Планета людзей
Антуан дэ Сент-Экзюперы
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 1984
— Нам пара,— казаў праважаты.
Але яны не зварухнуліся.
— Пачакай...
I замоўклі, і засяроджана, анямела глядзелі на гэтае бясконцае ўрачыстае таінства. Само жыццё, сама жывая кроў, без якой няма чалавека, вьівяргалася з вантробаў гары. За адну секунду яе вылівалася столькі, што хапіла б ажывіць цэлыя караваны, якія, п’яныя ад смагі, навекі канулі ў бяздонне саланчакоў і міражоў. Тут праяўляў сябе сам бог: немагчыма было адвярнуцца ад яго. Бог раскрыў бездань нябесную, каб паказаць сваю магутнасць: трое маўраў стаялі як укопаныя.
— Ну на што тут глядзець? Хадзем...
— Трэба пачакаць.
— Чаго пачакаць?
— Пакуль вада скончыцца.
Яны хацелі дачакацца, калі богу набрыдне яго вар’яцтва. Ён неўзабаве схамянецца, ён скупы.
— Але гэтая вада льецца ўжо сотні гадоў!..
У гэты вечар яны не ўспамінаюць пра вадаспад. Ёсць цуды, пра якія лепей маўчаць. Лепей нават не думаць пра іх, інакш увогуле перастанеш што-небудзь разумець. Інакш можна засумнявацца ў самім богу...
— Знаеш, ваш французскі бог...
Але я добра ведаю іх, маіх дзікіх сяброў. Вера іх пахіснулася, няўпэўненыя і разгубленыя, зараз яны амаль гатовы скарыцца. Яны ўжо мараць, каб французскае інтэнданцтва забяспечыла іх ячменем, а нашы сахарскія часці ўзялі іх пад сваю ахову. I гэта праўда,
нарэшце скарыўшыся, яны б выгадалі ў матэрыяльных дабротах.
Але гэтыя трое адной крыві з Эль Мамунам, эмірам трарзаў. (Баюся, што блытаю ягонае імя.)
Я пазнаёміўся з ім, калі ён быў нашым падданым. Адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі за аказаныя паслугі, шчодра адораны камендантамі крэпасцей і паважаны плямёнамі, ён жыў, здавалася б, у самым поўным дастатку. Але аднойчы ноччу, калі нікому і ў галаву не магло прыйсці такое, ён перарэзаў афіцэраў, якіх праводзіў цераз пустыню, захапіў вярблюдаў, зброю і далучыўся да няскораных плямёнаў.
Здрадай называюць такі неспадзяваны бунт, такія гераічна-адчайныя ўцёкі важака, цяпер павечнага выгнанніка ў пустыню, гэтую нядоўгую славу, што неўзабаве, як дымок ад стрэлу, растане ў сутычцы з атарскім атрадам лёгкай кавалерыі. I дзіву даюцца — адкуль такое вар’яцтва?
Аднак гісторыя з Эль Мамунам — не адзінкавы выпадак, гэтак было шмат з якімі іншымі арабамі. Мамун старэў. А са старасцю прыходзіць роздум. I вось аднойчы ўночы ён робіць адкрыццё, што ён здрадзіў богу іслама, што ён апаганіў сваю руку рукой хрысціяніна, калі паціснуў яе пасля здзелкі, у выніку якой страціў усё.
I сапраўды, што яму ячмень і спакойнае жыццё? Зламанаму воіну, які стаў прапаведнікам, усплывае на памяць, як ён жыў у Сахары, дзе кожная хваля пяску была поўная пагроз, а ён развейваў іх, дзе лагер, акрыты ноччу, выстаўляе свае каравулы, дзе весткі пра набліжэнне ворагаў прымушаюць мацней забіцца сэрцы вакол начных кастроў. Яму зноў прыгадваецца смак вольных прастораў — а ён, аднойчы паспытаны чалавекам, ужо ніколі не будзе забыты.
I вось ён бясслаўна блукае ў ціхамірным бязмеж-
жы, якое не абяцае ніякіх выгод. Вось цяпер Сахара для яго сапраўды — пустыня.
Магчыма, ён нават паважаў іх, тьіх афіцэраў, якіх іютым пазабіваў. Але над усім бярэ верх любоў да Алаха.
— Добрай ночы, Эль Мамун.
— Беражы цябе бог!
Афіцэры захутваюцца ў коўдры, укладваюцца на пяску, як на плыце, тварам да зор. Вось яны, зоры, якія павольна кружацца, вось яно, неба, якое адзначае ход часу. Вось яна, поўня, схіленая над пяскамі, якую зводзіць на нішто Ягоная Мудрасць. Хрысціяне хутка заснуць. Яшчэ некалькі хвілін, і будуць свяціцца адны зоры. I тады, каб вярнуць аслабелым плямёнам іх былую славу, каб аднавіць гэтыя пагоні, адзіна якімі і праменяцца пяскі, хопіць аднаго слабога ўскрыку гэтых хрысціян, якія будуць утоплены ва ўласным сне. Яшчэ некалькі секунд, і з непапраўнасці народзіцца новы свет...
I ўсчынаецца забойства прыгожых сонных лейтэнантаў.
5
Я ў Джубі, сёння Кемаль і ягоны брат Муян запрасілі мяне ў госці, і вось я п’ю ўжо чай у іхнім шатры. Муян моўчкі глядзіць на мяне і, прыкрыўшы рот сіняю хусцінай, захоўвае дзікаватую насцярожанасць. Кемаль адзін размаўляе са мной і выказвае знакі павагі:
— Мой шацёр, мае вярблюды, мае рабы — усё тваё.
Муян, не зводзячы з мяне вачэй, нахіляецца да брата, кажа яму нешта і зноў замуроўваецца ў сваё маўчанне.
— Што ён сказаў?
— Ён сказаў: Банафу ўкраў у РТейбаце тысячу вярблюдаў.
Я не быў знаёмы з капітанам Банафу, камандзірам атрада мехарыстаў з лёгкай кавалерыі Атара. Але я ведаў, якая вялікая слава ходзіць пра яго сярод маўраў. Яны з гневам гавораць пра яго, але гавораць як пра бога. Ягоная прысутнасць надае каштоўнасць пяскам. Вось і сёння ён зноў няведама якім чынам узніь* у тыле атрада няскораных арабаў, які рухаўся на поўдзень, адбіваючы ў іх сотні вярблюдаў, вымушаючы іх, каб зберагчы свае скарбы, уступаць у бой тады, калі яны лічылі сябе ў бяспецы. I цяпер, выратаваўшы Атар гэтым архангельскім з’яўленнем, разбіўшы свой лагер на высокім вапняковым плато, ён бясстрашна стаіць там як сведчанне, як залог таго, што гатовы да схваткі, і такая праменнасць зыходзіць ад яго, што плямёны самі кідаюцца на пошук ягонага мяча.
Муян глядзіць на мяне яшчэ суровей і зноў нешта кажа.
— Што ён сказаў?
— Ён сказаў: «Заўтра мы пойдзем на Банафу. Трыста ружжаў».
Я і сам здагадваўся пра сёе-тое. Гэтыя вярблюды, якіх тры дні падрад водзяць на вадапой, гэтае ажыўленне, гэты ўздым. Такое ўражанне, быццам прыводзяць у парадак снасці нябачнага парусніка. I ўжо дзьме спадарожны вецер, які вынесе яго ў адкрытае мора. 3 ласкі Банафу кожны крок на поўдзень авеяны славай. I я ўжо не магу зразумець, чаго ў тых паходах болей — нянавісці ці любові.
Як шыкоўна мець на свеце такога цудоўнага Bopara, якога трэба звесці са свету! Там, дзе ён з’яўляецца, бліжэйшыя плямёны похапкам складваюць свае шатры, зганяюць вярблюдаў і ў жаху ўцякаюць прэч, каб не сустрэцца з ім твар у твар, але ў самых аддаленых
плямёнаў пачынае кружыцца галава, як яна кружыцца ад любові. Людзі самохаць ірвуцца з ціхамірнасці шатроў, з абдымкаў жанчын, са шчаслівага забыцця, людзям пачынае здавацца, што найважнейшым у свеце было б пасля двух месяцаў знясіленай хады на поўдзень, пасля спапяляльнай смагі, сядзення на кукішках у чаканні, калі сунімуцца пясчаныя буры, знянацку напасці на золку на Атарскі атрад кавалерыстаў і, калі будзе на тое воля бога, забіць капітана Банафу.
— Банафу дужы,— прызнаецца Кемаль.
Цяпер я ведаю іх тайну. Як тыя мужчыны, што прагнуць любові жанчыны, а пры згадцы, як яна абыякава і нетаропка праходзіць міма, усю ноч напралёт варочаюцца з боку на бок, параненыя, спапялёныя гэтай абыякавасцю, якая не дае ім спакою і ў сне,— гэтак і іх мучаць далёкія крокі Банафу. Змушаючы да бегства кінутыя супроць яго атрады, гэты па-маўрытанску апрануты хрысціянін на чале сваіх двухсот піратаў-маўраў пранік у глыб незалежных земляў, туды, дзе нават самы няўдалы з яго ўласных салдат за мяжой французскіх уладанняў мог бы беспакарана ачнуцца ад свайго рабства і на каменным алтары прынесці яго ў ахвяру свайму богу, туды, дзе іх стрымлівае толькі яго аўтарытэт, дзе нават сама яго бездапаможнасць палохае іх. I гэтай ноччу ён, абыякавы, зноў ходзіць і ходзіць у іх цяжкіх снах, і ягоныя крокі гул. ка адзываюцца ў самым сэрцы пустыні.
Муян у роздуме нерухома сядзіць у глыбіні шатра, быццам высечаны з сіняга граніту. Толькі вочы гараць ды срэбны кінжал, які перастаў быць забаўкай. Як ён змяніўся з той пары, калі перайшоў у стан непакорных! Цяпер ён асабліва перапоўнены ўсведамленнем уласнай годнасці і з бязмежнай пагардай ставіцца да мяне, бо ён неўзабаве пойдзе на Банафу, бо на золку ён вырушыць у паход, штурханы нянавісцю, якая мае ўсе прыкметы любові.
Ён яшчэ раз нахіляецца да брата, нешта зусім ціха кажа яму і глядзіць на мяне.
— Што ён сказаў?
— Ён сказаў, што заб’е цябе, калі напаткае дзенебудзь за фортам.
— За што?
— Ён кажа: «У цябе ёсць самалёты і радыё, у цябе ёсць Банафу, але ў цябе няма ісціны».
Акрыты сінім покрьівам, Муян, нерухомы, як статуя, судзіць мяне:
— Ён кажа: «Ты ясі салату, як каза, і сала, як свіння. Твае бессаромныя жанчыны выстаўляюць напаказ свае твары»,— ён сам бачыў. Ён кажа: «Ты ніколі не молішся». Ён кажа: «Нашто табе твае самалёты, тваё радыё, твой Банафу, калі ў цябе няма ісціны? »
I я любуюся гэтым маўрам, які адстойвае не сваю волю, бо ў пустыні кожны вольны, не відочныя скарбы, бо ў пустыні хоць шаром пакаці,— ён абараняе сваё патаемнае, унутранае царства. У моўчы пясчаных хваль Банафу, як вопытны пірат, вядзе свой атрад вершнікаў, і вось ужо лагер Кап-Джубі як падмянілі, ціхамірнай стаянкі пастухоў як не было. Быццам бура дыхнула на яе з’яўленне Банафу, вечарам шатры цясней прыціскаюцца адзін да аднаго. На поўдні пануе нясцерпная моўча — гэта моўча Банафу! I Муян, вопытны паляўнічы, выслухоўвае ягоныя крокі.
Калі Банафу вернецца ў Францыю, яго ворагі, замест таго каб радавацца гэтаму, будуць аплакваць яго, быццам разам з ягоным ад'ездам пустыня страціла адзін са сваіх магнітаў, а іхняе існаванне — кроплю прывабнасці, і яны запытаюцца ў мяне:
— Чаму ён з’ехаў адсюль, твой Банафу?
— He ведаю...
Ён рызыкаваў сваім жыццём, як яны сваім, і рызыкаваў гадамі, Ён зрабіў іхнія звычкі сваімі звычка-
мі. Ён спаў, паклаўшы галаву на іхнія камяні. У бясконцых пагонях і ён, як яны, праводзіў ночы сам-насам з зоркамі і ветрам, як у біблейскія часы. I раптам ён пакідае іх, быццам заяўляе, што гэтая гульня не галоўнае для яго. Ён з лёгкім сэрцам устае з-за стала. I маўры, якія змушаны гуляць без яго, страчваюць веру ў сэнс жыцця, якое болей не вымагае ад людзей самой іх плоці. I ўсё-такі ім хочацца верыць у яго.
— Ён яшчэ вернецца, твой Банафу?
— He ведаю.
«Ён яшчэ вернецца»,— думаюць маўры. Яго ўжо не змогуць задаволіць еўрапейскія гульні — ні карты, ні павышэнне па службе, ні жанчыны. Яго неадступна будуць праследаваць думкі пра сваю страчаную годнасць, і ён вернецца туды, дзе кожны крок прымушае часцей забіцца сэрца, быццам гэта крок да любові. Яму здалося, што туташняе жыццё яго — толькі прыгоды, што галоўнае ён набудзе там, але з цягам ён з агідай выявіць, што адзіна сапраўднымі скарбамі ён валодаў тут, у пустыні: гэтымі чарамі пясчаных абшараў уночы, гэтай цішынёй, гэтай радзімай ветру і зор. I як толькі Банафу вернецца, вестка пра гэта ў першую ж ноч разнясецца па ўсіх землях няскораных плямёнаў.