Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2
Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990)
Васіль Быкаў
Памер: 640с.
Мінск 2019
Напэўна, нельга прызнаць законным закон, які на самым пачатку задуманы для карысці ўлады, скіраваны супраць in-
тарэсаў народа. У нас далёкая ад дасканаласці Канстытуцыя, няма закону аб рэферэндумах, на працягу некалькіх год ніяк не можа нарадзіцца надта неабходны закон аб друку. Міліцыя і праваахоўныя органы не перастаюць скардзіцца на прававое бяссілле ў барацьбе з апантанай злачыннасцю. I ў той жа час у крымінальны кодэкс рэспублікі ў якасці тэрміновай меры ўводзяцца артыкулы аб забароне гістарычнай нацыянальнай сімволікі, распаўсюджанні ксеракапіраванай, друкаванай прадукцыі і шмат што іншае. Становіцца адразу зразумелым, чые інтарэсы абараняюць падобныя законы. Мы выкараняем сталінізм, а праваахоўныя органы працягваюць старанна выконваць яго «законы» 1932-1935 гадоў, не прызнаючы статус антысталінскіх таварыстваў — усесаюзнага «Меморнала», рэспубліканскага «Мартыралога Беларусі». У мерах па рэабілітацыі нацыянальнай мовы Беларусі знайшоў сваё адлюстраванне ўраўніцельны падыход як да беларускай, так і да рускай моваў. Само сабой зразумела, ва ўсе часы для нас быў важны стан рускай мовы ў рэспубліцы. Але ўсе цяперашнія цяжкасці з ёй не параўнальны з рэальнай пагрозай, перад якой апынулася беларуская мова, што і выклікала абгрунтаваную трывогу грамадскасці. Цяпер выпрацоўваюцца пэўныя доўгатэрміновыя праграмы, адчыняюцца беларускамоўныя класы ў школах, ствараюцца фармальныя і нефармальныя таварыствы па мове. Але ўсё гэта — не больш чым руцінны, па сутнасці, бюракратычны падыход да важнейшай праблемы, звычайныя элементы чарговай «доўгатэрміновай» праграмы, якая, толькі пачаўшыся, выцясняецца наступнай, яшчэ болей «доўгатэрміновай» кампаніяй. Кампартыю ж рэспублікі і яе кіраўнічыя органы моўная праблема пакуль асабліва не кранае, яе адказныя кіраўнікі па-ранейшаму не валодаюць і не карыстаюцца нацыянальнай мовай, звыкла абыходзячыся без яе. Мабыць, уся бяда ў тым, што на цяперашнім этапе беларуская мова апынулася малапатрэбнай у грамадскім і вытворчым жыцці, якое спрэс ажыццяўляецца на іншай — рускай мове. 3 жалем і засмучэннем трэба прызнаць, што грамадства, занятае стварэннем матэрыяльнай базы сацыялізму, з нейкага часу перастала дбаць аб культуры і за семдзесят гадоў народнай улады не стварыла ўмоў для патрэбнасці ў нацыянальнай мове, без чаго ўсе меры па яе рэанімацыі надта сумніцельныя. Гібельнае становішча з мовай можна ўратаваць хіба прыняццем комплексу тэрміновых, «аварыйных» мер, і адной з галоўных павінен стаць пераход на яе ўжытак партыйных і савецкіх органаў, Вярхоўнага Савета БССР. Інакш ніякая агітацыя за яе не пераканае беларуса (не
кажучы ўжо аб прадстаўніках іншых нацыянальнасцей) авалодаць беларускай мовай, ад якой ён толькі ўчора адвык, калі ёю не хоча валодаць начальства, кіраўнічы авангард рэспублікі. А што гэта так, не трэба нікому тлумачыць: людзі глядзяць тэлевізар і чуюць, як на пытанне па-беларуску кіраўнікі ўсіх рангаў адказваюць на рускай мове. (Выключэннем хіба што быў міністр фінансаў БССР Б. I. Шаціла.) Дык чаго тады варты ўсе гучныя словы, шумныя і пампезныя гульні ў камісіі і таварыствы, што выпрацоўваюць (доўга і грунтоўна выпрацоўваюць), вядома ж, «доўгатэрміновыя» праграмы, якія не маюць шанцу на выкананне.
I тут не можа не ўзнікнуць спрадвечная праблема правоў, якімі валодае ўлада і валодае народ. Няцяжка заўважыць пэўныя разыходжанні, калі вельмі складаная механіка ажыццяўлення ўлады дзяржаўным апаратам сістэматычна і няспынна ўдасканальваецца, а права народа ў лепшым выпадку галаслоўна дэкларуецца, застаючыся нерэалізаваным.
Са сталінскіх часоў у нас узнікла і ўчэпіста замацавалася практыка адноснасці самога паняцця народ. Калі рэдакцыя цэнтральнай газеты, дзяржустанова або орган улады атрымліваюць пэўную колькасць пісьмаў у падтрымку чарговай пастановы, дык гэта кваліфікуецца як несумненны выразнік волі народа і публікуецца ў друку. Калі ж на гарадской плошчы збіраецца 10-20-50 тысяч на не санкцыянаваны ўладамі мітынг, дык гэта ўсяго толькі «натоўп» і ўсе яго заклікі — не больш чым «патрабаванні экстрэмістаў». Літоўцы збіраюць больш трох мільёнаў подпісаў пад дакументам, які спецыяльнай місіяй адпраўляюць у Маскву, дзе той не знаходзіць ні разумення, ні падтрымкі. Вядомая Балтыйская акцыя трох народаў, у якой прынялі ўдзел некалькі мільёнаў людзей, таксама — «прошукі антысацыялістычных элементаў»? Пры апытанні грамадскай думкі ў Беларусі 99 працэнтаў з 66 тысяч апытаных выказаліся за правядзенне альтэрнатыўных выбараў, што, аднак, не перашкодзіла Вярхоўнаму Савету рэспублікі прыняць артыкул, які дапускае і безальтэрнатыўнае галасаванне. Дык што ж тады голас народа і як яго ўчуць? А галоўнае — як трэба на яго рэагаваць?
У той час, як пад уздзеяннем бурных перабудовачных працэсаў у краіне масавая свядомасць народа значна змянілася, палітычная свядомасць наменклатуры, здаецца, у многіх адносінах застаецца ранейшай — інертнай і кансерватыўнай. Адсюль — непрыняцце ёю палітычнай самадзейнасці шырокіх народных мас, упартае ідэалагічнае і адміністрацыйнае
супрацьдзеянне яе імкненням. Нядаўна арганізаваныя народныя франты амаль усюды (апроч хіба Прыбалтыкі) былі ўспрыняты як незаконныя, антысацыялістычныя ўтварэнні і яшчэ да абнародавання іхніх праграм былі расцэнены як крамольныя і падвергнуты пераследаванням. Шмат што несумненна дадатнае і, галоўнае, альтэрнатыўнае, народжанае знізу, што неслі іхнія праграмныя палажэнні, засталося за рамкамі працэсаў перабудовы і не садзейнічала яе актывізацыі. Далёкая ад якой-небудзь карэктнасці барацьба супраць арганізатараў і кіраўніцтва франтоў выклікала залішнюю нервознасць, нічым не апраўданую канфрантацыю ўлад супраць значнай і самай актыўнай часткі грамадства. Грэбуючы сапраўднымі мэтамі перабудовы, бакі распачалі зацяжную палеміку, якая, аднак, не здолела нават праясніць іхнія пазіцыі. У некаторых рэспубліках (напрыклад, на Украіне) бесперспектыўнасць падобнай сітуацыі была зразумета своечасова і зроблены першыя крокі да ўзаемаразумення і супрацоўніцтва. У іншых жа (напрыклад, у Беларусі) улады прадаўжаюць упарціцца ў сваім непрыняцці дэмакратычнага права грамадства на альтэрнатыўнасць праектаў прававых і дзяржаўных актаў, чым ствараецца пэўная напружанасць, якая несумненна тармозіць усе перабудовачныя працэсы. Як ні дзіўна, галоўная стаўка ўлад у гэтай справе робіцца не на палітычную работу ў масах, а на адміністратыўную ўсёдазволенасць і міліцэйскую сілу. Мінулая сесія Вярхоўнага Савета рэспублікі, якая прымала закон аб выбарах, выклікала дзіўную ўстрывожанасць апарату, калі будынак Дома ўрада быў ачэплены ўзмоцненымі нарадамі міліцыі і войск спецпрызначэння, ствараючы тым самым уражанне крайняй напружанасці палітычнай абстаноўкі ў горадзе. Наўрад ці, аднак, гэтая панічная занепакоенасць была чымсьці апраўдана: тыя некалькі сотняў мінчан, што сабраліся перад Домам урада, зусім не збіраліся кідацца на народных абраннікаў — яны чакалі магчымасці сустрэцца і пагутарыць з імі. Аднак замест дэпутатаў ім наканавана было сустрэцца з маўклівымі хлопцамі ў форме.
Нядаўна яшчэ за народам замацоўваўся элементарны абавязак — выконваць гістарычныя планы партыі як свайго кіруючага авангарда. Пабудаваная на вядомых прынцыпах дэмакратычнага цэнтралізму, КПСС, на справе сама знаходзячыся ў падпарадкаванні свайго ядра — ЦК і Палітбюро (хоць бы і праз з’езды і пленумы), у масе сваёй таксама з’яўлялася выканаўчым інструментам. Выстройвалася даволі выразная структурная мадэль, зручная для кіравання зверху, але пазбаўленая неабходнай для кожнай дасканалай мадэлі магчымасці зварот-
най сувязі. Калі б усё гэта складвалася інакш, цяпер, мабыць, не давялося б столькі ламаць і перарабляць, амаль усляпую, без навукі і практычнага вопыту прабіваючыся да пачатку дэмакратыі. Цяпер часы ў многім змяніліся, але галоўная мадэль улады застаецца ранейшай. Нават перадаўшы ўладу Саветам, партыя не страчвае магчымасці кіраваць імі праз сваіх членаў, а галоўнае — праз шматвопытны ўласны апарат, які, як гэта вядома з гісторыі, у кожным супрацьстаянні заўжды здабываў перамогу. Здаецца, сапраўды няма ў свеце сілы, якая б магла перамагчы апарат. Мяняюцца часы, прыходзяць новыя пакаленні, масамі авалодваюць новыя ідэі. Але па сутнасці сваёй апарат не змяняецца — ён служыць рэальнай уладзе.
Даўнішні шматгадовы партыйны вопыт выпрацоўваў вельмі зручную практыку, калі кожная, самая бяскрыўдная крытыка партыйных парадкаў расцэньвалася апаратам як замах на аўтарытэт партыі ў цэлым і крымінальна пераследавалася. Усумніцца ў яе палітыцы не дазвалялася нікому — ні яе члену, ні тым больш беспартыйнаму. Член партыі, вядома, быў звязаны партыйнай дысцыплінай, беспартыйнага ж білі «па руках», каб не лез у «чужы агарод». Але ці такім ужо чужым быў той агарод для вялікай большасці насельніцтва краіны, якое, не будучы ў партыі фармальна, тым не менш мусіла існаваць паводле яе законаў, ва ўсім падпарадкоўваючыся яе палітыцы. У аднапартыйнай дзяржаве лёс і тых і другіх ва ўсім залежаў ад партыі — пры адносным удзеле ў ёй яе членаў і абсалютным «партыйным бяспраўі» мільёнаў беспартыйных. Практыка мінулых гадоў аказалася вельмі зручнай формай барацьбы і ў перыяд перабудовы: апарат і наменклатура кожную канкрэтную крытыку ў свой адрас тлумачаць пашырана і зараз жа прымаюць баявую позу абаронцаў — не сябе, партыі. Ці трэба казаць, наколькі гэта ўскладняе дыялог, пазбаўляючы яго і мэты і сэнсу.
Падобным прыёмам для ўласнай абароны карыстаецца і ведамасная бюракратыя, чые карпаратыўныя інтарэсы непрыкметна для грамадства сталі набываць перавагу над дзяржаўнымі і таксама даволі паспяхова былі выведзены з зоны грамадскай крытыкі. I хоць ведамствы — не партыя, але і для іх стала ўласцівым выкарыстоўваць яе аўтарытэт у якасці бранявога шчыта. I на самай справе, ці мог паявіцца ў краіне праект або маглі адбыцца мерапрыемствы, у распрацоўцы і зацвярджэнні якіх не прыняў бы ўдзел той або іншы партыйны орган? Значыцца, само сабой адпала пытанне аб віноўніку ў выпадку няўдачы — вінаваты толькі падазраваўся, застаючыся без
пакарання. У выпадку ж поспеху ўсё было зразумела, і ніхто ні ў чым не сумняваўся — асабліва ў аўтарстве гэтага поспеху.