1863 годзе мы спалі і ў горшых варунках». Закруціўся ў бурку ды праспаў ноч на траве. Ад гэтага застудзіўся, і ў яго зрабілася хвароба нырак, да якое пасля прылучыўся туберкулёз. У рэзультаце здароўе яго было зламана, і гэта давяло да перадчаснае смерці.
Нягледзячы на блізкасць духоўных заінтарасаванняў з польскім грамадствам, Багушэвіч адносіўся да апошняга наогул вельмі крытычна і вострай сатырай кляйміў яго за нястачу дэмакратызму ды іншыя агульнавядомыя заганы. Гэтыя сатыры, пісаныя па-польску і па-беларуску, выклікалі абурэнне сярод палякаў, і адносіны іх з Багушэвічам псаваліся з кожным годам, а ў канцы зусім парваліся. Да гэтага, паводле Нагродскага, спрычынілася некалькі акалічнасцей.
Пад той час старшынёй адвакацкае рады ў Вільні быў адвакат Тадэвуш Буйка. Якраз наспела 25-лецце ягонае адвакацкае працы15. Адвакатура сабралася віншаваць Буйку ў яго на прыватнай кватэры [...] Быў і Багушэвіч [...] ён дэманстрацыйна выйшаў з пакою, бразнуўшы дзвярыма. Гэты паступак ужо настроіў варожа да яго «ўгадовых» палякаў. Але на гэтым справа не скончылася. У кракаўскім журнале «Przeglad Wszechpolski»16 з’явілася грамавая стацця, скіраваная проціў паступку Шастакоўскага17. Апошні абвінаваціў у аўтарстве стацці Багушэвіча і публічна назваў яго грэблівым у вачах паноў імем «хлопа»: «Czego mozna bylo od tego chlopa si? spodziewac?» У гэтым сказе Шастакоўскага вылілася ўся варожасць віленскага грамадзянства да «chlopomanstwa» Багушэвічавага. Багушэвіч пусціў тады сярод адвакатуры востры вершык — штось на тэму аб гербах сваім і Шастакоўскага.
За Шастакоўскага заступіўся адвакат Т. Урублеўскі18, у кватэры каторага збіралася група віленскіх «шубраўцаў», узноўленых Урублеўскім. Урублеўскі ў вельмі ядавітай форме кпіў на адным сходзе «шубраўцаў» з Багушэвіча. Той даў адказ Урублеўскаму ізноў жа вершам — па-беларуску. Пачатак гэтага верша, страшэнна напастлівага і сапраўды вельмі крыўднага для Урублеўскага, Нагродскі пераказаў мне з памяці [...]”
У адвакатуры пачаліся вострыя сваркі. Шмат хто з Багушэвічам і шмат з кім Багушэвіч не вітаўся. Жыццё ў Вільні рабілася для паэта ўсё цяжэйшым.
А тут здарыўся яшчэ адзін выпадак.
Надыходзіў 1898 год — сотыя ўгодкі нарадзінаў Адама Міцкевіча. У Вільні паўстала думка наладзіць грамадскае святкаванне. Сабралася нарада ў кватэры Багушэвіча, злажыўся камітэт, які пастанавіў зрабіць табліцу з адпаведным надпісам і змясціць яе ў касцёле св. Яна. У склад камітэта побач з
іншымі ўваходзілі Багушэвіч і граф Антон Тышкевіч20. Гэны Тышкевіч меў у Вільні млын і пякарню. Для прадажы сваіх вырабаў ён пазакладаў у розных пунктах места крамкі і абвясціў, што кожны сталы купец21 хлеба і булак у гэтых крамках дастане адмысловую кніжачку для запісу кожнае куплі і пасля будзе даставаць нейкі працэнт ад закупленае колькасці тавару. Шмат хто абураўся на гэты спосаб прываблівання кліентаў, кажучы, што гэта дэмаралізуе хатнюю службу. Абураўся і Багушэвіч і, як звычайна, сваё абурэнне выліў у вершы-баладзе «Аб замучаным дукаце». Вось гэты верш, польскі загаловак каторага быў «0 dukacie um^czonym historja najprawdziwsza» [...]22
Хаця нічога крыўднага для Тышкевіча ў гэтым вершы няма, аднак ён выклікаў неспадзяваны эфект. Тышкевіч страшэнна быў абурыўшыся на паэту і адмовіўся бываць на паседжаннях камітэта міцкевічаўскага святкавання, бо камітэт збіраўся ў кватэры Багушэвіча.
Багушэвіч усё гэта вельмі балюча адчуваў, і гэта ж — побач з хваробай, каторая развівалася ў яго, — прымусіла яго ў канцы пакінуць Вільню ды перабрацца на вёску — у Кушляны.
Нагродскі ад часу да часу заглядаў у Кушляны, каб даведацца да прыяцеля, якому шчыра спагадаў ва ўсіх ягоных віленскіх прыкрасцях. Знаў усю ягоную сям’ю: жонку, дачку, сына. Дачку Канстанцыю (Туню) Багушэвіч, дастаўшы спадчыну па браце, вучыў на спявачку, бо яна мела вельмі добры, багаты і моцны голас альт. Вучылася яна за граніцай і мелася выступіць у знамянітым міланскім тэатры La Scala. Але з ёй сталася бяда: перад самым выступленнем яна захварэла на горла, а ў выніку хваробы зусім страціла голас. Вядома, бацька вельмі балюча перажыў гэта здарэнне.
На вёсцы ў Багушэвіча Нагродскі спатыкаўся з тымі людзьмі, з якімі паэт жыў бліжэй, а наўперад з Лявонам Ваўчацкім (двор Тэнчына), каторы любіў дэкламаваць па-беларуску, Карловічам Янам, выдатным філолагам (бацькам кампазітара Мечыслава Карловіча23), ды яшчэ з нейкім суседам з двара Каменкі, прозвішча якога Нагродскі не запамятаваў. Бывалі і два вучыцялі-расейцы (адзін з іх называўся Панамароў), але Нагродскаму здавалася, што Багушэвіч дружыў з імі больш з увагі на сына, каторы вучыўся тады ў школе, дзе Панамароў выкладаў.
Наогул жа Багушэвіч быў у забыцці: з віленскіх знаёмых рэдка хто да яго даведаваўся. У лістах да Нагродскага паэт жаліўся, што аб ім усе забываюцца, і ўплятаў на гэту тэму вершыкі — па-беларуску і па-польску. Два з іх з памяці падаў мне Нагродскі [...]24
Такія сумныя настроі перажываў наш паэт у апошнія перад смерцяй гады...
Яшчэ ў Вільні — перад выездам на вёску — Багушэвічу часта не хапала тэм да вершаў і апавяданняў, а патрэбу пісаць ён меў. Дык не раз прасіў Нагродскага даваць яму тэму. Гэтак паўсталі два маленькія апавяданні прозай: «Сведка» і «Дзядзіна». 3 ініцыятывы Нагродскага Багушэвіч пераклаў на беларускую мову вядомы і некалі вельмі папулярны сатырычны вершык Бартальса25 п[ад] з[агалоўкам] «Свінні і бараны» (ён быў надрукаваны пад час нямецкае акупацыі ў віленскай газеце «Гоман», № 54, 18.VIII. 1916).
Дзеля таго, што віленская дэмакратычная моладзь, ладзячы часта экскурсіі на ўлонне прыроды, не мела што пяяць, Нагродскі абвясціў конкурс на песню, словы каторай адпавядалі б тагачасным настроям моладзі. У конкурсе прыняў учасце Багушэвіч і выйшаў пераможцам: конкурсны суд выбраў ягоны верш, каторы сваім зместам ёсць антытэзай ведамае песні з часоў Міцкевіча: «Precz, precz smutek wszelki, zapal faiki, staw butelki...» «Гэту песеньку, — кажа Нагродскі, — мы палюбілі больш за ўсе іншыя; сталася яна як бы нашым сцягам, і менавіта яе мы найчасцей і найахвотней спявалі, зрэшты, спявалася яна не толькі намі і не толькі ў Вільні. Была яна таксама папулярная сярод польскай моладзі ў Коўне, на чале якой стаяў Зыгмунт Рэўкоўскі, што памёр нядаўна ў Вільні»26. Падаю поўны тэкст песні Багушэвіча (падпісаўся аўтар пад ёй псеўданімам «F. Bur» і датаваў 20.VII.97), бо ж вельмі цікаўная тая эвалюцыя настрояў моладзі, якая ў ёй адбілася, раўнуючы з застольнай песняй шляхоцкае моладзі дваццатых гадоў мінулага стагоддзя [...]27