• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 3

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 656с.
    Мінск 2005
    171.74 МБ
    Але ўрэшце мы за пагоркам. Тут ужо не пацэляць. Наперадзе, у балцы, праз паўкіламетра сяло. Заснежаныя мазанкі, плятні, ранішнія дымкі з комінаў. I там — дарога. Тут ужо бегуноў болей. Яны, пэўпа, думаюць, што ў сяле паратунак, і джгаюць туды з усіх сіл. Але я адразу заўважаю, што ў
    сяле пуста. Арганізаванай абароны тут таксама няма, тут наогул ужо мала хто і ёсць. Відаць, паддаўшыся паніцы, драпанулі і тутэйшыя. А дарога засталася — добраўпарадкаваная шаша, мабыць, з Кіраваграда. Зоймуць ды перарэжуць — быць тады і большай бядзе... Нахіленая набок, рызыкуючы перавярнуцца, фурманка коціцца па снезе. Да нас бягуць людзі. Нехта зноў увальваецца ў воз, некалькі параненых чапляюцца за барты. Пажылы баец у расшпіленым шынялі, аслабела трухаючы побач, глуха і моўчкі плача без слёз. Яго шчаціністы падбародак сутаргава тузаецца. Старшына, не перастаючы, лупіць коніка. Мы мінаем адну групу і некалькі адзіночак і яшчэ, мабыць, чалавек з дзесяць. I тады Сахно рашуча саскоквае на снег.
    — Ану, стой! Стой! — крычыць ён на байцоў і выцягвае з кабуры пісталет,— Назад! Пастраляю ўсіх, як сабак! Назад!
    Кінуўшы лейцы Каці, саскоквае з падводы і старшына. Ён таксама пачынае крычаць «стой», некага даганяе і ў каршэнь штурхае да капітана. Сахно падаецца ў другі бок. Зводдаль па схіле пагорка бяжыць некалькі чалавек, і ён, не цэлячыся, бахае туды з пісталета. Уцекачы спачатку спыняюцца, пасля, разбрыўшыся, ідуць уніз. Ля старшыны набіраецца дзесятка паўтара выпадковых людзей.
    — На бугор! Марш на бугор! — крычыць Сахно і паказвае ў поле рукой.
    Ад групы аддзяляецца старшына.
    — Братва, ану бягом! У каго гранаты — ка мне! Мы ім пакажам кузькіну маць!
    Зморана і не дужа рашуча яны бягуць на пагорак. Сахно яшчэ кагосьці спыняе і гоніць за ўсімі. Некага б’е рукаяткай пісталета па шыі. Што ж, можа, гэтак і трэба. Спадзявацца цяпер няма на каго. Ніхто тут нас не абароніць. Толькі самі сябе.
    У нейкім бяздумным парыве я таксама саскокваю з падводы. Саскокваю і прысядаю на адну нагу. Мусіць, усё ж паспяшаўся. Але чорт з ім! Гінуць дык гінуць — на полі бою. На маё месца зараз жа нехта залазіць.
    Я кульгікаю ў стэп. Ззаду, аддаляючыся, грукоча фурманка, толькі я не азіраюся. Я ведаю — нам ужо не сустрэцца.
    Толькі добра адышоўшыся, я кідаю кароткі позірк назад. Паблізу нікога. Фурманка далёка ўнізе ўязджае ў сяло. Але дзе Сахно?
    Капітана нідзе не відаць. Наперадзе яго няма, а ззаду... A ззаду на фурманцы чарнее знаёмая кубанка.
    Чамусьці мне робіцца да болю крыўдна. Я не разумею чаму. Але гэта подла. Хіба так можна?
    Тым часам невялічкая група старшыны таропка разбягаецца ў ланцуг. Тады, давячыся крыўдай, я знімаю з-за спіны карабін і выходжу на ўзгорак.
    19
    Аднак даволі.
    Нам прыносяць вячэру і абед — на сёння ўсё разам. Немаладая паўнаватая афіцыянтка ў наколцы ставіць дзве талеркі з біфштэксам, па селядцу з цыбуляй. Я, апанураны роздумам, назіраю за яе спрытнымі рукамі і думаю, што так можна здурнець. Успамінаць усё гэта ненамнога лягчэй, чым калісьці было перажываць. Усе пакуты ўзнаўляюцца. Зрэшты, яно і зразумела: дужа ўжо многа нерваў і сіл тое мне каштавала.
    Мой сусед ажыўляецца. Адкладвае газету і задаволена прысоўваецца да стала. Перш-наперш бярэ круглявы графінчык і налівае дзве чаркі.
    — Ну што ж! Паспытаем... Дарэчы, я і не ведаю, як вас велічаць,— кажа ён, затрымліваючы ўзнятую чарку. Я роздумна бяру сваю.
    — Васілевіч.
    — Васілевіч? Беларускае прозвішча. А я Гарбацюк. Павел Іванавіч.
    3-пад ілба я пранізліва гляджу яму ў самыя вочы. He, чорт вазьмі, для Сахно ён занадта ўпэўнена сябе паводзіць. Здаецца, я марна нарабіў усіх гэтых недарэчных турбот. Ён кідае на мяне кароткі, зусім прыяцельскі, позірк.
    — Ну, будзем здаровы!
    I са стрыманай асалодай выпівае. Хакнуўшы, бярэ відэлец. Я трымаю сваю чарку ў руцэ. Каб піць за здароўе, трэба
    яго мець. Інакш гэта пусты і фармальны тост. У мяне, аднак, ёсць іншы. Я буду піць не «за». Я вып’ю «супроць». Супроць усяго, што мяне прывяло сюды. Каб з ім болей не знацца.
    Мы пачынаем маўклівую, засяроджаную яду. Я ўжо, аднак, перахацеў есці і без вялікай ахвоты выбіраю з селядца колцы цыбулі. Яшчэ я пазіраю на нашых суседзяў. Яны за спіной Гарбацюка (калі толькі ён Гарбацюк). За двума ссунутымі сталамі чацвёра хлопцаў і трое дзяўчат п’юць шампанскае. Адна, што сядзіць у дальнім канцы стала, маленькая, жывая прыгажунька. Яна ўся чорненькая, і плацце, і бровы, і знарок вольна растрэсеная капешка валасоў. Hi аднае секунды ёй не сядзіцца спакойна: смяецца, пляскае рукамі, нешта імкнецца давесці сябрам. Вочы яе так і гараць захапленнем. Да яе скіраваны позіркі ўсіх чатырох хлопцаў. Ды і дзве бландзінкі раз-пораз спыняюць на ёй свае падведзеныя чорныя вочы.
    — Вы ваявалі? — ні з таго ні з сяго проста «ў лоб» пытаюся я ў Гарбацюка. Той з годнасцю распростваецца ў крэсле.
    — А як жа! Усю вайну. На Заходнім, а пасля на Другім Беларускім.
    — А на Другім Украінскім не былі?
    — Украінскім? He, не быў. На Украіне, на жаль, не давялося. Болей у Беларусі. У Полыпчы. Берлін браў...
    Ён энергічна і са смакам працуе дужымі квадратнымі сківіцамі. I зноў той жа спакой, трохі нават ганарлівы тон — браў Берлін! He, мусіць, я круглы дурань. Ідыёт. Ледзьве не нарабіў свінства і нахабства. I ўсё таму, што праз дваццаць год не забыўся на тое халернае мінулае. Ці не лепей махнуць на яго? Як іншыя.
    Калі б было можна...
    Гарбацюк тым часам адсоўвае пустую талерку і зноў паднімае графінчык.
    — Ну дык што? Па другой? За перамогу.
    Прыпомніў! Пасля свайго дарагога здароўя ён п’е за перамогу. Нішто ваяка! На гэты раз ён працягвае руку, і мы чокаемся. Гарбацюк адразу куляе чарку ў рот. Я нерашуча
    трымаю сваю ў руцэ. 3-за суседняга стала, хітра і бязгучна смеючыся ўсім тварам, дакранаецца вуснамі да бакала чарнушка. Яе кампанія за сталом выбухае рогатам.
    — Эрна, восхптнтельно!
    — Любушка, твою лапушку!
    Плячысты бландзін у шэрай з кішэнямі сарочцы схіляецца над яе рукой. Гарбацюк азіраецца і шматзначна ківае галавой.
    — Тунеядцы напэўна?
    Я не адказваю. Посуд на стале адбівае россып рэстаранных агнёў. Побач, ля свайго століка ў прасценку, бразгае відэльцамі афіцыянтка. У зале — прыглушаны гул. Добра, што вакзальныя рэстараны яшчэ абыходзяцца без аркестраў. A то б расшчапілася галава.
    Тым часам Гарбацюк бярэцца за нож і відэлец.
    — Вы афіцэр? — пытаюся я.
    — Гвардыіі маёр запасу.
    Ён адразае кавалак біфштэкса і адпраўляе яго ў рот. Маёр? Можа быць. Вядома, пасля капітана — маёр. Калі сапраўды не Сахно, дык, мусіць, які камандзір батальёна. А мо палітработнік? Ці пампатэх? Калі, скажам, танкіст. Калі танкіст — я яму прызнаюся ва ўсім і папрашу прабачэння. Перад танкістам я зніму шапку.
    20
    3 пагорка дванаццаць нямецкіх танкаў відаць як на далоні. Звузіўшы інтэрвалы, усе ў рад яны паўзуць па шырокай разлегласці балкі-лагчыны. Праўда, паўзуць асцярожна, відаць,не імкнучыся гусеніцамі душыць уцекачоў — яны іх нішчаць агнём. Глыбінны нутраны гул, усё мацнеючы, плыве над зямлёй.
    На фланг я ўжо не бягу. Прыгнуўшыся, уваходжу ў ланцуг, дзе ён трохі радзейшы, і падаю ў снег. Снег тут не глыбокі, навокал тырчыць шэрае дуддзё быльнягу. Справа ад мяне шавеліць ствалом нехта ў паўшубку — ці не камандзір які? Толькі ён не камандуе. Цяпер ён, як і ўсе, радавы ў гэтым ланцугу старшыны Еўсюкова. 3 другога боку ад мяне
    таропка месціцца ў снезе даўганогі баец у кароценькім шыняльку. Над заснежаным марозным стэпам блішчыць у смузе невысокае зімовае сонца.
    Здаецца, мы ўсе загінем. Каб вызначыць тое, не трэба быць празорцам — дастаткова паглядзець наперад. I, па сутнасці, так недарэчна! Пасля загіне Юрка, Каця. Наўрад ці ўратуецца і Сахно. Можна лічыць, што кожны з нас адзін для другога — ужо не існуе. Я — для ІОркі, ён — для мяне. Застаюцца хвіліны. Апошнія мае хвіліны. Самотнае гэта прадчуванне раптам бурыць недалёкі крык. Гэта ў ланцугу прыўстае на каленях старшына. Яго цёмная куртка дэсантніка здалёку відаць на аснежаным доле.
    — Агонь! Якога храна ляжаць! Агонь!
    Так, вядома, трэба агню. Інакш, чым мы можам стрымаць гэтыя танкі? Толькі што мы ім зробім нашым агнём? Каб хоць парачку ПТР. Ды каб гранаты...
    3 ланцуга рэдка і бязладна пачынаюць бахаць вінтоўкі. Нехта пускае доўгую чаргу з аўтамата. Танкі, напэўна, пакуль нас не бачаць. Я ляжу ў нейкім здранцвенні, увабраўшы рукі ў мокрыя рукавы шыняля. Мерзнуць пальцы. Да самага калена гарыць, ные нага. У маім карабіне ўсяго пяць патронаў, і я выпушчу іх, калі танкі падыдуць бліжэй. Каб пацэліць хоць бы ў які трыплекс...
    Танкі хутка сунуцца ўсё бліжэй. У балцы цяжкі маторны гул, прыглушанае стракатанне гусеніц. Уцекачоў перад ім ужо не відаць — жывыя ўсе за павароткам. На шырокім бязладным шляху, здратаваным мноствам ног,— некалькі трупаў, разбітая фурманка, бліжэй — наш, напэўна, сканалы, конь. Аднак нехта там ажывае і пачынае грабціся з-пад самых танкаў. Знямогла валочыць па снезе, відаць, перабітыя ногі. Зараз жа на лбе пярэдняга танка ўспыхвае агністая бліскаўка, і чалавек назаўжды выцягваецца на снезе.
    — Агонь! Агонь!..— крычыць Еўсюкоў.
    Я кладу на далонь карабін і прыцэльваюся. Прыклад туга б’е ў плячо, і мне шкада марна патрачанага патрона. Мусіць, неўзабаве ён мне ой як спатрэбіцца! Нетаропка пачынаю цэліцца зноў. I тут выбух грымотна рве побач. Позірк губляе цэль, мяне абдае смуродам і снегам. На выбух я не азі-
    раюся — я толькі адчуваю: ну вось і ўбачылі! Цяпер трымайся! Цяпер дадуць жару.
    Але што гэта? Збоч па снезе цераз балку, нібы парваўшыся, мільгае чырвоная нітка. Раз, другі. I над адным танкам на касагоры з’яўляецца дымок. Я кідаю позірк на суседа ў паўшубку. Так і ёсць — гэта ён б’е трасіруючымі. Толькі чаму дым? Няўжо падпаліў?
    — Тр-р-рах! Тр-р-рах!
    Ірве з недалётам, перад ланцугом. На некалькі секунд танкі прападаюць за снежна-земляной хмарай выбухаў. Я тыцкаюся тварам у дол. Наўкола шастаюць камякі, і калі вецер зганяе з варонак дым, наперадзе — незразумела радасны цуд: адзін танк гарыць!
    Проста не верыцца, але так. Танкісты з яго ўжо павыскоквалі. У борце і ў вежы расчынены люкі, зад увесь у агні. Два бліжнія да яго танкі спыняюцца. Пагорак адзываецца траскотнай вогненнай ярасцю.