Паўстанне 1863-1864 гг. у Польшчы, Беларусі, Літве і Украіне
гісторыя і памяць
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 427с.
Мінск 2014
Трэба ў некалькіх словах акрэсліць гэту цікавую з’яву. Ужо адразу пасля правалу Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гг. польскія эмігранцкія цэнтры спрабавалі праз кур’ераў нелегальна даставіць на тэрыторыю Расійскай імперыі сваю літаратуру, інструкцыі і звароты. Арганізаваная дзейнасць па выпуску агітацыйна-прапагандысцкай літаратуры непасрэдна на тэрыторыі самой Расійскай імперыі звязана з падрыхтоўкай новага паўстання. У жніўні 1861 г. у Царстве Польскім з’яўляецца першая падпольная газета «Strażnica», якая ўжо ў лістападзе трапляе і ў Літву. 3 пачатакам самаго паўстання гэта праца была арганізавана на больш высокім узроўні. У маі 1863 г. пры Нацыянальным урадзе ў Варшаве быў створаны аддзел прэсы. Усяго да ліпеня 1864 г. выйшла 304 нумары падпольнай польскай прэсы, у тым ліку ў Царстве Польскім — 212, у Галіцыі 42, на літоўскіх землях 23, на рускіх землях 16, И за межамі былой Рэчы Паспалітай (у Кёнігсбергу, Лондане i г. д.) [6].
Найбольш вядомымі з падпольных выданняў з’яўляюцца «Dziennik Narodowy», «Głos Kapłana Polskiego», «Kosynier», «Partyzant», «Pobudka», «Prawda», «Ruch», «Sternik», «Strażnica».
Калі чытаеш гэтыя падпольныя выданні, то нельга не звярнуць увагу на тоеснасць і падабенства многіх з польскіх нелегальных газет і твораў В. К. Каліноўскага. Польскі даследчык С. Кяневіч у прадмове да выдання «Падпольная прэса 1861— 1864 гг.» з серыі «Паўстанне 1863 года: матэрыялы і дакументы»
ўзгадаў пра «Мужицкую праўду», аднак назваў яе «выключэннем асаблівай важнасці». Потым на яго спаслаўся В. Шалькевіч, які аднак не развіў гэтую думку ў сваіх даследаваннях [7, с. 163].
Па духу, змесце, манеры падачы інфармацыі найбольш блізка да «Мужыцкай праўды» стаіць газета «Kosynier», што выходзіла з 21 жніўня па 28 верасня 1862 г. Месца яе выдання засталося невядомым, усяго выйшла чатыры нумары. Выдавалі газету Уладзіслаў Анчыц і Міхал Балуцкі [8]. Яна таксама напісана простай мовай, часам з адыходам ад літаратурных форм. Артикулы ўтрымлівалі прамыя заклікі да насельніцтва і фактычна з’яўляліся лістоўкамі. Цікава, што формы звароту да сялян («Моі Bracia», «Włościanie») вельмі падобныя і па змесце блізкія да «дзецюкоў» В. К. Каліноўскага. Тэксталагічны аналіз дазваляе сказаць, што і ў астатніх падрабязнасцях тэксты таксама вельмі блізкія. У другім нумары «Мужыцкай праўды» В. К. Каліноўскі піша: «Ачынялі то былі мужыкі, угледзелі, што кепска, дай давай бунтаваціся пад Касцюшкаю; а Касцюшка то кажэ: “Калі мужыкі хочуць ужэ самі бараніці сваю зямлю, так няхай жэ не служаць паншчыны да і не плацяць у казну аброку за зямлю”. От гэта так справядлівасць! но што ж, калі Маскаль спыніў Маніхвэст Касцюшкі, каб не пабунтаваў усіх мужыкоў. Для таго то і пабілі Маскалі Касцюшку, бо каб мужыкі ўсе разам былі збунтаваліся і ўхапілі за сякеры, нажы і косы, так бы Маскаль мусіў бы прапасці без паўстаня, i мы на век вякоў ужэ былі бы вольныя» [5, с. 29]. Гэта амаль даслоўная калька з польскіх тэкстаў падпольнага друку. Увогуле, сюжэт з Касцюшкам быў вельмі папулярны сярод паўстанцаў. У «Лістах з-пад шыбеніцы» В. К. Каліноўскі піша: «Енарал Касьцюшка, што то, кажуць, каля Слоніма радзіўся i а каторым народ наш спявае, што ён вельмі быў добрым i маскаля крэпка біў, высказаўся ён за вольнасць нашу» [5, с. 41]. Фактычна мы маем справу з аўтарскай адаптацыяй да беларускіх умоў польскіх тэкстаў, бо ў беларускім фальклоры не выяўлена песняў, што ўсхваляюць Касцюшку.
Нарэшце, цікавай праблемай з’яўляецца і тое, да якога жанра аднесці сем выпускаў «Мужыцкай праўды». Вельмі распаўсюджана меркаванне, што гэта асобныя нумары газеты. Аднак наўрад
ці мы маем сур’ёзныя падставы так лічыць. Супраць таго, каб выданні В. К. Каліноўскага называць газетаю рашуча выступаў вядомы дзеяч беларускага руху А. Луцкевіч. У 1933 г. ён пісаў: «Цяпер <.„> мы можам увачавідкі пераканацца, што газэтай “Мужыцкая праўда” не была. Гэта быў папросту цыкл адозваў пад адным агульным загалоўкам, змешчаным зверху дробным друкам, з чарговымі нумарамі (як, да прыкладу, у прыказах або цыркулярах улады). Кожны нумар змяшчаў у сабе толькі адну адозву i нічога болей. Выходзілі яны неперыядычна i наагул з газетай не мелі нічога супольнага. <.„> Характэрна, што сам жа Каліноўскі ў «Мужыцкай праўдзе» называе гэтыя лістоўкі сваімі пісьмамі, ня маючы ніякай прэтэнзіі на назову “газэты”» [9, с. 191].
Сапраўды, газета гэта друкаванае перыядычнае выданне, якое выходзіць не радзей, чым раз на месяц. У «Мужыцкай праўдзе» нічога не сказана пра яе перыядычнасць. Акрамя таго, кожнае выданне ўтрымлівала толькі адзін артыкул, што вельмі незвычайна для газеты. Нам дакладна вядома, што паміж выхадам шостага і сёмага нумароў прайшло некалькі месяцаў. Разам з тым выдаўцы «Мужыцкай праўды» старанна маскіраваліся пад газету. У ёй нават змешчаны кошт 5 грошаў. Відавочна, гэта было зроблена, каб павялічыць давер да выдання, надаць яму пэўную афіцыйнасць. Улічваючы ўсё гэта, лістоўкі, што выходзілі пад назвай «Мужыцкая праўда», можна акрэсліць як спецыфічны прапагандысцкі жанр эрзац-газета.
Насуперак вельмі распаўсюджанаму меркаванню, якое, на жаль, сустракаецца і ў навуковых працах, «Мужыцкую праўду» нельга лічыць і першым альбо ўнікальным для свайго часу выданнем на беларускай мове. В. К. Каліноўскі не быў першаадкрывальнікам, ён усяго толькі ішоў у рэчышчы агульнай тэндэнцыі таго часу.
Першымі выкарыстоўваць беларускую мову ў масавым перыядычным друку пачалі не польскія паўстанцы, а царскія ўлады. У сакавіку 1861 г. у Магілёве па даручэнні губернатара Аляксандра Пятровіча Беклямішава была складзена брашура «Бяседа старога вольніка з новымі, пра іхнае дело» (31 стар.). Аўтарам яе быў, верагодна, Апанас Кісель. У 1862 г. у трох нумарах «Могй-
левских губернских ведомостей» была надрукавана на беларускай мове вершаваная «Прамова старавойта да сялян аб свабодзе (для чытання маім землякам)». Аўтар Франц Феліксавіч Блус. Шырока распаўсюджанай была «Гутарка Данілы ca Сцяпанам», а таксама больш позні «Разгавор пана з мужыком». Ва ўсіх гэтых творах антыпанскі матыў пераклікаецца з павагай да цара.
Адзін з заснавальнікаў навуковага беларусазнаўства Я. Ф. Карскі прыводзіць таксама працы прапагандысцкага характару, якія распаўсюджвалі польскія паўстанцы: «Гутарка старого дзеда» (аўтар В. Каратынскі), «Добрыя весці», «Гутарка двох суседоў», «Песні набожныя», «Перадсмертны разгавор Пустэльніка Пятра», «Крыўда і праўда» Ф. Пшыцкага i г. д. [10, с. 87-90]. Спасылаўся на ix i М. Багдановіч. Усе яны, напісаныя лацінкай, вельмі падобныя па сваіх ідэях да твораў Каліноўскага: накіраваны супраць праваслаўя («схізмы»), русафобскія па сваім змесце, утрымліваюць рэзкую крытыку непасрэдна цара. Але па форме адрозніваюцца, бо ў асноўным уяўляюць з сябе вершаваныя радкі.
Дарэчы, Я. Ф. Карскі лічыў, што творы В. К. Каліноўскага, як і іншыя прапагандысцкія матэрыялы, літаратурнага значэння не маюць [10, с. 84]. Трэба адзначыць, што ў нас няма ніякіх сведчанняў, што за выключэннем сваёй прапаганды, В. К. Каліноўскі дзесьці выкарыстоўваў беларускую мову. Уся яго перапіска ішла па-польску, як і дакументацыя паўстанцаў. Зразумела, што ў кантактах з расійскімі ўладамі В. К. Каліноўскі выкарыстоўваў рускую мову. Трэба пагадзіцца з меркаваннем А. Д. Гронскага, які лічыць, што «Каліноўскі выкарыстоўваў беларускую мову толькі ў мэтах прапаганды сярод сельскага насельніцтва» [11, с. 85].
Да таго ж у творах В. К. Каліноўскага сустракаецца вялікая колькасць паланізмаў. Вось толькі некаторыя з ix: вшэхмоцны, здзерства, крулества, ронд, ксёнжка, мэнкі i г. д. Усяго больш за тры дзясяткі слоў.
Як i любы прапагандысцкі дакумент, «Мужыцкая праўда» ўтрымлівае шмат недакладнай, гіпербалізаванай, нават хлуслівай інфармацыі. Вось прыклад з 7-га нумара: «Узяў пяцёх
з тысячы, а цяпер давай сто з воласці, а ў осені яшчэ можа дзвесце ці триста захочэ, бо цар са сваімі маскалямі не падужае мужыкоў, што падняліся ў Польшчы, i не падолее Пранцуза, што за Польшчу ўступіўся. У Польшчы мужыкі таксама, як i мы, спадзяялісь на цара да ждалі волі ад няго да як пабачылі, што цар толькі лёстачкамі душу вымае, а новымі падаткамі, некрутам да чыншамі астатню сарочку з ніх здзерці хочэ, от усі разам з віламі да з косамі пайшлі дабівацца зямлі да праўды, а іншы і святой уніяцкай веры. От і дабілісь» [5, с. 38]. Для таго, хто ведае сапраўднае становішча рэчаў у той час, відавочна, што ў гэтым тэксце амаль ніводнае слова не адпавядае рэчаіснасці.
У сувязі з нацыянальна-дзяржаўнымі поглядамі В. К. Каліноўскага знаходзіцца праблема аўтарства іншага прапагандысцкага твора «Ліст ад Яські, гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай». Яе аўтар кажа аб сваёй прыналежнасці да польскай палітычнай нацыіі, разглядае Літву і Беларусь як часткі агульнай Польскай зямлі і будучай адроджанай дзяржавы: «Мы, што жывемо на зямлі Польскай, што ямо хлеб Польскі, мы, Палякі з вякоў вечных. Трэба, нарэшце, і нам прыйсці да таго розуму, што адно сілаю да й касою даб’ёмся справядлівай вольнасці і веры нашых дзядоў і прадзедаў» [12].
У сучаснікаў не выклікала сумненняў, што тэты твор належыць В. К. Каліноўскаму. Менавіта такой пазіцыі прытрымліваўся Я. Гейштар. С. Пісарскі у сваім каталогу піша, што тэкст «Ліста» правіў сам Каліноўскі. Не сумняюцца ў аўтарстве В. К. Каліноўскага А. Баршчэўскі, М. Міско. Аднак супраць такога меркавання выступілі некаторыя даследчыкі: А. Станкевіч, К. Канкалеўскі, А. Смірноў, Г. Кісялёў, М. Біч. У сваіх перакананнях яны абапіраюцца на два аргументы: на «Лісце» стаіць пячатка варшаўскага Нацыянальнага ўрада, і, галоўнае, В. К. Каліноўскі не мог выказваць такіх прапольскіх думак.
Тым не менш прапольскія настроі, асэнсаванне сябе часткай польскай палітычнай нацыі зусім не супярэчылі поглядам В. К. Каліноўскага. Афіцыйны расійскі гістарыёграф польскага паўстання генерал В. Ф. Ратч сведчыў: «Каліноўскі стаяў пільным вартаўніком інтарэсаў Літвы і адстойваў, каб сродкі і сілы Літвы
зусім не ішлі б на справу Царства Польскага» [5, с. 154]. Аднак той жа аўтар, на якога найчасцей спасылаюцца падчас абмеркавання нацыянальна-дзяржаўных поглядаў В. К. Каліноўскага, некалькі разоў падкрэслівае, што ў аснове «незалежніцкіх» поглядаў В. К. Каліноўскага палягалі не нацыянальныя, а выключна сацыяльна-рэвалюцыйныя погляды: «Ён зусім не хацеў перарабіць на новы лад старыя шляхецкія традыцыі, але хацеў зрабіць Літву, якую ён мог бы ператварыць з усеагульным ураўнаваннем правоў і станаў на новых асновах камуністычнай бязглуздзіцы, якую прапаведуе Герцэн і кампанія, знаходзячы нават, што галіцыйскай разні будзе замала, каб вызваліць народ ад усякага ўплыву шляхецтва, якога і наступнае пакаленне можа ўваскрасіць з часам дамаганні цяперашнія» [5, с. 153].