Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2 Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2

Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 640с.
Мінск 2019
181.27 МБ
 Васіль
xyuirvu.
твоpay
Грамадскае аб’яднанне
«Саюз беларускіх пісьменнікаў»
Васіль Быкаў
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах
Рэдакцыйная калегія:
БЫКАВА I. М„ КАЗАКОЎ В. М„ КАЗУЛІН А. У„ ПАШКЕВІЧ А. А„ САЧАНКА (ПЯТРОВІЧ) Б. П„ СІНЬКОВА Л. Д„ ТЫЧЫНА М. А„ ШАПРАН С. У
Васіль
Быкаў
Поўны збор твораў
Том
10
Кніга 2
Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990)
Мінск «Кнігазбор» 2019
УДК 821.161.3-4
ББК 84(4Бен)-6
Б95
Укладанне і каментары Сяргея Шапрана
Асаблівая ўдзячнасць за дапамогу падчас падрыхтоўкі гэтага тома Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва і Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры.
ISBN 978-985-7207-84-8
© Быкава I. М., Быкаў С. В„ Быкаў В. В., 2019
© Шапран С., уклад., камент., 2019
© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», 2019
© Афармленне. ПУП «Кнігазбор», 2019
1981
[ІНТЭРВ’Ю ЧАСОПІСУ «БЕЛАРУСЬ»]
— Паважаны Васіль Уладзіміравіч! Дазвольце мне сардэчна павіншаваць вас, выдатнейшага майстра слова, з прысваеннем высокага звання народнага пісьменніка Беларускай ССР і ад імя шматлікіх чытачоу часопіса і прыхільнікаў вашага таленту пажадаць вам шчодрага плёну і моцнага здароўя.
Хацеў бы задаць вам, Васіль Уладзіміравіч, некалькі пытанняў — як працяг неаслабнай цікавасці чытачоў да вашай творчасці, да вашай асобы. Як вы сябе адчуваеце ў новай якасці — народнага пісьменніка і вашаразуменне гэтага высокага звання?
— Нялёгка прывыкнуць да такога ганаровага звання, асабліва памятаючы і ведаючы народных пісьменнікаў Беларусі, маіх папярэднікаў. У маім уяўленні гэта перш за ўсё людзі гіганцкага таленту, надзвычайнай працаздольнасці, крыштальнага сумлення і абвостранай грамадзянскай чуйнасці.
Што ж датычыць самых першых нашых народных — Янкі Купалы і Якуба Коласа, дык яны класікі, стваральнікі новай беларускай літаратуры.
Ці трэба гаварыць, які маральны абавязак кладзецца на плечы пісьменніка самім фактам прысваення гэтага звання, якое, безумоўна, не толькі канстатацыя заслуг, але і пэўны аванс на будучае.
— Лёс вашых твораў, як ён склаўся?
— Лёс твораў, як і лёсы людзей, складваецца па-рознаму. Адны лёгка пішуцца і лёгка друкуюцца — гэта ўдачнікі (як і людзі ў жыцці). Іншым жа доўга не шанцуе — у часе працы над імі, пасля — пры выданні. Так, напрыклад, мая аповесць «Сотнікаў» спазнала шмат турбот у часе працы над ёй, але яшчэ болей у часе выдання. Прынамсі, гэта зразумела, бо ў рэдакцыях таксама людзі са сваімі поглядамі, адносінамі, здольнасцямі разумення мастацкага твора, мастацкімі і асабістымі схільнасцямі. Затое цяпер у «Сотнікава» шчаслівы лёс, ён выдадзены на мовах амаль усіх еўрапейскіх народаў і па-за Еўропай. I нават былыя апаненты цяпер не толькі прызнаюць
яго, але, здараецца, і хваляць. На гэта можна сказаць, што літаратура, бывае, выхоўвае густы.
— Часта бываюць канферэнцыі па вашых творах, сустрэчы з чытачамі. Якое ваша паразуменне з чытачом?
— Вядома, канферэнцый па творах і сустрэч з чытачамі хапае. Справа гэта нялёгкая і патрабуе ад аўтара пэўнай самааддачы. Я не належу да ліку тых аўтараў, якія вельмі лёгка адчуваюць сябе з чытачамі, устанаўліваючы з імі пэўны кантакт. Мне заўсёды здаецца, што чытачы чакаюць ад твора нечага іншага, здаецца, што я напісаў нешта не так. Нават калі мяне пераконваюць у адваротным, мне цяжка саступіць з мае думкі. Але ж вядома, што ў літаратуры бачыць недахопы і ўмець іх пазбавіцца далёка не адно і тое ж. Шлях ад аднаго да другога часам бывае цяжкі і доўгі.
— Паездкі і уражанні, ці дадаюць яны вам матэрыялу для вашых твораў?
— Паездкі — заўсёды спасціжэнне свету і сябе ў гэтым свеце. Ездзіць па краіне і свеце заўсёды карысна, хоць і не заўсёды гэта чыстае задавальненне, бо, як вядома, справа гэта турботная, патрабуе нямала часу і здароўя. У мяне ў апошнія гады былі цікавыя паездкі ў Сярэднюю Азію, Закаўказзе, а таксама ў Балгарыю, якую я вельмі люблю (у дужках можна зазначыць: а хто яе не любіць?), у Чэхаславакію і на Кубу. У кожнай такой паездцы міжвольна параўноўваеш сваю радзіму з краінамі гасцявання, і гэта будзіць думку, пачуццё, абвастрае назіральнасць. Ну і, канечне, расшырае кола сяброў, без якіх жыццё было б пазбаўлена асалоды і сэнсу.
— Радзіма — малая і вялікая. Уражанні маленства, родныя краявіды? Якое значэнне маюць яны для вашай творчасці?
— Аляксандр Твардоўскі вельмі дакладна сфармуляваў некалі гэтае паняцце, назваўшы яго пачуццём «малой радзімы». Гэта сапраўды так. Без малой не бывае і быць не можа вялікай Радзімы, любоў да апошняй завязваецца яшчэ ў малой, якая ўключае ў сябе замілаванае пачуццё з дзяцінства да сваёй вёскі (горада), поля (вуліцы), нейкага раўка ці ўрочышча, куточка краявіду. Што датычыць мяне, дык куды б лёс мяне ні закідваў у жыцці (Расія, Украіна, Далёкі Усход, зарубежжа), я не пераставаў бачыць у снах свой крывулісты пасёлак на Ушаччыне, знаёмыя з дзяцінства ляскі і пералескі, раўкі і балацявінкі. Ну і, натуральна, знаёмых з дзяцінства людзей — мужчын, жанчын, дзяцей. Шмат што з гэтай «краіны дзяцінства» прама ці ўскосна знайшло свой адбітак у маіх творах, не зважаючы на іх тэму, час ці месца дзеяння.
— Апошняе пытанне традыцыйнае: над чым новым вы працуеце?
— Працую над аповесцю пра вайну на зямлі беларускай.
— Поспехаў вам, Васіль Уладзіміравіч, і здзяйснення ўсіх задум і планаў!
Гутарку вёў Рыгор Барадулін.
[1981]
ЗАКАНЧЭННЯ HE БУДЗЕ...
Гэта была наша апошняя з ім сустрэча, нядоўгая размова, якая зараніла ў маю душу невыразны смутак па ім — аціхлым, незразумела панураным.
I перад тым былі нядоўгія, на хаду, сустрэчы ў Саюзе пісьменнікаў на вуліцы Энгельса, але тады ён яшчэ поўніўся клопатам, справай, часам скардзіўся на выдавецкія хібы, як гэта было з ягонай кнігай крытыкі і публіцыстыкі, ужо пасля смерці аўтара адзначанай Дзяржаўнай прэміяй БССР. А тады, памятаю, ён дужа наракаў на цяжкасці з выданнем, на нечаканыя патрабаванні рэдактуры. Ну, але гэта справа прывычная. У часе ж той, апошняй сустрэчы гаворка была пра іншае.
Месяцы два перад тым выйшла «Полымя» з яго апошнім раманам, у канцы якога было пазначана: «Заканчэнне будзе», і ці трэба казаць, як чакалі чытачы гэтага заканчэння любімага ўсімі твора. Але прыйшоў наступны нумар часопіса, за ім яшчэ адзін, а заканчэння ўсё не было, і тады стала зразумела, што твор па нейкай прычыне затрымліваецца. Але па якой?
Менавіта пра гэта я і запытаў Івана Паўлавіча ў часе той памятнай нашай сустрэчы ў Маскве.
Мы ціха ішлі падземным пераходам ад гасцініцы «Масква» да Краснай плошчы, памалу падняліся па гранітных прыступках. Іван Паўлавіч ступаў марудна, неяк стомлена, пасля майго пытання і без таго невясёлы, ён яшчэ больш спахмурнеў. Мы спыніліся на рагу музея Кастрычніцкай рэвалюцыі, і ён неяк аціхла, з нетутэйшай тугой уваччу агледзеў Аляксандраўскі сад, Манежную плошчу і сказаў словы, якія тады здзівілі мяне і збянтэжылі:
— Заканчэння не будзе, Васіль.
— Як — не будзе?
— He будзе ніколі.
Натуральна, я не паверыў яму, палічыў гэта няшчырасцю. Ды і як было дапусціць хоць на хвіліну, ніто гэткі твор застанецца няскончаным, ды яшчэ па волі самога аўтара?
Памятаю, тады я нешта гаварыў яму ў тым сэнсе, што Іван Паўлавіч пераболыпвае, калі не жартуе, хоць сказанае, тон і выгляд Мележа былі надта сур’ёзнымі, каб тое можна было прыняць за жарт. Ён жа нічога больш не дадаў, замкнуўся, маўчаў, увесь аддаўшыся сваім, невядомым мне клопатам.
Праз няпоўныя тры месяцы яго не стала.
Цяпер я думаю пра тыя яго словы і дзіўлюся, як можна было, маючы такое здароўе, такія прадчуванні, зрабіць так хораша і так шмат у літаратуры. А можа, менавіта дзякуючы таму? У такім стане ўжо не да сквалыжнага шарлатанства, не да дробязей і цацкання з тым, што не варта і гадзіны затрачанага на яго часу, не тое што жыцця. Мележ адчуваў сваю меру і надта добра ўсведамляў свой мастакоўскі абавязак перад літаратурай і перад народам, каб разменьваць час на нявартае чалавека, тым больш мастака з такім талентам.
Канешне, цяпер можна наракаць на лёс, які так скупа адмераў жыццёвага веку найлепшаму з нашых майстроў роднага слова, але, напэўна, менавіта лёс гэты запатрабаваў ад яго поўнай самааддачы, зрабіў немагчымымі фальш, разлік, кан’юнктурныя хітрыкі, якія загубілі не адзін талент у свеце.
3 Мележам такога не здарылася, і мы павінны мець вялікую ўдзячнасць яму і ягонаму лёсу, бо маем творы, якія доўга яшчэ будуць служыць прыкладам для многіх пакаленняў літаратараў.
* * *
Адзін з вялікіх пісаў, што мастаку не трэба баяцца ставіць перад сабой грандыёзныя задачы, што толькі на шляху да вялікай мастацкай мэты цераз пераадоленне неверагодных цяжкасцей творчага ды і іншага парадку яго чакае вялікая ўдача. Відаць, гэта правільна. Калі мастак валодае значным талентам і неабходнай мужнасцю, дык гэта пераадоленне, барацьба з сабой і абставінамі і з’яўляюцца тым гарнілам, дзе загартоўваецца моц неардынарнага, тым болей эпахальнага твора.
Што датычыць Мележа, дык мы маем перад сабой менавіта такі шчаслівы выпадак. Задача, ім перад сабой пастаўленая, была грандыёзная, у згодзе, аднак, з наяўным талентам, які ў спалучэнні са шматгадовай творчай апантанасцю даў літаратуры твор такой глыбіні і такога эпічнага размаху, менавіта
якога не хапала ў нашай нацыянальнай культуры. Безумоўна, апроч таленту і працы, для таго патрабавалася немалая мужнасць рашэння і ажыццяўлення, якой валодаў гэты мастак — воін Вялікай вайны, грамадзянін, камуніст.
Вялікі Стэндаль некалі засведчыў і даказаў на ўласным прыкладзе, што літаратура любіць моцныя страсці. He адзін аўтар са шмат якіх краін свету пацвердзіў справядлівасць гэтага вызначэння. Тут няма патрэбы называць іх імёны, але варта з задавальненнем і гонарам успомніць імя нашага земляка, удача якога таксама пралегла менавіта ў гэтым кірунку. Агульнавядома, што, як і шмат якому з народаў свету, беларускаму народу наканаваны гісторыяй адзін з самых драматычных лёсаў, што жыццё ніколі не песціла яго. Але зноў жа так склалася, што гэты драматызм ягонай гісторыі быў найменш адлюстраваны ў мастацтве. I калі трагічныя падзеі на нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны даволі паспяхова распрацоўваюцца ўсімі відамі мастацтва на працягу ўсіх пасляваенных гадоў, дык адна з самых драматычных старонак нядаўняга мінулага — пералом векавога ўкладу вёскі ў гэтай спрадвеку сельскагаспадарчай краіне, за якую па недасведчанасці, а таксама з прычыны адсутнасці асабістага вопыту мала хто з сучасных літаратараў мог узяцца. He баючыся адсутнасці літаратурнага прэцэдэнту і неймавернай цяжкасці задачы, Мележ узяўся, і мы маем цяпер шырокае і грунтоўнае мастацкае асэнсаванне аднаго з самых нялёгкіх момантаў нашай гісторыі.