• Газеты, часопісы і г.д.
  • Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна  Артур Зельскі

    Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна

    Артур Зельскі

    Памер: 147с.
    Мінск 2004
    48.88 МБ
    Відавочна, што пасля няўдалага штурму рымляне адпачывалі. Архелай ноччу загадаў тэрмінова аднаўляць частку разбураных муроў. Акрамя гэтага ўнутры горада за праломам былі пабудаваны ўмацаванні ў выглядзе паўмесяца, канцы якіх былі звернуты да муроў. На наступны дзень Сула паспрабаваў аднавіць штурм, спадзеючыся, што муры яшчэ сырыя і слабыя. Разбурыўшы іх, рымляне ўварваліся ў пралом. Аднак тут яны апынуліся перад умацаваннямі. У вузкім месцы на рымлян абрынуліся ўдары зверху, з фронту і з флангаў, і тут яны вымушаны былі адступіць (Арр., Mithr., 37).
    Пасля гэтай няўдачы Сула, так і не здолеўшы авалодаць Пірэем, узяўся за Афіны. Як піша Плутарх, Сула даводзіў сабе да шаленства, ім авалодала неадольнае, амаль вар’яцкае жаданне ўзяць Афіны, бо ён столькі часу змагаўся з ценем колішняй славы горада (Plut., Sulla, XIII).
    Для канчатковай блакады Афін рымляне выкапалі вакол горада роў, каб ніхто не мог збегчы з горада і перарваць усялякае яго забеспячэнне. У Афінах пачаўся голад. Медымн пшаніцы каштаваў тысячу драхмаў. Людзі пачалі выварваць скуры жывёл і скураныя сандалі, збіралі рамонкі і елі іх, здараліся выпадкі канібалізму (Арр., Mithr., 38; Flor, I, 4,10; Plut., Sulla, XIII). Арыстыён паспрабаваў дамовіцца аб умовах капітуляцыі. Але калі паслы пачалі казаць Суле аб слаўным мінулым Афін, каб аблегчыць лёс горада, то Сула бязлітасна заявіў, што ён з’явіўся сюды не вучыцца, а караць
    81
    здраднікаў (Plut., Sulla, XIII). Арыстыён, ведаючы, які лёс яго чакае пры такіх умовах капітуляцыі, марудзіў з адказам.
    Тым часам здраднікі данеслі Суле, што частка муроў каля Гептахалка, каля Пірэйскай брамы ахоўваецца слаба (Sulla, Conm., 12). Сула асабіста пераканаўся ў гэтым, і ўначы пачаў штурм Афін. У сакавіцкія календы (1 сакавіка 86 г. да н. э.) горад быў узяты. Прыставіўшы да муроў лесвіцы, штурмавы атрад рымлян уварваўся ў горад. Сам Сула, зрыўшы муры паміж Пірэйскай і Свяшчэннай брамамі, увайшоў у горад апоўначы. У Афінах пачалося жахлівае і бязлітаснае вынішчэнне. He было літасці ні жанчынам, ні дзецям — легіянеры атрымалі ад Сулы загад забіваць і рабаваць. У Афінах адбылася сапраўдная разня: кроў заліла ўвесь Керамік па самую Двайную браму і, выцякаючы за яе, лілася па прадмесці. Шмат людзей скончыла жыццё самагубствам, не жадаючы трапіць у рымскае рабства (Арр., Mithr., 38; Plut., Sulla, XIV; Eutrop., V, 3; Vel. Pat., II, 23, 3; Paus., IX, 33, 6; X, 21, 6).
    Калі горад быў узяты, пачалася аблога Акропаля, куды ў час штурму ўцёк Арыстыён са сваімі паплечнікамі. Акропаль пратрымаўся немалы час, пакуль смага не прымусіла гарнізон капітуляваць. Арыстыён, усе афіцыйныя асобы Афін і тыя, каго рымляне вызначылі як здраднікаў, былі забіты (Арр., Mithr., 39; Plut., Sulla, XIV).
    У гневе Сула хацеў разбурыць Афіны дашчэнту, але яму запярэчылі рымскія сенатары (Plut., Sulla, XIV; Memn., XXXII, 1; Flor, I, 40, 10). Страбон дадае (IX, 1, 20), што Сула злітаваўся над горадам. Сапраўды, разня ў Афінах і ёсць тая спецыфічная форма рымскай літасці, асабліва калі прыгадаць лёс Карфагена і Карынфа, бязлітасна знішчаных рымлянамі. Сула задаволіўся тым, што абрабаваў горад, вывезшы каля 40 фунтаў золата і каля 600 фунтаў срэбра (Арр., Mithr., 39).
    Узяцце Афін было адзіным поспехам Сулы. Ён вёў вайну ўжо амаль год, а канца ёй відаць не было. Рымляне паранейшаму тапталіся каля Пірэя. Становішча пантыйцаў было крыху лепшым. Іх флот працягваў панаваць на Эгейскім моры. Заваёва Македоніі пераемнікам Аркафія, стратэгам Таксілам, была поўнасцю завершана ўзяццем Амфіопаля (Memn., XXXII, 2). Архелай трывала ўтрымліваў Пірэй.
    Без флоту для Сулы было зусім немагчыма не толькі падтрымліваць рэгулярную сувязь з Італіяй і забяспечваць падвоз падмацаванняў, але і авалодаць Пірэем, не кажучы аб Малой Азіі і астравах. Але горш за гэта былі для Сулы падзеі ў Рыме. Там уладу
    82
    зноў захапілі папуляры. Правячая групоўка адхіліла Сулу ад камандавання ўсходняй арміяй. Яму на змену быў прызначаны Луцый Валерый Флак, абраны консулам у 86 г. да н. э. (Арр., В. С., I, 6570). Трэба было чакаць прыбыцця яго арміі ў Грэцыю. Салдаты пакуль заставаліся адданымі Суле, які рабіў усё, каб падтрымаць у іх свой аўтарытэт. А таму ён паддобрываўся да салдат, занадта шчодра надзяляючы іх (Plut., Sulla, XII).
    Гісторык Т. Момзен заўважае [74, с. 518], што Мітрыдат сам пастараўся вызваліць свайго праціўніка з цяжкага становішча. Верагодна, ён быў незадаволены абарончай тактыкай сваіх палкаводцаў і паслаў ім загад адолець ворага самым рашучым чынам. Калі гэта так, то відавочна, што Мітрыдат дапусціў памылку, якая стала яшчэ адной прыступкай да пройгрышу вайны. Архелай, у сваю чаргу, лічыў мэтазгодным зацягваць ваенныя дзеянні, каб пакінуць войска Сулы без прыпасаў (Plut., Sulla, XII). Тактыка вельмі разумная, але Архелай падпарадкоўваўся цару і вымушаны быў ачысціць Пірэй спачатку часткова, а потым цалкам. Таксама Т. Момзен кажа [74, с. 519], што гэта адбылося не столькі пад націскам Сулы, колькі для выкананняў загадаў Мітрыдата. Але ці так гэта?
    Апіян (Mithr., 40) прама піша, што адразу пасля ўзяцця Афін, не чакаючы капітуляцыі Арыстыёна на Акропалі, рымляне пачалі новы штурм Пірэя. У бой Сула кінуў тараны, катапульты, стралкоў. Вялікая колькасць салдат пад прыкрыццём «чарапах» падкопвала муры порта. Вялікую шкоду пантыйцам наносілі балісты, якія выпускалі стрэлы і коп’і, паражаючы абаронцаў. Праз пралом і ўмацаванне ў выглядзе паўмесяца рымляне прарваліся ў горад. Прадбачлівы Архелай пабудаваў у горадзе шмат падобных умацаванняў, але націск рымлян быў вельмі моцным. Адчайны бой ішоў некалькі дзён, не заціхаючы і ўначы. Рымляне метадычна разбуралі ўсе ўмацаванні пантыйцаў і прасоўваліся наперад. Каб не несці дарэмных страт, Архелай загадаў адвесці войскі ў найбольш умацаваную прыморскую частку Пірэя, якую ўжо Сула пры адсутнасці караблёў узяць не мог.
    Можна пагадзіцца з думкай Г. Блоха і Дж. Каркапіна, што пасля падзення Афін Пірэй трымаўся яшчэ два тыдні [158, р. 421—422], Аднак пасля падзення Афін і абарона Пірэя губляла сэнс. Архелай, пасадзіўшы сваіх салдат на караблі, стаў з флотам непадалёк ад Афін. Сула, які ў рэшце рэпіт авалодаў Пірэем, загадаў разбурыць горад, спаліўшы ўсе будынкі, верфі, у тым ліку і знакаміты арсенал Філона (Арр., Mithr., 41; Plut, Sulla, XIV).
    83
    Аблога Пірэя і Афін паказала, што рымскі военачальнік выявіў больш упартасці, чым таленту. Поспеху ён дамогся толькі ў выніку значных страт. Архелай пры абароне прадэманстраваў стойкасць і кемлівасць у амаль безнадзейнай сітуацыі. Абарона Пірэя не была пасіўнай — пра гэта сведчаць контратакі пантыйцаў, іх спробы дэблакіраваць горад. Поспехам, аднак, яны не ўвянчаліся, відавочна, што пантыйцам бракавала сіл. Па гэтай прычыне незразумела, чаму за час аблогі пантыйская армія, што дзейнічала ў Македоніі, не паспрабавала дэблакіраваць Афіны і Пірэй, калі па словах антычных аўтараў яна налічвала каля 100 тыс. чалавек. (Арр., Mithr., 41; Plut., Sulla, XV). Т. Рэйнак тлумачыць гэта тым, што такая вялікая армія затрымлівалася ўжо сваёй масай, бо патрабавала шмат правіянту і дрэнна кіравалася, таму яна вымушана была зімаваць, чакаючы вясны 86 г. да н. э. [182, р. 160]. Тут , аднак, ёсць пэўная супярэчнасць, бо і для стаянкі на зімовых кватэрах неабходна было харчаванне, і войску было б лягчэй здабываць яго на яшчэ незакранутых вайною землях. Больш верагоднай падаецца версія Г. Дэльбрука аб тым, што тая армія зусім не была вялікай [32, с. 456]. Да таго ж яна была занята ў баях з рымскімі войскамі ў Македоніі і магла прыбыць у Цэнтральную Грэцыю толькі пасля атрымання падмацаванняў. Паступаўшыя ж за гэты час новыя кантынгенты іпілі ў якасці падмацаванняў у Пірэй, як, напрыклад, корпус Драміхета.
    Архелай на караблях накіраваўся ў Фесалію праз Беотыю. Ля Фермапіл рэшткі яго арміі і рэшткі атрадаў военачальніка Драміхета злучыліся. Неўзабаве да іх далучылася войска Таксіла. Пантыйскае войска па складу было вельмі стракатым: фракійцы, пантыйцы, кападакійцы, скіфы, віфінцы, галаты, фрыгійцы, жыхары іншых краін. У гэтым была яго слабасць. Але і гэтых салдат было не вельмі багата, бо інакш Мітрыдат не скіраваў бы на фронт лепшую частку сваіх узброеных сіл — «медныя шчыты», своеасаблівую гвардыю (Plut., Sulla, XIV). Ужо толькі тое, што дадаткова былі ўзброены 15 тыс. былых рабоў, ускосна сведчыць, што Мітрыдату не хапала войскаў.
    У стварэнні вайсковых атрадаў з рабоў у антычнасці не было нічога дзіўнага. Япічэ грэкі вызвалялі рабоў, калі іх гарадам пагражаў магутны вораг [11, с. 72; 163, s. 565]. Вядома таксама, што пасля паражэння ў бітве пры Канах рабы служылі ў рымскім войску [98, с. 164—165]. Аднак ні ў грэкаў, ні ў рымлян не было такога размаху, як у Мітрыдата, які ўпершыню стварыў з рабоў шматтысячнае войска, даючы кожнаму волю і абяцаючы долю ў
    84
    здабычы. Так Мітрыдат атрымаў невычарпальную крыніцу для папаўнення сваёй арміі моцнымі людзьмі. Даследчык У. Тарн нават параўноўваў тут Мітрыдата з Арыстонікам [114, с. 58]. Гэта не зусім дарэчна, аднак у тым, што ў імкненні перамагчы Рым яны не грэбавалі ніякімі сродкамі, сапраўды падабенства ёсць.
    Камандаванне пантыйскай арміяй было ўскладзена на Архелая. Яму падпарадкоўваліся астатнія военачальнікі, хаця кожны з іх камандаваў асобнай часткай сіл (Арр., Mithr., 41). Гэта не магло не выклікаць пэўную няўзгодненасць у дзеяннях і парушэнне прынцыпу адзінага камандавання.
    Сула рушыў у Беотыю насустрач Архелаю. Ісці туды яго прымусіла некалькі прычын: папершае, немагчыма было доўга ўтрымліваць армію у разрабаванай Атыцы; падругое, Сула баяўся за Гартэнзія, які вёў на злучэнне з ім войска з Фесаліі і якога лёгка маглі знішчыць пантыйцы (Plut., Sulla, XV); патрэцяе, Сула спадзяваўся даць генеральную бітву да прыбыцця арміі Флака ў Грэцыю.
    Гісторыкі лічаць, што варта было б пантыйцам пачакаць, і яны, бадай, сталі б сведкамі бітвы паміж Сулай і Флакам [74, с. 519; 153, р. 117; 182, р. 186]. Але наўрад ці ў сапраўднасці такое магло б адбыцца. Як паказалі далейшыя падзеі, Сула і Флак, нягледзячы на ўзаемную непрыхільнасць, ваявалі не паміж сабой, а з арміямі Мітрыдата, хаця і паасобку. Відавочна, што рымскія военачальнікі добра разумелі, што варта ім пачаць бой адзін з адным, то пераможцам будзе Мітрыдат. I пантыйцы не мелі гарантый, што перад тварам моцнага праціўніка ў выглядзе іх войскаў, рымскія легіёны не аб’яднаюцца. А калі аб’яднанне і не адбылося б, то ўсё роўна Архелаю трэба было б выдзеліць значную частку сіл для барацьбы з арміяй Флака. Таму ў пантыйцаў быў шанц разбіць рымскія войскі паасобку, спачатку Сулу, а потым Флака.