Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2
Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990)
Васіль Быкаў
Памер: 640с.
Мінск 2019
[1982]
НЯЎСТУПЛІВАЕ СУМЛЕННЕ
Як гэта ні дзіўна, але факт: прыйшоў час юбілеяў для пакалення тых, хто ў гады вайны палічыў бы за злосны жарт усялякае ўпамінанне аб падобнага роду падзеях. Сапраўды, для многіх тады было не проста дажыць да вечара, дзе ўжо там думаць аб канцы вайны, тым больш аб якіх-небудзь круглых угодках. Трыццацігоддзе аказалася для тысяч недасягальным, роўна як і дваццаціпяцігоддзе, a то і дваццацігоддзе. Гінулі маладымі, калі не сказаць — юнымі.
Нямногім, аднак, пашанцавала, яны перажылі вайну, а за ёй і паўстагодні рубеж і нават больш. Лёс да іх аказаўся зважлівы, дараваў жыццё, але і наклаў абавязак — таксама, думаецца, на ўсё жыццё.
Дарэчы, гэта зразумела. Жывым давялося жыць, працаваць, a то і змагацца не толькі за сябе, але і за многія тысячы тых, хто назаўсёды страціў гэту магчымасць. I вось у ліку гэтых, па шчаслівай выпадковасці выжыўшых і да многага абавязаных вайной, — наш сябра і таварыш, цудоўны крытык і вучонылітаратуразнаўца Анатоль Георгіевіч Бачароў.
He ведаю, як іншыя чытачы, як многія былыя франтавікі або студэнты-філолагі, — мне ж чытаць А. Бачарова заўсёды цікава і радасна. Мабыць, гэта таму, што нашае «верую» ад-
нолькавага паходжання, нашы літаратурныя густы блізкія, a наша разуменне грамадзянскага абавязку, асабліва што датычыць мінулай вайны і яе адлюстравання ў літаратуры, — даўно адэкватныя.
Анатоль Бачароў — надзвычай актыўны крытык, ён многа піша і нават для крытыка надзвычай многа чытае, і не толькі на тэму вайны: яго літаратуразнаўчая эрудыцыя вышэй за ўсялякія пахвалы, а яго літаратурную сумленнасць можна аднесці да той яе катэгорыі, якая звычайна прыносіць аўтару болей нягод, чым задавальнення. Але яна не дае спаць пісьменнікам, трывожыць свядомасць грамадства, заўчасна б’е ў званы, калі небяспека толькі яшчэ на падыходзе і мала хто яе бачыць. Бачароў бачыць. Інакш бы многія «ваенныя» празаікі, якіх у апошнія гады так пацягнула адпачываць на сумленна заробленых лаўрах, яшчэ адчувалі б сябе маладымі гусарамі. Ды не! Іх гусарскі час ужо ззаду. Як ні сумна, трэба гэта прызнаць і згадзіцца з А. Бачаровым: трохі прытамілася наша ваенная проза. Пэўная прыкмета таго — яе цяга да буйнаблочных эпапеяў, панарамных ахопаў — ураўнаважаных, вывераных, часам надта ўжо правільных ва ўсіх адносінах.
У гэты знамянальны дзень шасцідзесяцігоддзя Анатоля Бачарова я сардэчна абдымаю яго, сумленнага салдата Вялікай вайны, мудрага генерала савецкай літаратуры, і жадаю яму сілы і магчымай жыццёвай бадзёрасці на тым нялёгкім шляху, у які ён адправіўся аднойчы.
Каму не вядома, што на гэтым шляху не так многа прыемных здзяйсненняў, безліч хваляванняў, і працы, і, можа быць, трошкі задавальнення ад у меру сіл выкананага абавязку.
Удачы табе, дарагі Анатоль Георгіевіч!
[1982]
НЕКАЛЬКІ ДУМАК ПЕРАД ЮБІЛЕЕМ
3 вялізнымі, агульнапрызнанымі поспехамі прыходзіць Беларусь да слаўнага юбілею — шасцідзесяцігоддзя ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Далёка па свеце разносіцца слава пра яе эканоміку, прамысловасць, сельскую гаспадарку, яе навуку і, вядома, яе нацыянальную культуру. Нам, сучаснікам, можа, не так ужо бачна яскрава, як гэта можа адкрыцца пасля, праз шмат год, але ўжо і цяпер можна з най-
большай аб’ектыўнасцю ацаніць тоё, чаго дасягнулі ў гэтай галіне. Асабліва ў нашай літаратуры.
Найперш трэба сказаць, што наша літаратура зрабілася развітаю ва ўсіх яе жанрах. Калі яшчэ некалькі дзесяцігодцзяў назад галоўныя яе поспехі пераважна звязваліся з паэзіяй, дык цяпер не меншых вышынь і ўсеагулыіага прызнання дасягнула беларуская проза, мастацкая і дакументальная, таксама як і драматургія, публіцыстыка. Мы маем багатыя здабыткі такога важнага празаічнага жанру, як раман, які нясе на сабе галоўную нагрузку ў адлюстраванні сучаснага жыцця народа і яго мінулага — ад пачатку гістарычных часоў да нашых дзён. Наша паэзія, за параўнаўча кароткі час прайшоўшы шлях ад вострасацыяльнай, лозунгава-заклікальнай па змесце, стала адной з самых інтанацыйна багатых і тэматычна разнастайных паэзій Еўропы. Безумоўна, гэта не значыць, што мы дасяглі беззаганнай дасканаласці ў нашым развіцці, у нас яшчэ шмат нераспрацаваных тэм, бакоў нашага жыцця, шмат мастацкіх праблем, але мне здаецца, што агульны напрамак нашай хады плённы і правільны. Ён вызначаецца перш за ўсё прынцыпамі партыйнасці і народнасці, метадам сацыялістычнага рэалізму — выпрабаванымі праз гады кірункамі, якія вызначаюць усё развіццё.
Адной з такіх актуальных праблем з’яўляецца, як вядома, адлюстраванне сучаснасці ў нашым мастацтве, чалавека нашых дзён, яго спраў і ягоных імкненняў.
У гэтай сувязі я хацеў бы зазначыць, што ў літаратурнай крытыцы часам звужаецца само паняцце сучаснасці, калі яно разумеецца як адрэзак па часе ў некалькі апошніх год, нават апошніх месяцаў. Але вядома, што час хуткаплынны і зменлівы і што тое, што яшчэ ўчора здавалася важным і актуальным, заўтра нярэдка перастае быць такім, бо гэтае заўтра высоўвае новыя праблемы і грамадства шукае новыя спосабы іх вырашэння. Для мастака важна не толькі заўважаць дэталі часу, яго характэрныя адзнакі, але і ўзбуйняць важнейшае і апускаць у сваёй увазе нешта хоць і пашыранае, але малаістотнае. Пісьменнік не ўсёедны, звычайна ён выбарачны ў сваёй увазе да праяў жыцця, і калі ён валодае талентам, дык нярэдка пад ягоным пяром падзеі даўно мінулых дзён становяцца надзіва актуальнымі для нашага сёння і наадварот. Напрыклад, у творах У. Караткевіча аб мінулым Беларусі або ў ваеннай літаратуры нашых лепшых беларускіх баталістаў мне бачыцца
вельмі шмат сугучнага нашаму часу — не ў дэталях, рэаліях, калізіях, вядома, а ў .маральна-філасофскай праблематыцы, у тым, што ў характары чалавека не надта мяняецца з гадамі, але што ва ўсе часы было надзённым і важным. I такім застаецца па сёння. Вузкае ж разуменне сучаснасці і задач мастацтва ў яе адлюстраванні нярэдка прыводзіла да спрошчанасці, ілюстрацыйнасці і рэдка давала належны плён. Гэта, канешне, не значыць, што толькі больш-менш далёкая мінуўшчына забяспечвае поспех, безумоўна, найперш тут вырашае талент, але для поспеху ў адлюстраванні надзённа-злабадзённага патрэбны немалы талент, які заўжды быў рэдкасцю, на які не так багата сучасная літаратура. Вобразна кажучы, літаратура ў нейкай меры тугадумка, ёй патрэбен час для асэнсавання жыцця, тады яна творыць упэўнена і грунтоўна.
Як ужо гаварылася, у нас даволі развіты ўсе жанры літаратуры, але, на маю думку, паэзія наша ўсё ж болей спрактыкавана за прозу ці драматургію, болей адпрацавана, ці што. Праўда, нельга не зазначыць прытым, што, дасягшы майстэрства, вытанчанасці формы, пэўнага мастацкага лоску, яна ўсё ж страчвае нешта істотнае, можа, тое, што найперш яе парадзіла ў нашай літаратуры, а іменна: пафас, свежасць і шчырасць пачуцця, грамадскі балявы нерв. Яна ў гэтыя дзесяцігоддзі разумна, паэтычна і вельмі прыгожа апявае шмат якія праявы жыцця чалавека эпохі НТР, але голас яе ўсё ж слабаваты для веку ядзернага вар’яцтва, пагрозы ўсеагульнага знішчэння жыцця на зямлі. I вельмі шкада, што менавіта ў такі час у паэзіі не чуваць галасоў песняроў-трыбунаў, роўных голасу У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, А. Куляшова, якія так патрэбны былі ў іх час. Але патрэба ў яркіх паэтычных талентах, валадарах дум людскіх, апосталах дабра і справядлівасці не меншае, а можа, большае з часам, ды яшчэ перад тварам пагрозы татальнай пагібелі на зямлі.
Зрэшты, нешта падобнае перажывае, на мой погляд, і беларускае выяўленчае мастацтва, якое ў значнай меры ўсё болып аддае перавагу форме над зместам. Безумоўна, было б неправамерна, а можа, і зусім няправільна разглядаць твор у такім расшчэпленым стане, тут, як нідзе ў мастацтве, важна двуадзінства метаду, але ж... На пэўнай ступені развіцця мастацтва для яго самі па сабе важны такія элементы, як колер, лінія, каларыт, святло і цені, ды толькі развітое мастацтва бачыць у іх сродак, а не самамэту, бо мэта ў яго куды большая, чым сродкі,
яна далёка наперадзе, часам нават недасяжная. Але, калі мы бачым яе, пастаўленую мастаком, мы ўдзячны яму, калі нават у сродках або яшчэ ў чым і не зусім пагаджаемся з ім. Можна па-рознаму адносіцца да чыста жывапіснай вартасці твораў Міхася Савіцкага з яго вядомага цыклу «Лічбы на сэрцы», але грамадзянская пазіцыя мастака і яго звышзадача не могуць не выклікаць у нас разумення і самага шчырага хвалявання. Тут можна з упэўненасцю сказаць, што голас ягонага сэрца гучыць званом сярод людзей, прапаведуе, перасцерагае і заклікае.
Літаратура, як і ўсё наша мастацтва, знаходзіцца ў вельмі рухавым стане, у стане няспыннага дыялектычнага развіцця. Магчыма, праз нейкі час шмат што ў ёй запатрабуе пераацэнкі, некаторых удакладненняў яе вартасцей, але ўжо цяпер зразумелы як характар яе поспехаў, так і прычыны яе пралікаў. Трэба думаць, далей будзе лягчэй. У літаратуру прыйдуць новыя таленты, якія на новую ступень узнімуць яе багатыя і разнастайныя набыткі. Галоўнае, каб нязменным заставаўся яе асноўны запавет — вернасць інтарэсам свайго народа, які яе парадзіў і якому яна павінна служыць. Гэтак, як служылі ёй нашыя славутыя пачынальнікі, а цяпер служаць лепшыя працаўнікі прозы, паэзіі, драматургіі, імёны якіх назаўжды ўвайшлі ў яе гісторыю і, трэба спадзявацца, застануцца там надоўга.
За імі пойдуць новыя майстры, тыя, хто цяпер яшчэ толькі пачынае і, можа, яшчэ толькі расчаў свой шлях на бацькоўскай зямлі.
I тыя, што яшчэ не нарадзіліся, але, безумоўна, народзяцца і прадоўжаць ранейшы шлях.
Талентамі ніколі не бяднела наша зямля.
[1982]
МАЙСТАР МАСТАЦКАЙ ПРОЗЫ
Выдатны рускі празаік Сяргей Паўлавіч Залыгін, аўтар многіх раманаў на тэмы рэвалюцыйнага пераўтварэння Сібіры і жыцця навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі, а таксама шырока вядомай аповесці «На Іртышы», прысвечанай калектывізацыі ў Сібіры, прадстаўляецца тут беларускаму чытачу як апавядальнік.
Апавяданні Сяргея Залыгіна прысвечаны розным тэмам, але галоўнае ў іх — наша сучаснасць, этычныя, эканамічныя і сацыяльныя праблемы жыцця. Выдатны майстар мастацкай прозы, Сяргей Залыгін у кожным з іх знаходзіць сваю непаўторную танальнасць, свае фарбы і гукі для стварэння вобразаў, жывых і цікавых, кожны з якіх — характар у шырокім разуменні гэтага слова. Апавядальная манера Сяргея Залыгіна заўсёды аздоблена добрым гумарам, мудрай аўтарскай усмешкай, якія надаюць асаблівы каларыт усяму, што апісваецца ў яго невялікіх творах.