Паўстанне 1863-1864 гг. у Польшчы, Беларусі, Літве і Украіне
гісторыя і памяць
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 427с.
Мінск 2014
Праўда, адмена ваеннага становішча 21 мая 1866 г. спарадзіла надзею на магчымасць дыхнуць лягчэй. Але гэта была надзея 386
вельмі аддаленага часу, бо ва ўрадавых колах замацавалася меркаванне: «...несмотря на восстановление всюду спокойствия, жители польского происхождения (дворянство и духовенство) неблагонадежно к правительству. <„.> Это обязывает строгими и незамедлительными преследованиями, могущими проявиться как в польской партии, так и в крестьянской среде преступных замыслов <„.> уничтожать зло в самом начале <.„> удалять политически неблагонадежных, сохранять правила о секвестре и конфискации имущества, воспрещать католикам процессии без разрешения властей, оставить право за начальником края денежного штрафа на виновных в польской пропаганде, оставить в силе запрет на содержание оружия и т. д.» [23, арк. 1]. Адназначна на дэкларавалася, што «не должны ослабеть ни постоянные внимательные наблюдения за действием и благонадежностью местных жителей, ни строгость закона в наказании политических преступников, особенно за поляками» i да таго часу, пакуль «образованная здесь администрация из русских чиновников и возрождающаяся русская национальность приобретут необходимую твердость и достаточный перевес для успешного ведения борьбы с пришлым польским населением» [5, арк. 21].
Пасля фактычна поўнага захавання абмежавальных мерапрыемстваў пакацілася хваля дадатковых новаўвядзенняў. Яшчэ ў ліпені 1865 г. у запісцы аб «мяцежным становішчы ПаўночнаЗаходняга краю» генерал Патапаў адзначаў: «...в настоящее время мятеж потушен, польская пропаганда в Литовской Руси не умерла и требует мер радикальных, придав им форму правительственной системы» [26, с. 21]. Хаця перасцярогі ўрада наконт нядобранадзейнасці мясцовага насельніцтва не выглядалі безпадстаўнымі, што аргументавалася шэрагам выпадкаў, напраўленых, на думку ўладаў, супраць Расійскай імперыі. Напрыклад, у сувязі з пабегам з Гродзенскай турмы палітычнага арыштанта, тэлеграфіста Ферсбера (жыхар Царства Польскага), быў праведзены вобыск у наглядчыка турмы Маркіяновіча, якога падазравалі ў садзеянні. У доме знайшлі сшытак з яго вершамі на польскай і рускай мовах, пранікнутымі «польскім настроем»:
«Moskal nas bije / Маскаль нас б’е, Moskal gniecie / Маскаль гняце, Uciekajcie, bracie / Уцякайце, браты, Gdzie chcecie / Куды хочаце» [22, арк. 1].
У 1866 г. начальства Мінскай і Віленскай губерняў рапартавала аб трох здарэннях выканання рэвалюцыйнага гімна на набажэнстве, аб фіксацыі выпадкаў «фанатычнай дзейнасці» ксяндзоў у час споведзі вернікаў, у следстве чаго апошнія пакідалі касцёл раней чытання малітвы за імператарскі дом [25, с. 659]. У Гродзенскай губерні распаўсюджваліся чуткі пра тайныя грашовыя складкі на «жалезны капітал», а ў Варшаве на «благочинный». Па адной з адозваў тэты збор прызнаваўся паўсюдным «во всю длину и ширину Польши» і збіраўся па пятніцам ва ўсіх парафіях. Сустракалася таксама нашэнне жалобы, чорных крыжоў, шалікаў, чамарак і другіх эмблематычных выяваў [6, арк. 1, 7]. З’яўляліся звесткі i пра тайныя сходкі. Так, затрыманы Слонімскім спраўнікам селянін перавозіў ад свайго памешчыка сем лістоў на польскай мове і дзве недазволеныя цэнзурай кнігі на французскай мове з абведзенымі аўлоўкам старонкамі, пераклад якіх паказаў антырасійскі сэнс. Лісты прызначаліся ксяндзу Жалудокскага касцёла Ясінскаму, памешчыцам Яноўскай і Мікульскай. Са зместу лістоў вынікала інфармацыя аб правядзенні сходак у памешчыка Юрыя Пратасевіча, дзе чыталіся «вредные» кнігі [7, арк. 5].
Да антыўрадавых з’яў прыпісваліся розныя фінансавыя аперацыі па продажу, перапродажу маёнткаў мясцовымі ўладальнікамі, дзе значна завышаўся іх кошт, або меліся ўсемагчымыя абцяжарванні ў выглядзе дадатковых маёмасных кантрактаў: «...преднамеренно запутывают свои имения разными процессами контроверсами, контрактами и другими условиями самыми тягостными для хозяйства, как, например, отдают свои имения в аренду более чем на 12 лет, несмотря на то, что владение их имениями продолжится впредь лишь на 2 года, продают евреям леса, причем с умыслом делают такие условия, кои ведут явно к разорению имения» [1, с. 586]. У гэтым бачылася супрацьдзеянне дзяржаўнай палітыцы па засяленні беларуска-літоўскіх губерняў насельніцтвам з цэнтральных раёнаў Расійскай імперыі.
Увогуле, актывізацыю пратэстнай рэакцыі жыхароў беларускалітоўскага рэгіёну ў адзначаны час можна патлумачыць падзеямі ў Галіцыі, пры назначэнні яе намеснікам Агенора Галухоўскага аўстрыйскага палітычнага дзеяча польскага паходжання, што параджала надзеі на пэўную станоўчасць у вырашэнні польскага пытання. Самі ж урадавыя структуры спасылаліся на пралікі ніжэйшай адміністрацыі няправільнае разумение і выкананне распараджэнняў з цэнтру міравымі пасярэднікамі, членамі паверачных камісій, губернскіх па сялянскіх справах «присутствий» у шкоду інтарэсаў мясцовага дваранства; маральнае зневажанне жыхароў. Калі, напрыклад, замест прадпісання зняць з дарог і палёў крыжы «рэвалюцыйнага характару», у Мінскай губерні спраўнік загадаў зняць усе крыжы [25, с. 660].
Таму ў справаздачы Трэцяга аддзялення за другую палову 1860-х гг. вынікі «абрусення Заходняга краю» прызнаваліся зусім нікчэмнымі. Яны праявіліся толькі ў тым, што «крестьяне-католики обращаются в православие; что православные священники стали говорить по-русски, а жены некоторых из них, бывшие католички, обращены в православие» [25, с. 660].
Нязменнасць настойлівага характару насаджэння рускай мовы ў адзначаны перыяд пацвярджаюць спробы далучэння да рускай культуры нацыянальных меншасцяў беларуска-літоўскіх губерняў. Так, полацкі рабін, каб даказаць сваю добразычлівасць расійскаму трону, прапанаваў уладам свой праект па русіфікацыі яўрэйскага насельніцтва. У якасці аргумента правамернасці такіх крокаў ён зазначаў: «...в древние времена все Еврейскорелигиозные книги были писаны на господствующем языке края, где они находились, и ныне в заграничных землях, Евреи совершают даже молитву на господствующем их языке, и одно исключение бывает только Россия» [4, арк. 1]. Добра ведаючы традыцыі сваіх адзінаверцаў, рабін меркаваў далучыць іх да вывучэння рускай мовы праз забарону шлюбаў тым маладым людзям, якія пасля праходжання пэўнага курсу навучання, суразмернага з іх матэрыяльным станам, не мелі атэстата аб засваенні дзяржаўнай школьнай праграмы па рускай мове. Каб пазбегнуць гэтай перашкоды бацькі адразу б аддавалі дзяцей у вучылішчы, што спрыяла б масавай русіфікацыі краю.
Зразумела, ломка традыцыйнага ўкладу жыцця беларускалітоўскага рэгіёну не магла не выявіцца на адпаведнай рэакцыі насельніцтва. «Раздражительное настроение здешнего населения» ў сувязі з рэформамі каталіцкага касцёла, моўнай і школьнай палітыкай неаднаразова заўважала вышэйшае начальства [16, арк. 1]. Аднак, знаходзячыся ў цісках расійскага ўраду, грамадская думка і праявы раздражняльнасці знаходзілі сваё выражэнне пераважна ў сферы прыватнага (асабістага) жыцця праз пэўныя аднаактныя пратэсты і дэманстрацыі, часцей за ўсё на рэлігійнай глебе (парушэнне абраду праваслаўнай царквы, наведванне навярнуўшыміся праваслаўнымі касцёла, нараканні і зневажанні праваслаўнай веры і г. д.).
Напрыклад, адна выхаванка Беластоцкага інстытута высакародных дзяўчат была заўважана ў выплёўванні пасля ўдзелу ў службе прычасця. Як аказалася, так навучыла яе маці (полька), каб не здраджваць сваёй сапраўднай веры (каталіцтву) [9, арк. 1].
Некаторыя вернікі адмаўляліся выконваць хрысціянскія сакрамэнты па праваслаўным абрадзе. Так, сяляне вёскі Парозава не прыступалі да споведзі ў мясцовай царкве. На ўсе ўгаворы праваслаўнага святара яны адказвалі: «Пусть начальство даст нам бумагу, что мы имеем право исповедоваться у ксендза в Порозовском костеле, то мы все сейчас же отправимся к исповеди» [12, арк. 8].
Шэраг вернікаў, што перайшлі ў праваслаўе, працягвалі наведваць касцёлы і праваслаўныя святары прызнавалі, што нягледзячы на ўсемагчымыя старанні з іх боку, адвучыць не атрымоўвалася. У якасці выхаду ўлады знайшлі толькі сістэму грашовых спагнанняў. На што жыхары знаходзілі сваю процівагу, напрыклад, распаўсюджванне сярод праваслаўных чуткаў аб дазволе заходзіць у касцёл пасля царкоўнага набажэнства [8, арк. 17].
Найбольш пашыраны былі зневажальныя выказванні ў адрас праваслаўнай веры і адмаўленні прысутнічаць на набажэнствах за імператара і яго сям’ю. Сялянку Ваўкавыскага павета Агаф’ю Барысаву нават арыштавалі за асабліва дзёрзкія нараканні. Падчас малітвы ў Сепіршкоўскай праваслаўнай царкве народ пачаў
спяваць «Ойча наш» па-польску, на забарону гэта рабіць, сялянка заявіла: «Чтобы Государю добра не было, что запрещает петь по-польски, а требует по-русски» [18, арк. 2]. Таксама яна называла праваслаўную веру сабачай і прасіла, каб гром забіў пара за закрыццё касцёлаў.
А сяляне мястэчка Картуз-Бярозы на просьбу ваеннага начальніка спыніць гаспадарчую працу ў час урачыстага набажэнства за жыццё імператара запярэчылі: «Пропадите вы все со своею церковью, у нас царя нет и праздника нет <„.> как же нам идти в церковь, когда мы по-русски не умеем молиться Богу» [14, арк. 1].
Вышэй апісаныя выпадкі адназначна адносіліся расійскай адміністрацыяй да доказу «существующей еще католической пропаганды». Відавочна, такое адценне не патрабавала пранікнення ў сутнасць здарэнняў i выступала пацвярджэннем жывучасці ўплыву падзей 1863-1864 гг. на беларуска-літоўскіх землях. У вылучанай плоскасці існавала нават спецыяльная катэгорыя палітычных правінаў (вылучана аўтарам. А. Ф.) «касающиеся Православной веры и за распространение нелепых и вредных слухов». Па ёй у 1866 г. у Ваўкавыскім павеце пад арыштам знаходзілася 12 чалавек (11 сялян, 1 аднадворца) за спакушэнне сялян перайсці з праваслаўя ў каталіцызм, за хрышчэнне ксяндзом дзіцяці ад праваслаўнай маці, за асуджэнне тых, хто прыняў праваслаўе, за кляцьбу праваслаўя, знаходжанне з польскім малітоўнікам у царкве [10, арк. 25].
У сваю чаргу, адначасова ў катэгорыю антыўрадавай дзейнасці ўключалася псаванне партрэтаў імператара, пропаведзі ксяндзоў, што не прайшлі цэнзуру, адкрытыя выказванні «антырасійскага» характару. Так, селяніна Марціна Казлоўскага і мяшчаніна Вікенція Шкварку арыштавалі за праколванне нажом вачэй на імператарскім партрэце, але паколькі яны былі непаўнагадовымі, выпусцілі з вытлумачэннем супрацьзаконнасці іх паводзінаў [13, арк. 12].