• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 3

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 656с.
    Мінск 2005
    171.74 МБ
    — Гэта і ўсё?
    — А што яшчэ? Ён безнадзейны.
    Ананьеў рэзка адхіснуўся ад сцяны.
    — Я табе вось як дзвіну! Па тваёй ідыёцкай галаве! Тады пазнаеш, хто безнадзейны! — з лютай прыціхласцю пагразіў ён санінструктару.
    Цвяткоў адразу пакрыўдзіўся.
    — Што я сляпы, ці што? У яго ж тры пранікаючыя ў брушную поласць, так? Ды яшчэ грудзі навылёт...
    — Маўчаць! — здушаным ад гневу голасам крыкнуў камроты,— Каб мне ні слова! Ён павінен жыць!
    — Быццам я супраць. Хай жыве! Але ж... Во, глядзіце!
    Цвяткоў ступіў да параненага і разгарнуў ягоны шынэлак. Затым нешта памацаў там, насцярожыўся, схапіў Крывашыява за руку і, чагось не знайшоўшы, хуценька схіліўся вухам да накрыж забінтаваных грудзей.
    — Ну во! Я ж гаварыў...
    — He можа быць! — занепакоена выйшаў з траншэі Грыневіч.— Толькі ж размаўляў тут...
    Цвяткоў рашуча выпрастаўся і саўгануў назад сумку.
    — Усё. Гатоў!..— упэўнена аб’явіў ён і з усведамленнем свае праваты адвярнуўся ўбок.
    Ананьеў ускіпеў:
    — Узрадаваўся: «гатоў»! Я без цябе, дурня, ведаў — будзе гатоў! Але ён не павінен быў ведаць. Паняў? Ён павінен на нас спадзявацца, што аб ім паклапоцяцца. Ён жа чалавек, a не сабака, ядрона вош!..
    Гуманюк тым часам, мабыць, не верачы санінструктару, кінуўся да земляка. Стоячы на каленях, ён затармашыў яго, заштурхаў, пасля неяк адразу апусціў рукі і крыўдліва, як дзіця, заплакаў.
    Цвяткоў зацята маўчаў, мусіць, не прызнаючы сябе вінаватым. Ананьеў засунуў рукі ў кішэні і таксама змоўк, Сварка неяк адразу страціла свой сэнс. Сэрца маё жаласна затрымцела ў грудзях, нейкім чынам я адчуў сваю еднасць з гэтым небаракам, нібы ён быў маім братам. Але мяне даймаў і другі боль — на сцюжы дужа разбалелася плячо і ўся рука аж да пазногцяў на пальцах. Трэба было ісці, а я ў тупым змярцвенні ціха стаяў над Крывашыявым.
    — Ладна,— падабрэла сказаў у цішы Ананьеў.— Хай паляжыць да раніцы. Прыйдзе падвода — адвязем пахаваем.
    Ён выйшаў з бліндажа і пайшоў у тыл. За ім скіравалі Грыневіч, Зайцаў і, крыху счакаўшы, Цвяткоў. Мне камроты нічога не сказаў, і я невядома чаго застаўся тут з Гумянюком і прыціхлым Піліпенкам.
    Я ледзьве стрымліваў сябе ад прыкрасці. Мала было раны, дык яшчэ гэты Ананьеў, я да яго ішоў, шукаў яго, спадзеючыся на хай сабе кароценькую ўвагу, звычайную пры расставанні, а тут, на табе,— новы ардынарац. I камроты ні слова не сказаў мне, быццам ужо назаўжды выкрасліў мяне са свае памяці і свае роты, нібы я ніколі і не клапаціўся пра яго ўтулак, не падшываў яму падкаўнерыкі, не бегаў па абед, не гібеў з ім усю зіму ў баях!
    А зрэшты — ці варта крыўдаваць на чалавека, у якога людзі, баявая задача, якому дапякае клопат, каб утрымаць вышыню. Да таго ж, яму заўжды патрэбны чалавек, каб бегаць, выклікаць камандзіраў: калі тут разводзіць сантыменты з параненым ардынарцам? Яму быў патрэбны здаровы. Зайцаў някепскі баец, я ведаў яго і разумеў Ананьева, аднак ад таго не рабілася лягчэй.
    Але што ж было рабіць тут? Сядзець у гэтай яме побач з нябожчыкам Крывашыявым і мерзнуць? Ісці з роты ўначы не мела сэнсу, можна было лёгка трапіць ў рукі да немцаў, ды і не хапала сілы валачыся па такой гразі добрых дваццаць кіламетраў да медсанбата. Значыць, трэба шукаць нейкі прытулак да раніцы. Кепска, што, апроч камандзірскага, болей бліндажоў немцы, здаецца, не збудавалі, вяртацца ж туды мне не хацелася — хай там цяпер гаспадарыць Зайцаў. Прыйдзецца, мабыць, ісці ў другі ўзвод, да Ваніна. Ён мяне прыме.
    — Дзе другі ўзвод? — запытаў я Піліпенку.
    — Далей па траншэі.
    Я памалу пайшоў, куды паказваў Піліпенка, і ён таксама чамусьці паплёўся следам. Неўзабаве мы набрылі на нейкі траншэйны адростак-тупічок, у якім на святлявым фоне неба адзінока тырчала галава ў касцы. Тупічок гэты, здаецца, сама далей выдаваўся ў поле — мусіць, то быў недакапаны ход у нямецкі тыл. Піліпенка гукнуў:
    — Чумак, цэ ты?
    — Ага, я, таварыш старшына.
    — Ну, што чуваты?
    Мы падышлі бліжай, Чумак зважліва адступіў перад камандзірам узвода. На брустверы стаяў нямецкі МГ з закладзенай у прыёмнік стужкай. Пачуўшы нас, у доле заварушыўся нехта, мабыць, кулямётчык. Калі ён устаў, дык аказалася, што гэта баец Шнэйдар. Пазнаўшы камандзіра ўзвода, ён талкова, без залішняе паспешлівасці вытлумачыў:
    — Спачатку стралялі. Вунь з той пляміны. Яр там ці балота якое — чорт яго ведае. Біў кулямёт. Пасля перастаў. Чалавек пяць перабеглі па краі і схаваліся. Цяпер ціха.
    Мы маўкліва паўзіраліся ў той бок. У твары дзьмуў рэзкі сцюдзёны вецер, прабірала дрыготка. Параненая мая рука здорава стыла пад незашпіленым мокрым шынялём, асабліва пальцы, паварушыць імі было вельмі балюча.
    Піліпенка, падумаўшы, сказаў:
    — Hi чарта. Воны не дурні в рові сыдзіць. Драпанулы на станцыю. Заўтра падапруць, канэшно.
    — Заўтра дадуць прыкурыць...— заклапочана пагадзіўся Шнэйдар.
    — Можэ, заўтра, а можэ, і сёгодня,— нечакана сказаў Піліпенка.— He здумайтэ спаты. Гранаты хоць е? Шнэйдар памацаў кішэні.
    — Ёсць адна.
    — А ў тэбэ, Чумак?
    — Ды няма.
    — Хіба вы ўсі пакідалы?
    — Пакідаў! — сказаў Шнэйдар.— Дзе ён іх пакідаў? Толькі ў траншэі ўзвод дагнаў.
    Чумак маўкліва таптаўся ў доле.
    — Мо вам не давалы?
    Баец маўчаў.
    Піліпенка ўпіўся ў яго настырным, учэпістым позіркам. Выгляд у Чумака быў такі вінавата-няшчасны, што я не вытрымаў і дастаў апошнюю сваю «лімонку». Усё роўна мне яна ўжо была без патрэбы.
    — Во, бярыце маю.
    Чумак моўчкі і, як здалося, не дужа рашуча ўзяў яе, надта ўжо беражна паклаў у кішэню.
    — Колькі вам год? — запытаў я.
    — Мне? А пяцьдзесят.
    — Ого! Дык як жа вас узялі?
    — Брэша він! Якіх пяцьдзесят? — усумніўся Піліпенка,— Міні сорак шість. Так што — він старэйшый?
    — Яй-бо, не брашу! — хуценька запэўніў Чумак,— Каб мне так жыць — пяцьдзесят. А бралі мяне ў нестраявыя.
    — Так ужэ і ў нестроёві?
    — Яй-богу, праўду кажу. Спярша так. У транспартнай роце быў. Ну, старшына нягодны папаўся. Чапляцца пачаў. Перавялі ў каменданцкі. А з каменданцкага, як пад Драздамі няўпраўка выйшла, тады да вас накіравалі. Хто ўцалеў, пасля назад забралі. А мяне, мусіць, забыліся, ці што?
    Гэта я ўжо ведаў. Толькі не забыліся ў каменданцкім узводзе вярнуць свайго байца Чумака — проста яго пакінулі, бо замест узялі лепшага. 3 нашае роты пераводзіць далей ужо не было куды, так ён і застаўся тут, на сваё ліха і на бяду яго камандзірам.
    — Ну піто ж,— сказаў я.— Шчасліва вам. Толькі не адставайцс больш.
    — А ўжо не буду, — лёгка паабяцаў Чумак і ступіў у мой бок,— Слухай, гэта самае... Цябе параніла?
    — Як бачыце. У плячо, — сказаў я амаль бесклапотна,— Так што Цвяткоў праўду казаў.
    Чумак на гэта не сказаў нічога, толькі неяк апанурана знерухомеў і, як здалося, са шкадаваннем паглядзеў на мяне.
    Зрэшты, магчыма, і з зайздрасцю — у поцемках гэта разгледзець было цяжка.
    7
    У Ваніна ішла работа — узвод акопваўся. Немцы на гэтым схіле вышыні папрацавалі найменш — траншэя атрымалася мелкая, да калена, і цяпер ванінцы, не зважаючы на ноч і слоту, дзяўблі яс ўсім узводам.
    Камандзір таксама капаў — распрануты, у адной гімнасцёрцы, ён з лейкай запальчывай заўзятасцю размашыста кідаў рыдлёўкай, пахакваючы ў такт кожнаму кідку. Тут жа, у траншэі, адпачываючы, стаяў ягоны памкамузвода, ціхмяны сяржант Закіраў, ля якога на броўцы варушылася Пулька. Я спыніўся побач.
    — Што, Васюкоў? — спытаў Ванін.— Памагаць прыйшоў?
    Ведама, памагаты з мяне быў ніякі, і таму гэтае пытанне тро-хі збянтэжыла з самага пачатку. Трэба было неяк выказаць яму маю просьбу, але я не ведаў, як пачаць, і стаяў на брустверы.
    — Глыбей капаеш — даўжэй жывеш,— памаўчаўшы, сказаў Ванін.
    — Вам не пашэнціла,— зазначыў я — У Піліпенкі дык гатовая траншэя.
    — А ён заўжды на гатовае. Такі жмот, ого! — Ванін апусціў лапату. — Калі разабрацца, дык гэта ж яго ўчастак. На правым фланзе ягоны ж узвод ішоў. Ды як толькі ў траншэю ўскочыў, так і засеў. А мы немцаў вунь куды гналі...
    — 3 вамі ж камапдзір роты быў.
    — Вось іменна. А з Піліпенкам — Грыневіч. Тым усё ска-
    зана,— намякнуў Ванін і выпрастаўся,— Во ўгрэўся! На, Закіраў, капай.
    Памкамузвода ўзяў рыдлёўку, а Ванін скочыў на бруствер і, узіраючыся ў шэры ветраны прыцемак, нацягнуў на плечы ватоўку.
    — А ты чаго ў тыл не ідзеш? Ананьеў жа сабе Зайцава ўзяў.
    — Ну і хай,— сказаў я.
    Размаўляць з ім аб гэтым мне не хацелася, і я маўкліва таптаўся на брустверы, чакаючы, што Ванін пачне ўгаворваць ісці лячыцца. Але ён раптам сказаў:
    — А ўвогуле правільна. Пойдзеш — наўрад ці вернешся. A табе ж на медаль паслалі.
    Зашпіліўшы партупеі, малодшы лейтэнант на кукішках прысеў побач і адной рукой палашчыў Пульку, якая радасна заварушылася на зямлі.
    — Яны там не глядзяць, з якой часці, а пасылаюць, куды трэба. Я во да гэтай дывізіі ў гвардзейскай служыў. У разведцы. А са шпіталя аддзел кадраў сунуў сюды. Я ім даказваў — дзе там! I слухаць не хочуць. Дывізія на фарміроўцы, камандзіраў недакамплект, кадры патрэбны. Так што старайся далей санбата не ехаць.
    — Як пастараешся!
    He адказаўшы, Ванін кінуў насцярожаны позірк уздоўж траншэі.
    — Зноў там перакур. От сачок! Ну, я яму дам!
    Ён імкліва ўскочыў і хутка пайшоў па брустверы, пакінуўшы мяне ля Закірава. За ім жа пабегла і Пулька.
    Закіраў моўчкі ўзяўся капаць, ужо не зважаючы на мяне. Ён наогул быў маўчун і тугадум: размаўляць з ім кожны раз было пакутай.
    Я пачакаў крыху, мяркуючы, што Ванін неўзабаве вернецца, але ён не вяртаўся, тады я памалу рушыў па брустверы і непадалёк ад Закірава зноў напаткаў яго. Малодшы лейтэнант шпарка ішоў насустрач і, яшчэ не дайшоўшы да памкамузвода, гукнуў:
    — Закіраў, ты дзе Лукіна паставіў?
    — У сваім аддзяленні быў.
    — Ды няма яго там...
    Заняты сваім клопатам, Ванін быццам і не заўважаў мяне — на хаду павярнуўся і хутка пакрочыў назад. Я ж спыніўся, не ведаючы, ісці за ім ці чакаць тут. Неяк няёмка было перабіваць яго турботныя справы сваёй дробязнай просьбай.
    Двое аўтаматчыкаў у траншэі моўчкі і засяроджана калупалі ў цемры рыдлёўкамі. Выкапалі яны ўжо глыбакавата, ледзьве не ў рост, а ўсё яшчэ дзяўблі там у дне. Адзін з іх, што воддаль варушыўся ў змроку траншэі, заўважыў:
    — Зараз ён дасць Лукіну.
    — I правільна зробіць,— зморана хакаючы, пацвердзіў другі,— Хай не сачкуе...