Планета людзей
Антуан дэ Сент-Экзюперы
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 1984
Смешна ламаць сабе галаву над тым, шчырыя ці не, разумныя ці не былі гучныя прамовы палітыкаў, якія, магчыма, паўплывалі на твой учынак. Раз гэтае насенне ўзышло ў тваёй душы і дало парасткі, значыць, менавіта яны і былі ёй патрэбны. Пра гэта судзіць табе. Глеба сама ведае, якое ёй трэба зерне.
3
Толькі калі мы знітаваны з нашымі братамі агульнай мэтай, вышэйшай ад нашых прыватных інтарэсаў, толькі тады нам вольна дыхаецца, а жыццё вучыць нас, што любіць — гэта не значыць глядзець адзін на аднаго, любіць — значыць глядзець разам у адным кірунку. Толькі там існуе сапраўднае таварыства, дзе людзі ў адной звязцы ідуць да адной і той жа вяршыні. Іначай чаму ж тады ў наш век — век камфорту — нас агортвае такая бязмежная радасць ад магчымасці падзяліцца ў пустыні апошнім глытком вады? Ці не дробязь гэта перад прароцтвамі сацыёлагаў? А нам, хто спазнаў шчасце выручаць таварышаў у пясках Сахары, любая іншая ўцеха здаецца проста нікчэмствам.
Магчыма, пагэтаму сучасны свет і пачынае распаўзацца па швах. Кожны спрагнена шукае веры, якая абяцала б яму паўнату душы. Мы палка спрачаемся, словы ў нас розныя, але за імі — тыя ж парыванні і памкненні. Мы рознімся адзін ад аднаго толькі метадамі — пладамі нашых разважанняў,— а не мэтамі: мэты ў нас адны.
Дык не будзем здзіўляцца. Хто ў Барселоне, у падвале анархістаў, пры сустрэчы з гэтай гатоўнасцю ахвяраваць сабой, выручыць таварыша, з гэтай суровай справядлівасцю адчуў аднойчы, як у ім абуджаецца нехта зусім новы, незнаёмы, для таго цяпер існуе толькі адна ісціна: ісціна анархістаў. А каму давялося аднойчы стаяць на варце ў іспанскім манастыры, ахоўваць перапалоханых укленчаных манашак, той памрэ за царкву.
Калі б заўважыць Мермозу, які бясстрашна рынуўся з вышыні Андаў у даліну Чылі, калі б тады заўважыць яму, што ён не мае рацыі, што нейкі ліст гандляра не варты таго, каб ён рызыкаваў сваім жыц-
цём, Мермоз толькі б усміхнуўся. Ягоная ісціна — той чалавек, які нараджаўся ў ім, калі ён пераадольваў Анды.
Калі вы хочаце пераканаць таго, каму даспадобы вайна, што вайна жахлівая і агідная, не абзывайце яго варварам: перш чым асудзіць, пастарайцеся яго зразумець.
Задумайцеся хоць бы над гэткім выпадкам. Адзін афіцэр з поўдня ў час баёў з рыфамі камандаваў пастом, заціснутым паміж двума горнымі хрыбтамі, дзе знаходзіліся паўстанцы. Аднойчы вечарам ён прымаў парламенцёраў з заходніх гор. Яны належным чынам сядзелі і пілі чай, як раптам усчалася страляніна. На пост напалі плямёны з усходніх гор. Капітан загадаў парламенцёрам пакінуць пост, бо трэба ўступаць у бой, але яны адказалі: «Сёння мы твае госці. Бог не дазваляе нам пакінуць цябе...» I яны далучыліся да яго салдат, памаглі абараніць пост і толькі потым вярнуліся ў сваё арлінае гняздо.
А напярэдадні таго дня, калі яны самі збіраліся атакаваць пост, прыслалі да капітана сваіх паслоў:
— Неяк мы дапамаглі табе...
— Гэта праўда...
— Дзеля цябе мы змарнавалі тры сотні патронаў...
— Гэта праўда.
— Справядліва было б вярнуць іх нам.
He, капітан высакародны, ён не можа пакарыстацца іхняй велікадушнасцю. I ён вяртае патроны, хоць ведае, што страляць будуць у яго.
Ісціна чалавека — тое, што робіць яго чалавекам. Хто зведаў гэткую годнасць узаемаадносін, гэткую сумленнасць у гульні, гэткі дар узаемапавагі — аснову жыцця, той не стане параўноўваць гэтую прыродную высакароднасць з убогім дабрадушшам дэмагога, які ў знак братэрскіх адпосін да тых жа арабаў стаў бы гучна паляпваць іх па плячы, лесцячы ім і адна-
часна прыніжаючы. Пачніце такому капітану даводзіць ягоную неправату, і ён адкажа вам адно толькі пагардлівым шкадаваннем. I будзе мець рацыю.
Але ў роўнай ступені будзеце мець рацыю і вы ў сваёй нянавісці да вайны.
Каб зразумець чалавека і яго патрэбы, каб спасцігнуць у ім самае галоўнае, не трэба супрацьпастаўляць адна адной вашы відавочныя ісціны. Так, вы маеце рацыю. Усе вы маеце рацыю. Лагічна можна даказаць усё на свеце. Mae рацыю нават той, хто ва ўсіх няшчасцях чалавецтва гатовы абвінаваціць гарбуноў. Дастаткова абвясціць вайну гарбунам — і мы адразу ўспалыхнём нянавісцю да іх. Мы пачнём жорстка помсціць гарбунам за ўсе іх злачынствы. Бо сярод гарбуноў таксама ж ёсць злачынцы.
Каб зразумець, у чым жа сутнасць чалавека, неабходна хоць на момант забыць пра тое, што раздзяляе, бо ўсякая іх тэорыя і ўсякая вера спавадоўваюць цэлы звод непарушных ісцін, а яны спараджаюць фанатызм. Можна размежаваць людзей на правых і левых, на гарбатых і негарбатых, на фашыстаў і дэмакратаў, і любы гэты падзел не абвергнеш. Але ж агульнавядома, што ісціна — гэта тое, што спрашчае свет, а не тое, што стварае вэрхал. Ісціна — гэта мова, якая выяўляе ўсеагульнае. Ньютан «адкрыў» доўга неспасцігальны закон зусім не так, як рашаюць рэбус. Тое, што здзейсніў Ньютан, было творчасцю. Ён стварыў мову, якая можа сказаць і пра падзенне яблыка ў разору, і пра ўсход сонца. Ісціна зусім не тое, што можна даказаць, ісціна — гэта прастата.
Навошта аспрэчваць ідэалогіі? Калі ўсе іх можна даказаць, то ўсе можна і абвергнуць, і ад гэтых спрэчак толькі траціш усялякую надзею на збавенне людзей. А людзі ж вакол і ўсюды імкнуцца да аднаго і таго ж самага.
Мы хочам быць вольныя. Той, хто працуе кіркай, хоча, каб у кожным удары кіркай быў сэнс. Калі кіркай працуе катаржнік, кожны яе ўдар толькі прыніжае катаржніка, але калі кірка ў руках разведвальніка, кожны яе ўдар узвышае разведвальніка. Катарга не там, дзе працуюць кіркай. Яна жахлівая не тым, што гэта цяжкая праца. Катарга там, дзе ўдары кіркай не маюць ніякага сэнсу, дзе праца не злучае чалавека з людзьмі.
А мы хочам уцячы з катаргі.
У Еўропе маецца дзвесце мільёнаў чалавек, якія не бачаць у жыцці ніякага сэнсу, якія жадалі б лепей не нараджацца. Прамысловасць адарвала іх ад таго жыцця, якое пакаленне за пакаленнем вядзе сялянскі род, і замкнула ў агромністых гета, якія нагадваюць сартавальныя станцыі, забітыя шкілетамі чорных вагонаў. Людзі, пахаваныя ў рабочых пасёлках, былі б радыя абудзіцца да новага жыцця.
Ёсць і такія, каго зацягнула ў сістэму шасцерань вузкай спецыялізацыі працы, каму забаронены радасці першаадкрывальніка, веруючага, вучонага. Сямутаму пачало здавацца, што, каб узвысіць гэтых людзей, дастаткова апрануць іх, накарміць, задаволіць усе іх матэрыяльныя патрэбы. I спакваля вырасцілі з іх мізэрных мяшчан у духу раманаў Курталіна, местачковых палітыкаў, вузкалобых спецыялістаў без якіх-небудзь духоўных запытанняў. Веды ім даліся неблагія, а вось культуры аніякай. Нікчэмны погляд на культуру ў таго, хто мяркуе, быццам яна зводзіцца да завучвання формул. Самы бяздарны студэнт палітэхнікума ведае пра прыроду і яе законы куды болей, чым некалі ведалі Дэкарт і Паскаль. Але ці здольны гэты шкаляр на такую разумовую працу, як яны?
Усе людзі, адны мацней, другія слабей, адчуваюць цьмяную патрэбу ў адраджэнні. Але бывае і так, што прымаюцца памылковыя рашэнні. Вядома, можна ажывіць людзей, апрануўшы іх у якія-небудзь мундзіры. Яны будуць дружна спяваць ваенпыя гімны і дзяліцца кавалкам хлеба з таварышам. Яны знойдуць тое, чаго шукалі — пачуццё лучнасці. Але гэты хлеб прынясе ім смерць.
Можна пазвяргаць драўляных ідалаў і ўваскрасіць старажытныя міфы, на аснове даволі грунтоўных доказаў можна ажывіць містыку пангерманізму альбо Рымскай імперьіі. Можна ўскружыць галовы немцам выключнасцю нямецкай нацыі і дачыненнем да генія Бетховена. Можна апаіць гэтым усіх — да апошняга качагара. Гэта, вядома, лягчэй, чым у качагары выявіць Бетховена.
Але падобнае кумірства — хцівае кумірства. Той, хто ахвяруе сваім жыццём дзеля навуковага адкрыцця альбо дзеля збавення людзей ад хвароб, нават уласнай смерцю служыць справе жыцця. Магчыма, гэта і прыгожа — памерці за пашырэнне нечых уладанняў, але сучасная вайна знішчае ўсё тое, дзеля чаго яна нібыта вядзецца. Цяпер спраза ўжо не ў тым, каб невялікай крывёю адрадзіць цэлы народ. 3 той пары як вайна вядзецца з дапамогай самалётаў і іпрыту, яна стала проста бойняй. Ворагі заточваюцца пад прытулак муроў, і кожны, хто як можа, ноч у ноч шле эскадрыллі, якія вымотваюць праціўніку вантробы, узносяць у паветра яго жыццядайныя цэнтры, паралізуюць прамысловасць і шляхі зносін. Перамога за тым, хто сканае апошні. I абодва праціўнікі канаюць разам.
Свет стаў пустыняй, і ўсе мы прагнем знайсці ў ёй таварышаў: дзеля таго каб спазнаць смак раздзеленага з таварышамі хлеба, мы і прымаем вайну. Але
каб адчуць гэтае цяпло, каб поплеч рушыць да адной і той жа мэты, ні да чаго ваяваць. Вайна ашуквае нас. Нянавісць не можа ўзвялічыць радасць агульнага натхнёнага руху.
Навошта нам ненавідзець адзін аднаго? Мы ж адна сям’я, нас кружыць адна і тая ж планета, мы экіпаж аднаго карабля. Добра, калі цывілізацыі ўступаюць у спрэчкі дзеля росквіту больш дасканалых чалавечых арганізацый, але жахліва, калі яны пажыраюць адна адну.
А каб вызваліць нас, дастаткова ж толькі памагчы нам усвядоміць усеагульную мэту і пачаць шукаць тыя повязі, якія з’яднаюць усіх. Доктар пры аглядзе хворага не слухае стогнаў: доктару важна вылечыць чалавека. Доктар служыць законам усеагульнага. Ім служыць і фізік у роздуме над сваімі неверагоднымі ўраўненнямі, з дапамогай якіх ён спасцігае і атам, і касмічную туманнасць. Ім служыць і звычайны пастух. Бо хай толькі той, хто сціпла пасе пад зорным небам з паўтузіна авечак, асэнсуе сваю працу,— і вось ён ужо не проста слуга. Ён — вартавы. А кожны вартавы ў адказе за ўсю дзяржаву.
Ці вы думаеце, што пастух не імкнецца асэнсаваць сябе і сваё месца ў жыцці? Калі я быў на мадрыдскім фронце, я наведаў там адну школу, размешчаную на ўзгорку за пяцьсот метраў ад акопаў, абнесеную невысокай каменнай сцяною. У гэтай школе адзін капрал выкладаў батаніку. У грубых руках капрала была кветка маку, ён асцярожна разнімаў пялёсткі і тычынкі, і з усіх бакоў з акопнага бруду пад грукат снарадаў да яго сцякаліся зарослыя бародамі паломнікі. Яны абступалі капрала, сядалі проста на зямлю і, падпёршы кулакамі падбародкі, уважліва слухалі. Яны супілі бровы, сціскалі зубы, яны не надта разу
мелі тлумачэнне настаўніка, але ім сказалі: «Вы— цёмныя, вы звяры, вы толькі выпаўзаеце са сваіх бярлогаў, трэба даганяць чалавецтва!» I цяжкай хадою яны спяшаліся наўздагон.