Поўны збор твораў. Том 3
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 656с.
Мінск 2005
— Агонь! Усім агонь! Чаго сагнуліся? Агонь! — крычыць ён на нас з немцам.
Танк кідаецца з боку на бок, я адною рукой зноў хапаюся за скабу на вежы, а немец разам з усімі пачынае гахаць у неба. Я не адразу цямлю, што ў яго — мой карабін, я толькі слаба дзіўлюся: па сваіх? Але неўзабаве разумею, што тут ужо не да меркаванняў маралі, палітыкі — тут бой, і трэба абараніць сваё жыццё.
Яны то бязладна, то залпамі б’юць па-над дарогай, і, мабыць, нікому не ў знак, што крайні ля іх — немец. I я маўчу пра тое — хай страляе. Цяпер я не баюся, што ў яго зброя. Я амаль упэўнены: нам ён благога не зробіць.
Я страчваю адчуванне часу і не ведаю, колькі прадаўжаецца бамбёжка.
I ўсё ж у нейкую хвіліну самалёты ад нас урэшце адвязваюцца. Робіцца нібы аж ціха, і ў гэтай цішы — скрыгочуць гусеніцы і выюць маторы танкаў. Мусіць, хутка зоймецца ранне, неба робіцца асабліва чорным. (Праклятае начное неба, ад якога мы столькі стрывалі сёння!)
Пад ранак дзевяць танкаў уязджаюць у нейкае вялікае, па-начному пустое сяло.
Я думаю, што мы яго хутка праскочым і дзе-небудзь нарэшце далучымся да перадавых часцей. Але танкі чамусьці збочваюць да плятнёў і па адным спыняюцца.
Сонная глухая цішыня б’е ў вушы. Абнадзейвае і азадачвае. Што далей?
27
Нас ссаджваюць з танкаў і зводзяць у адно месца на вуліцы. Набіраецца чалавек з дзесяць — здаровых, што ўначы прыбіліся сюды з іншых часцей, і параненых. У тым ліку трое цяжкіх — ІОрка, адзін аўтаматчык з прастрэленым жыватом і ўсё той жа лётчык. Дзіва, які ён жывучы — ма-
быць, перажыве ўсіх! На шчасце, з намі зноў Каця. Грубавата прыкрыкваючы, яна адразу распараджаецца перанесці ляжачых у хату.
Астатнім загадана чакаць, і мы моўчкі стаім пад глухой, пакрэмзанай вугалем сцяной мазанкі, пакуль ад першых у калоне танкаў хуткім крокам да нас не падыходзіць знаёмы падпалкоўнік. 3 ім поплеч Сахно. Пусты рукаў капітанскага паўшубка лёгка целяпаецца ля боку.
— Ну як, арлы? Далі жару? — жвава пытаецца падпалкоўнік і сам сабе адказвае: — Далі, сволачы! Лепшыя экіпажы ўгробілі. Значыць, так: далей пойдзеце самі. Мы павяртаем контратакаваць. А вы да Лялекаўкі. Восем кіламетраў. Ясна?
Мы ўсе маўчым. Восем кіламетраў — не многа, але пры той умове, калі здаровыя ногі. А калі прастрэленыя? Ды яшчэ трое цяжка параненых? Як іх дацягнеш? Толькі пра што пытацца — і так дзякуй гэтаму чалавеку за яго добрасць. He пакінуў, як іншыя — выхапіў амаль з-пад агню. Цяпер у яго свой клопат.
— Ну, ясна не ясна — нічога не папішаш! 3 сабой я вас не вазьму. Самі разумееце. Тут заставацца не раю. Раніцай яны зноў удараць,— Падпалкоўнік махае рукой па дарозе,— Дык так: старшы вось гэты капітан,— ківае ён на Сахно. Той моўчкі пераступае на снезе.— Ён павядзе.
«Здорава!» — думаю я. Усё жыццё марыў мець такога старшага. Лёс ці д’ябал нібы насміхаецца з мяне. Але чорт з ім. Хай вядзе. Камандзіраў, на жаль, не выбіраюць. Паглядзім, як прывядзе. Падпалкоўнік паварочваецца і рухава крочыць да пярэдніх машын, якія ўжо заводзяць маторы. Зараз жа па адной яны пачынаюць зрывацца з месца, і неўзабаве мы застаемся адны. Месяца ўжо няма, угары гаснуць зоркі, цьмее няроўная паласа Млечнага Шляху. Здаецца, пачынае світаць. Нязвыкла ціха і пустэльна робіцца на вуліцы гэтага маўклівага сяла, у хацінах якога дзе-нідзе ўжо слепа асвечваюцца вокны.
Калі танкавы грукат на вуліцы глохне, да нашай прымоўклай кучкі падступае Сахно.
— Так... Усе тут? Раз, два, тры, чатыры, пяць...
— Трое цяжолых у хаце,— кажа нехта з параненых. Сахно адразу пакідае лічыць.
— Чаго гэта ў хаце? Ану, усіх сюды!
Некалькі чалавек здаравейшых, рыпучы снегам, ідуць цераз вуліцу ў хату і неўзабаве вывалакваюць адтуль двух. У адным я яшчэ з вуліцы пазнаю Юрку. Яго нясе немец і танкіст у ватоўцы — камлюкаваты, плячысты хлопец, відаць, адзін з нямногіх, каму ноччу пашэнціла, страціўшы танк, застацца ў жывых. Лётчыка нясуць двое разведчыкаў у белых падраных маскхалатах, якіх падпалкоўнік далучыў да нашае групы. Ззаду іх ідзе Каця. Сахно нецярпліва ступае насустрач.
— Та-ак... А дзе трэці?
— Там,— кідае на хату Каця,— He варта чапаць.
— Гэта чаму?
— Чаму, чаму... Безнадзейны. Даходзіць. Сахно хвіліну маўчыць, відаць, нешта рашае, а пасля азіраецца і ківае на мяне:
— Ану, давайце па трэцяга!
— Я не магу.
— А калі цераз «не магу»? Я загадваю.
— Што яго браць? — агрызаецца Каця,— Памірае чалавек. Што яго мучыць?
— He ваша справа. Бярыце параненага! — ледзяным тонам загадвае Сахно, стоячы ў насунутай на лоб кубанцы і задзірыста выставіўшы наперад квадратны свой падбародак.
Каця ўпаўголаса кідае да яго нешта абразлівае і вяртаецца ў падворак. За ёю кульгікаю я.
Паранены, увесь мокры ад поту, нерухома ляжыць на ложку. Над яго галавой гарыць газнічка. Ля парога з гаротным, мокрым ад слёз тварам хутаецца ў кажушок напалоханая жанчына.
— Ой, дзетачкі! Ой, лышанько! Куды ж вы ёго? Він жа такі слабы...
— Ану, пастараніся, цётка,— безуважна да яе гаманы кажа Каця і прыўзнімае небараку,— Дайце якое радно.
Пакапаўшыся ў рыззі, гаспадыня рассцілае на падлозе нейкую пасцілку, і мы перакладаем на яе параненага. Але ён распрануты, увесь у бінтах і без шыняля, як яго несці?
— Цэ ж він замэрзне, загубіцца!.. Ой, у ёго ж матуся е дзесьці,— ледзьве не галосіць жанчына і скідае з сябе кажушок.— Натэ, ухутайце, усё тэплішэ будэ.
Цётка пачыпае свяціць над галовамі газнічкаю, Каця хутае аўтаматчыка ў паўшубак і незнарок наступае на маю нязграбную аббінтаваную нагу. Я ледзьве не падаю ад болю.
— Яшчэ не адмарозіў? Ну, дык адмарозіш! — зацята абяцае Каця,— I гангрэна яшчэ насядзе. Чакай! — I раптам са злоснаю нястрыманасцю гукае: — Ану, рвані! Годзе корчыцца.
Наступіўшы нагой на рукаў кажушка, яна спрабуе яго адарваць, але не можа і кідае ў мае рукі. Я рву мацней, яна прытрымлівае, і рукаў урэшце з трэскам адрываецца.
— Ой, што ж вы робытэ? Што вы ірвэтэ маю адзежыпу! Каб вам рукі адірвала, ногі папераламала! — раптам сварліва прыгаворвае жанчына.
Каця строга прыкрыквае на яе:
— Замаўчыце! Вам не ўсё роўна? Таго шкада, а таго не.
— Нялюдска ты людына! Лайдачка. Моя світка, што вы наробылы!
Чорт, звязаліся яшчэ з гэтай кабстаю! Раскрычалася, быццам яе хто падмяніў... Мне няёмка і хочацца кінуць ёй і рукаў і кажушок, абы адчапілася. Але Каця, не зважаючы на сварку, загадвае:
— Во і нацягвай. Цёпла і мякка будзе. На марозе дзякуй скажаш.
Я маўчу, зацяўшы ў душы няёмкасць, і моўчкі дзякую гэтай агонь-дзяўчыне. Акалелай назе ў рукаве сапраўды робіцца ўгрэўна і мякка, трохі, праўда, нязграбна, але не бяда. Галоўнае цёпла. Да болю я ўжо прытрываўся.
Мы выносім чалавска на вуліцу, дзе нас чакаюць, і Сахно нецярпліва падыходзіць да Каці.
— Усе?
— Усе.
Капітан яшчэ раз акідвае байцоў працяглым маўклівым позіркам (напэўна, лічыць) і, нічога не сказаўшы, ідзе ўсё ў тую ж хаціну. Калі крокі яго сціхаюць, Каця апускае параненага на снег.
— Гад!
Я не пытаюся — я ўжо ведаю, пра каго яна гэта. I я маўчу, бо сам гэткай жа думкі аб нашым начальніку. Цяпер — я ведаю — ён пайшоў правяраць, ці не застаўся там хто. Нам ён не верыць. Ну і якраз дарэчы, там расплачацца тая кабета, будзе скандал. I сапраўды, неўзабаве вярнуўшыся, Сахно строга аб’яўляе:
— Вось што! Без майго дазволу ў хаты не заходзіць! Кожны адказвае за сябе і за суседа таксама. Параненых не пакідаць. Што б там ні пагражала. Насельніцтву залішне не давяраць.
— Ды ўжо ж?! — упаўголаса сумняваецца нехта ззаду.
Сахно, аднак, пакідае рэпліку без адказу.
— Калі ў выпадку прыпячэ, жывымі не здавацца. Ясна? Зброя ёсць? У каго няма — я памагу. Слабанервовым таксама. Пытанні будуць?
— Ясна. He на лекцыі. Хутчэй трэба,— кажа танкіст.
— Гэта не лекцыя! — змрочна аб’яўляе Сахно,— Гэта загад. I я патрабую яго выканання.
28
Гарбацюк выбягае з залы і як быў, у пінжаку і без капелюша, кідаецца ў другія дзверы, на выхад. Але дзверы зачынены, ён рэзка тузае іх, і тады з-за перагародкі выходзіць з ключом швейцар, які яго выпускае.
Я здзіўляюся, што гэта там здарылася? Чаму ён не апрануўся і нават не азірнуўся? Можа, не разлічыўся? Уцёк, ці што? Але тады, мусіць, узяў бы паліто і капялюш.
Я ўжо крыху адышоў ад свае раптоўнай знямогі і заклапочана вяртаюся ў залу. Адразу з дзвярэй бачу, як моладзь з-за стала павяртае галовы ў мой бок. Усе глядзяць на мяне. Там жа, чакаючы, стаяць дзве афіцыянткі. Калі я падыходжу да свайго стала, адна таропка выдзірае з блакнота старонку.
— Адзінаццаць трыццаць з вас.
Аказваецца, ён не разлічыўся. Я адлічваю палавіну. У кішэні ў мяне застаецца траяк, акурат на дарогу. Афіцыянтка незадаволена скошвае позірк.
— А вы не разам?
— He. He разам.
— Піць дык разам. А плаціць...
Яна адыходзіць, пакідаючы ва мне брыдкае адчуванне вінаватасці. Звязаўся на сваю галаву... Трэба было...
Сядаць за гэты стол мне болей не хочацца. Мусіць, трэба ісці адсюль зусім. Перахапіўшы мой позірк, за суседнім сталом павяртаецца Ігар.
— Ну і таварыш у вас! Выліты перажытак мінулага.
— Па міліцыю пабег,— па-сяброўску, як саюзніку, усміхаецца Эрна,— Зараз прывядзе. Пасядзіце з намі.
Так яно і павінна здарыцца. Гэта зусім лагічна. Старая звычка ўзяла верх. Але чорт яго бяры! Хай вядзе міліцыю...
— Сядайце, сядайце! — запрашаюць дзяўчаты і Ігар.
Я сядаю збоч ля стала між Эрнай і бландзінкай з густа пачэрненымі вейкамі. Гаварыць мне нічога не хочацца — толькі слухаць. Яны ўсе ўзрушаны інцыдэнтам, але, здаецца, ніколькі не трацяць свае бесклапотнай жартоўнасці.
— Ледзь не пабіўся з Ігарам,— паведамляе Эрна.
Суседка з другога боку пытаецца:
— Ён ваш саслужывец? Ці былы аднапалчанін?
— Аднапалчанін,— падумаўшы, кажу я.
— Сволач ёл!
Ігар прыўстае і цягнецца да мяне з бутэлькай.
— Прыдраўся, нібы я ягоныя планкі сарваў. А я не бачыў у яго ніякіх планак. Ці былі хоць у яго якія планкі?
— He ў плалках справа.
Ігар налівае мне палову бакала.
— Ладна, чорт з ім! Хай вядзе. Давайце лепш вып’ем. A то пасадзяць яшчэ.
Эрна за сталом аж падскоквае і пляскае ў далоні.
— Ой, гэта здорава! Я буду табе насіць перадачы, Ігарочак! Мядовы месяц у турме.
— Паўмесяца,— кідае крайні ў чорным гарнітуры,— Пятнаццаць, болей не дадуць.