Поле памяці
Постаці і падзеі беларускай мінуўшчыны
Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Полымя
Памер: 176с.
Мінск 1999
Напярэдадні штурма горада Лукаш Ельскі накіраваў абаронцам Пінска пісьмо. Абвінаваціўшы пінчукоў у здрадзе каралю, змове з казакамі, рабаванні касцёлаў і шляхецкіх дамоў, «палкоўнік Пінскага павета і войт горада Пінска» пагражаў пакараць бунтаўшчыкоў і здраднікаў агнём і мячом.
Як «чалавек хрысціянін, будучы войтам вашым і не жадаючы, каб дзеці нявінныя і пол жаночы такой строгай, але справядлівай карай абцяжараны былі», Ельскі заклікаў паўстанцаў пакінуць здрадніцкія намеры і схі-
ліць галовы ў пакоры. У адваротным выпадку палкоўнік пагражаў строгай карай справядлівасці Божай.
Але, як сведчыць рукапіс, «гараджане Пінскія, пагрэбаваўшы пісьмом і ўгаворамі яго міласці, пана маршала і палкоўніка Пінскага, засталіся пры казаках і абяцалі пры іх стаяць да крайнасці».
9 кастрычніка войска князя Мірскага пачало штурм Пінска. Ён пачаўся з моцнага артылерыйскага абстрэлу горада. Пасля гэтага на прыступ пайшлі 120 драгунаў Вінцэнта Гасеўскага, пешцы Пятра Падлеўскага, 2000 ваяроў прыступілі да Северскай брамы. Дзве харугвы пад началам Лукаша Ельскага кінуліся да Лешчынскай брамы.
Рукапіс сведчыць: «... уварваўшыся, пры дапамозе харугваў яго міласці, пана Гасеўскага, і яго міласці, пана Паўловіча, яго міласці пана Шварца, у горад, уціхамірылі ў запаленым горадзе рыцарскаю рукою, з дапамогай Божай фанабэрыстую думку казацкую і здраду Пінчукоў і пакаралі бунтаўшчыкоў агнём і мячом».
Адбылося гэта пад вечар. Але паўстанцы і казакі адчайна супраціўляліся ўсю ноч і наступны дзень. I толькі калі горад запалаў з усіх бакоў, супраціўленне спынілася. Невялікі казацкі атрад, які вырваўся з ахопленага агнём Пінска, быў загнаны ў балота і амаль поўнасцю знішчаны...
Вынікі штурма былі жахлівыя. Як гаворыцца ў данясенні маскоўскага пасла Рыгора Кунакова цару Аляксею Міхайлавічу, Мірскі «мяшчан пабіў больш 3000 чалавек і жонак іх і дзяцей загадаў пабіць без міласці». Але, калі верыць Адаму Кіркору, трагедыя Пінска была куды больш жудаснай. У «Жывапіснай Расіі» ён пісаў: «Радзівіл аблажыў горад, пачаўся доўгі штурм горада, падчас якога, як сведчаць сучаснікі, загінула чатырнаццаць тысяч жыхароў і згарэла пяць тысяч дамоў».
У рукапісе, знойдзеным ксяндзом Антонам Машынскім, ёсць цікавае сведчанне, якое, хаця і падобна на легенду, тым не менш заслугоўвае таго, каб яго прывесці.
9 кастрычніка (у рукапісе чамусьці занатавана 9 лістапада) у 11 гадзін вечара над Пінскам быццам бы з’явілася «страшная камета» ў выглядзе мяча, скіраванагавастрыёмуніз. «... Гэтыкрывавымеч,— свед-
чыць рукапіс,— прабыў час з лішкам, на што гараджане і казакі доўга глядзелі».
Пасля ўзяцця горада Мірскім камета з’явілася над Пінскам яшчэ раз. У рукапісе зроблена выснова наконт прычын пінскай трагедыі: «Таму так атрымалася, што меч і мятла нябесныя знішчылі горад Пінск».
Падчас «казацкай вайны» пацярпеў не адзін Пінск. Такому ж вынішчэнню войска князя Друцкага-Горска га падвергла Чэрыкаў, дзе «беларусцаў усіх пасеклі». У руінах застаўся ляжаць Брэст, якому спаўна дасталася ад разлютаваных казакоў, якія, як сведчыць маскоўскі пасол Рыгор Кунакоў, спустошылі горад да падмурка, «палякаў і жыдоў і жонак іх і дзяцей пабілі без рэшты, і харомы і муры каменныя разбурылі і раскідалі, a драўляныя папалілі і ўчынілі з полем роўна».
У сваю чаргу, як сведчаць сучаснікі тых трагічных падзей, «літоўскае войска высекла Мазыр і Тураў». Жорстка пакараў Януш Радзівіл і абаронцаў Бабруйска.
Паўстанне сялян і гарадскіх нізоў на поўдні Беларусі было падаўлена Радзівілам к восені 1651 года.
А пачалося ўсё з таго, што 8 жніўня 1649 года Хмяльніцкі і кароль Ян Казімір падпісалі ў Збораве дагавор, які ўсталяваў аўтаномію (уладу ўкраінскага гетмана) Правабярэжнай Украіны ўскладзе Рэчы Паспалітай. Казакі атрымалі права на 40-тысячнае запарожскае войска, якому вярталіся ранейшыя і гаранта валіся новыя прывілеі. Дагавор акрэсліў межы, дзе маглі знаходзіцца казакі. Яго другі артыкул падкрэсліваў, што яны не павінны з’яўляцца далей «паказаных месцаў».
Поўдзень Беларусі ў «паказаныя месцы» не ўваходзіў.
У ліпені 1651 года пад Берастэчкам аб’яднанае войска Багдана Хмяльніцкага і крымскага хана Іслам-Гірэя III было разгромлена арміяй Яна Казіміра. Вынікам паражэння казакоў стаў цяжкі для іх Белацаркоўскі трактат, падпісаны 18 верасня літоўскімі і ўкраінскімі камісарамі. Цяпер сваю волю дыктавалі гетман каронны Мікалай Патоцкі і гетман польны Януш Радзівіл. Трактат скарачаў да 20 000 колькасць рэестравых казакоў, значна ўразаў казацкія прывілеі. У дзесятым артыкуле трактата было запісана: «Як войска яго Ka-
ралеўскай міласці запарожскае, пры складанні свайго рэестра, ніколі не краналася межаў Вялікага княства Літоўскага, так і цяпер не павінна кранацца». Украінскія казакі павінны былі «верна і дбайна выконваць усялякую службу яго каралеўскай міласці і Рэчы Паспалітай».
Хаця ўмовы Белацаркоўскага трактата і былі ануляваны пасля таго, як у маі 1652 года Хмяльніцкі ўсё з тым жа Іслам-Гірэем разграміў войска кароннага гетмана Каліноўскага, але для Беларусі гэта ўжо не мела аніякага значэння.
Але гэта — на той час...
У маі 1654 года з Масквы выступіла велізарная руская армія. Мэтай гэтага паходу былі землі Вялікага княства Літоўскага, у першую чаргу — Беларусь. На яе паўднёвым усходзе з’явілася дваццацітысячнае войска пад началам паплечніка Хмяльніцкага, наказнога гетмана Івана Залатарэнкі.
Якую ж мэту ставілі казакі на гэты раз?
Яе адназначна вызначыў у свой час ні хто іншы, як Лаўрэнцій Абэцэдарскі: «... частка старшыны імкнулася, выкарыстаўшы вайну, далучыць да Украіны паўднёва-усходнюю Беларусь, устанавіць там сваё палкавое адміністрацыйна тэрытарыяльнае кіраванне, захапіць зямельныя ўладанні і прыгонных сялян».
Такая вось казацкая палітыка...
ДАРАГОв МН6 СЛОЕА «МЯСТЭЧКЛ»
Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР 27 верасня 1938 года спарадзіў, я лічу, не самы ўдалы свой указ — «Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР». He ведаю, доўга ці не вельмі раіліся тагачасныя народныя абраннікі, пакуль на свет божы з’явіўся дакумент, згодна з якім на Беларусі ў адначассе зніклі ўсе... мястэчкі. Неяк вечарам усе да аднаго беларускія местачкоўцы ляглі спаць местачкоўцамі, a прачнуліся раніцай хто гараджанамі, а хто вяскоўцамі.
Ніякіх рэферэндумаў адносна скасавання мястэчкаў як адміністрацыйных адзінак, вядома ж, не было. Вельмі верагодна, што нехта на самым версе ўладных структур палічыў, што паняцце «мястэчка» не адпавядае рэаліям савецкай сучаснасці і з’яўляецца свайго роду перажыткам капіталістычнага мінулага. Гараджане — гэта рабочы клас, вяскоўцы, адпаведна,— калгаснае сялянства. А хто ж такія местачкоўцы? Гандляры і рамеснікі, якія не ўпісваюцца ў структуру новага сацыялістычнага грамадства? А паколькі прыватнікі да таго часу былі паспяхова ліквідаваны як клас і многія з іх падзялілі горкі лёс заможных сельскіх гаспадароў, то скасаванне самога паняцця «мястэчка» як асяродка прыватнаўласніцкай псіхалогіі было, на думку тых, хто яго скасоўваў, лагічным акордам у велічным гімне калектыўнай працы.
Горкая фонія, якая гучыць у маіх разважаннях аб незайздросным лёсе беларускіх мястэчкаў, безумоўна, не ўсім будзе зразумелай. У людзей маладых, тых, каму сёння 20—30 гадоў, яны, хутчэй за ўсё, наогул не выклічуць аніякіх эмоцый. Людзям жа сталага веку і тым, хто нарадзіўся адразу пасля апошняй вайны, слова
«мястэчка» гаворыць вельмі многа, будзіць у сэрцы тужлівыя, але светлыя ўспаміны, накшталт вось гэтых, што належаць пяру вядомага беларускага паэта, карэннага палесскага местачкоўца Сяргея Грахоўскага:
«Сярод мноства страт знікла дарагое мне слова мястэчка, страціла свой непаўторны, вякамі складзены побыт, шчырыя адносіны сумлення і даверу, яскравы каларыт мудрых і прыгожых традыцый.
Што такое мястэчка?
Дакладнае і ёмістае слова замянілі калекамі абрэвіятур «гарпасёлак», «ПГТ» (пасёлак гарадскога тыпу), а найчасцей — «райцэнтр», з поўным наборам «раёў» — райкам, райвыканкам, райваенкам, райад дзелы, райканторы, райупраўленні. райзагі, райбаль ніцы, райміліцыі (які там рай?).
Гэты «рай», што ўжо не вёска і яшчэ не горад, спрадвеку звалі мястэчкам. 1 адразу ўзнікала ўяўленне пра ціхае, невялічкае, часта далёкае ад чыгункі паселішча з дзвюма-трыма брукаванымі вуліцамі, з вялікаіо рыначнаю плошчаю пасярэдзіне, з доўгім шэрагам крам і крамак, з шумнымі асеннімі кірмашамі, з адною або дзвюма цэрквамі, некалькімі сінагогамі...»
Мы яшчэ вернемся да местачковых уражанняў Сяргея Грахоўскага, а пакуль зробім больш падрабязны экскурс у тыя далёкія часы, калі на беларускай зямлі з’явіліся першыя мястэчкі. А для гатага нам неабходна перанесціся гадоў так на шэсцьсот назад, у XIV стагоддзе, калі, як сведчаць даследчыкі, узніклі гэтыя, паГрахоўскаму, ужо не вёскі, але яшчэ не гарады...
У нашых заходніх суседзяў-палякаў горад да гэтай пары называюць «място», у украінцаў гэта слова гучыць як «місто». Ды і многія старадаўнія беларускія дакументальныя крыніцы вызначаюць гэты тып паселішча як «места» (або, больш сучасна, «месца»).
Адсюль мястэчка — гэта гарадок. Такія гарадкі і пачалі ўзнікаць на Беларусі ва ўжо азначаным XIV стагоддзі каля праваслаўных манастыроў і каталіцкіх кляштароў, паблізу магнацкіх маёнткаў, на скрыжа ваннях гандлёвых шляхоў.
Ад гарадоў мястэчкі адрозніваліся, перш за ўсё, меншай колькасцю насельнікаў, а таксама тым, што ў іх побач з рамеснікамі і гандлярамі — мяшчанамі жылі і сяляне, якія карміліся з зямлі і працы на ёй. Адмет-
насцю мястэчкаў, у параўнанні з гарадамі, была, на думку некаторых сучасных даследчыкаў, адсутнасць у іх абарончых збудаванняў.
Трэба адзначыць, што нават самае нязначнае мястэчка ўжо не лічылася выключна сельскім паселішчам, бо, як адзначаюць даследчыкі, ад 6 да 32 працэнтаў іх насельнікаў займаліся самымі разнастайнымі рамёствамі і промысламі (аб чым крыху пазней).
Бадай што не было на Беларусі мястэчка, у якім бы рэгулярна (бывала, па два разы на тыдзень) не праводзіліся таргі, a то і буйныя кірмашы.
Як і ў расійскім сяле, у кожным мястэчку абавязкова былі храмы, іншы раз нават некалькі, прычым — розных канфесій: праваслаўныя цэрквы, каталіцкія касцёлы, іудзейскія сінагогі, мусульманскія мячэці. Гэта сведчыць аб даволі стракатым нацыянальным складзе местачковага люду — у мястэчках жылі беларусы, палякі, рускія, яўрэі, татары, цыганы...