• Часопісы
  • Паўстанне 1863-1864 гг. у Польшчы, Беларусі, Літве і Украіне гісторыя і памяць

    Паўстанне 1863-1864 гг. у Польшчы, Беларусі, Літве і Украіне

    гісторыя і памяць

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 427с.
    Мінск 2014
    120.6 МБ
    Гродзенская ваяводская рэвалюцыйная арганізацыя стваралася ва ўмовах узмацнення на Гродзеншчыне сялянскага руху пасля палавінчатай і рабаўніцкай адмены прыгоннага права. Лютаўскія падзеі 1861 г. у Варшаве таксама звязаны з рэформай 1861 г. Яна не тычылася Каралеўства Польскага (там ужо не было прыгонных), але тут сялянскае пытанне не было вырашана канчаткова патрэбна было адмяніць феадальныя павіннасці і надзяліць сялян зямлёй. 27 лютага варшаўскія рэвалюцыйныя гурткі правялі дэманстрацыю з мэтаю аказання ціску на сяброў Земляробчага та­варыства (пасяджэнні якога адбываліся з 21.02), якія не збіраліся адмаўляцца ад прыгонніцкіх метадаў эксплуатацыі.
    Менавіта пасля растрэла варшаўскіх дэманстрантаў (забіта 5 чал. і некалькі дзесяткаў паранена) у Сакулцы, у доме В. Урублеўскага, сустрэліся В. Урублеўскі, Э. Заблоцкі, К. Каліноўскі,
    С. Сангін, ксёндз Я.-І. Казлоўскі. Пазней Заблоцкі на следстве паказаў, што размова ішла пра варшаўскія падзеі. Каліноўскі і Урублеўскі паведамілі аб тым, што хутка павінна быць створана «арганізацыі народнага польскага ўрада па ўсёй Літве» і прапанавалі яму прыняць у ёй удзел. Сільвястровіч у сваіх нака­заниях называў іншую дату другая палова 1862 г. [5, арк. 304; 6, арк. 28 адв.].
    Тэрытарыяльна-адміністрацыйная структура і кіраўніцтва падпольнай арганізацыі ў Польшчы, Літве і Беларусі ўтваралася згодна са Статутам Агатона Гілера (ліпень 1862 г.): ваяводства ваявода, павет павятовы, акруга акруговы, сотня сотнік, дзесятка дзесяцкі. У Літве і Беларусі, як пісаў Оскар Авейдэ, «усе свае намаганні звярталі выключна на ўсталяванне галоўных ваяводскіх органаў», не стваралі дзясяткі, а для ўзмацнення прапаганды сярод сялян арганізоўвалі «начальнікаў прыходаў» [1, с. 451, 487; 8, арк. 10 адв.]. Свае начальнікі былі ў мястэчках (неабавязкова), ваяводскіх гарадах (Гродна, Вільні, Мінску, Коўна) і ў паветах.
    Спачатку (верагодна, з канца лютага 1861 г.) Гродзенскае ваяводства было падзелена на 2 часткі. Ваявода быў адзін, ён меў 2 памочнікаў [12, с. 3]. Рассылал! паперы з ваяводскага бюро Геніўша па ўсіх паветах. 3 пачатку паўстання, прыкладна, з сакавіка 1863 г., Гродзенскае ваяводства падзялілі на 3 часткі: Гродзенскі, Ваўкавыскі і Слонімскі паветы ўзначаліў нам. ваяводскага камісара Э. Заблоцкі; Сакольскі, Беластоцкі і Бельскі падпарадкавалі В. Урублеўскаму; Брэсцкі, Кобрынскі і Пружанскі падначалілі цывільнаму ваяводзе Гафмайстру. Верагодна, з адыходам Урублеўскага з паўстанцкім атрадам у лясы (жнівень 1863 г.) адбыліся чарговыя змены: Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Сакольскі і Беластоцкі паветы склалі Паўночнае ваяводства (яго ўзначальваў Заблоцкі, затым Сільвестровіч); Брэсцкі, Кобрынскі, Пружанскі і Бельскі паве­ты склалі Паўднёвае ваяводства (тут ваяводаю быў Гафмайстар з месцам знаходжання ў Брэсце) [4, с. 158-159; 7, арк. 103].
    Чыноўнікі-кіраўнікі розных структур ваяводскай арганізацыі мелі адпаведныя функцыі. Цывільны ваявода спачатку быў адзіны на Гродзенскую губерню, а потым да яго дабавілі 2 памочнікаў, бо адбыўся падзел губерні на 2 часткі. Па сутнасці яны ўсе дзейнічалі самастойна і падпарадкоўваліся толькі ўрадаваму камісару. Пры ваяводзе існавала ваяводскае бюро (начальнікам яго быў I. Геніўш). Ваявода ажыццяўляў рэвізію паўстанцкіх атрадаў, распараджаўся іх дзеяннямі, назіраў за дзейнасцю чыноўнікаў падпольнай арганізацыі, рабіў распараджэнні па ваяводстве ў выкананні загадаў органаў кіравання паўстаннем і сваіх асабістых, прызначаў на пасады павятовых, начальнікаў прыходаў і патрабаваў ад іх справаздачы. Ваяводскімі былі А. Гафмайстар, Э. Заблоцкі, Л. Пенькоўскі, С. Сільвястровіч.
    Начальнікі гарадоў займаліся зборам сродкаў на паўстанне, шукалі годных людзей і адпраўлялі іх у партызанскія атрады, сачылі за паводзінамі насельніцтва, уладаў і ўрадавых во­йск. Ім былі падпарадкаваны жаночыя гарадскія камітэты апекі паўстанцаў, якія мелі мэтаю далучыць да паўстання жанчын. Вядомы наступныя начальнікі гарадоў: Гродна (У. Жалкоўскі, Ю. Руткоўскі), Беластока (А. Белакоз), Кобрына (Р. Траўгут), Саколкі (А. Лебядзінскі), Слоніма (В. Вільчэўскі), Ваўкавыска (Ю. Мушынскі).
    Дзейнасць павятовых (было тады ў Гродзенскай губерні дзевяць) рэгулявалася інструкцыяй Літоўскага правінцыяльнага камітэта (Інструкцыя для павятовых). Паводле яе, павятовыя выконвалі загады ваяводскага і падавалі яму рапарт аб ста­не павета. Яны павінны былі ўтрымліваць павятовую касу і ўзмацняць сродкамі галоўную касу Камітэта, збіраць праз акруговых падатак з асоб, належачых да арганізацыі, збіраць асобную складку на зброю, падтрымоўваць сувязь з акруговымі не менш аднаго разу ў тыдзень, арганізоўваць тайную паліцыю ў павеце, шукаць сабе здольных памочнікаў [3, с. 91-93]. Пасады павятовых займалі: Н. Алдакоўскі, У. Міхайлоўскі (Беластоцкі павет), М. Гліндзіч, С. В. дэ Сандон Пансэт (Ваўкавыскі),
    К. Дашкевіч (Крынскі), М. Жукоўскі (Пружанскі), Я. Каменскі (Гродзенскі), Я. Канаткевіч (Брэсцкі), Л. Пенькоўскі (Бельскі), У. Сімановіч, Ю. Стравінскі (Слонімскі), В. Урублеўскі (Сакольскі).
    Павятовыя мелі наступных памочнікаў акруговых начальнікаў і 3-5 рэферэнтаў, які займаліся даручанымі справамі. Інструкцыя для акруговых начальнікаў утрымлівала 21 пункт, у якіх пералічваліся іх абавязкі. Акруговы кіраваў парафіяльнымі і гміннымі начальнікамі, прымаў ад іх присягу на поўнае падпарадкаванне і захаванне таямніцы, сачыў за выкананнем імі абавязкаў (весці рэвалюцыйную прапаганду, рыхтаваць і вывучаць зброю, збіраць падаткі), атрымоўваў ад іх падатковыя грошы, падтрымоўваў сувязь з падначаленымі не менш аднаго разу на тыдзень [3, с. 93-94]. Акруговых, напрыклад, у Гродзенскім павеце было пяць, адпаведна 5 станам: Азёрскі (П. Пакубята), Індурскі (Е. Рэдых), Луненскі, Крынскі, Скідзельскі. У Пружанскім павеце адным з акруговых быў А. Акінчыц, у Сакольскім Ю. Алендскі, I. Астраменскі. Парафіяльныя начальнікі былі падпарадкаваны павятовым і займаліся тым самым, што і яны, але толькі ў ме­жах сваёй парафіі. Вядомы ваўкавыскі парафіяльны начальнік I. Ляскоўскі.
    Вайсковы рэферэнт (вядомы прозвішчы некаторых з іх Я. Грынявіцкі, Ю. Вайсятыч, Ч. Калупайла) вербаваў людзей у атрады, збіраў зброю, харчаванне, вопратку і іншае патрэбнае паўстанцам. Касір займаўся прыёмам сабраных грошаў на паўстанцкую справу, рабіў фінансавыя справаздачы. Сярод іх можна назваць Ф. Бартноўскага (Брэсцкі павет), У Церпілоўскага, Ю. Сержпутоўскага (Сакольскі павет), I. Маркевіча (Гродзенскі павет), С. Ромера (Гродна). Рэферэнт апекі (напрыклад, гродзенцы Ф. Багатка і Л. Абрэмскі, у Пружанскім павеце А. Глухоўскі, у Ваўкавыскім У. Тарасовіч) турбаваўся пра параненых, збіраў бялізну для партызанскіх атрадаў, апекаваў сем’і бедных паўстанцаў або ўдоў. Рэферэнт камунікацыі ўладкоўваў зносіны па павеце і станцыі перадачы рэвалюцыйнай карэспандэнцыі. Такія станцыі, напрык-лад, існавалі ў маёнтку Калбасіна, адкуль карэспандэнцыя ішла ў Ваўкавыскі і Сакольскі паветы; а таксама ў Навасёлках памешчыка У. Спірыдовіча.
    Урадавы ваяводскі камісар павінен быў пастаянна сачыць за мясцовай рэвалюцыйнай адміністрацыяй, за выкананнем яе рашэнняў, дакладаць аб яе дзеяннях у ЛПК і ЦНК [8, арк. 10 адв. 13 адв., 42 адв., 43 адв]. Тры чалавекі займалі гэтую пасаду: В.-К. Каліноўскі, Э. Заблоцкі і яго брат Б. Заблоцкі.
    Каля 20 студзеня (5.02) 1863 г. ЛПК выдаў «Інструкцыю для ваенных начальнікаў, ваяводскіх і павятовых» і «Паўстанцкую інструкцыю». Камітэт заклікаў падняць узровень паўстанцкай агітацыі, заклікаць у атрады сялян і неадкладна праводзіць аграр­ную рэформу. Камандзіры партызанскіх атрадаў абавязваліся караць смерцю «найбольш злосных прыгнятальнікаў сялян». У абавязкі начальніка Гродна і Гродзенскага цывільнага ваяводы ўваходзіла:
    -	даводзіць да ведама партызанскіх атрадаў аб руху расійскіх войскаў і пра ўсё, што робіцца ў горадзе і губерні;
    -	выдаваць атэстаты (характарыстыкі) аб паводзінах і здольнасцях асоб, якіх адпраўлялі ў атрад;
    -	распараджацца фінансавымі сродкамі;
    -	аддаваць загады асобам, якія належалі рэвалюцыйнай арганізацыі;
    -	ва ўсім садзейнічаць паўстанцам [7, арк. 7].
    Каля 28 кастрычніка 1862 г. ЛПК выдаў дзве інструкцыі: «Для павятовых начальнікаў» і «Для акруговых начальнікаў». У іх былі вызначаны абавязкі гэтых чыноўнікаў. Начальнік на­вета (павятовы) павінен быў:
    -	атрымліваць загады ад ваяводскага ці яго памочніка і ім жа падаваць рапарты пра стан павета (пра колькасць чальцоў арганізацыі, іх дзейнасць, стан павятовай касы, нацыянальны настрой і баявы дух усіх саслоўяў, колькасць і якасць зброі, урадавыя распараджэнні, пераследаванні і рух войска, дзейнасць асоб, якія не належалі да арганізацыі, пра сувязь з арміяй);
    -	утрымліваць павятовую касу, узмацняць сродкамі (збіраць праз акруговых падаткі ад асоб, якія належаць да арганізацыі, а таксама складкі ад тых, хто не належыць да арганізацыі), збіраць асобныя складкі на пакупку зброі і весці дакладны рахунак;
    -	прызначаць акруговых і падтрымоўваць з імі сувязь не менш за адзін раз на тыдзень, прымаць ад іх рапарты;
    -	адшукваць здольных людзей для адпраўкі ў партызанскія атрады, сабе памочнікаў, памочнікаў для выканання паліцэйскіх абавязкаў;
    -	збіраць ці купляць вопратку, абутак, харчаванне, зброю і інш.; патрабаваць таго ж ад сваіх падначаленых па арганізацыі [3, с. 91-93; 7, арк. 8].
    Важную ролю надавалі чыноўнікі падпольнай арганізацыі канспірацыі. У Інструкцыях ЛПК для павятовых і акруговых начальнікаў (каля 28 кастрычніка 1862 г.), у пункце II гаварылася, што павятовыя ад акруговых, а акруговыя ад парафіяльных і гмінных начальнікаў, дзясятнікаў і сотнікаў павінны прыняць прысягу «на поўнае падпарадкаванне і захаванне таямніцы як на свабодзе, так і ў турме» [3, с. 91]. Дзейнічала правіла першы не ведае трэцяга. Многія чальцы арганізацыі, калі іх на допытах у следчых камісіях прасілі назваць іншых, адгаворваліся няведаннем менавіта па гэтай прычыне. Напрыклад, I. I. Геніўш казаў на следстве: «Хто быў Начальнікамі ўездаў і іншых местаў рэвалюцыйнай партыі мне невядома, таму што прынята было, каб аб гэтым не ведалі падначаленныя». Не ведалі ўсіх чальцоў і кіраўнікі. Напрыклад, Ражанскі на следстве назваў некаторыя імёны, а потым адзначыў, што іншых не ведае па прозвішчу, бо асабіста не знаёмы ці навогул ніколі не бачыў [7, арк. 101 адв.; 11, с. 396].