Поўны збор твораў. Том 3
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 656с.
Мінск 2005
— Я ем.
— Што гэта за яда! Успомні, як, бывала, на фронце елі... Кацялок пшонкі на двух і праз хвіліну — як вылізаны. Ардынарцу і мыць не трэба.
— Кацялок давалі на чатырох. Прынамсі, у пяхоце.
— Ну у пяхоце я не быў,— дабрадушна прызнаецца Гарбацюк.
Перад намі яшчэ нешта блішчыць у графінчыку. Ён пад’еў, паўнаватыя яго шчокі сыта блішчаць, вочы жмурацца ў добрасці. Я таксама гатовы падабрэць. Урэшце, чорт з ім, з гэтым Сахно! Памыліўся — дык яшчэ і лепш. Навошта мне з ім сустракацца? Ды і наогул ці жывы ён? Напэўна прыбілі дзе немцы, і ўсё. А я дваццаць год турбаваўся...
Гарбацюк адкладвае відэлец і камечыць у кулаку папяровую сурвэтку. Я аблакачваюся на стол. Карціць даведацца пра яго да канца. Каб ужо без сумненняў.
— Скажыце, вы не танкіст?
— А як жа! Танкіст! — з ганарлівай радасцю кажа Гарбацюк.— Тры гады ў танкавай арміі. Ад Вялікіх Лук да Берліна. Усе сцежкі-дарожкі прайшоў.
Выбух вясёлага смеху за ягонай спіной абрывае фразу. Ля чарнушкі, паклаўшы на яе плячо шырокую руку, усміхаецца плячысты бландзін.
— А цішэй нелыа? — строга пытаецца Гарбацюк.
— Можна,— адказвае крайні за сталом, круглатвары і светлабровы ў цёмным гарнітуры хлапец,— Эрна, просяць на паўтона ніжэй.
— На паўтона ніжэй! — з гуллівай уладарнасцю загадвае Эрна суседу.
Той, пачакаўшы, пакуль за сталом уціхне ажыўленне, з тым жа знарочыстым пафасам гаворыць далей:
— Ну, скажыце! Скажыце, чаму я яе кахаю? Што ў ёй? Пастава? Грацыя? Хараство? — наіўна акругляючы вочы і жэстыкулюючы шырокай далонню, пытаецца ён.— Шпінгалет! Каго яна можа нарадзіць, такая блыха? Хіба што другую блыху. Гэта ў біялагічным плане. А ў грамадска-палітычным?..
— Адставака! Хвост па палітэканоміі...— самавыкрывальна напамінае Эрна.
— Грубіянка! — падказвае бліжэйшая да яе бландзінка.
Іншыя за сталом крычаць:
— Задзіра і насмешніца!
— У сценгазеце прадзёрнута!
— Паспрачалася з рэктарам...
— Правільна. Усё правільна. Дзякуй за дапамогу. Суцэльны перажытак мінулага. I часткова будучага. А я кахаю яс. I ўсё! Дык вытлумачце, чаму? Вы! Філосафы! Маралісты! Камсоргі! Біёлагі! Чаму, га?
Ён прытворна паціскае плячыма. Хлопцы наперабой штось спрабуюць давесці. Адна Эрна вельмі хітра ўсміхаецца пад яго рукой. Яна-то разумее гэта ягонае «чаму».
— Ну дык што ж! Узялі? — дзеля прыліку пытаецца Гарбацюк і разлівае рэшту— Як кажуць, каб не апошнюю...
НУ-
— А ўрэшце куды спяшацца? Пасядзім да закрыцця,— Ён адстаўляе чарку і закурвае. Смачна зацягваецца. Пасля ўглядаецца ў мяне.
— Гляджу, нешта невясёлы. Што, характар такі?
— Характар.
— Адкуль прыехаў?
— Ды тут недалёка. 3-пад Мінска.
— Ага. Беларус, значыць. А дзе працуеш?
— У клубе.
— Значыць, па культурнай лініі?
Мне непрыемны гэтыя роспыты, і, каб іх прыпыніць, я звяртаюся да яго:
— А вы на якой лініі?
— Я? ІОрысконсульт. На паўстаўкі. Болей нявыгадна — пенсію рэжуць.
— Зразумела. Пенсіянер?
— Ды накшталт. Пяцьдзесят два гады. Але ў мяне выслуга. Усяго дваццаць восем. 3 ільготнымі, вядома.
«Нішто сабе, як кажуць, пратрубіў чалавек! Дваццаць восем год салдацкае лямкі — не жарты! У мяне тры, і то перажыванняў на ўсё жыццё...»
— Эх шкада, піўка не заказалі! Духата такая.
Ён паварочваецца да залы і кліча афіцыянтку:
— Дзевушка! Дзевушка! На хвілінку...
Але «дзевушка» не чуе або не хоча пачуць і ідзе сабе між сталоў на кухню. Тады ён устае.
— Ты пасядзі. Я закажу ўсё ж...
За сталом я астаюся адзін.
23
У хаце зусім цёмна (ці, можа, мне так здаецца) і вельмі людна. Так людна, што секууд некалькі я не ведаю, куды ступіць ад парога. I я стаю, узіраючыся праз паўзмрок у невыразныя плямы твараў, бінтоў, людскіх постацей на лаўках і на падлозе. У нос востра шыбае перакісам вадароду. Гэта абнадзейвае — значыць, медык тут ёсць, будзе на каго паспадзявацца.
— Во яшчэ адзін зашчытнічак! — з лёгкім гумарком гукае нехта ад сцяны.— Ну, як там: турнулі нямецкіх захопнікаў?
Я не маю ахвоты ні да якой размовы. Тым больш з такім вось дасціпнікам. Але па нейкіх ягоных гуллівых нотках адчуваю, што тут ёсць жанчына, і прыглядаюся ў паўзмрок, ці не Каця?
— Адбіліся,— кажу я.
Ад чорнай круглай грубкі, ля якой поркаюцца байцы, на мой голас павяртаецца нехта ў паўшубку. Сапраўды з-пад шапкі ўскідваюцца знаёмыя вочы Каці.
— А, младшой! А тут дружок ужо зусім нос павесіў. Думалі, хана табе.
Каця ўстае, і тады я бачу ў доле на разасланых шынялях Юрку. Ён ляжыць на спіне, без гімнасцёркі, па грудзях туга спавіты бінтамі, і ледзьве прыкметна спрабуе ўсміхнуцца мне куточкамі сваіх вуснаў.
На некага наступіўшы, не зважаючы на лаянку, я падаюся да сябра і нязграбна апускаюся ля яго на калена.
— Юра! Юр... Ну, як табе? Лягчэй? Га, Юрка?
Я ўзіраюся ў яго шэры, без адзінай крывінкі твар з вострым, нейкім не Юркавым носам. Без адказу адчуваю, справа яго дрэнь. Блага Юрку! I нават яшчэ як блага!
— Так, нічога... Лягчэй...— шэпча вуснамі Юрка.
У яго зацененых вачах на секунду загараецца радасць, якая, аднак, зараз жа і гасне. Я ўсё гэта бачу. Я разумею... і я хачу яго падбадзёрыць:
— Знаеш, адбіліся! Танкі падышлі. A то былі б нам канцы. Цяпер мы цябе ў шпіталь. У першую чаргу,— кажу я, верачы, што адпраўлю яго. Цяпер я ўжо дамагуся. Але тут побач нехта недаверліва сапе:
— Глядзі, адправіш! На самалёце хіба?
— Чаму на самалёце? — няўцямна пытаюся я, і раптам гэтая рэпліка мяне насцярожвае. Я павяртаю голаў — пад сцяной ля самых дзвярэй з вінтоўкаю між каленяў сядзіць ды смокча цыгарку нейкі баец. I побач (глядзі ты: зноў тут як тут!) дрэмле мой немец.
— Чаму самалётам? — падазраючы нядобрае, пытаюся я.— Машынай, падводай адправім. Бачыце, цяжкапаранены?!
— Гм!.. Мы-то бачым. А вось ты...
— А што? Што я не бачу?
Я ўжо гатовы ўзарвацца, бо стрыманасці мне не хапае, не трываюць нервы. Што тут яшчэ здарылася?
— Трапілі, во што. Між молатам і кавадлам...
— Ну ты там! — строга раздаецца з кута ад стала знаёмы голас,— Пракрашчай разгаворчыкі!
Ну, вядома, тут і капітан Сахно... У цёмным куце. Яго адсюль амаль не відаць,— ён жа, мусіць, бачыць усіх. I нешта ён тут дужа па-начальніцку прыкрыквае — мусіць, старшы па званню. Як ад болю, сцяўшыся ад нядобрага прадчування, я пазіраю то на яго, то на байца ля парога. Але той змаўкае і толькі падміргвае мне адным вокам:
— Паняў?
Так, зразумеў. Ведама ж, няхітрая справа зноў трапіць пад удар, калі ў тыле чорт ведае што. Чаго тут чакаць, апроч як удару, акружэння, разгрому. Але ж ёсць і нашыя танкі. Гэта ім не сорак першы год. He, мабыць, панікаваць яшчэ рана. Яшчэ пабачым, хто трапіць на кавадла...
— Ладна, годзе вешаць насы,— кажа Каця, прабіраючыся ад дзвярэй. Яна нясе кацялок з гарачай вадой. 3-пад вечка густа ідзе пара.— На во, напаі гарачым. Ды сагрэць яго трэба. Ану, славяне, у каго кажух лішні? — гукае яна да параненых — Тут цяжолага сагрэць трэба.
— Бяры мой,— чуецца ў цемры.— Усё роўна не ўсцягну. Толькі во рукаў адарваны.
— Ладна, давай.
Нехта з забінтаваным плячом падае ёй паўшубак. Каця клапотна ўхутвае ім Юрку. Затым я, разліўшы трохі вады, паю сябра. Яго сцятыя зубы ціха лязгаюць па алюмініевым краі кацялка. Напіўшыся, Юрка часта ды трудна дыхае.
— О так... Цяпер лепей...
— Ну і добра,— кажа Каця,— Сагрэйся і засні. Сон лечыць лепш за прафесара.
— Ладна. Дзякуй...— шэпча Юрка, і ягоныя пасінелыя вейкі знямогла заплюшчваюцца. Каця павяртаецца да мяне:
— А як твая нага, младшой? Ану, пакажы,— Яна рашуча і бесцырымонна лапае маю бедалагу-нагу і сварыцца: — Гэта называецца перавязка! Паглядзі, што тут у цябе робіцца!..
Я і сам ведаю, што там робіцца. Бінты мае раскіслі ад снегу, спаўзлі, разматляліся. Усё там скрываўленае і мокрае. Хваравіта-чуйная да цвёрдых Каціных рук, нага, мусіць, яшчэ і памарожана. Пальцы, здаецца, зусім ужо анямелі. Каб не перажываць залішне, я, сцяўшы зубы, адварочваюся. Насупраць пад сцяной сядзіць «мой» немец. Трымаецца ён ціха,
нават баязліва, з пакорай на твары. На ягоных плячах усё той жа шынялёк, на галаве казыркастая шапка. Рукамі ён ашчапервае калені і быццам дрэмле. Ягоны капваір ля парога, зарослы шчаціннем дзядзька, дакурвае цыгарку, і нехта са змроку просіць:
— Сараковачку пакінь, браток. Га?
Баец яшчэ разы два цмыгае і, ступіўшы між целаў на падлогу, цягнецца да выстаўленай з цемры рукі. Mae вочы пачынаюць ужо што-колечы бачыць у гэтым сутонні. Між байцоў я пазнаю на лаўцы ўратаванага намі лётчыка. Ён нерухома ляжыць, бы нежывы, пад сваімі бінтамі і толькі час ад часу стрымана стогне. Але стогнуць многія. Ціхіх стогнаў, крэкту і вохаў тут поўная хата.
— Ану, назад! — зараз жа раздаецца з-за стала каманда Сахно,— He забываііцеся, да каго прыстаўлены! Баец вяла апраўдваецца:
— Ды не ўцячэ! Я ж усё бачу.
— Дрэнна бачыце!..
У гэты час зусім побач са мной пачынае варушыцца нехта ў паўшубку з настаўленым каўняром. Здасцца, ён дагэтуль драмаў, прыхінуўшыся да сцяны, і цяпер асіпла са сну гаворыць:
— He турбуйцсся. Я пагляджу.
Затым адкашліваецца і, зусім як немец, нешта скорагаворкай звяртаецца да палонпага. Гэта мяне здзіўляе: глядзі ты, ведае па-нямецку! На фронце такое здараецца не часта. Немец ціха нешта адказвае, і мой сусед абвяшчае:
— Ён гаворыць, што сам здаўся ў палон і назад перабягаць не збіраецца.
— Прыпёрлі, дык здаўся. А наогул я не пытаюся, што ён там гаворыць! — суха абрывае яго Сахно,— I вы лепш памаўчалі б, лейтэнант.
Лейтэнант бяскрыўдна змаўкае, а маю нагу раптам працінае востры нутраны боль. Я незнарок скаланаюся. Каця нязлосна прыкрыквае:
— Ціха, ты! Што брыкаешся, як дзеўка!
— Ого, так ірванула...
— Ладна. Стрываеш. А галава як? Нішто?
— Галава нічога,— кажу я, абы не чапаць раны.
Каця пачынае туга аббінтоўваць ступню, і я зноў пазіраю на лейтэнанта, які пачынае ладзіць сабе закурку. Ён абуджае ў мяне цікавасць. Тое, што ён так складна загаварыў панямецку, яго тон і яшчэ нешта амаль незаўважнае ў яго голасе няўлоўна выдае ў ім інтэлігента, відаць, прызванага з запасу. Гэтыя людзі заўжды выклікаюць ва мне нейкую павагу, бо ёсць у іх штосьці цікавае і значнае, чаго часцяком не хапае кадравым. I хоць няёмка мне набівацца цяпер у знаёмства, усё ж я пытаюся:
— Вы не са сто адзінаццатай?