Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
Часам нам даставалася і болей.
Дзесьці на правабярэжнай Украіпе, непадалёк ад Дняпра, згубілася вёска Севярынаўка, у стэпе пад якой нам суджана было перажыць найгоршае і расстацца.
Відаць, правароніла наша ахова, што ўвогуле было зразумела: у стэпе змяркалася, з аднаго боку дарогі ляжала непрыбранае кукурузнае поле, з другога месцамі цямнелі рэдкія сцірты саломы. Танкі наваліліся на нас нечакана, усе разам адкрыўшы агонь па батальённай калоне, у якой не было нават супрацьтанкавых ружжаў. У марознай прасторы загуло, загрукатала, крыжуючыся і разлятаючыся ў бакі, забліскалі сотні аўтаматных трас, пад якімі ўрассыпную беглі байцы. Танкі, завёўшы маторы, пачалі нас праследаваць, расстрэльваючы на хаду з усяе танкавай зброі. Ые шмат каму ўдалося дабегчы да рэдкіх сціртаў, большасць назаўжды палегла на аснежаным полі, але і тых, што апынуліся за сціртамі, хутка дагналі танкі.
Непадалёку ад сціртаў я быў паранены і, імкнучыся адолець апошнія метры да сховішча, ліхаманкава поўз па снезе, цягнучы параненую нагу. Заставалася прапаўзці, можа, сто метраў, як мяне пачаў даганяць танк. Гэта быў не «тыгр» і не «фердынанд» звычайны, добра знаёмы франтавікам сярэдні «Т-111», але і такога для мяне было дастаткова. Яшчэ здалёку кулямётчык запусціў па мне даўжэзнай чаргой, кулі з рассейваннем прабеглі па снезе, прадзіравіўшы мой шынелак і перабіўшы раменьчык палявой сумкі. Іншыя танкі расстрэльвалі тых, хто яшчэ бег да сціртаў, а гэты, здаецца, надумаўся раздушыць мяне гусеніцай і, трошкі прытармазіўшы, выразна павярнуў у мой бок. Уцячы ад яго я не мог, схавацца не было куды, скорчыўшыся на снезе, я з жахам глядзеў, як ён, скрыгочучы гусеніцамі і гайдануўшыся на павароце, рэзка рвануў да мяне. У маёй свядомасці мільганула адзіная думка: «Канец!», інстынктыўна я падабраў ногі, і тут грымотны выбух скалануў танк. Прыкметна губляючы хуткасць, той прагрукацеў побач, ледзьве не раструшчыўшы мае ногі, толькі ўціснуў у снег полы майго шыняля і нерашуча спыніўся. I тады я ўбачыў ротнага, знаёмая постаць якога мільганула за танкам. Ён нешта крычаў мне і схапіўся за аўтамат з усіх люкаў машыны ўжо выскаквалі танкісты. I тады я сцяміў, што гэта работа ротнага, які ў апошняе імгненне паспеў кінуць кумулятыўную супрацьтанкавую гранату і падарваць танк.
Потым была доўгая ноч у марозным стэпе, хтосьці мне дапамагаў, мы дабраліся да дарогі, набрылі на фурманку. Міргарада я болей не бачыў.
Нішто так не цанілася на фронце, як таварыская ўзаемавыручка, пачуццё абавязку перад таварышамі, што
трапілі ў бяду. Мноства разоў танкісты выручалі пяхоту, пехацінцы артылерыю, наземныя войскі з паветра апекавала авіяцыя. ГІрыклады ўзаемавыручкі і высокай адказнасці за сваіх асабліва памятаюцца праз гады.
Неяк пад Луцкам у наш батальён прыбылі два малодшыя сяржанты Свінцоў і Пронін. Яны былі залічаны ў мой узвод ПТА, які складаўся тады з дзвюх старога ўзору «саракапятак»: Свінцоў камандзірам гарматы, а Пронін наводчыкам.
У цяжкіх баях пад Секешфехерварам у Венгрыі здарылася так, што батальён, які вырваўся наперад, аказаўся без артылерыйскай падтрымкі, без танкаў. 3 супрацьтанкавых сродкаў засталася адна мая «саракапятка». I вось раніцай батальён, які разгарнуўся для наступлення, атакавалі нямецкія танкі.
Іх было нямнога, усяго якіх-небудзь сем штук, і яны не спяшаліся. Батальённы ланцуг залёг на адкрытым, падмерзлым полі, і танкі, паволі пасоўваючыся, пачалі метадычна выбіваць яго, пасылаючы ў кожнага байца па снараду боепрыпасаў у іх хапала.
Мы таропка развярнулі «саракапятку» на нешырокай прасёлачнай дарозе, што абрасла рэдкім кустоўем, і скрозь яго адкрылі агонь. Але танкі ў адносінах да нас знаходзіліся наўкось у полі, так званы «вугал сустрэчы» снарада з бранёй аказаўся вельмі малы, і ўсе нашы бранябойныя снарады, ярка бліскаючы трасёрамі, разляталіся ад танкаў у бакі. Як заўсёды, у гарачцы бою нам здавалася, што вінаваты наводчык, што ён кепска наводзіць, «мажа»; мы злосна крычалі на яго, і ён, не менш злосна мацюгаючыся, пасылаў снарад за снарадам, і ўсё марна. Пасля дзясятка стрэлаў я кінуўся з канавы да гарматы, як раптам пад самым яе ствалом грымнуў разрыў, і гармата, скокнуўшы ўгору, завалілася набок. Падняўшыся, я адчуў, што паранены: з рукава па пальцах густа палілася кроў. Праз якую хвіліну з шасці чалавек разліку здолелі падняцца толькі двое, у тым ліку і паранены ў плячо Пронін. Мы падхапілі нашу ручную зброю і пад кулямётным агнём пачалі адыходзіць у тыл.
Тым часам, скончыўшы з гарматай і асмялеўшы, танкі падышлі яшчэ бліжэй да батальённага ланцуга, рэшткі якога нават не імкнуліся бегчы, бо бегчы не было куды: ззаду прасціралася адкрытае поле. Але цяпер у адносінах да агнявой пазіцыі гарматы яны аказаліся бокам, бяспечна падставіўшы свае слабыя для снарада барты. Пронін, які ўвесь час мацюгаўся і плакаў, бадай, болей ад роспачы, чым ад ранення, нічога не сказаўшы, раптам выскачыў з-за кустоўя, дзе мы перавязалі адзін аднаго, і пабег да гарматы.
«Саракапятка» добра была пакарэжана, прыцэл разбіты, але ствол і замок былі, мабыць, спраўныя, і Пронін адкрыў агонь. Лежачы ў канаве, мы чулі злыя ягоныя выкрыкі каля гарматы і бачылі, як зноў замільгалі бранябойныя трасы у барты, пад вежу, па маторах фашысцкіх танкаў. Хутка адзін з іх задыміў, другі стаў разварочвацца, сцелючы па зямлі перабітую гусеніцу. Але вось некалькі танкавых вежаў паспешна развярнуліся ў бок дарогі, і тры амаль адначасных стрэлы з іхніх гармат назаўжды скончылі з нашай «саракапяткай».
Чаму Пронін рашыўся на гэта самаахвяраванне? Пачуццё адказнасці і свайго воінскага абавязку, думаю, кіравала ім.
У сваёй прозе я так і не знайшоў месца ні для Міргарада, ні для Проніна, аб чым не перастаю шкадаваць і цяпер, але і нічога не магу зрабіць. Відаць, усё ж мастацкая проза болып выбарачная па сваёй прыродзе, чым які іншы від мастацкай творчасці. Таму хай гэтыя скупыя радкі будуць маёй сціплай данінай памяці тым, аб кім я заўсёды думаю і каму абавязаны самым дарагім жыццём.
[1974]
[ІНТЭРВ’Ю ГАЗЕЦЕ
«ЛІТАРАТУРА I МАСТАЦТВА»]
-	Ад усяго сэрца віншуем з прысуджэннем Дзяржаўнай прэміі СССР. Мы шчыра рады за вас.
-	Дзякуй. Для мяне гэта вялікі гонар атрымаць Дзяржаўную прэмію СССР разам з такімі сусветна вядомымі майстрамі літаратуры, як Кайсын Куліеў і Леанід Мартынаў. Удзячны за прысуджэнне прэміі Камуністычнай партыі і Савецкаму ўраду. Я разглядаю гэту ўзнагароду як усесаюзнае прызнанне дасягненняў усёй беларускай літаратуры.
-	Прэміяй адзначаны вашы аповесці «Абеліск» і «Дажыць да світання» творы пра вайну, пра подзвіг чалавека на вайне. Напярэдадні трыццатай гадавіны з Дня Перамогі гэта набывае асаблівае гучанне.
-	Так. Значэнне прэміі яшчэ і ў тым, што ў даным выпадку яна прысуджана за творы на тэму вайны. Склалася так, што амаль уся мая літаратурная творчасць так ці інакш прысвечана ваеннай тэматыцы. Хаця вайна, як вядома, працягвалася чатыры гады, яна склала цэлую эпоху ў жыцці савецкага
народа. Асабліва гэта датычыла гістарычнага лёсу беларускага народа, які спазнаў поўную цану барацьбы, страт і нашай вялікай Перамогі. I дагэтуль у беларускіх гарадах і вёсках поўна напамінкаў вайны, хаця даўно ўжо няма разбурэнняў і руін. Гарады і вёскі адноўлены і расквітнелі, але сляды вайны засталіся ў душах людзей. Яшчэ і дагэтуль маці памятаюць сваіх сыноў, яшчэ і цяпер выраслыя дзеці пакутуюць ад невядомасці пра сваіх загінуўшых бацькоў, яшчэ і цяпер даволі інвалідаў, пакалечаных той, мінулай вайной.
Літаратура наша шмат зрабіла ў адлюстраванні гістарычнага подзвігу народа ва ўсіх жанрах створаны шэраг выдатных твораў пра вайну, але ці значыць гэта, што пра адно з найвялікшых гістарычных выпрабаванняў сказана ўсё? Я думаю, што тэма гэтая бязмежная. I не толькі мы, сведкі і ўдзельнікі гэтага выпрабавання, павінны напісаць яшчэ шмат, але аб ёй, аб вайне, будуць пісаць яшчэ многія пісьменнікі з тых пакаленняў, якія прыйдуць пасля нас.
Пытанне вам як удзелыііку вайны і пісь.менніку. У якой ступені перажытае вамі дапаўняецца творчым домыслам?
Суадносіны ўласнага вопыту з чыста літаратурным домыслам праблема вельмі складаная для пісьменніка. Відаць, у працэсе творчасці адно ўдаемадзейнічае з другім. Хаця у розных пісьменнікаў, можа, у рознай меры. Адны аддаюць перавагу свайму вопыту, факту, другія наадварот. Людзі з добра развітым уяўленнем, чыста мастакоўскай фантазіяй болей любяць кіравацца сваім мастацкім чуццём. У мяне было па-рознаму. Некаторыя творы ўзніклі цалкам на базе факту і вопыту, іншыя былі сканструяваны, калі можна так сказаць, з дапамогай уяўлення і ведання падзей. Гэта, напрыклад, адносіцца амаль да ўсіх партызанскіх аповесцей бо асабістага вопыту ўдзелу ў партызанскай вайне ў мяне няма.
Як спрыяла работа ў газеце вашаму станаўленню ў літаратуры?
Работа ў газеце «Гродненская правда» паслужыла пэўнай школай. Журналісцкае асяроддзе папярэднічала літаратурнаму. Хаця газета спецыяльна не займалася літаратурай, але час ад часу друкавала вершы, літаратурныя старонкі. Так выпрацоўваліся першыя навыкі журналістыкі і пісьменніцтва. I яшчэ. Работа над словам. Безумоўна, слоўнік газетчыка не надта багаты: што там гаварыць пра метафары, народныя выразы... Але ў той жа час газетная школа, як ніякая, вучыць эканомнасці, папярэджвае ад усялякай моўнай празмернасці, вучыць абсалютнай стылістычнай строгасці. Безумоўна, для пісьменніка патрэбна развіццё тых навыкаў, якія дае газета,
патрэбна ўдасканаленне іх, потым газетныя навыкі саслужаць харошую службу.
Мы ведаем, што вы зараз заняты ў кіно. Як там справы?
На студыі «Беларусьфільм» і на студыі «Ленфільм» здымаюцца фільмы «Воўчая зграя» і «Дажыць да світання». Як вядома чытачам, адна аповесць пра партызанскую вайну ў Беларусі, дзеянне другой адбываецца ў першы год вайны пад Масквой. Натурныя здымкі «Воўчай зграі» праходзілі на станцыі Лынтупы і ў Смалявічах. Здымае фільм рэжысёр Б. Сцяпанаў, добра мне знаёмы. «Дажыць да світання» здымае рэжысёр Віктар Сакалоў.
Had чым вы працуеце цяпер?
Пішу новую аповесць пра вайну. Назвы яшчэ няма. Увесь час заняты здымкамі. Апрача таго, МХАТ працуе над п’есай «Апошні шанц». I ад мяне патрабуецца шмат намаганняў я ўжо не проста аўтар, а аўтар пераробак і ўдасканаленняў.