• Часопісы
  • Паўстанне 1863-1864 гг. у Польшчы, Беларусі, Літве і Украіне гісторыя і памяць

    Паўстанне 1863-1864 гг. у Польшчы, Беларусі, Літве і Украіне

    гісторыя і памяць

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 427с.
    Мінск 2014
    120.6 МБ
    больш чым на каго іншага маглі быць скіраваны позіркі іншых, палічыў неабходным прыняць удзел у падобных дзеяннях». Але ў далейшым, пэўна пад уплывам «прафілактычнай» апрацоўкі калег па няшчасці, Акінчыц кардынальна мяняе сваю пазіцыю. Раптам яму прыгадалася, што ліст варшаўскага камітэта «быў напоўнены мацнейшымі пагрозамі» ў яго адрас, а свае ранейшыя сведчанні ён нібыта даваў «не па перакананні, а ў (ста­не) нейкай ашалеласці і амаль што несвядомым стане духу» [22, арк. 3, 7, 25].
    Пасля зняцця папярэдняга допыту прымалася рашэнне аб пачатку фармальнага следства супраць абвінавачанага. У рэчаіснасці да пачатку следчых мерапрыемстваў мінаў пэўны адрэзак часу. Гэта было звязана з тым, што ў 1863-1864 гг. падобныя органы былі надзвычай перагружаны. Паводле афіцыйных крыніцах, колькасць «падсудных палітычных арыштантаў» у тэты час дасягала: у Вельску 500-800 чал., Беластоку больш за 600, Пружанах каля 200, Гродне 500-600 [14, арк. 22, 64; 19, арк. 23; 35, арк. 2, 9]. У падобнай сітуацыі ўлады бачылі выйсце ў павелічэнні колькаснага складу або ва ўтварэнні дадатковых следчых органаў. Так, у першай палове 1863 г. была ўтворана другая камісія ў Гродне, пазней іх колькасць падвоілася ў Вель­ску i Беластоку [44, арк. 57, 58].
    Увесь час пасля свайго арышту абвінавачаныя ў большасці выпадкаў праводзілі за кратамі. Недахоп месцаў у турмах прыводзіў да таго, што падследчых пасля зняцця з іх папярэд­няга допыту адпускалі на парукі. Такая з’ява была характэрна для Вельска, дзе яна набыла сапраўды масавы характар. Падобная практыка мела месца і ў іншых мясцовасцях, у тым ліку ў Гродне [9, арк. 169; 20, арк. 155; 40, арк. 234].
    Парушэнні і памылкі ў арганізацыі следства над паўстанцамі былі распаўсюджаны на ўсіх яго этапах. Гэта тычылася і тэрмінаў яго вядзення. Даволі распаўсюджанымі былі выпадкі, калі справа таго ці іншага падследчага недзе гублялася, а на людзей па просту забываліся [9, арк. 224; 33, арк. 131-132; 35, арк. 19]. Падобная праблема працяглага справаводства была ўласціва не толькі Гродзенскай губерні. У рапарце палкоўніка корпуса
    жандараў Лосева на падставе аналізу работы следчых камісій Мінскай губерні адзначалася, што «некаторыя справы знаходзяцца ў вытворчасці больш за год i не завяршаюцца» [38, арк. 4].
    Яшчэ адной праблемай з’яўлялася адсутнасць у пэўнай часткі арыштантаў дакладных ведаў ці нават здагадак аб тым, за што яны трапілі за краты. Як сведчаць успаміны правялебнага Андарсана, не давалі адказу на гэтыя пытанні нават першыя выклікі на следства [7, р. 143]. Ды і самі ўлады ў некаторых выпадках не маглі разабрацца, за што тыя ці іншыя людзі трапілі пад арышт. У Беластоку, напрыклад, пры адкрыцці камісіі новага складу выявілася значная колькасць асоб арыштаваных у сакавіку і красавіку месяцы без усялякіх абвінаваўчых звестак (да 70 чалавек). Падчас наведвання гэтага горада ў снежні 1863 г. гродзенскі губернатар I. Скварцоў «знайшоў» яшчэ 15 падобных небарак, якія былі, з іх слоў, схоплены казакамі ў розных мясцовасцях яшчэ ў красавіку-маі і дастаўлены ў Беласток без аніякіх пісьмовых пасведчанняў» [35, арк. 14, 15].
    Непасрэдна само следства распачыналася праз некалькі дзён (ці месяцаў) пасля арышту. Абвінавачаны выклікаўся ў камісію, дзе яму прапаноўвалі адказаць на апытальныя пун­кты ці пісьмова пацвердзіць тыя сведчанні, якія ён даваў ра­ней, пры сваім затрыманні. Калі асоба была непісьменнай, то замест свайго імя яна ставіла на паперы тры крыжыкі, а за яе распісваўся нехта з прысутных на допыце вайскоўцаў. Праз некаторы час падследчага маглі зноў выклікаць да суддзяў дзеля ўдакладнення тых ці іншых момантаў, што найбольш цікавілі ўлады.
    Паколькі большасць з апытаных адмаўлялася ад супрацоўніцтва са следствам, камісіі выкарыстоўвалі цэлы арсенал разнастайных прыёмаў і метадаў. Найбольш распаўсюджаным і эфектыўным спосабам праверкі сведчанняў была вочная стаўка. Вось як, напрыклад, выглядала падобная працэдура ў адносінах да паўстанца Сцяпана Твароўскага: «Васілеўскі і Дамажэцкі, Каралаў і Крацюк гледзячы ў вочы Твароўскаму выкрывалі, што ён запісваў людзей, што прыходзілі ў банду. <.„> Твароўскі на тэты доказ пагадзіўся» [3, с. 32]. Тут, праўда,
    можа ўзнікнуць пытанне наконт інфармаванасці саміх улад: адкуль яны ведалі, якіх сведак выклікаць у кожным канкрэтным выпадку? Справа ў тым, што па загадзе М. Мураўёва ў следчых органах былі заведзены «Алфавітныя кнігі», куды ўпісваліся імёны ўсіх тых, каго абвінавачаныя абгаворвалі падчас іх допытаў. Такім чынам улады атрымалі магчымасць верыфікацыі звестак падследчых, пашырэння абвінавачвальных матэрыялаў супраць іх, ініцыянавання новых спраў у адносінах да тых асоб, чые прозвішчы найбольш часта сустракаліся падчас допытаў. Пры гэтым факт адмовы называць імёны тых, хто знаходзіўся ў атрадзе ці пастаўляў туды нейкія прыпасы, лічыўся прыкметай упартай зацятасці абвінавачанага і прыводзіў да абцяжарвання ступені яго віны [24, арк. 25-26].
    У арсенале камісій былі і іншыя метады, напрыклад, ператрусы па месцы жыхарства падследчага, якія давалі дадатковы кампраметуючы матэрыял. Класічным прыкладам з’яўляецца выпадак Напалеона Орды, калі пасля правядзення пільнага агляду яго сядзібы ў Варацэвічах да першапачатковых абвінавачанняў дадаліся яшчэ тры: захоўванне пораху, папер «крамольнага» характару, а таксама дазвол на далучэнне да паўстання свайму сыну Вітольду, які быў знойдзены пільнымі шпікамі ў змесце аднаго з лістоў [12, арк. 98]. Выкарыстоўваліся ў следчым працэсе і дасягненні тагачаснага тэхнічнага прагрэсу, калі ідэнтыфікацыя асоб праводзілася па фатаграфічных здымках [18, арк. 194 а, 194 б; 40, арк. 174].
    Следчы працэс у камісіях ажыццяўляўся ў рамках разгляду асобных спраў, але ў большасці выпадкаў яны не былі індывідуальныя. Гэта азначае, што ў межах адной справы следства магло весціся адначасова супраць некалькіх асоб. Паводле статыстычных звестак камісій Гродзенскай губерні ў 1863 г., адна справа ў сярэднім аб’ядноўвала 2-3 асобы [41, арк. 32-35]. Сустракаюцца выпадкі, калі «адным махам» следства праводзілася па 7-8 і болей абвінавачаных. Часцей за ўсё справы падслед­чых змяшчаліся разам у рамках аднаго разбіральніцтва адвольна ці па храналагічным прынцыпе. Вось што на тэты конт зазначаў М. Мураўёў у сваей вымове двум беластоцкім следчым
    органам: «... гэтыя камісіі часта злучаюць для вытворчасці ў адную справу розныя абвінавачанні на розных асоб, якія толькі арыштаваны ў адзін час ці па сведчаннях аднаго начальніка...» [35, арк. 3]. Дадатковай нагрузкай на работу гэтых органаў у г. Гродне лёг абавязак па вырашэнні лёсаў паўстанцаў з суседняй Аўгустоўскай губерні (Ломжынскага павета), колькасць якіх у адным з гродзенскіх астрогаў у пэўны час дасягала амаль што 200 чалавек [40, арк. 255].
    Што тычыцца эфектыўнасці работы следчых органаў, то яна таксама не была аднолькавай на працягу ўсяго часу іх існавання i залежыла ад мноства аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў. Напрыклад, у рабоце адной з гродзенскіх камісій гэты паказчык вагаўся ад 1 да 19 вырашаных спраў за тыдзень. Адначасова ў справаводстве тут магло знаходзіцца да 70 і болей след­чых разбіральніцтваў [43, арк. 2-84]. Інакш складваліся справы ў ваўкавыскай камісіі: за перыяд з ліпеня 1863 па чэрвень 1864 г. ім штомесяц прадстаўлялася да 12 спраў [19, арк. 142].
    Дзейнасць следчых органаў не абмяжоўвалася выключна разглядам спраў супраць былых паўстанцаў і іх памагатых. У некаторых выпадках яны праводзілі разбіральніцтва па нейкім эпізодзе з мэтай выяўлення і далейшага пакарання датычных да яго людзей. Гэта магло быць звязана са знаходжаннем зброі ці боепрыпасаў, нелегальнай літаратуры, друкарскіх шрыфтоў. Асобнае месца займалі вышукныя мерапрыемствы, звязаныя з раскрыццём мясцовых рэвалюцыйных арганізацый. Аб той ролі, якую надавалі царскія ўлады выкрыццю тайных паўстанцкіх структур, сведчыць факт камандзіроўкі старшыні адной з гродзенскіх камісій палкоўніка Устругава ў Брэст з мэтай правядзення мясцовага дазнання па гэтым пытанні [40, арк. 319]. На падставе падобнай вышукной дзейнасці Устругавым складаліся падрабязныя аналітычныя нататкі, якімі па сённяшні дзень карыстаюцца даследчыкі.
    Аб якасным крытэрыі работы следчых камісій сведчыць той факт, што многія справы пасля іх завяршэння і прадстаўлення далей па інстанцыях вярталіся адпаведнымі органам! на дапрацоўку. У рапартах і прадпісаннях губернатара, генерал-
    губернатара і розных рэвізораў неаднаразова сустракаюцца заўвагі, што справаводства ў камісіях вядзецца неахайна, не згодна з прынятымі формамі. Часцяком у гэтых дакументах робіцца акцэнт на непрафесіяналізм і бяздзейнасць суддзяў: «...камісія пры маім папярэдніку была да такой ступені неахайная і негрунтоўна вяла справы <.„> што я па прыбыцці ў г. Беласток вымушаны быў закрыць камісію», скардзіўся мясцовы ваенны начальнік. I далей: «... дзесяць спраў знітаваных у адзін сшытак былі знойдзены закінутымі на печцы <„.> арыштанты трымаюцца па некалькі месяцаў без усялякіх абвінавачвальных актаў» [35, арк. 18, 19].
    Хацелася б звярнуць увагу на тыя метады, якімі здабываліся звесткі ад абвінавачаных. Нават афіцыйнае справаводства не здолела схаваць той факт, што некаторых падследчых у г. Вель­ску збівалі бізуном, прымушаючы падпісваць чысты аркуш паперы, які пасля запаўняўся вайскоўцамі [46, арк. 894]. Аб тым, што катаванні вязняў адбываліся не толькі ў Вельску, сведчаць успаміны розных асоб. Доктар Аляксандр Акінчыц узгадвае аб следчых маёры Крамнёве і яго памочніку Дамажыраве, якія выбівалі прызнанні пры дапамозе нагайкі [8]. Друкуючы свае нататкі ў афіцыйным «Историческом вестнике», А. Ягмін нават у пытанні, што задаў яму старшыня следчай камісіі, адчуў пагрозу «выпытвання прызнання з дапамогай пугі, аб чым я чуў ад іншых» [6, с. 720]. Людвік Акінчыц, стрыечны брат Аляксандра, пасля некалькіх выклікаў у гродзенскую следчыю камісію зрабіў спробу атруціцца. Пасля свой учынак ён тлумачыў такім чынам: «Атруту я прыняў, жадаючы пазбавіцца пагроз, лаянкі і біцця, якія я дазнаў і на якія я спадзяваўся» [34, арк. 5].
    Разглядаючы дзейнасць следчых камісій, нельга не закрануць такую далікатную тэму, як праблема даносаў. Асабліва востра яна паўстала ў 1864 г., калі асноўная маса непасрэдных удзельнікаў паўстання была ўжо ўзорна пакарана, а ў краі запанавалі новыя парадкі. I калі ў справаводстве саміх следчых органаў падобныя факты адсачыць досыць складана, то некаторае святло на гэтае пытанне праліваюць рапарты правяраючых асоб. Характарызуючы становішча, што склалася на тэрыторыі