Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2
Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990)
Васіль Быкаў
Памер: 640с.
Мінск 2019
Агульнавядома, што савецкая літаратура даўно і цвёрда стаіць на пазіцыях сацыялістычнага рэалізму і што для яе развіцця, як і для развіцця кожнай рэалістычнай літаратуры, найпершай умовай з’яўляецца праўда жыцця. Але справа ў тым, што праўда як мастацкая катэгорыя — вельмі не простае паняцце. I як ні дзіўна, але менавіта праўда жыцця даецца для адлюстравання толькі значным і мужным талентам. Што датычыць Мележа, дык безумоўна, што адна з галоўных вартасцей яго прозы, ягонай «Палескай хронікі» — гэта менавіта праўда сялянскага жыцця ў яго самым найбольшым аб’ёме. Ужо гэтага аднаго было б дастаткова, каб зрабіць неўміручым імя гэтага мастака.
Вось тыя найпершыя ўрокі і тыя вартасці, якія мне бачацца ў творчасці нашага незабыўнага Івана Паўлавіча Мележа.
[Люты 1981 г.]
[ІНТЭРВ’Ю ГАЗЕЦЕ
«ВІЦЕБСКІ РАБОЧЫ»]
— Васіль Уладзіміравіч! Многае ў вашым жыцці звязана з Віцебшчынай, краем, які багаты на рэвалюцыйныя, баявыя і працоўныя традыцыі. Тут вы нарадзіліся, закончылі школу, адсюль пайшлі ў вялікае і складанае жыццё. Віцебчане паслалі вас сваім прадстаўніком у Вярхоўны Савет рэспублікі. Ці знаходзіць усё гэта сваё адлюстраванне ў вашых творах?
— Пачатак жыцця, дзяцінства, родны кут заўсёды шмат значаць для чалавека наогул і для творчага чалавека асабліва. У мастацкай творчасці аўтар, як правіла, мае справу з абагульненымі вобразамі, характарамі збіральнымі, у якія ён укладвае шматлікія назіранні за жыццём і людзьмі. Але гэта не значыць, што нейкія канкрэтныя асобы, выпадкі, падзеі не могуць у той ці іншай меры стаць мастацкі.мі вобразамі. Мусіць, так і ў мяне. Mae землякі, равеснікі або ўдумлівыя даследчыкі творчасці могуць заўважыць у маіх творах шмат што такое, што прыйшло з дзяцінства, з роднага кутка. Пейзажы, партрэты, некаторыя падзеі і геаграфія іх, якія прама ці ўскосна адносяцца да Ушаччыны, знайшлі сваё месца ў аповесцях «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета», «Пайсці і не вярнуцца» і іншых.
— Сярод шматлікіхрэцэнзій было некалькі выказванняў вядучыхлітаратурных крытпыкаў, спрошчана разумеючых філасофска-эстэтычную праблематыку вашых твораў. У сувязі з гэтым пытанне: у чым роля літаратурнай крытыкі, наколькі яна спрыяе станаўненню пісьменніка, развіццю і ўдасканаленню яго творчага майстэрства?
— Пра мае творы напісана вельмі многа работ у розныя часы, у розных выданнях, на розных мовах. Сярод іх ёсць вельмі грунтоўныя, разумныя і справядлівыя (назаву толькі кнігі Л. Лазарава, А. Адамовіча, В. Бурана, I. Дзядкова). Былі, аднак, і выпадкі аглабельнай крытыкі. Я чытаў многае з таго, што было напісана, часта пагаджаўся, часам не (і не толькі ў залежнасці ад стаўлення да творчасці), безумоўна, многае мне дапамагала, нешта замінала. Але, ведаючы аўтараў гэтых прац, няцяжка было вызначыць, дзе праўда, а дзе наадварот, каго трэба паслухацца, а каго можна ігнараваць.
— У многіх тэатрах краіны ажыццёўлены пастаноўкі па вашых аповесцях. Ці заўсёды патрэбен ваш дазвол на сцэнічную інтэрпрэтацыю твора? Гэта першая частка пытання.
I другая вашы адносіны да рэжысёрскай трактоукі, калі яна ў значнай меры разыходзіцца з задумай аўтара?
— Звычайна рэжысёры пытаюцца толькі права інсцэніраваць твор, а далей ужо робяць па свайму разуменню, у якім аўтар мае мінімальную магчымасць што-небудзь змяніць. Я не надта люблю сучасны тэатр з яго пастановачным, «відовішчным» ухілам, часта мне бывае сумна глядзець канспектыўны пераказ майго твора, і, мусіць, з майго боку было б болей правільна не даваць згоды на інсцэніроўку. Але вядома, што разумныя думкі прыходзяць позна.
— Часта гавораць, што жаночыя вобразы вашых партызанскіх аповесцей, напрыклад Клава з «Воўчай зграі», напамінаюць жаночыя вобразы партызанскіх карцін М. Савіцкага. Што вы самі думаеце аб гэтым?
— Калі ўжо гаварыць аб падабенстве маёй творчасці і жывапісу М. Савіцкага, дык было б болыв правільна бачыць гэтае падабенства ў тэматыцы, у антыфашысцкай і патрыятычнай накіраванасці яе. А жаночыя вобразы? He ведаю. He адчуваю.
— Вядома, шторабота ў саставе Вярхоўнага Савета рэспублікі займае ў вас многа часу. Раскажыце, Васіль Уладзіміравіч, аб вашай дэпутацкай дзейнасці.
— На Ушаччыне я дэпутат яшчэ першы год, да гэтага быў дэпутатам ад Талачынскай акругі. Як вядома, абавязкі дэпутата Вярхоўнага Савета рэспублікі даволі разнастайныя як у акругах на месцы выбараў, так і ў пастаянных камісіях Вярхоўнага Савета. Найпершы — гэта пастаянная сувязь з масамі, выбаршчыкамі, рэалізацыя іх патрэб і пажаданняў, справаздачы аб дэпутацкай дзейнасці, выкананне даручэнняў пастаянных камісій, у дадзеным выпадку — камісіі па замежных справах Вярхоўнага Савета БССР. Клопату хапае, і ўсё гэта патрабуе часу, на які ў творчага чалавека заўсёды дэфіцыт.
— Васіль Уладзіміравіч! Вашы пажаданні чытачам «Віцебскага рабочага»?
— Вельмі жадаю чытачам «Віцебскага рабочага», усім працоўным Віцебшчыны паспяховага выканання іх вытворчых планаў, шчаслівага жыцця і добрага здароўя.
Інтэрв’ю ўзяў А. Русецкі.
[1981]
ЗАРУКА НАШАЕ БУДУЧЫНІ
Развіццё нацыянальнай культуры немагчыма без апярэджваючага развіцця літаратуры, за якой ідуць іншыя віды мастацтва, менавіта ад літаратуры беручы сучасныя ідэі, пераймаючы найважнейшыя праблемы часу. Так, прынамсі, заўсёды было ў нашай краіне, і нават зараз наша мастацтва гэтак шырока карыстаецца не толькі плёнам сучаснай літаратурнай практыкі, але і класічнай спадчынай рускай і іншых братніх літаратур.
Мы маем літаратуру сталую ва ўсіх адносінах, літаратуру, якой можа ганарыцца кожная развітая нацыянальная культура. У нас ёсць раман як паўнакроўны эпічны жанр, прадстаўлены імёнамі многіх таленавітых майстроў слова, ёсць багатая навелістыка; наша паэзія даўно і трывала ўвайшла ў скарбніцу еўрапейскай культуры. Можна доўга і падрабязна гаварыць аб вартасцях і дасягненнях нашай літаратуры, як гэта няблага зроблена ў дакладах сакратароў СП Беларусі. Але я хацеў бы тут закрануць некаторыя прыватныя бакі, можа, спецыфічныя моманты, якія, на маю думку, маюць пэўнае значэнне ў нашым сённяшнім літаратурным працэсе і могуць адбіцца на ім заўтра.
Мы навучыліся няблага пісаць. Сярэдні ўзровень нашай паэзіі, прозы, драматургіі даволі высокі. Ва ўсякім разе, у нас амаль не выходзіць яўна бездапаможных кніжак, у кожнай ёсць нешта, хай сабе не дужа фундаментальнае, але ж вартае чытацкай увагі, ёсць нейкая ідэя, часцей не надта арыгінальная, добра ўжо распрацаваная папярэднікамі, затое выпрабаваная і агульнапрызнаная. Можна нават сказаць, што руціннасць формы і асабліва зместу становіцца ўсё болей звычайнай умовай творчасці, асабліва што датычыць нашай мастацкай прозы. I раманісты, і навелісты навучыліся працаваць роўна, бясспрэчна, «наверняка», і мне асабіста бачыцца ў гэтым пэўная адзнака стагнацыі, калі ўсё вызначылася, пошук адсутнічае, і яшчэ горш — пазбягаецца малейшая рызыка. Паўтараю, наша літаратура шмат чаму навучылася, але ці не за кошт прытуплення вастрыні грамадзянскага болю, прытуплення чалавечага нерва, і яна робіцца ўсё больш эпічна ўраўнаважанай, — гэта ў аднолькавай меры адносіцца да твораў як старэйшых, так і малодшых аўтараў. Ствараецца такое ўражанне, што, пачынаючы з нашых першых кніжак — аповесцей ці раманаў, мы найперш баімся рызыкі, пішам з пэўнай, не дужа прыгожай прыкідкай на шырокі і абавязковы поспех, афіцыйнае прызнан-
не, нярэдка прытым вольна абыходзячыся з такой далікатнай катэгорыяй, як праўда жыцця. Гэтая тэндэнцыя сама па сабе з’яўляецца небяспечнай для кожнага таленту паасобку, а калі яна робіцца пашыранай у літаратуры, дык гэта ўжо выклікае трывогу, бо выхалашчвае літаратуру, выганяе з яе жывы неспакой, усяляе самазаспакаенне, і літаратура з высокага мастацтва паволі ператвараецца ў слоўнае рамяство. Мяне дык гэта найбольш засмучае. За апошнія некалькі год выйшла нямала дабротных твораў у маштабах нацыянальнай літаратуры, але ці шмат з іх выклікала колькі-небудзь сур’ёзныя спрэчкі, прымусіла захвалявацца хоць бы наша творчае асяроддзе, так было ў іх усё звыкла, будзённа і правільна. Часам мы схільны вінаваціць крытыку за яе стэрэатыпы ў стаўленні і ацэнках, але ці ва ўсім вінавата крытыка? Ці не мы ў тым вінаваты, што нашыя канфлікты, характары, праблемы сталі ў пэўнай меры стэрэатыпнымі? Каханне, наведванне родных мясцін, праблема капешкі сена ці сантыменты з поваду спрамленай рэчкі, у якой не стала рыбы. Сапраўдная сацыяльнасць або адсутнічае ў такіх творах, або падмяняецца яе ўяўнасцю. А што такое ў наш час твор, пазбаўлены сацыяльнасці, мы памятаем яшчэ з Бялінскага, які гэтую праблему фармуляваў гранічна імператыўна: сацыяльнасць або смерць (для твора, зразумела). Чаму ж тады мы ідзем аблегчанай каляінай? Канешне, ні адзін аўтар не хоча заўчаснай смерці свайму ў пакутах народжанаму твору, але, відаць, мы баімося непасільнай для нас задачы, баімося памылкі, няўдачы, вынік якіх яшчэ няблага помніцца з недалёкага мінулага нашай літаратуры. Але ж элементарна, што з празмернай «осмотрнтельностыо» знікае элементарная грамадзянская аб’ектыўнасць, і ці можна забываць, што для развіцця літаратуры ў цэлым паасобныя няўдачы часам бываюць больш важныя, чым некаторыя ўдачы. За няўдачамі заўсёды стаяць урокі, як абавязковая ўмова развіцця, а за несумненнымі ўдачамі часам няма нічога, апроч хіба таго ж дробненькага разліку і сярэдняга ўзроўню, які хоць, можа, і пазбаўлены яўных недахопаў, але не шмат надзелены і вартасцямі.
Разам з пэўнымі літаратурнымі дасягненнямі, аб якіх гаварыў вышэй, мы яшчэ не пазбавіліся таго, што ідзе ад нашага літаратурнага «младзенчаства», ад вузкага правінцыялізму. Колькаснае развіццё прозы (ды і паэзіі таксама) у шырокім сэнсе апераджае развіццё якаснае. Шмат якія нашыя творы прозы бессаромна грашаць не толькі мнагаслоўем, але ўжо і мнагатом’ем. Ствараецца такое ўражанне, што іх аўтары пасля натуральнай і зразумелай пары коснаязыкага вучнёўства так
лёгка разгаварыліся, што ўзрадаваліся гэтаму празмерна. I не могуць спыніцца.
Я ўжо меў выпадак аднойчы кранаць праблему мовы некаторай часткі нашых празаічных твораў, якія замест таго, каб садзейнічаць моўнаму развіццю, на практыцы дасягаюць адваротнага — разбураюць нацыянальнае адзінства літаратурнай мовы. Моўнае эксперыментатарства, стылёвыя і лексічныя пошукі на літаратурнай перыферыі ў іншы час, на іншым гістарычным этапе, можа, і былі б апраўданыя і зразумелыя, але не цяпер. Цяпер не трэба быць вялікім правідцам, каб зразумець важнасць для нацыі адзінай літаратурнай мовы, якую трэба ўсямерна шанаваць, берагчы, ашчадна развіваць і ўдасканальваць у рамках разумнае моўнай практыкі, а не гвалціць яе канцылярызмамі, не разносіць па рэлігійных і хутаранскіх дыялектных закутках, ператвараючы ў моўны кангламерат, даступны хіба літаратурным снобам і мала зразумелы народу. А што ўсё наша літаратура без яе чытача — народа?!