Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна
Артур Зельскі
Памер: 147с.
Мінск 2004
Большасць гісторыкаў схільна верыць вышэйпрыведзеным лічбам [40, с. 77; 58, с. 86; 61, с. 97; 74, с. 508; 79, с. 101; 153, р. 107; 158, р. 414; 167, s. 323; 182, р. 121 — 122; 184, р. 92]. Аднак трэба думаць, што колькасць войскаў яўна перабольшана Апіянам (асабліва войскаў Мітрыдата), але ў цэлым адпавядае магчымай расстаноўцы сіл. На карысць гэтага ёсць дадзеныя Мемнона (XXXI, 1), які дае меншую лічбу колькасці войскаў Мітрыдата — 200 тыс. чалавек і паведамляе, што з іх стратэгу Архелаю падначальвалася 40 тыс. пяхоты і 10 тыс. конніцы.
Дарэчы, па падліках гісторыка Я. А. Молева, на ўтрыманне арміі ў 200 тыс. чалавек патрабавалася ад 22 да 33 талантаў штодня. Толькі на аплату 80тысячнай арміі Дарылая, сабранай напрыканцы вайны, штодня патрабавалася ад 9 да 13 талантаў (лічачы аплату кожнага гапліта ад 4 аболаў да 1 драхмы штодня) [73, с. 62]. Просты падлік паказвае, што тыя 200 талантаў даніны, якія Мітрыдат атрымліваў з Баспора штогод, маглі быць выдаткаваны за 20 дзён. Усё гэта ўскосна пацвярджае большую праўдзівасць дадзеных Мемнона.
Антычныя аўтары нічога не паведамляюць пра планы Мітрыдата, але, калі зыходзіць з логікі развіцця далейшых падзей, яны маглі быць наступнымі. Напэўна, даведаўшыся аб месцах размяшчэння войскаў непрыяцеля ад сваіх разведчыкаў [100, с. 7], Мітрыдат вырашыў нанесці ўдар першым і разбіць непрыяцеля паасобку. Можна меркаваць, што некаторую частку сіл цар пакінуў у гарнізонах і для прыкрыцця межаў ад магчымага ўварвання варожых войскаў. Як паведамляе Мемнон (XXXI, 1), асноўная групоўка пантыйскіх войскаў знаходзілася каля г. Амасія, чакаючы прыбыцця саюзнікаў. Падзеі хутка разгарнуліся такім чынам, што першая ж бітва цалкам зблытала ўсе планы рымлян, а пантыйцам прынесла бліскучую перамогу.
У пачатку вясны 88 г. да н. э. войскі віфінскага цара Нікамеда і авангард пантыйцаў на чале з Архелаем сустрэліся на адным з пры
56
токаў памежнай ракі Галіс, Амняёне (сучасны Тэш Кепры) [174, р. 124], у вобласці Даманітыда (Strabo, XII, 3, 40). Поле бітвы ўяўляла шырокую раўніну, толькі ў адным месцы знаходзіўся скалісты ўзгорак; непадалёк працякала рака Амняён (Арр., Mithr., 18).
Армія віфінцаў налічвала 50 тыс. пяхоты і 6 тыс. конніцы. ТТТто тычыцца колькасці авангарда пантыйскай арміі, то тут ёсць пэўныя разыходжанні. Згодна з Мемнонам (XXXI, 1) — 40 тыс. пяхоты і 10 тыс. конніцы. Апіян (Mithr., 18) аб колькасці не гаворыць, паведамляючы толькі, што Архелай і Неапталем, якія ўзначальвалі войска, мелі толькі лёгкаўзброеных воінаў, 10 тыс. коннікаў на чале з царэвічам Аркафіем і баявыя калясніцы. Гэта пацвярджае дадзеныя Мемнона аб колькасці конніцы ў войску пантыйцаў. Але Апіян (Mithr., 19) дадае таксама, што армія Нікамеда значна колькасна пераўзыходзіла пантыйскае войска. Зыходзячы з апісання бітвы, якое пакінуў Апіян, у ёй мы можам выдзеліць тры лагічныя этапы.
Першы этап бою (мал. 3.1). Каб віфінцы, якія колькасна пераважалі, не абышлі з левага фланга, Неапталем накіраваў невялікі атрад на скалісты ўзгорак, каб той замацаваўся на ім. Такім чынам флангі пантыйскіх войскаў былі прыкрыты з правага боку ракой, з левага — узгоркам. Мабыць, пантыйскія военачальнікі меркавалі пратрымацца да падыходу галоўных сіл (за авангардам ішла фаланга), а затым даць рашаючы бой.
Аднак, верагодна, бачачы сваю перавагу, Нікамед вырашыў знішчыць спачатку перадавыя войскі пантыйцаў, а пасля альбо рушыць наперад, альбо замацавацца ў лагеры. Віфінцы перайшлі ў наступ і моцным ударам скінулі з узгорка пантыйскі атрад. Калі Неапталем убачыў гэта, то ён, баючыся флангавага ўдару, a таксама акружэння, імкліва кінуўся сваім на дапамогу. Разам з ім віфінцаў атакавала і конніца Аркафія. Заўважыўшы гэты манеўр пантыйцаў, Нікамед кінуў супраць іх свае асноўныя сілы. Каля ўзгорка адбыўся бой з «вялікім кровапраліццём» (Арр., Mithr., 18). Карыстаючыся перавагай у сілах, войска Нікамеда пачало пераадольваць.
Другі этап бою (мал. 3.1). Пантыйцы, не вытрымаўшы націску, пачалі адыходзіць і нават месцамі бегчы з поля бою. Віфінцы пераследвалі адступаючага праціўніка. Аднак пры гэтым яны неасцярожна адкрылі свой левы фланг, што і скарыстаў Архелай. Ён ударыў па флангу войска Нікамеда і прымусіў яго разгарнуцца супраць сваіх атрадаў. Прыняўшы бой, Архелай пачаў паціху адыходзіць і, стрымліваючы націск ворага, даў час, каб Неапталем і Аркафій змаглі спыніць сваіх адыходзячых і бягучых воінаў.
57
Віфінцы
Конніца
Пяхота Лёгкая пяхота Баявыя калясніцы
Пантыйцы
Мал. 3.1. Бітва на р. Амняён (88 г. да н. э.)
58
Трэці этап бою (мал. 3.1). Калі Архелай заўважыў, што правы фланг пантыйцаў спыніўся і перастроіўся, ён перайшоў у наступ і кінуў у бой баявыя калясніцы. Іх удар быў страшэнны. Косы рассякалі віфінскіх салдат на часткі. Віфінцаў ахапіла паніка, і яны змяшалі свой баявы парадак. Тут іх імкліва атакаваў з фронту Архелай, а з левага фланга і тылу — атрады Неапталема і конніца Аркафія, якія таксама перастроіліся і перайшлі ў наступ. Лёс віфінскай арміі быў вырашаны. Змяшаўшыся, яна яшчэ некаторы час абаранялася, але калі большая частка акружаных была знішчана, а Нікамед з невялікім атрадам уцёк з поля бою, віфінскія салдаты пачалі здавацца ў палон. Падышоўшай фаланзе Мітрыдата так і не давялося ўступіць у бой (Арр., Mithr., 18).
У якасці трафеяў пераможцам дастаўся лагер Нікамеда з вялікай колькасцю палонных. Іх усіх Мітрыдат вызваліў, стварыўшы сабе гэтым самым сярод ворагаў славу цара літасцівага і міласэрнага (Арр., Mithr., 18).
Бітва на рацэ Амняён мае свае асаблівасці: 1) па характару бітва была сустрэчная. Пантыйскі авангард амаль адразу з марша пайшоў у бой. Віфінцы ж мелі лагер, значыць у іх была магчымасць падрыхтавацца да бою; 2) пад час бою віфінцы былі прымушаны манеўрамі пантыйскіх войскаў увесь час перастройвацца то супраць Неапталема, то супраць Архелая, губляючы час і несучы вялікія страты; 3) асноўныя сілы арміі Мітрыдата не прынялі ўдзелу ў баі. У бітве змагаліся толькі авангардныя часці пантыйцаў. Тут відавочна памыляецца С. Ю. Сапрыкін, калі кажа аб колькаснай перавазе пантыйцаў [102, с. 200]. Нават Апіян (Mithr., 19) падкрэслівае, што невялікае войска перамагло шматлікага праціўніка дзякуючы военачальнікам і сваёй мужнасці. Асаблівасцю з’яўляецца і тое, што Мітрыдат адпусціў ваеннапалонных дадому — зусім не характэрная для тых часоў з’ява. Зразумела, цар меў далёкі палітычны разлік. Дарэчы, Мітрыдат і далей на тэрыторыі Малой Азіі даваў ваеннапалонным свабоду (Арр., Mithr., 19). Гэтым ён змяншаў супраціўленне тых народаў і плямёнаў, чые тэрыторыі займала яго войска. Бітва на р. Амняён з’яўляецца ўзорам тактычнага майстэрства, умелага выкарыстання рэльефу мясцовасці, узаемадзеяння войскаў і кіраўніцтва боем.
Перамога ў бітве на Амняёне мела далёкаідучыя наступствы. Рымляне і іх саюзнікі апынуліся раз’яднанымі. Паражэнне моцна падзейнічала на баявы дух усіх рымскіх войскаў, асабліва набраных з мясцовых жыхароў. Выхапіўшы з рук рымлян стратэгічную ініцыятыву, пантыйцы навязвалі праціўніку баі, не даючы
59
яго войскам аб’яднацца. Пасля бітвы пантыйскія войскі, па сведчанні Страбона (XII, 3, 40) і Салюстыя (VI, 11), з ходу захапілі Віфінію і авалодалі Малой Азіяй аж да Карыі і Лікіі. «Імклівы націск», «уварванне», «нечаканы віхур Пантыйскай вайны» — так называюць рымскія гісторыкі баявыя дзеянні пантыйцаў у Малой Азіі (Eutrop., V, 3; Арр., Mithr., 20; Flor, I, 40, 5).
Нікамед, цар Віфініі, уцёк у лагер Манія Аквілія. Аднак пераканаўшыся ў яго няздольнасці супрацьстаяць пантыйцам, збег да Касія. Войскі Мітрыдата замацаваліся на гары Скароба [174, р. 138]. Пасля невялікіх сутычак конніцы, каля мястэчка Пахія, адбылася бітва паміж войскамі Неапталема і Немана (верагодна, аднаго з начальнікаў армянскай конніцы) з аднаго боку і Манія Аквілія з другога. Паводле Мемнона (XXXI, 2), пантыйскай арміяй у гэтай бітве камандаваў стратэг Мітрыдата Менафан. Аднак супярэчнасці тут толькі ўяўныя. У пантыйскай арміі кожны военачальнік камандаваў сваім войскам, атрадам, строгага падпарадкавання не існавала. Таму, верагодней за ўсё, і Неапталем, і Неман, і Менафан узялі ўдзел у бітве. Падрабязнасцей пра яе ні Апіян, ні Мемнон не даюць. Вядома толькі, што войска Аквілія, колькасць якога магла складаць каля 4 тыс. коннікаў і 40 тыс. пяхоты, паспрабавала незаўважна адысці ў Пергам, але было нагнана і разбіта ўшчэнт, страціўшы 10 тыс. забітымі і 300 палоннымі. Сам Маній Аквілій, кінуўшы лагер, збег у Пергам (Арр., Mithr., 19; Memn., XXXI, 2)."
Даведаўшыся аб паражэнні Манія, войска Касія адышло ў Ляонтакефалею, самае ўмацаванае месца ў Фрыгіі. Разам з ім былі Нікамед Віфінскі і іншыя рымскія паслы. Тут яны пачалі рыхтавацца да бою з Мітрыдатам. Аднак іх войскі, набраныя з рамеснікаў і земляробаў на падначаленых землях, баяздольнасцю не вызначаліся. Спробы новага набору салдат вынікаў не далі — звесткі аб перамогах Мітрыдата, яго літасці да пераможаных, a таксама ўвесь цяжар рымскага панавання прывялі да таго, што войска зусім не збіралася ваяваць супраць пантыйцаў. Тады Касій распусціў сваю армію і з невялікім атрадам рымлян адышоў у Апамею (Арр., Mithr., 19).
Тым часам флот Мітрыдата падышоў да праліваў у Понт Эўксінскі, авалодаў імі і захапіў караблі рымскай эскадры. Рымляне, якія камандавалі ёю, збеглі [172, s. 323]. Караблі Мітрыдата выйшлі ў Эгейскае мора. Адначасова саюзныя Мітрыдату фракійскія плямёны пачалі ўварванні ў Македонію і Эпір, спусташаючы ўладанні рымлян [74, с. 514; 115, с. 51]. Тут рымляне не здолелі
60
аказаць паспяховага супраціўлення і вымушаны былі пачаць працяглую барацьбу.
Паход пантыйскіх войскаў ператварыўся ў сапраўдны трыумф. Насельніцтва гарадоў Кападокіі і Пафлагоніі сустракала Мітрыдата з весялосцю (Just., XXXVIII, 3, 8). Войскі Мітрыдата падышлі да межаў рымскай правінцыі Азія. Тут у баявых дзеяннях наступіла невялікая паўза. Мітрыдат склікаў вайсковы сход і трымаў перад ім прамову. Гэтую прамову, спасылаючыся на Пампея Трога, перадаў Юстын (Just., XXXVIII, 4—7). Зразумела,той не мог яе чуць, аднак нейкія звесткі аб ёй маглі захавацца ў архіве Мітрыдата, захопленым рымлянамі напрыканцы III Пантыйскай вайны. У гэтай прамове Мітрыдат абвінаваціў рымлян у злачынствах супраць яго і яго дзяржавы, у правакацыйным развязванні вайны, у імкненні паняволіць усе народы і царствы. Падобныя ж абвінавачванні мы сустракаем і ў Салюстыя (VI, 17). Мітрыдат заклікаў ісці за ім у паход, на вызваленне Азіі ад прыгнёту рымлян, абяцаючы воінам скарбы Лідыі і Іоніі (Just., XXXVIII, 7, 7). Навошта спатрэбілася цару гэтая прамова? Пэўна, не толькі каб натхніць воінаў і даць ідэалагічнае абгрунтаванне вайне, што таксама было вельмі важна. Гэтай прамовай цар імкнуўся паказаць Рыму, што ён гатовы да перагавораў аб міры на яго, Мітрыдата, умовах. Але рымскае кіраўніцтва ніяк на гэта не адрэагавала.