Поўны збор твораў. Том 2 Аповесці, апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 2

Аповесці, апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 624с.
Мінск 2005
159.89 МБ
Зноў жа трэба ўлічваць, каго ўзнагароджваюць. Калі радавых партызанаў, ну там падрыўнікоў, разведчыкаў ці падполыпчыкаў, можна ня дужа дбаць — гэтым што дадуць, тое і добра. А калі камбрыгаў ці камісараў? He дай Бог камісару брыгады аформіць меншы ордэн, чымсьці камбрыгу. A то прышлюць голы тэкст кшталту: вёў вялікую палітмасавую работу па згуртаванні партыйнай арганізацыі атраду (ці брыгады), натхняў масы на выкананне задачаў, пастаўленых таварышам Сталіным у загадзе нумар такім. А дзе канкрэтыка? Начальства патрабуе канкрэтыку. I тады начальнік аддзелу капітан Гусакоў сядае за стол і піша: сакратар падпольнага бюро (райкаму, абкаму, акружкаму) у самы рашучы момант бою асабістым прыкладам павёў людзей у контратаку, сам лёгшы за кулямёт, знішчыў 127 эсэсаўцаў, астатніх абраціў у бегства. Тое падабалася і гарантавала ўзнагароджанне высокім ордэнам Чырвонага Сцягу. Звычайна герой і не падазраваў, каму абавязаны, думаў: непасрэднаму начальніку, які прыслаў на яго малапісьменную цыдулку. Але капітан Гусакоў не мае ніякіх ні да кога прэтэнзіяў, ён выконваў свой вайсковы абавязак — не болей.
Трошкі, праўда, рабілася крыўднавата, кусала самалюбства. Столькім героям ён забяспечыў урадавыя ўзнагароды, а сам як атрымаў летась ордэн Чырвонай Зоркі, так з ім і хадзіў, нібы які камандзір узводу, а не працаўнік Цэнтральнага штабу. Можа, з тае прычыны ён і папрасіўся ў гэтае дэсантаванне, хоць і разумеў, колькі яно ўтойвае небяспекі. I яго зразумелі. Генерал Кругляк з аддзелу кадраў аўтарытэтна сказаў: едзь! Вернешся — узнагародзім. Што ж, дзякуй. Трэба толькі вярнуцца.
Была, аднак, у гэтай яго камандзіроўцы і яшчэ адна асаблівасць — пільная нутраная патрэба рэабілітавацца, ці што?
Мабыць, у адным канкрэтным выпадку, афармляючы высокі ордэн, ён перастараўся. Увогуле ўсё адбылося гладка і паспяхова, начальнік атрымаў узнагароду, яго віншавалі і нават надрукавалі ў газетах. А потым... А потым таго начальніка ўзяў асобы аддзел, а Вярхоўны Савет ануляваў сваю ўзнагароду. Пачалося расследаванне, Гусакова выклікалі, дапытвалі. He тое, каб наклалі спагнанне, ды ўсё ж узялі пад падазрэнне. Тут ён прызнаўся найперш самому сабе, што спудлаваў, паспяшаўся. Мабыць, ніколі не трэба спяшацца, самому дзешавей абыдзецца. Але ж тады хто ведаў? Усё ведаюць хіба адны органы...
Косця таксама акрыяў душой, калі ўбачыў знаёмае возера. Тут яны летась спыняліся, як ездзілі на станцыю, паілі каня. Праўда, што знаходзіцца па той бок возера, хлопец ня ведаў, але напрамак на Багавізну адсюль вызначыў пэўна. Толькі ці далёка было да яе, сказаць таго ён не мог.
Па балоце ён ішоў разам з камандзірам, між куп’я па імшарыне тое было няцяжка. Санітарная сумка трохі муляла на ягоным плячы, ды нішто; ужо ён яе як-небудзь данясе. Тым больш, адпачыўшы ў цяньку пад кустом. Каб яшчэ штонебудзь з’есці. Але ежы тут не было, апроч хіба журавінаў. Ды хіба журавінамі пад’ясі?
Горш тое, што хацелася піць.
Можа, і дзіўна будзе каму гарадскому, што тут, на балоце, не было дзе напіцца, але пэўна так. Рэчка болей ім не трапляла, а вада з-пад імху была дужа непрывабная — рудая, з балотнай церухой, такой не пап’еш. I ён мусіў трываць, адно імкнучыся наперад, каб як-небудзь дапнуцца да берага гэтага бясконцага балота. Ён быў упэўнены, што Багавізна блізка.
Адпачыўшы на купіне, яны зноў рушылі па хмызняковай імшарыне. Але неўзабаве збавілі хаду і нават спыніліся — камандзір здорава праваліўся праз мох у багну, спярша адной, а затым і абедзвюма нагамі. Косця памкнуўся яму памагчы, ды і сам загруз босымі нагамі да самых каленяў. Тут яны агледзеліся, што наперадзе? Наперадзе аказалася яшчэ горш — пачыналася сапраўдная багна з асакой, аерам, вадзянымі вокнамі і дрыгвой.
Але што было ім рабіць? Ці, можа, вяртацца назад, ці спрабаваць прабірацца па гэтай дрыгве? Вяртацца, вядома, нікому не хацелася, і камандзір, пару разоў вылаяўшыся, сказаў:
— Трэба выламаць палкі. 3 палкамі надзёжна! У блізкіх кустах яны павыламвалі сабе крывулякі-палкі, якімі пачалі пароць у мох і ваду — мацаць дно. Ботаў ужо не скідалі, не было патрэбы, бо там даўно ўжо чвякала і сіпела — набралася вады. Пакрысе намоклі і штаны — у Косці ажно да пояса. Босыя Косцевы ногі лёгка правальваліся ў дрыгву, затое лёгка і выцягваліся з яе. He тое што ў Тумаша, які аднойчы згубіў свой кірзач. Пасля доўга лаяўся і шукаў у багне палкай, ды ўрэшце дастаў змакрэлай да пляча рукой.
Тут Косця зноў ішоў наперадзе — шукаў найлепшы кірунак, па якім брылі астатнія. Кожны крок даваўся яму цяжка. Спярша пароў у дрыгвяную кашу палкай — у адно, затым у другое месца, затым асцярожна ступаў туды і, калі не адразу правальваўся, хутка скакаў на два-тры крокі. A то кідаўся ўбок, каб не надта глыбока праваліцца. Камандзір за ім усё адставаў, губляў яго след і лаяўся. Косця адчуваў сябе вінаватым, але памагчы камандзіру не мог. Багна яна ўсюды здрадлівая, найлепш яе перайсці як мага хутчэй.
Мабыць, тое разумелі і астатнія, бо хоць зрэдчас і лаяліся, але ішлі за хлопцам. Тым болей, што наперадзе, трошкі ўбаку і зводдаль зацямнеўся нешырокі клінок маладога хвойніку, — падумалася: там будзе сушэй.
Косця брыў, прыкідваў на вока, куды ступіць, і шырока скакаў. Часам удала, а часам правальваўся аж да грудзей. Надвячоркам ён быў ужо ці не ўвесь мокры, перапэцканы чорнай тарфяной граззю. Ужо і санітарная сумка добра намачылася, як ён яе ні бярог ад вады. Тое яго болей за ўсё засмучала, але што зробіш? Іншыя таксама былі ўсе мокрыя з галавы да пят, з бруднымі рукамі і тварамі. Па гэткім балоце Косця яшчэ не хадзіў ніколі, не было патрэбы. Улетку сюды прыходзілі бабы па ягады, але збіралі іх там, дзе суха. Нашто каму было лезці ў багну? Зімой, як балота ўмярзала, мужыкі, можа, і пераязджалі куды на санях — каб напрасткі. А болей каму што трэба ў балоце?
Аднаго разу Косця недагледзеў і шухнуў у прорву ледзь-
ве не з галавой. Хлопец спалохаўся — так можна і ўтапіцца. Ледзьве выбавіўшыся з прадоння, стаў на купіне, перакуліў сумку, у якую таксама набралася вады. Так стаяў колькі хвілін, пакуль з ягонай апраткі цурком сцякала вада, і думаў, што Рабінзону ўсё ж было лепш — той плыў па моры, у чыстай вадзе. I яшчэ ў яго быў сябар — Пятніца... Удвух заўжды не так, як аднаму, — у два разы лягчэй у кожнай бядзе. Было б добра, калі б учора з ім пайшоў яго сябра Лёнька, яны, пэўна, хутчэй бы завялі партызанаў у Багавізну. Ды Лёнька паехаў вазіць з бацькам сена, а Косця адбываў радоўку на пасце. Кепска, што ён нічога не сказаў нікому, Аўгуста там, пэўна, раскрычалася на ўсю вёску. 3 паўдня з ёй на пасту, канешне, пагнаў брацік Віцька. Малы яшчэ бегаць за каровамі, але болып няма каму. Косця любіў брата, можа, болей, чым маці, браў яго на возера вудзіць уклейкі, катаў на брычцы, як звозілі сена. А ўзімку расказваў прачытаныя кніжкі. Віцька заўсёды ўважліва, амаль зачаравана слухаў, а пасля ўвечары мкнуўся расказаць пачутае маці. Маці, аднак, слухала кепска — яна болей плакала.
Каб хутчэй прыйшоў бацька, было б лягчэй, а галоўнае — весялей дома. I Віцьку, і Косцю, і, пэўна, павесялела б маці. A то ўсё сварыцца і плача, плача і сварыцца. Праклятая гэта вайна! Яна забрала іх бацьку. I вучыцца няма як. Няма школы, настаўнікі параз’язджаліся хто куды. Некаторыя ў горад ці ў якую вёску. А настаўнік матэматыкі Пётр Максімавіч, кажуць, стаў паліцыянтам у раёне. Ціхі быў, добры вучыцель. Чаму так?
Далей яны ішлі так: Косця, які трохі прызвычаіўся да дрыгвянога шляху, далекавата адрываўся ад астатніх — ён бы разведваў накірунак, пракладаючы ў імшарыне блытаны, разварушаны ў гразі след. Прайшоўшы, здаля чакаў камандзіра, які брыў не дужа рухава, болей ашчадна і, дагнаўшы хлопца, хвіліну адпачываў на купіне побач. Тады Косця зноў лез у багну і брыў далей. У адным месцы не было і купіны, каб спыніцца, і хлопец ледзьве не плыў, па плечы пагрузшы ў чорнай з аерам вадзе. Ля зарасніку жоўтых гарлачыкаў неяк выбраўся на мяльчэйшае, уладкаваў на кусце сваю дашчэнту мокрую сумку і быў гатовы запла-
каць, што гэтак няўдала завёў партызанаў. Думаў, камандзір яго вылае, як падыдзе бліжэй, і каб не слухаць лаянкі, зноў памкнуў у багну.
Так яны і прабіраліся — быццам перабежкамі на полі бою, як пажартаваў здаля старшына Агрызкаў. Малайцы партызаны, яшчэ сказаў ён, зашыліся так, што ніякі Пінкертон не знойдзе. Мабыць, так, думаў Косця, які таксама колісь чытаў пра Пінкертона, але цяпер чамусьці не адчуў жаднага захапленьня партызанскаю хітрасцю. Між тым хвойны грудок, куды яны трымалі накірунак, пакрысе набліжаўся. Хаця яшчэ доўга давялося ім боўтацца, правальвацца і караскацца на купіны, пакуль дасяглі цвярдзейшага пад нагамі. I не заўважылі нават, як за балотам села ў хмару нізкае сонца. Накаціўся вечар.
Нарэшце дасяглі хвойніку і выбавіліся з д’ябальскіх абдымкаў багны. Косця, як вылез з балота на вузенькі пясчаны беражок, адразу знясілена ўпаў і ляжаў, бы ў непрытомнасці. За ім вылез і таксама ўпаў камандзір. Павыбіраліся астатнія. Усе злосна, знясілена маўчалі...
Першы ачомаўся на беразе камандзір, — сеў, пачаў знімаць боты, выліваць ваду. Пасля павыкручваў анучы, прыпол гімнасцёркі. Ягоны рэчмяшок з каштоўнаю ношкай таксама быў добра падмочаны, як і палявая сумка. Але надта сушыцца ўжо не было як — сонца зайшло, удалечыні над балотам пачаў паднімацца лёгкі празрысты туманок. Агледзеўшы наваколле з хвойнікам, Гусакоў раптам нібы спалохана вымавіў:
— А гэта што такое?
Яны павярнулі галовы ў той бок, дзе недалёка канчаўся гэты пагорак-мысок з маладым хвойнікам — там, відаць было, тырчэў у неба драўляны знак трыгапункта, падобныя на які дзе-нідзе ўжо трапляліся ім на тутэйшых палях. Згледзеўшы яго, камандзір адразу схапіўся за карту, дрыготкімі рукамі разгарнуў на траве яе падмочаны аркуш.
— Так, так, так!! Дык гэта ж трыгапункт семдзесят пяць нуль. Точна! Старшына, а ну зірні, што па той бок сасняку.
Агрызкаў, як заўжды, неахвотна падняўся, узяў аўтамат і палез у хвойнік. Седзячы трошкі ўбаку ад астатніх, фельчар заклапочана поркаўся ў сваім рэчмяшку, мармычучы, што ўсё
намокла, прапалі лякарствы. Да яўнае радасці камандзіра, здаецца, ён быў абыякавы. А той, паспешна накручваў анучы, каб сунуць ногі ў мокрыя кірзачы. Аднак не паспеў ён абуцца, як з хвойнага гушчару вылез старшына.