Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
— Я злосны. А не смелы.
— Злосны?
— Ну! Бо безабразіе!..
Неарганізаванасць, бязладдзе — гэта факт. Адбілі палову Украіны, прарвалі фронт, акружылі Кіраваград. А тут вось няўвязка.
Мы вытрасаем з-за каўняроў снег і зямлю, і я думаю, ці не занадта яны ўжо выдаткаваліся на нас? Два снарады на адну цэль. Хоць трэці, мабыць, ужо будзе апошні. Ідыёцкая ўсё ж справа — чакаць пагібелі ў гэткай бездапаможнасці. У безвыходным, пакутным напружанні з’яўляецца жаданне, каб
танкі зрушыліся з месца, хай пайшлі б хоць назад, хоць наперад, абы толькі ўнялі свой агонь. 3 часам я таксама пачынаю паглядваць на шэрую абмотку, у якой звязаны тры «лімонкі».
I тады невыразным бакавым позіркам я прыкмячаю над стэпам трасер. He, гэта не куля. Чырвоная агнявая зорачка, пыхнуўшы на вежы танка, шырока сігае ў неба. Я азіраюся на сяло — у вішанніку ля крайняе хаты стаіць «трыццацьчацвёрка». Адкуль яна ўзялася? I другая выпаўзае з двара і спыняецца за плятнём. Пераводжу позірк на вуліцу — і там, за мазанкамі і вішнякамі, варушацца шэрыя ў аблезлым зімовым камуфляжы танкі. Відаць, яны толькі што падышлі. Гэта нашыя танкі, іх не дужа багата, але яны падмога, паратунак, з імі ўжо нам лацно. «Ага, не падабаецца!» — крычу я. Той нямецкі танк, па якім выцяў снарад, затузаўся на месцы і спешна разварочвае вежу. Яшчэ адна бліскаўка мільгае цераз край пагорка над балкай, але нятрапна. Бранябойны плёскае ахапкам снегу ў борт рабога танка. Потым, адскочыўшы, рыкашэтам б’е ў снег яшчэ раз і знікае. Але тут джагаюць новыя трасеры. Сяло пачынае ярасную гарматную гаману, і яна так цяпер нам мілая.
3 ланцуга ўжо нехта бяжыць уніз, да хат. Нехта ўстае і падае, мільгае сярод закапцелай, перамешанай са снегам зямлі, мусіць, хаваецца ў варонку. Ці не адыход? Здаецца, так і ёсць. Я неўзабаве бачу на снегавой шэрасці знаёмую постаць у куртцы — гэта Еўсюкоў. Ён бяжыць між варонак і махае астатнім рукой: назад!
А нямецкія танкі на схіле балкі, трывожна заварушыўшыся, заднім ходам таксама даюць назад. Выбухі на нашым пагорку амаль усе разам сціхаюць. Увесь свой агонь немцы пераносяць у сяло. Цераз нашыя галовы з двух бакоў джагаюць трасеры. Фурк-фурк! — ледзьве не збіваюць галовы балванкі. Але з балкі танкі не адыходзяць — яны перастройваюцца і забіраюць правей, збоч ад сяла. I мы нічым не можам перашкодзіць ім — там мы бяссільныя.
Што рабіць далей? Можа, цяпер мы тут і не патрэбны? Сапраўды, трэба адыходзіць — пагібель пакуль адтэрміноўваецца. Мо яшчэ ўсё і абыдзецца? Я падхопліваюся ў варонцы
і іукаю байцу. Але ён, насупіўшы свае светлыя бровы, чамусьці не праяўляе ніякага спрыту.
— Ану, перабежкамі!
Коваль сапе і не варушыцца ў мяккім доле.
— He пайду.
— Што? Ты каманду чуў?
— А што каманда? Я ранены.
Ён кратае нягнуткай левай рукой, другою прыціскае да грудзей пакунак з гранатамі.
— Ты што, з глузду з’ехаў? — крычу я — Што ты цяпер ім зробіш?
Нашыя ўсе перабягаюць па схіле ўніз. Там нямецкія танкі ўжо іх не ўбачаць. Гахае ў стэпе і на тым баку ў сяле. Пачалася танкавая дуэль, у якой пяхоце ўжо няма чаго рабіць.
— Не,— упарціцца хлопец і выцягваецца на маім належаным месцы.— Гады! Яны Маскальчука забілі!
Ён раптам хліпае і па брудным твары размазвае слёзы. Позірк яго паныла ўпіраецца ў нямецкія танкі. А тыя кудысь паўзуць і паўзуць. Напэўна, абходзяць сяло.
Тады хлопец хліпае мацней і падхопліваецца з варонкі. Я яшчэ не паспяваю сцяміць, як ён бяжыць з сваімі гранатамі некуды ўбок. Ці не напярэймы танкам?
— Стой! Ты куды? Вярніся!
Але ён нават не азіраецца. Неўзабаве падае ў нейкую варонку, пасля падхопліваецца і бяжыць далей.
Вось дурань! Упартасці і злосці нават залішне, а памяркоўнасці — ні на грош. Няхай нават... ён іх дагоніць, дык што карысці?
Хутка ён дзесьці знікае сярод варонак, мне ж трэба ў сяло. Як гэта ні дзіўна, а здаецца — яшчэ выпадзе пабачыць Юрку. Як ён там, дружа!.. I я выпаўзаю з варонкі на размецены выбухамі снег.
21
Знясіленыя і прыгнечаныя, мы брыдзем па неглыбокім снезе ў сяло.
Нас зусім мала, чалавек з дзесяць. Аднаго двое нясуць
на шынялі. Адзін знямогла пляцецца, абапёршыся на таварыша. Усе маўчаць. Нехта проставалосы. Нехта прыціскае да боку абвіслую, як бізун, руку. Я шкандыбаю апошні. Карабін, які нічым не паслужыў мне супроць танкаў, цяпер памагае замест кастыля.
Вузенькай сцежкай па-над тынам мы выходзім на вуліцу і адразу натыкаемся на «віліс» і «додж». Яны дбайна прытулены пад сцяной хаты. Ля іх некалькі камандзіраў. Наперадзе відаць высокая шэрая папаха на маленькім вяртлявым палкоўніку. Гэты палкоўнік нейкім злым вокрыкам раптам спыняе ўсю нашу групу:
— Хто камандзір?
Хлопцы, па адным спыняючыся, паныла маўчаць, поўныя яшчэ перажытым. Нават не верыцца, што мы ўцалелі. A колькі пагінула ў варонках!.. Палкоўнік нецярпліва пераступае валёнкамі і ляскае сябе дубчыкам па халяве. Побач пастала некалькі камандзіраў з ягонай світы. Усе змрочна глядзяць на нас.
— Хто старшы, я пытаюся? — са стоенай пагрозай выкрыквае палкоўнік.
— Ну, я старшы,— падыходзячы, кажа Еўсюкоў. Ён паранейшаму расхрыстаны, з прарэхі курткі праглядае нацельная сарочка. Бінт на шыі ўвесь у крыві.
— Хто вы такі? Ваша званне? — тонам, які не абяцае дабра, пытаецца палкоўнік і сціскае голеныя пашчэнкі.
— Старшы артмайстар старшына Еўсюкоў,— змрочна рапартуе старшына, прыставіўшы нагу да нагі.
— Пачаму ўйшлі з вышыні? Хто дазволіў? — строга пытаецца палкоўнік і ва ўпор набліжаецца да старшыны.
Той напружваецца і нядобра зыркае на палкоўніка зацятым позіркам.
— А хто нам загадваў там быць?
Палкоўнік скаланаецца ад гэтае дзёрзкасці і робленым басам крычыць:
— Што? Я вас пытаюся, хто дазваляў пакінуць вышыню?! Вы што — у трыбунал захацелі?
Еўсюкоў неяк няўлад з гэтай строгасцю трудна ўздыхае і расслабляецца ўсёй сваёй вялікаю постаццю.
— Эх, дзе вы раней былі, таварыш палкоўнік!
Маленькі, чыста выгалены твар палкоўніка чырванее ад абурэння.
— Маўчаць! Вы з кім размаўляеце?..
— А пайшлі вы!..— раптам кідае старшына і, схіліўшы голаў, рашуча крочыць на вуліцу.
Ён неяк аж хістаецца, бы п’яны. Нехта з камандзіраў адступае ўбок, даючы яму дарогу. Двое ўзнімаюць з долу параненага. Хлопцы памалу ідуць за сваім камандзірам.
— Старшына! Загадваю вярнуцца! — крычыць палкоўнік, на абцасах павярнуўшыся назад.
Следам за ўсімі іду я. Якраз параўноўваюся з ім, і недзе ўнутры ва мне загараецца крыўдлівае пачуццё несправядлівасці.
— Ён танкі спыніў. Каб не ён, немцы ўжо тут былі б!
Палкоўнік упіраецца ў мяне вострым позіркам і хвіліну няўцямна глядзіць, нібы не разумеючы, што я сказаў.
— Вы хто такі?
— Малодшы лейтэнант Васілевіч! — адразу ж выпальваю я, з выклікам уставіўшыся ў яго злы твар. Я не баюся. Што ён мне зробіць, параненаму? Усё, на што мы намагліся, было па нашай добрай волі. He думаючы ўжо выжыць, мы ляглі пад самыя танкі. Сапраўды, дзе ты тады быў, таварыш палкоўнік?
— Марш туды, малодшы лейтэнант! Загадваю падраздзяленню абараняць вышыпю!
— У мяне няма падраздзялення.
— Як няма? Дзе ваша падраздзяленне? Марш адзін, сам! Чорт вас вазьмі! Я вас прымушу!..
— Я ранены! Во, не бачыце? — крычу ў адказ. Пасля перажытага гэты тон і патрабавальнасць, увесь гэты наскок невядомага палкоўніка раздражняе і злуе да ашалеласці.
Палкоўнік нешта крычыць і кідаецца да мяне, замахнуўшыся сваім дубцом. Але тут недзе побач гахае выбух, які, мабыць, першы раз у жыцці, мяне не палохае. Саломай і нейкай трухой б’е ў нашыя твары, чымсьці гарэлым густа асыпае наўкола снег. Палкоўнік падае, і тады я, наперакор сабе, нечакана спахопліваюся: ці не забіты? Чорт з ім, хай бы лепш
жыў! Усё ж які-ніякі, а камандзір! Але я дарма палохаўся. Неўзабаве палкоўнік ускоквае, ускокваюць з-пад машын ягоныя камандзіры, і нечы ўстрывожаны голас вусцішна гукае:
— Таварыш палкоўнік, генерал!
На вуліцы да нас збочвае яшчэ адзін «віліс». Палкоўнік таропка абтрасае ад снегу бекешу, а я, абыякавы да ўсяго, брыду сабе, куды пайшлі нашы. Мяне ўжо не трымаюць: не да мяне. Неўзабаве чую, як генерал пачынае бэсціць палкоўніка:
— Што ў вас тут робіцца? Пачаму дарога не перакрыта? Пачаму не выкананы загад аб перадачы ІПТАПа?1 Разгільдзяйства і галавацяпства! Я адхіляю вас ад камандавання...
Аказваецца, ён сам не выканаў загад, таму так і накінуўся на нас. Але мы не можам замяніць сабой супрацьтанкавы полк. Мы не здольны загладзіць яго разгільдзяйства. Мы можам толькі загінуць. Аднак мы ўжо зрабілі нешта даволі значнае, да чаго не мае адносін гэты палкоўнік. I гэта дае нам права не падпарадкавацца. He зусім усвядомлена яшчэ я адчуваю непахіснасць нашай праваты ў гэтым канфлікце.
Я бачу наперадзе, як нейкі баец з забінтаванай рукой аб чымсь пытае другога, сустрэчнага, і той паказвае яму ўздоўж вуліцы. Няцяжка здагадацца, што яны маюць на ўвазе. Я іду за гэтым, перавязаным, стараючыся не ўпусціць яго з вачэй. Тым болей што ўжо цямнее. Сонца на небе ўжо няма, і між хат туліцца вечаровы паўзмрок. Проста дзіўна, як хутка скончыўся дзень, які там, на пагорку, здаваўся бясконца доўгім. Танкі ў другім канцы сяла кудысьці адыходзяць. Цяпер страляніна і скогат балванак чуваць за пагоркам у стэпе. Там жа дым — ці то ад таго, падпаленага капітанам, ці мо ўжо ад новага. А можа, і нашага — магчыма і такое...
Ранейшыя перажыванні меншаюць, і мяне ўсё болей агортвае непакой за Юрку — ці жывы хоць? Няўжо не выжыве, сканае цяпер, калі цудам выбраліся з самага пекла. А цяпер нашыя танкі, мусіць, немцаў сюды ўжо не пусцяць. Тым болей калі з’явіўся генерал. Пэўна, ён навядзе парадак. Так я мяркую, шкандыбаючы па вуліцы. Дакладней, мне хочацца, каб
1 Знішчалыіа-супрацьтанкавы артылсрыйскі полк.
было так. Я страшэнна змораны, пачуцці мае адранцвелі. Адзінае жаданне валодае мной — прыбіцца дзе-небудзь да цяпла і прылегчы...
Баец наперадзе зварочвае ў нейкую будыніну з абведзенымі сінім вокнамі. Гэта нейкі нежылы дом пад бляхаю, з высокім ганкам, мусіць, які былы сельсавет або ўправа. Неўзабаве з дапамогай свайго кастыля-карабіна дакульгваю туды і я. Скрыпучыя дзверы неахвотна адчыняюцца, прапускаючы мяне ў цемру.
22
— Ну, можа, і па трэцяй? Раз не пашанцавала з гасцініцай, дык хоць вып’ем,— расчырванеўшыся з твару і прыкметна падабрэлы, кажа Гарбацюк,— А чаму не ясі?