Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна
Артур Зельскі
Памер: 147с.
Мінск 2004
Такім чынам было завершана стварэнне велізарнай дзяржавы, куды ўвайшло амаль усё ўзбярэжжа Понта Эўксінскага, што з’явілася ключавым этапам аб’яднання гэтых гарадоў і зямель у рамках адзінага дзяржаўнага арганізма [129, с. 223].
Тэрыторыя ўласна Понта складалася з Верхняй Кападокіі, часткі Пафлагоніі да горада Амастрыі на захадзе і паўднёвага ўзбярэжжа Понта Эўксінскага [174, s. 31]. Этнічны склад насельніцтва гэтых зямель быў стракаты. Багатыя і развітыя прыморскія гарады засялялі ў асноўным грэкі, у цэнтральнай частцы дзяржавы жылі кападакійцы, на захадзе — пафлагонцы, на ўсходзе, у раёне Фарнакіі, — халібы. Узровень сацыяльнаэканамічнага развіцця ўсіх гэтых народаў быў разнастайны. На вышэйшай ступені развіцця рабаўладальніцкага ладу стаялі толькі гарады ўзбярэжжа. Насельніцтва астатніх мясцін было адсталым.
34
Гэта тлумачыцца слабым развіццём эканомікі ўнутраных тэрыторый Понта, за выключэннем, магчыма, узбярэжжа, багатага радовішчамі жалеза каля Фарнакіі [10, с. 21—23].
Этнічная стракатасць уласна Пантыйскага царства стварала немалыя цяжкасці ў кіраванні для яго ўладароў. Аднак трэба памятаць, што дынастыя Мітрыдатыдаў не была тутэйшай [195, р. 104—106]. У гэтым была яе слабасць і сіла. Слабасць — бо не было этнічнай групы насельніцтва, на якую можна было абаперціся, і немагчыма было выдзеліць такую групу, не закрануўшы інтарэсаў іншых нацыянальнасцей. Сіла — бо Мітрыдатыды, як не тутэйшыя, адносіліся да ўсіх народаў большменш роўна, і гэта ўсіх цалкам задавальняла. Тую ж узважаную нацыянальную палітыку працягваў у сваёй шматэтнічнай дзяржаве і Мітрыдат Эўпатар. Больш таго, неабходнасць мець падтрымку шматлікіх народаў і плямёнаў прымусіла пантыйскага цара вывучыць іх мовы. Па звестках Плінія (N.H., XXV, 3), Мітрыдат размаўляў на мовах 22 народаў. Аўрэлій Віктар (LXXVI.1) кажа, што цар валодаў 50 мовамі.
Грэчаскія гарады на тэрыторыі Понта захавалі старыя органы самакіравання, але фактычна, цалкам, падпарадкоўваліся царскай уладзе, якую ажыццяўлялі царскія чыноўнікі [64, с. 182— 183]. Ужо ў II ст. да н. э. Сінопа робіцца асноўным цэнтрам гандлю на Понце Эўксінскім [132, с. 553]. Фактычна яшчэ да часоў Мітрыдата VI Понт стаў асноўным эканамічным цэнтрам усяго Прычарнамор’я [73, с. 23]. Гарады Понта не мелі ўласных узброеных сіл. У Амасіі, напрыклад, стаяў гарнізон на чале з фрурархам [61, с. 146]. Наконт астатніх гарадоў вядома, што ў ваенны час іх абарона даручалася не грамадзянскай міліцыі, а атрадам наймітаў, пераважна іншаземцаў. На думку М. I. Максімавай [64, с. 185—186], верагодна тое, што грэчаскія гарады, самі па сабе, не мелі ўласных узброеных сіл, ні сухапутных, ні марскіх, паколькі ў паведамленнях антычных аўтараў аб складзе пантыйскіх войскаў нідзе не ўзгадваюцца атрады з грэчаскіх гарадоў. Але, калі гэта і так, то зусім не выключана, што сацыяльныя нізы тых жа гарадоў служылі ў арміі Мітрыдата, але ўжо ў якасці наймітаў, як і прадстаўнікі іншых народаў і плямёнаў.
Як слушна заўважае Я. А. Молеў [73, с. 67], наёмных салдат неабходна было ўтрымліваць, карміць, плаціць ім грошы, узброіць іх. Сродкі для гэтага Мітрыдат павінен быў мець раней, перш чым набіраць шматлікія кантынгенты. Прычыну шырокага ўдзелу тых жа «варвараў» у войнах Понта з Рымам даследчык бачыць у тым, што дзякуючы сваім прыбыткам пантыйскі цар мог на
35
біраць і ўтрымліваць вялікую колькасць наймітаў. Сапраўды, вайна складала вобраз жыцця тагачасных «варварскіх» плямёнаў, і таму пасылка атрадаў у пантыйскае войска не была чымсьці абцяжарваючым [43, с. 45—46]. Плацілі б грошы, якія, як вядома, нерв любой вайны.
Гаворачы аб фінансах Пантыйскай дзяржавы, мы не будзем закранаць эканамічнага боку фінансавай палітыкі Мітрыдата і яго папярэднікаў. Тут нас цікавяць крыніцы пакрыцця шматлікіх ваенных расходаў. Толькі цары Понта мелі прэрагатыву чаканкі манет з золата і срэбра [168, р. 93—94]. Пры гэтым такія буйныя цэнтры як Сінопа і Аміс, што раней на працягу стагоддзяў мелі свае грошы, згубілі права эмісіі манет з высакародных металаў. Ім пакінулі толькі права выпуску меднай манеты [26, с. 130—131]. Тыпы манет, выпускаемых гарадамі, былі уніфікаваны. Гэтым самым цары ставілі ўсе грэчаскія гарады ў аднолькавае становішча з іншымі населенымі пунктамі царства. Гэта садзейнічала знішчэнню тэрытарыяльных межаў гарадоўдзяржаў, якія, у пэўнай ступені, уліваліся ў склад дзяржавы Мітрыдатыдаў [34, с. 603—604; 61, с. 148; 64, с. 189]. Фінансавыя рэформы мелі і палітычныя мэты. Увядзенне адзінага, разам з Віфініяй, летазлічэння, садзейнічала не толькі эканамічным зносінам. Гэтае мерапрыемства служыла мэтам Мітрыдата V Эвергета, а пасля і Мітрыдата VI Эўпатара ў справе пераўтварэння абласцей Понта Эўксінскага ў адзінае палітыкаэканамічнае цэлае [82, с. 68; 44, с. 575]. У Баспорскім царстве, калі яно ўвайшло ў склад дзяржавы Мітрыдата, была прынята пантыйская эра [82, с. 42]. Залатыя статэры заходнепантыйскіх гарадоў чаканіліся не па атычнай, а па пантыйскай вазе [14, с. 197]. Можна меркаваць, што і ў астатніх абласцях Понта адбылося тое ж самае. Усё гэта разам сканцэнтроўвала ў руках цара ўвесь кантроль за эканамічным жыццём дзяржавы. Большая частка прыбыткаў складалася з прамых і ўскосных падаткаў. Трэба думаць, што ў найбольш аддаленых частках дзяржавы, як Баспор і Калхіда, збор падаткаў у выглядзе даніны ажыццяўлялі намеснікі цара альбо пасланыя кіраўнікі. Мы ўжо казалі пра грашовую даніну з Баспора ў 200 талантаў срэбра. Відавочна, што і іншыя краіны і вобласці плацілі пэўную даніну.
Адной з асноўных крыніц прыбыткаў, што папаўнялі дзяржаўную скарбніцу, з’яўляліся прыбыткі з гандлю. Магутным фактарам у развіцці эканомікі Усходняга Міжземнамор’я з’яўляўся ўсходні гандаль. Яшчэ ў часы Селеўкідаў транспартная гаспадарка (дарогі, масты) у Малой Азіі была ўдасканалена. Гарады былі вуз
36
лавымі пунктамі транзітнага гандлю [49, с. 189, 191; 53, с. 216— 217]. Па меры пашырэння сваёй дзяржавы пантыйскі цар меў з яго ўсёўзрастаючыя зборы. Найбольш прыбытковым быў марскі гандаль. Тут галоўную ролю выконвалі прыморскія гарады, у першую чаргу Сінопа, Аміс, Фарнакія, Гераклея, Трапезунд. He выключана, што менавіта гарадскія магістраты сачылі за зборам падаткаў для цара і ажыццяўлялі іх выплату [61, с. 158].
Існуе меркаванне, што асноўнай крыніцай даходаў Мітрыдата былі яго паспяховыя войны [61, с. 158—159; 141, s. 309]. Аднак, як слушна заўважыў Я. А. Молеў [73, с. 67], гэта магло быць толькі ў перыяд захопу Пергама. Сапраўды, наўрад ці былі захоплены вялікія скарбы пры заваёве Калхіды і Баспора. Здабыча са Скіфіі, улічваючы вобраз жыцця скіфаў, павінна была выглядаць яшчэ больш сціпла, хіба што пантыйцам прыйшла ў галаву думка пашукаць золата ў курганах.
Таму зусім натуральна, што пантыйскую скарбніцу папаўнялі большай часткай падаткі, асабліва ўскосныя, звязаныя з марскім гандлем, якія выплочвалі антычныя гарады чарнаморскага ўзбярэжжа. Багатая скарбніца дазваляла пантыйскім царам траціць вялікія сумы на будаўніцтва палацаў, храмаў, крэпасцей, на подкуп рымскага сената, на ўтрыманне войска.
Нам невядома, па якім прынцыпе адбываўся набор у армію ў самім Понце. Можна меркаваць, што пэўная частка арміі Мітрыдата вербавалася ў самім Понце з жыхароў сельскай мясцовасці і, верагодна, таксама з гараджан. Грэчаскія гарады Понта былі абавязаны даваць цару пэўную колькасць салдат, што пасля выкарыстоўваліся ў выглядзе гарнізонаў, але не ў тых гарадах, дзе склаўся пэўны атрад, а ў іншых пунктах [61, с. 161].
Асноўную масу пантыйскай арміі складалі наёмныя атрады. Ва ўсякім разе яшчэ з часоў Мітрыдата V Эвергета вядома, якую значную ролю мелі наёмныя войскі для Понта. Дастаткова прыгадаць, што Дарылай вербаваў наймітаў у Грэцыі, Фракіі, на Крыце (Strab., X, 4, 10). Н. Ю. Ламоўры гаворыць, што асноўным ядром войскаў Мітрыдата былі наёмныя атрады, а не мясцовыя, не нацыянальныя пантыйскія войскі [61, с. 163]. He зусім зразумела, што лічыць гісторык нацыянальнымі войскамі, калі нават тэрыторыя ўласна Понта была заселена рознымі народамі і плямёнамі: кападакійцы, пафлагонцы, цібарэны, халібы, масінойхі, дрылы і інш. [64, с. 19—31, 118—144]. Камплектаванне арміі ішло па этнічным прынцыпе [102, с. 138; 182, р. 261, 262]. Нам падаецца, што статус наймітаў у пантыйскай арміі быў неаднолькавы.
37
Існавалі асобныя кантынгенты саюзнікаў: скіфаў, фракійцаў, армян, саўраматаў і інш. (Арр., Mithr., 13, 17, 19), якія выклікаліся да службы толькі перад пачаткам буйных ваенных дзеянняў і якія складалі монанацыянальныя атрады на чале са сваімі камандзірамі (Just., XXXVIII, 7, 3). Разам з гэтым ёсць звесткі аб асобных атрадах «медных шчытоў» (Plut., Sulla, XVI), якія, верагодна, былі адборнай часткай арміі, бо гледзячы з назвы, узбраенне яго было большменш аднатыпным.
Дадатковыя звесткі аб узброеных сілах дае эпіграфіка. Надпіс пад медальёнам Дарылая Малодшага, сына Філітэра, указвае на дзве яго пасады: 1. о еяі tod sy/eipiSiou і 2. reraypevog ent tgsv Suvapecov pacnZawv Mi9pa8arov Euxaiopot;. На думку H. Ю. Ламоўры [61, c. 152], гэтыя тэрміны адносяцца да разраду вайсковых званняў і перакладаюцца адпаведна: першы — як «начальнік кінжала», што трэба разумець як «начальнік над кінжаланосцамі» — начальнік асабістай аховы цара. Другі — як распарадчык ваенных сіл Мітрыдата Эўпатара. Т. Рэйнак [182, р. 56] разумеў яе як пасаду ваеннага міністра. Як лічыць Н. Ю. Ламоўры, [61, с. 154], не маюць рацыі тыя, хто бачыць у гэтым званні пасаду, блізкую да сучаснага начальніка штаба. Гэта ён абгрунтоўвае тым, што ў час I Пантыйскай вайны галоўнымі военачальнікамі Мітрыдата былі Архелай і Неапталем, а Дарылай нічым не вылучаўся сярод іншых военачальнікаў: ён на пачатку вайны прывёў дапаможныя войскі, а ў час вайны перадаў Архелаю камандаванне над прыведзенай у Эладу арміяй.
Аднак эпіграфічны дакумент адносіцца да 102/101 г. да н. э. Можна дапусціць, што на гэтай пасадзе — кіраўніка ваеннага камандавання — знаходзіўся ў той час Дарылай, а напярэдадні і ў час вайны яе займаў іншы военачальнік, магчыма, той жа Архелай. Але як бы там ні было, усе гэтыя дадзеныя гавораць аб існаванні ў пантыйскай арміі структуры накшталт галоўнага штаба, ці ваеннай рады. Тым больш, што вядома — вышэйшае камандаванне над арміяй меў сам цар Мітрыдат.