Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна
Артур Зельскі
Памер: 147с.
Мінск 2004
Актыўныя баявыя дзеянні разгарнуліся ўвесну 86 г. да н. э. Рымскае войска Луцыя Гартэнзія ў колькасці больш 6 тыс. чалавек імкнулася злучыцца з арміяй Сулы. Шлях Гартэнзія павінен быў прайсці праз Фермапільскія цясніны, аднак там яго чакала войска Архелая. Тады херанэец Кофіс правёў рымлян горнымі сцежкамі паўднёвазаходняй Тыторы, як звалася адна з вяршынь Парнаскага кража. Рымскія войскі злучыліся (Plut., Sulla, XV; Memn., XXXII, 3). У гэты час пантыйская армія на чале з Таксілам аблажыла ў Факідзе горад Элатэю, які трымаў бок рымлян. Падрабязнасці гэтых падзей невядомы, бо звесткі аб гэтым ёсць толькі ў Паўсанія (X, 34, 2—4). Але трэба думаць, што аблога была вельмі непрацяглай.
85
Храналогія бітвы пры Херанэі паддаецца вылічэнню. Згодна з паведамленнем Паўсанія (I, 20, 6), бітва адбылася ў дзень узяцця Афін. Але гэта супярэчыць логіцы падзей. Гісторыкі тлумачаць, што ў час бітвы капітуляваў Арыстыён на Акропалі [172, s. 296; 40, с. 39; 158, р. 422; 182, р. 176]. Гэта здаецца больш верагодным, бо для блакады Акропаля рымлянам дастаткова было невялікіх сіл. Такім чынам, бітва магла адбыцца прыблізна ў другой палове сакавіка.
Гісторыкі схільны верыць лічбам антычных крыніц у 110 тыс. пантыйцаў і 12—15 тыс. рымлян [143, р. 152; 150, s. 448; 184, р. 134; 172, s. 292]. Гісторык Ф. Інар ацэньвае колькасць пантыйцаў у 100—110 тыс. чалавек, а рымлян — каля 40 тыс. [40, с. 122, 124]. На думку англійскага даследчыка Т. Харботла, у бітве ўзяло ўдзел 30 тыс. рымлян і 90 тыс. пантыйцаў [122, с. 494]. Г. Блох і Дж. Каркапіна гавораць аб 60тысячнай арміі Таксіла [158, р. 422]. Гэтыя лічбы гісторыкі ўзялі з антычных крыніц, не заўсёды падыходзячы да іх крытычна.
Сведчанні аб колькасці войскаў у крыніцах розныя. Апіян (Mithr., 41) паведамляе, што пантыйская армія налічвала 120 тыс. чалавек. Армія рымлян разам з апалчэннямі грэчаскіх гарадоў складала ля трэці ад войска пантыйцаў, значыць — каля 40 тыс. чалавек. Але паколькі лічба ў 120 тыс. пантыйцаў наўрад ці з’яўляецца сапраўднай, то і колькасць рымлян іншая.
Плутарх (Sulla, XV) называе наступныя лічбы: 100 тыс. пяхоты, 10 тыс. конніцы, 90 баявых калясніц пантыйскага войска, 15 тыс. пяхоты і 1,5 тыс. конніцы рымлян. Калі гэтыя лічбы адпавядаюць сапраўднасці, то гэта азначае, што пад час баёў за Пірэй і Афіны страты Сулы склалі каля 20 тыс. салдат. 3 улікам атрада Гартэнзія колькасць рымскай арміі была каля 23 тысяч чалавек. Як вядома, Плутарх узяў лічбы з «Успамінаў» Сулы, які проста паменшыў колькасць свайго войска, а пантыйскага павялічыў. Калі зноў звярнуцца да слоў Апіяна аб колькасці рымлян у трэць пантыйцаў, то адпаведна гэтаму войска Архелая магло налічваць 50—60 тыс. чалавек. Гэтыя лічбы пацвярджае Мемнон, калі гаворыць, што аб’яднаная пантыйская армія складалася з 60 тысяч салдат (Memn., XXXII, 3). Такім чынам, ні аб якіх «усходніх процьмах» [172, s. 293] гаворка ісці не можа. Відавочным з’яўляецца адно — хаця пантыйская армія і пераўзыходзіла рымскую па колькасці, але істотна саступала ёй у вайсковай вывучцы, дысцыплінаванасці, падрыхтаванасці і кіраўніцтве.
86
Большменш дэталёвыя апісанні бітвы пры Херанэі знаходзяцца ў творах Плутарха, Апіяна. Падрабязнае паведамленне — у Мемнона. У Франціна ёсць апісанне бітвы паміж войскамі Сулы і Архелая, але аўтар не называе месца бітвы. Ва ўсіх гэтых творах ёсць і супадзенні, і розначытанні. Таму натуральна, што гісторыкі супастаўляюць пры аглядзе бітвы розныя тэксты. Так, Ш. Ліскен і А. Саван аддаюць перавагу Плутарху, прыгадваючы Мемнона [143, р. 154—155]. Т. Рэйнак, Т. Момзен, Г. Блох, Дж. Каркапіна ўзялі за аснову тэксты Апіяна, Франціна, Плутарха [182, р. 163—176; 172, s. 293; 158, р. 422]. Ф. Інар аддае перавагу Плутарху, карыстаючыся і Францінам [40, с. 133—137]. Таму апісанні бітвы ў іх адрозніваюцца.
Так, і Апіян (Mithr., 42), і Плутарх (Sulla, XVIII), і Францін (II, 3, 17) гавораць пра няўдалыя атакі баявых калясніц, удары пантыйскай конніцы. Але толькі Апіян і Плутарх паведамляюць аб манеўры конніцы на чале з Сулай, пра тое, што рымлянамі камандавалі яшчэ і Мурэна, Гальба, Гартэнзій, пра бой ля пантыйскага лагера. Гэтага няма ў Франціна. Затое ў яго апісанні бою (падкрэсліваю, што Францін не дае назвы мясцовасці) гаворыцца пра прысутнасць на полі бою атрадаў італікаў, македонскай фалангі (пра фалангу кажа і Плутарх), пра тое, што рымляне зрабілі частакол, каб спыніць атакуючыя квадрыгі, пра трайны строй пяхоты ў рымлян, але ні словам не паведамляецца аб прарыве пантыйскай конніцы праз баявыя парадкі рымлян і іншых дэталях, якія ёсць у Апіяна і Плутарха. Гэта дае пэўныя падставы сумнявацца, што Францін распавёў менавіта пра бітву пры Херанэі. Але тут ёсць цікавая акалічнасць: Францін паведамляе аб тым, што Сула, асцерагаючыся акружэння пантыйскай кавалерыяй, загадаў зрабіць на флангах умацаванні з равамі. Hi Апіян, ні Плутарх аб гэтым не ўзгадваюць. Затое менавіта аб капанні равоў гаворыць Плутарх, але апісваючы іншую бітву — пры Архамене! Можна меркаваць, што Францін, які пісаў не гісторыю вайны, а тэарытычную працу аб вайсковай справе, мог дзесьці памыліцца, ці, што найбольш верагодна, з абодвух апісанняў бітвы стварыць адно — як ўзор ваеннага майстэрства, узяўшы за аснову бітву пры Архамене. Таму, зыходзячы з разгледжаных антычных крыніц, мы ўяўляем наступнае развіццё падзей.
На ўзгорку Філабеот, што знаходзіўся пасярод Элатэйскай раўніны ў Факідзе, Сула пабудаваў умацаваны лагер (Sulla, Conm., 14) (мал. 3.6). Асцярожны Архелай раіў не ўступаць у бітву, прытрымлівацца абарончай тактыкі. Аднак, нягледзячы на
87
Лагер Архелая let Лагер Сулы —* Напад рымлян на лагер пантыйцаў
Верагодны маршрут руху: =*»«. Архелая »►► Сулы —♦—» Габінія
X Месцы баёў Мяжа між Факідай і Беотыяй
Мал. 3.6. Бітва пры Херанэі
88
яго парады, пантыйскія военачальнікі вырашылі даць бой рымлянам (Арр., Mithr., 42). Яны выстройвалі войскі, але рымляне бой не прымалі. Легіянераў Сулы проста гіпнатызавала колькасць пантыйскіх салдат. Каб пераадолець вяласць сваіх салдат, ён прымусіў іх выконваць цяжкія земляныя работы: капаць равы, адводзячы рэчышча р. Кефіс. Гэтай працай ён давёў легіянераў да таго, што яны самі пачалі патрабаваць сігналу да бою (Pint., Sulla, XVI; Front., I, 11, 20).
Неўзабаве хутка выявілася слабая арганізаванасць пантыйскага войска. Колькасць яго была хутчэй недахопам, чым перавагай. Гэта падкрэслівае і Вегецый Рэнат (Veg., Ill, 1). Згубіўшы асцярожнасць, пантыйцы разышліся па раўніне ў пошуках фуражу і харчу. Іх асобныя атрады дайшлі ў пошуках здабычы аж да Панапеі і Лебадэі і разрабавалі гэтыя невялікія беатыйскія гарадкі (Plut., Sulla, XVI). Гэта скарыстаў Сула. Нечаканым ударам ён захапіў пантыйскі лагер, дзе заставалася невялікая колькасць воінаў. Захапіўшы палонных, ён паставіў іх вакол лагера, увёўшы ў зман атрады, якія вярталіся з фуражыроўкі, і знішчыў частку іх (Memn., XXXII, 3). Дзе знаходзіўся ў гэты час Архелай і пантыйскае камандаванне — невядома. Можна меркаваць, што так быў разбіты толькі нейкі адзін атрад пантыйскай арміі, які стаяў асобным лагерам. Зразумела толькі, што гэтая сутычка адбылася раней асноўнай бітвы. Страты пантыйцаў таксама невядомыя.
Адчуўшы ўсю небяспеку, Архелай пачаў паспешліва збіраць войскі, а лепшым з іх — «медным шчытам» — загадаў заняць круты скалісты ўзгорак, дзе знаходзіліся руіны акропаля Парапатаміяў, каб стаць лагерам на гэтым, умацаваным самой прыродай, месцы. Заўважыўшы гэта, Сула зразумеў, што тады пантыйцы будуць панаваць над усёй мясцовасцю, і паспяшаўся апярэдзіць Архелая. Рымскія легіянеры скінулі з узгорка пантыйскіх салдат, якія не паспелі там замацавацца. Тады Архелай з асноўнай часткай сіл вырашыў прарвацца да Херанэі. Але Сула і тут апярэдзіў яго. Ён накіраваў у Херанэю легіён на чале з трыбунам Габініем, а таксама апалчэнне херанэйцаў, што было ў яго войску (Plut., Sulla, XVI). Габіній здолеў хутка пераадолець 40 стадый (крыху больш за 7 км), што аддзяляюць Парапатаміі ад Херанэі (Strab., IX, 3, 16), і апярэдзіў Архелая (гл. мал. 3.6).
Архелай стаў лагерам паміж гарамі Гедыліем і Аконтыем, пабудаваўшы ўмацаванні. Насупраць яго, фарсіраваўшы р. Ac ля падножжа Гедылія, стаў Сула і таксама пачаў замацоўвацца на
89
мясцовасці. Аднак Архелай не спяшаўся на бітву. Тады, пачакаўшы дзень, Сула пераправіўся праз Кефіс і рушыў на злучэнне з войскамі, што былі ў Херанэі. Яму стала вядома, што пантыйцы занялі г. Турый, пануючую вяршыню каля Херанэі (Plut., Sulla, XVII). Верагодна, гэта былі тыя атрады, якія накіраваліся па харчы і разрабавалі Панапею і Лебадэю. Таксама гэта мог быць авангард арміі Архелая, які ў маршы да Херанэі апярэдзіў Габіній. Каб затрымаць Архелая, у лагеры быў пакінуты Мурэна з легіёнам і дзвюма кагортамі (Plut., Sulla, XVII). Але Архелай абышоў рымскі лагер і рушыў да Херанэі.
Рэльеф мясцовасці не спрыяў пантыйцам. Яна была ўзгорыстай, нязручнай для атакі калясніц і конніцы. Да Сулы падышоў Мурэна, і рымскі палкаводзец загадаў строіцца ў баявыя парадкі, каб атакаваць праціўніка. Архелай позна зразумеў усю нязручнасць сваёй пазіцыі: ззаду ў яго былі стромкія ўзгоркі, і адысці, каб пазбегнуць бітвы, было немагчыма (Арр., Mithr., 43). Каб перашкодзіць перамяшчэнням Сулы, Архелай рушыў наперад атрад конніцы, але ён быў адкінуты рымлянамі. Гэта, аднак, дало пантыйцам час, каб разгарнуць свае баявыя парадкі.
Правы фланг пантыйскай арміі ўзначальваў Таксіл. Там стаялі лепшыя войскі — «медныя шчыты». У цэнтры, які ўзначальваў сам Архелай, знаходзіліся баявыя калясніцы, атрады цяжкай конніцы і македонская фаланга, што была складзена з 15 тыс. былых рабоў. (Хутчэй за ўсё, яны былі ўзброены на македонскі ўзор.) На левым фланзе стаяла конніца і пяхота. Правае крыло пантыйскі палкаводзец зрабіў гнуткім і рухомым, умацаваўшы яго конніцай і лёгкай пяхотай, рыхтуючыся расцягнуць яго і абысці рымлян (Plut., Sulla, XVII; Арр., Mithr., 42).
Сула свой левы фланг аддаў Мурэне, сам узначаліў правы, паставіўшы ў цэнтры фалангу, магчыма складзеную з апалчэнняў грэчаскіх гарадоў, а на флангах — конніцу. Легаты Гальба і Гартэнзій, кожны з пяццю кагортамі (прыблізна кожны па 3 тыс. легіянераў), былі пастаўлены ў тыле на вышынях, каб не дапусціць акружэння. Дзве кагорты Сула пакінуў у засадзе (Plut., Sulla, XVII).