• Газеты, часопісы і г.д.
  • Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна  Артур Зельскі

    Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна

    Артур Зельскі

    Памер: 147с.
    Мінск 2004
    48.88 МБ
    Можна пагадзіцца з думкай Н. Ю. Ламоўры [61, с. 89] аб тым, што ўсе дзеянні Мітрыдата па стварэнню Пантыйскай дзяржавы былі прадуманыя і планамерныя. Мітрыдат добра разумеў усю небяспеку і сур’ёзнасць сутыкнення з Рымам, і таму ўсімі сродкамі стараўся адцягнуць канфлікт, спакваля рыхтуючыся да яго, набіраючы моц, умацоўваючы свой аўтарытэт і свае пазіцыі ў суседніх краінах. А тое, што ён намацваў магчымасці захопу той ці іншай краіны і ўмеў у час адысці перад рымлянамі пры сум
    51
    ніўнасці поспеху, безумоўна, паказвае не на яго слабасць, а наадварот, на дальнабачнасць, асцярожнасць і цярплівасць у чаканні сітуацыі, спрыяльнай для рэалізацыі планаў.
    Тым часам рымскія паслы ў Азіі імкнуліся справакаваць вайну. Яны настойвалі на адкрыцці Нікамедам IV у Віфініі і Арыёбарзанам I у Кападокіі ваенных дзеянняў супраць Мітрыдата. Але тыя вагаліся, баючыся распачынаць вайну. Тады Маній Аквілій націснуў на Нікамеда, які быў вінен велізарныя сумы грошай рымскім паслам, военачальнікам і ліхвярам. Віфінія пачала вайну (восень 89 г. да н. э.). Былі перакрыты пралівы і перарэзаны марскія шляхі. Віфінскае войска ўварвалася ў пантыйскую Пафлагонію і спустошыла гэтыя землі аж да г. Амастрыі (Арр., Mithr., 11, 12; Just., XXXVIII, 4, 2; Sall., VI, 10; Flor., I, 40,3). Але нават пасля гэтага Мітрыдат спрабаваў захаваць мір. Замест таго, каб выцесніць віфінцаў за межы сваіх уладанняў, Мітрыдат праз свайго пасла Пелапіда звярнуўся са скаргай да рымскіх военачальнікаў і паслоў на беззаконныя дзеянні Нікамеда. Даследчык Б. Макджынг таксама бачыць у дзейнасці Пелапіда спробу прадухіліць непазбежную вайну [169, р. 80—81].
    Пелапід нагадаў, што Мітрыдат — сябра і саюзнік Рыма, нягледзячы на тыя ранейшыя крыўды, што нанеслі яму рымляне, і таму прасіў, каб рымскія паслы дапамаглі цару абараніцца ад Нікамеда (Арр., Mithr., 12). Прадстаўнікі цара Нікамеда запярэчылі, што Мітрыдат сам імкнецца да вайны, прыводзячы як доказы тэрытарыяльны рост Пантыйскай дзяржавы за апошнія дзесяцігоддзі, а таксама сваяцкія і дыпламатычныя сувязі Мітрыдата з Арменіяй, Сірыяй, Егіптам і Фінікіяй (Арр., Mithr., 13). У адказ Пелапід звярнуў увагу на тое, што гаворка ідзе не аб ранейшых тэрытарыяльных спрэчках, а аб канкрэтных фактах рабаўніцтва зямель Пантыйскага царства. Прапанова Пелапіда, каб Мітрыдату дапамаглі вырашыць канфлікт ці каб дазволілі яму абараняцца ўласнымі сіламі, не падтрымліваючы ні Нікамеда, ні Мітрыдата, была адхілена. Рымляне заявілі, што не пацерпяць, калі супраць Нікамеда будзе развязана вайна. Апіян падкрэслівае (Арр., Mithr., 14), што «рымскія военачальнікі даўно ўжо вырашылі дапамагчы Нікамеду, і слухалі гэтыя спрэчкі зза прытворства». Як слушна адзначае Т. Момзен, што ў адносінах да Мітрыдата Рым прымяніў тую ж палітыку, як і да Карфагена: «Рым нацкоўваў сваю зграю супраць загадзя асуджанай ахвяры, адмаўляючы апошняй абараняцца» [172, s. 282]. Пантыйскае царства Мітрыдата было галоўнай перашкодай для далейшай аг
    52
    рэсіі рымлян на Усход, а дамаганні Рыма ў Малой Азіі стваралі пастаянную пагрозу ўладанням Понта, таму сутыкненне дзвюх сіл стала непазбежным.
    У адказ на гэта Мітрыдат скіраваў свайго сына Арыярата з войскам у Кападокію. Арыёбарзан быў вымушаны ўцякаць з краіны. Разам з тым Мітрыдат зноў накіроўвае да рымлян Пелапіда, спадзеючыся захаваць мір.
    Тут мае цікавасць прамова Пелапіда на апошняй сустрэчы з рымскімі пасламі, якую прыводзіць Апіян (Арр., Mithr., 15). Дакараючы рымлян у несправядлівых адносінах да Мітрыдата, Пелапід пасля перайшоў да пагроз, спрабуючы давесці рымскім паслам, наколькі моцны Мітрыдат і як небяспечна ўступаць з ім у вайну, не маючы на гэтую акцыю нават згоды рымскага сената. Зразумела, мы не ведаем, ці сапраўдную прамову Пелапіда перадае Апіян. Але можна быць упэўненым, што асноўны сэнс пазіцый бакоў падчас перагавораў выкладзены дакладна. Як мяркуе Н. Ю. Ламоўры, у Рым паступіла справаздача аб перагаворах і дзеяннях Манія Аквілія, і Апіян мог скарыстаць яе, вядома, некалькі пераапрацаваўшы і, верагодна, дадаўшы з іншых крыніц [61, с. 95]. Зразумела, прамова Пелапіда, у трактоўцы Апіяна, нават калі яна і сапраўдная, не ўся вартая даверу. Відавочна, што Пелапід перабольшыў колькасць саюзнікаў Мітрыдата. Так, напрыклад, няма ніякіх падстаў лічыць саюзнікам Понта парфянскага цара. Праўда, цар быў пакрыўджаны паводзінамі Сулы пад час яго сустрэчы з парфянскім паслом, але гэта зусім не значыць, што ён стаў саюзнікам Мітрыдата. Невядома нічога канкрэтнага і адносна дапамогі Мітрыдату VI з боку цароў Егіпта і Сірыі. Верагодна, Мітрыдат вёў перагаворы, але аб удзеле апошніх у вайне крыніцы нічога не гавораць. Гэтыя дзяржавы эліністычнага свету не ўяўлялі небяспекі для рымскіх заваёў на Усходзе.
    Аднак пагрозы Пелапіда не напалохалі рымлян. Імперыялістычная палітыка Рыма, як лічыць А. Б. Рановіч, была заканамерным развіццём рымскага рабаўладальніцкага грамадства, a дзяржава Мітрыдата з’яўлялася адзінай значнай перашкодай на шляху рымскай экспансіі на Усход, адзінай дзяржавай, у якой знайшоў сваю апору эліністычны свет у барацьбе з Рымам [96, с. 24; 97, с. 165]. Больш таго, вайна была складаючай часткай рымскага вобразу жыцця і вельмі прыбытковай справай [140, р. 18, 20; 157, р. 2, 4, 11; 188, s. 118, 120, 384]. Як зазначае М. Растоўцаў, Рым рухаўся этап за этапам, паглынаючы дзяржавы і краіны цывілізаванага свету [99, с. 114], Але нельга пага
    53
    дзіцца, што гэты рух Рыма быў абумоўлены «дзейснай абаронай і аховай грэкалацінскага культурнага свету ад знешняга ўздзеяння» [99, с. 115]. Мэты Рыма былі больш простыя — пашырэнне падуладнай тэрыторыі, каб мець магчымасць атрымліваць больш матэрыяльных багаццяў. Таму адказ рымскага пасольства быў такі, якога можна было чакаць. Рымляне загадалі Мітрыдату пры ўсіх абставінах устрымацца ад вайны з Віфініяй і Кападокіяй. Перагаворы зайшлі ў тупік. Пелапід пад канвоем быў адпраўлены назад у Понт. Ішоў канец 89 г. да н. э. — першы год 173й алімпіяды (Арр., Mithr., 17).
    Аб адказнасці за пачатак вайны няма адзінай думкі. Так, С. Кляйн, Я. Усінг лічаць, што вінаваты Мітрыдат, а сенат аб’явіў вайну толькі ў адказ [161, s. 339; 196, s. 59]. В. Друман таксама ўскладае віну на Мітрыдата, падкрэсліваючы, што той скарыстаў цяжкасці Рыма ў вайне з італікамі, пры гэтым, аднак, адзначаючы правакацыйныя паводзіны рымскага пасольства [150, s. 440, 442—443]. Гэтую ж думку падзяляе Ц. Ф. Мілат [171, р. 90]. Я. Крамаер таксама гаворыць, што Мітрыдат скарыстаў унутраны крызіс у Італіі [199, s. 308—309]. У супрацьлегласць ім Т. Рэйнак, Г. Ферэра гавораць аб адказнасці рымскага пасольства за развязванне вайны [182, р. 119; 153, р. 106]. Арыгінальную думку выказвае Т. Момзен: «хаця ні рымскі сенат, ні цар Мітрыдат, ні цар Нікамед не жадалі разрыву, Маній Аквілій жадаў яго, і вайна пачалася» [172, s. 283]. Ці разумеў Маній Аквілій, што вайна з Пантыйскім царствам, якую ён распачынае, гэта не вайна з рабамі на Сіцыліі. Відавочна, што не. Наўрад ці ён і іншыя рымскія военачальнікі рэальна ацэньвалі сілы і магчымасці Мітрыдата. Верагодна, на іх рашэнне паўплывала тая лёгкасць, з якою былі адноўлены Нікамед і Арыёбарзан на тронах Віфініі і Кападокіі.
    Такім чынам рымляне самі развязалі вайну на Усходзе, напаўшы на Мітрыдата. 3 іх боку вайна насіла ярка выяўлены агрэсіўны характар. Для Пантыйскага царства спачатку вайна была абарончай. Пантыйскія салдаты біліся не толькі за інтарэсы Мітрыдата, але і «pro aris et focis» — «за алтары і агмяні». I пакуль Мітрыдат не пачаў захопліваць новыя землі, вайна з боку Пантыйскай дзяржавы насіла справядлівы характар.
    РАЗДЗЕЛ 3
    ДЗЕЯННІ ПОНТА I РЫМА НА ПЕРШЫМ ЭТАПЕ ВАЙНЫ (89—86 гг. да н. э.)
    Апіян падкрэслівае (Mithr., 17), што рымскія паслы давялі справу да вайны, не чакаючы рашэння сената ці народнага сходу. Адзначым, што момант для Рыма быў зусім нязручны. Пры тых ваенных і фінансавых цяжкасцях, што адчуваў Рым у сувязі з Саюзніцкай вайной, рымскія легіёны маглі з’явіцца ў правінцыі Азія не раней як летам 88 г. да н. э. Mae рацыю Т. Момзен у тым, што Аквілій давёў справу да разрыву адносін, зыходзячы са сваіх уласных інтарэсаў [172, s. 283].
    На аснове сведчанняў антычных аўтараў мы можам меркаваць пра магчымыя стратэгічныя задумы рымлян: стаўшы трыма асобнымі групоўкамі, нанесці ўдары па Кападокіі і Понту, прымусіць Мітрыдата да капітуляцыі. Калі нешта не атрымаецца, то можна было б утрымліваць пазіцыі, каб не дапусціць пантыйскіх войскаў у Азію і, дачакаўшыся прыбыцця легіёнаў з Італіі, разбіць непрыяцеля.
    Рымскія войскі сталі трыма лагерамі: Луцый Касій стаў лагерам у сярэдзіне Віфініі і Галатыі, Маній Аквілій заняў пазіцыі на мяжы Віфініі з Понтам — там, дзе Мітрыдату быў найбольш лёгкі шлях для ўварвання ў Віфінію. Другі военачальнік, Опій, прыкрываў межы Кападокіі. Кожны з іх меў па 4 тыс. коннікаў і пяхоты каля 40 тыс. На моры падтрымлівала сухапутныя сілы і ахоўвала ўваход у пралівы рымская эскадра на чале з Мінуцыем Руфам і Гаем Папіліем. Яе базай была гавань Візантыя. Разам з рымлянамі дзейнічала войска віфінскага цара Нікамеда, пад камандаваннем якога было каля 50 тыс. пяхоты і 6 тыс. конніцы (Арр., Mithr., 17). Баяздольнасць гэтых войскаў не магла быць значнай. Гісторык Я. Крамаер слушна называе іх «die Miliz» — апалчэнне [198, s. 128]. Толькі рымскія войскі ўяўлялі сілу, але шмат іх быць не магло ў сувязі з падзеямі Саюзніцкай вайны.
    Мітрыдат да вайны змог падрыхтаваць 250 тыс. пяхоты і 40 тыс. конніцы. Дапаможныя войскі, каля 10 тыс. коннікаў, прывёў з Малой Арменіі яе намеснік Аркафій (сын цара Мітрыдата), военачальнік Кратэр — 130 баявых калясніц і невядомую колькасць — Дарылай. На моры дзейнічаў флот, які налічваў 300 баявых суднаў з крытай палубай і 100 бірэм. Галоўнае кіраўніц
    55
    тва ўсёй арміяй ажыццяўляў сам цар. Ён жа непасрэдна камандаваў большай часткай войска. Асобнымі войскамі камандавалі военачальнікі Мітрыдата, браты Архелай і Неапталем, фаланга была ў падпарадкаванні Дарылая (Арр., Mithr., 17). Па баяздольнасці пантыйскія войскі пераўзыходзілі праціўніка. Нельга пагадзіцца са сцвярджэннем, што пантыйцы не валодалі ні мужнасцю, ні характарам, уласцівым рымскім легіянерам [143, р. 149]. Калі пантыйцы і саступалі ўласна рымскім войскам, то толькі ў вывучцы і дысцыплінаванасці.