Поўны збор твораў. Том 3
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 656с.
Мінск 2005
— Слухайце, Гарбацюк! А таго не магло здарыцца, што хто-колечы з асуджаных вамі цяпер рэабілітаваны?
Гарбацюк робіць наіўныя вочы.
— Ну і што ж! Зусім магчыма. Рэабілітаваны — і з Богам. Я ўсяцэла далучаюся і падтрымліваю.
— А вы не баіцёся з такім вось спаткацца на вуліцы? Гарбацюк кідае на мяне насцярожаны позірк і шчыра здзіўляецца:
— А чаго мне баяцца? Пры чым тут я? Тады былі адны законы, цяпер іншыя. — Ён азірае залу і дадае ўжо спакайней: — Ды і не сустрэнуцца... Яшчэ не сустракаліся...
— Што, усіх да вышэйшай?
— Чаму ўсіх? He ўсіх. Разбіраліся,— кажа ён і засоўвае рукі ў кішэні штаноў. У вачах яго з’яўляецца выраз нахабнаватай самаўпэўненасці, якою ён нема і амаль варожа працінае мяне.
Так, гэта яго супакойвае. He сустрэнуцца. Асуджаныя не пагражаюць, сумленне не дакучае. Яшчэ б трохі абяліць, падфарбаваць сябе перад людзьмі, і тады можна лічыцца сумленным чалавекам, нароўні з іншымі.
Гарбацюк устае і, адхінуўшы гардзіну, рашуча расчыняе
акно. У залу шырока хлынае паток начной прахалоды. Праз хвіліну робіцца ўжо даволі сцюдзёнавата, і ён надзявае цёмны ў дробную клетачку пінжак з акулярамі і дзвюма аўтаручкамі ў нагруднай кішэньцы. Выгляд яго замкнёны, аднак у думках, мабыць, таксама, як і ў мяне, гірацягваецца не дужа прыемная размова.
— He, ты памыляешся, дарагі. Гэта цяпер развялі дэмакратыю. Гатовы ўсіх свалачэй рэабілітаваць. Прэзумпцыя невіноўнасці! Доказы! Балбатня гэта, скажу табе. Калі што, ён усё так перакруціць, што хоць ты яго ўзнагароджвай. Тут трэба пачуццё мець. Нюх. Праўда, у мяне вока было намётана. Я, бывала, на такога зірну — і наскрозь бачу. Доказы дзесятае дзела. Доказ, калі трэба, на кожнага можна сабраць. Вось так!
Ад суседняга стала ўстае той плячысты, у шэрай куртцы бландзін.
— Акно можна закрыць? Дзяўчаты просяць. Гарбацюк незадаволена павяртаецца і няўцямна глядзіць на хлопца. Той шырокім жэстам захлопвае фрамугу.
— Ану, адчыніце! — змрочна загадвае Гарбацюк і ўскоквае. Бландзін ужо ступае да свайго стала, а Гарбацюк шырока расчыняе акно,— He вы адчынялі, без вас і зачыняць...
На твары бландзіна кароткая разгубленасць. У шэрых ажыўленых яго вачах пыхае востры агеньчык,
— Дзяўчаты замерзлі! Вы панімаеце?
— Замерзлі — хай дома сядзяць. У рэстаран, як і ў манастыр, са сваім уставам не ходзяць.
— Ну, знаеце!..
Зрабіўшы амаль фехтавальны выпад, хлопец з трэскам захлопвае акно. Гарбацюк з трэскам яго расчыняе. Моладзь за сталом павяртаецца ў іх бок.
— Ігар, хопіць! Нам ужо не холадна.
— Ігар, Ігар! Пакінь яго. Мы зараз пойдзем! — прыўстаўшы, кліча сябра Эрна.
Ігар праз зубы кідае штось абразлівае і вяртаецца за свой стол. Гарбацюк, задышліва сапучы, сядае на сваё месца. Хапаецца за сігарэты. Рукі яго дрыжаць.
— Бачыў! — ківае ён мне.— Бачыў, што робіцца? Блазнюк,
малако на губах не абсохла, а глядзі ты! Нахабства колькі!
Ён прыкурвае, кідае на падлогу запалку, на стол — карабок.
— Распусціліся, разумнікі... Як тыя, у вайну. Старэйшы каторы маўчыць ды вініцца. А трапіцца лейтэнант, толькі з вучылішча, на губе пушок, а ўжо філасофію разводзіць. Як жа — дзесяцігодку скончыў! To зброя яму не тая. To загад няправільны. Нахабнікі!..
Я пазіраю на яго прыкметна пакамечаны жыццём твар, маршчыністую кароткую шыю. У глыбока схаваных пад бровамі вачах злосць і яшчэ нешта не то боязнае, не то нахабнаватае. Адбітак нейкай стоенай думкі блукае ў іх глыбіні. Я не хачу думаць пра гэтага чалавека кепска. Але я не бачу ў ім і таго, што мне хочацца бачыць — ні цешо шкадавання, добрасці, адбітка перадуманага і перажытага. ГІерада мной з выглядам несправядліва пакрыўджанага сядзіць раззлаваны мужчына, які заўпарціўся і не мае намеру ні ў чым адступаць. 1 ад гэтай ягонай упартасці ў мяне паціху накіпае шаленства. 3 намаганнем я змагаюся з сабой. Трэба быць спакойным. Маёй зброяй цяпер павінна быць толькі логіка. Яна мне паслужыць верна, бо я — правы.
— Скажыце, Гарбацюк! А вы забілі на вайне хоць аднаго фашыста? — пытаюся я спакойна, наколькі гэта мне ўдаецца.
— Я? А навошта? Навошта мне было іх забіваць? Гэта не мая справа. У дваццатае стагоддзе — поўнае раздзяленне працы. У тым ліку і на вайне. Каму бегчы ў атаку, каму страляць з гарматы. Каму лятаць у небе. А другі ўсю вайну прасядзеў за сталамі ў штабах або варыў сталь. У кожнага свая справа.
— Вашай было — судзіць?
— Ну і што ж? Судзіў.
— Няшчасных за палон? Камандзіраў — за няўзяцце вышынь і вёсак? Лейтэнантаў за размовы? За выдуманы кантакт з ворагам? За начлег у адной вёсцы?
Я амаль крычу. Нешта ў маіх паводзінах своевольна вырываецца з-пад кантролю. Ён хмурыцца, ёрзае на стуле і крывіць у грымасе вусны.
— Здаралася. Каралі і за гэта.
— I цяпер вы не раскайваецеся?
Ён ускідвае голаў. У вачах яго застарэлая крыўда і нянавісць.
— У чым?
Ужо мы абодва крычым. За суседнім доўгім сталом паварочваюцца ў напі бок. У другім радзе азіраюцца афіцэры. Я ўскокваю з-за стала. У грудзях знаёмая пустата і слабасць. Зала хістаецца. Я хапаюся за грудзі і, зачапіўшы стул, таропка сігаю на выхад.
Ля швейцара апранаюцца двое маладых. Ён ашчадна ахінае яе плечы плашчом. Яна ўсміхаецца ў трумо, і я падаю побач на стул. Падлога плыве ўбок, сцены хістаюцца. Сэрца рэдкімі, моцнымі ўдарамі б’е ў грудзі. Двое пакідаюць рэстаран.
Стары швейцар аблакочваецца на стойку і з пагардлівым асуджэннем глядзіць на мяне. Я разумею яго маўклівы дакор і думаю, як недарэчна ўсё гэта! He хапае хіба трахнуцца аб падлогу і апынуцца ў бальніцы. Вядома, скажуць — ад перапою...
— У вас выпадкам валідолу няма? Швейцар, перш чым адказаць, уздыхае.
— А навошта ён тут будзе? Рэстаран — не бальніца,— бурчыць ён,— Можна піць, але трэба знаць меру.
— He ў пітве справа, ацец. Тут... панерваваўся...
— Дужа нервовыя сталі,— недаверліва бурчыць стары і тупае ў кут. Наўрад ці ён верыць мне, але ўсё ж неўзабаве вяртаецца да стойкі з нейкай паперкай. Нетаропка разгортвае яе і пракуранымі да рудога пальцамі дастае беленькі круглячок-таблетку.
— Што гэта?
— А ты глыні. Паможа, калі што...
Разважыўшы, я глытаю таблетку. У роце застаецца непрыемны металічны прысмак.
— Ну як?
— Трошкі адыходзіць. Сэрца, ведаеце...
— Эх, сэрца, сэрца! — з мудрай старэчай разважнасцю бурчыць швейцар,— Сэрца, яно — матор. Сапсуецца — з капылоў далоў. He беражэцеся вы, маладыя.
— He той час, каб берагчыся.
— He той? А які ж вам яшчэ трэба. Грошы ёсць. Кватэры дзяржава дае. Пасады. Якога ражна не хапае? Мы, бывала, у вашы гады — абы паесці сыта... А вы?
— Бачыце, калі наясіся дасыта, дык захочацца і жыць па справядлівасці.
— Справядлівасць! — з іроніяй кажа швейцар і ўпіраецца ў мяне цяжкім позіркам выцвілых, відаць, нямала бачыўшых на вяку вачэй,— Вунь збялеў як. У поце. Вось табе і справядлівасць... Ты, гэта, каля акна сядзь. На вецярок. На вецярку я'но лепей будзе.
Я перасаджваюся да акна. Фрамуга трохі прыадчынена. Начны вецер варушыць фіранку. За акном дзесьці непадалёк на пуцях асіпла пыхае паравозік. На запасных доўгія саставы зялёных вагонаў. Некалькі жанчын са шлангам мыюць іх блішчастыя жалезныя бакі. На віадуку таропка праходзяць пешаходы. Па той бок за станцыяй свеціцца доўгі рад вулічных ліхтароў. Недзе далёка адзінокім вугальком у святлявым небе гарыць чырвоны агеньчык на заводскай трубе.
Сэрца маё марудна і вельмі неахвотна спакайнее.
26
Заліты месяцам стэп, грымоцце танкаў, смурод газойлі, калючы вецер у твар і цяпло. Так, цяпло. Праўда, толькі ля ног, дзе густа паддзьмувае нафтавым духам праз жалюзі. I ўсё ж рай! Адно трэба трымацца, каб не скульнуцца ад мяккай, але разгоністай танкавай гойданкі.
I мы трымаемся за вежу, учапіўшыся рукамі за яе настылыя поручні. На маіх каленях ляжыць галава Юркі, я адною рукою прытрымліваю яе; немец жа, седзячы збоку, відаць, заняты ўласным клопатам і абыякавы да ўсіх нас. Ля яго, прыхінуўшыся да вежы, стаіць Сахно. На бакавінах і закрылках танка нейкія скрынкі (мабыць, снарады), ля мяне побач слізкае абкоранае бервяно. Следам грукоча другі танк. Там Каця. Яе кароценькая постаць невысока вытыркаецца з-за вежы. Здаецца, нам урэшце пашанцавала — цяпер мы ўжо вырвемся.
Але мы адсталі ад галоўнай калоны і, спяшаючыся, наганяем яе. Марозны вецер пякуча б’е ў твары. Неба ўгары ярка мігаціць мірыядамі зор, і сярод іх гушчару ярка ззяе месяц. Рэзкія сінія цені ад прыдарожных слупоў цягнуцца да самых каляін. Навокал відаць далёка-далёка. У гэтай далечы ззаду засталіся немцы — бачна, як на краявідзе сыплюцца ў ночы імклівыя бліскавіцы трас. Там бой. Там тыя, што па загаду палкоўніка засталіся на прыгорку за сялом, каб даць нам магчымасць вырвацца з бяды. Толькі куды? Здаецца, мы едзем далей на захад, значыць, не ў свой тыл, а туды, глыбей у нямецкі. Гэта не радуе і, вядома, нясе з сабой новы клопат. Але я не хачу думаць кепска: там войска, там сіла баявых часцей, там начальства і арганізацыя, там не дадуць прапасці. Праўда, ззаду, мусіць, не адстануць ад нас немцы. Ім, акружаным, таксама трэба прарвацца туды, на захад.
Я адварочваюся ад сустрэчнага ветру, глыбей у каўнер уцягваю настылую, у бінтах галаву. Але ў такім стане замінае за спіной карабін. Я знімаю яго і з тугою ў душы ўзіраюся ў далёкія адзнакі бою, што бліскаюць у начным мроіве. Толькі мы ўсё ж аддаляемся ад таго злапамятнага сяла. Магутна равучы на пад’ёме, танкі мінаюць стэпавую балку, праскокваюць клін палеглага, няўбранага ўвосень сланечніку. Іскры-трасёры ўдалечыні паступова знікаюць, толькі часам рэдкая чарга невысока ўзлятае над краявідам і гасне. Навокал жа спакойна, і ўсё было б добра, калі б не Юрка. Ён непрытомны. Я шчыльней захутваю на ім паўшубак. Цела яго выдае тут доўгім і няўклюдным, боты ледзьве не дастаюць да выхлапных труб. У гойданцы толькі і чакай, можа спаўзці ў снег. Хоць бы жывым давезці яго да якога санбата. Хоць бы паспець... Наш танк даганяе заднія ў калоне машыны, гойданне і штуршкі робяцца меншыя. Нечакана да мяне нагінаецца і гамоніць Сахно.
Што?
— Кажу, прыедзем, пойдзеце са мной! — гучней крычыць ён проста ў твар.
— Куды?
— Няважна. Куды загадаю.
Ну вось табе і радасць! He паспелі вырвацца з аднаго
ліха, як наперадзе з’яўляецца новае. I, дзіўная справа, гэтыя скупыя словы Сахно ўражваюць тут куды болып, чым усе ягоныя пагрозы там, пад носам у немцаў. Тут ён — сіла, а я — слабак, тут ужо не пашлеш яго куды не трэба — мусіш падпарадкавацца.