Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Па голасе я пазнаў аднаго — гэта быў Гаркавы, самы стары аўтаматчык у роце, які служыў тут ці не ад самай нават Масквы.
— Што, здорава ганяе? — запытаў я і ступіў да чорнае шчыліны траншэі, з якой тырчалі іхнія галовы.
Яны абодва ўгледзеліся ў мяне, пасля Гаркавы сказаў:
— Ганяе, бо клапоціцца. He тое, што іншы — абы крычаць. А наш і сам умека на што ні вазьмі.
— Як ён тады вартавога зняў! Oro! I не пікнуў,— дадаў другі голасам, у якім гучала захапленне.
На ветры было холадна, я прысеў на край траншэі і захінуўся каўняром, невядома чаго чакаючы. Правае вуха то быццам адыходзіла ад глухаты, то яго зноў затыкала; параненая рука нямела ад болю і сцюжы.
— Ванін хоць і малодшы лейтэнант, а смялейшы за якіх капітанаў,— налягаючы на рыдлёўку, казау баец.— Яй-богу.
— He ў званнях смеласць,— зазначыў Гаркавы.
— Так. Але і разумны. Розумам, мусіць, не ўступіць і камандзіру палка.
— Гэта Сырамятнікаву? Ну, зраўняў!
Такая іх катэгарычнасць у ацэнках мяне трохі здзівіла. Дапусцім, яны не перабольшвалі наконт Ваніна, але што яны ведалі пра камандзіра палка, тэтыя радавыя чырвонаармейцы, каб так меркаваць аб ім?
— Кіньце,— сказаў я — Каб так казаць, трэба ведаць. Гаркавы далёка за бруствер шпурнуў рыдлёўку зямлі.
— Хе, ведаць! Я ў ягоным батальёне паўгода прапоўзаў. Ён жа да палка батальёнам камандаваў. Строгі — ага. Баяліся — гэта праўда. A — розуму...
— Адкуль гэта відаць?
— Салдату ўсё відаць.
— Аднак не надта, мусіць?
— He надта? Можа, нават лепей, чым каму. Бо ён гэта самае крывёй сваёй спрабуе: які камандзір разумны, які — не.
Увогуле, пэўна, так, тут, можа, і не запярэчыш. Аднак я і маёр Сырамятнікаў займалі дужа рознае становішча ў палку, каб мне з упэўненасцю меркаваць аб яго якасцях. Што датычыць Ваніна, дык ён быў вядомы на ўсю дывізію, ніводзін чалавек у ёй не мог сказаць пра малодшага лейтэнанта кепскага слова.
Гаркавы здыхаўся трохі і зноў узяўся за рыдлёўку. Ягоны напарнік зазначыў:
— А ў нас і ротны нішто. Шумлівы, а ўвогуле някепскі мужык. Ваяваць можа.
— Талковы, ага,— пагадзіўся Гаркавы.— Ды не надта смелы. He з немцамі. У баі ён — арол! 3 начальствам.
— Ну, гэта ўжо ерунда,— сказаў я і ўстаў, не таму, што насядзеўся, а проста прапала ахвота слухаць гэтага самадзейнага разумніка.
Пра каго другога ён яшчэ мог мяне пераконваць, толькі не пра Ананьева. Ва ўсякім разе, старшага лейтэнанта я ведаў лепш за яго.
I тым не менш Гаркавы з лёгкай настойлівасцю пярэчыў:
— Хай ерунда. А на Грыневіча занадта азіраецца. Той не глядзі, што ціхманы. Як каторая жонка: ціхенькая, а мужык у яе пад абцасам...
— Нічога ён не азіраецца,— сказаў я.
— А ты вось прыгледзься — прыгледзься калі... Дзіўны чалавек гэты Гаркавы. Я амаль быў упэўнены, што ён гаворыць няпраўду, што Ананьеў не такі камандзір, каб азірацца на свайго намесніка. Тым не менш сказана гэта было такім пераканаўчым тонам, што і сапраўды ў маёй памяці пачалі ўсплываць некаторыя выпадкі. I як ні дзіўна, а выходзіла,
што і сапраўды часам ротны чакаў, што ў тым ці другім разе скажа Грыневіч. Хоць зусім магло быць, што так было трэба, што яны проста раіліся дзеля карысці справы.
Я ўжо амаль з цікавасцю ўзіраўся ў невыразную, шэрую ў прыцемках постаць Гаркавага, з шапкай-растапыркай на галаве, адчуваючы нейкую павагу да немаладога, звычайнага, малапрыкметнага байца, з якім праваяваў у роце паўгода, але амаль ні разу дагэтуль не звярнуў на яго ўвагі. Ва ўсякай справе Гаркавы заставаўся надзіва староннім і ціхім, а, глядзі ты,— пра многае меў сваю адметную і нават нечаканую думку, не палічыцца з якой было не так проста. I разам з тым гэтая яго разумная назіральнасць міжвольна насцярожвала, нават, невядома чаму, настройвала крышку не ў карысць Гаркавага.
Мне стала цікава, і я ўжо наважыўся застацца з гэтымі двума — хоць на сцюжы, а ўсё весялей будзе скаратаць ноч. Але толькі я падумаў аб тым, як з прыцемак паказаўся Ванін. Цяпер чамусьці ён ішоў не адзін і, згледзеўшы мяне, сказаў таму, хто ішоў ззаду:
— Вунь Васюкоў.
Я паціху падняўся з бруствера.
— Тут во цябе Зайцаў шукае.
Я ўраз насцярожыўся, нешта трывожна-радаснае варухнулася ў грудзях і замерла.
— Камандзір роты заве,— сказаў Зайцаў.— Вячэраць.
Хвіліну я вагаўся, адчуваючы, як нешта ва мне дзіўна і ўвачавідкі перайначваецца ў адносінах да камандзіра роты, да Ваніна і нават да гэтага вось Гаркавага. Зноў усіх засланіўшы сваёй вялікай постаццю, вырас у маім уяўленні Ананьеў. Праз хвіліну я ўжо дзівіўся з сябе ранейшага: было чаго крыўдаваць! Нічога кепскага ён мне не зрабіў, проста яго галава, як заўжды, забіта сваім клопатам. Хіба гэта не відаць было адразу! А калі, во, павальнела, адляглі справы — успомніў і спецыяльна паслаў Зайцава шукаць мяне, дурня, уначы па траншэі.
— Давай,— падагнаў Ванін.— А мне некалі. Акапасмся, тады забягу.
8
У бліндажы было людна і накурана, затхла смярдзела мокрымі шынялямі, земляной сырасцю і трацілам.
Звычайна, дзе б Ананьеў ні быў удзень, але ўвечары, вярнуўшыся ў сваю зямлянку-капэ, склікаў камандзіраў узводаў, старшыну, прымаў іх даклады, даваў указанні. Пасля ўсе разам вячэралі. Яда была не бог ведае якая: гуляш з канцэнтратам, сухары, банка свіной тушонкі. Часам да таго дадавалася што-небудзь з трафеяў, калі ў наступленні, ну, і, вядома,— наркомаўскія сто грамаў.
Цяпер наркомаўскіх, мусіць, не прадбачылася, не было старшыны, але на скрынцы, што прыладзілі на сярэдзіне бліндажа, ляжала жоўтая нямецкая банка з адгорнутым вечкам — там быў мармелад. Ананьеў, у расшпіленым шынялі, з цыгаркай у зубах, адвінчваў знаёмую, абшытую сукном пляшку. Ту жа сядзеў змрочны Цвяткоў, стрыманы, заўсёды сур’ёзны Грыневіч. Зайцаў, як толькі ўвайшлі, выняў з-за пазухі паўбохана хлеба, які, мусіць, расстараўся недзе ва ўзводзе, і ўзяўся яго рэзаць. За ім ля сцяны сядзелі двое параненых, і далей у цёмным куце, апанурыўшы светлавалосую галаву, туліўся немец.
— Хто гэта? Васюкоў? А дзе Ванін? — запытаў камандзір роты, узіраючыся ў парог.
— Там, ва ўзводзе,— сказаў Зайцаў.
— Чаму не прыйшоў? Ты сказаў, што я заву вышыню замачыць?
— He ідзе. Кажа, не п’ю.
— Ну і дурань,— проста абвясціў ротны.— Хай не п’е. Нам болей застанецца.
Ён адкруціў з пляшкі вечка, якое заматлялася на ланцужку, і са скрынкі ўзяў кварту.
— Сядай, Васюкоў. Павячэраем напаследак. Заўтра ўжо будзеш у медсанбаце. Як рука?
— Баліць.
— Правільна, павінна балець,— пагадзіўся Ананьеў,— Мне, калі прадплечча перабіла, паўмесяца, сабака, балела.
Побач скупа ўсміхнуўся Грыневіч.
— Помніцца, казаў — бядро. А цяпер — прадплечча.
Камроты апусціў кварту і амаль гняўліва зірнуў на свайго намесніка.
— Што, бядро? Бядро гэта ўжо ў пяты раз. A то летась зімой. У руку. He верыш — на, паглядзі.
Ён рашуча саўгануў на правай руцэ манжэт, адкрываючы на белай скуры сіні прадоўжны шрам.
— Ды я жартую,— прымірэнча сказаў Грыневіч. Ананьеў моўчкі пляснуў у кварту.
— Трымай, Васюкоў. Вып’еш — лягчэй будзе. Знаеш, калі мяне ў сцягно пад Нялідавым трэснула, толькі гарэлкай і ратаваўся. А то б здох ад болю ды голаду.
Я ўзяў кварту, там было небагата, і выпіў усё за адзін глыток. Пасля таропка закусіў хлебам з кавалкам студзяністага ружовага мармеладу.
— Цяпер па старшынству,— распараджаўся Ананьеў, зноў наліваючы ў кварту— П’ю я. Каб ты хутчэй гэта самае... Ды ў роту. А пакуль Зайцаў пабегае. Дык — за папраўку! — кінуў ён у мой бок і ладна глынуў усё, што было ў кварце.
I нават не паморшчыўся, толькі хакнуў і, не закусваючы, наліў зноў.
— Добра. Цяпер чарга камісара. Ці ты не будзеш?
— He, не буду, — ціха, без шкадавання сказаў Грыневіч.
— Во другі дурань. А, ведаю: ты пажэрці меціш. Толькі не выйдзе. He п’еш — мармеладу не палучыш. Паняў?
— Што ж, — напаўсур’ёз сказаў Грыневіч. — Пацерпім.
— Во-во — цярпі. Бог цярпеў і нам, дурням, вялеў. Дык ты чаго стаіш, Васюкоў? Ідзі сюды, пасядзім разам.
Ён пасунуўся трохі, я ступіў у змрок між ботаў і здаровым плячом уціснуўся між ім і Цвятковым. He ведаю, можа, таму, што выпіў, але мнс раптам здалося, што Ананьеў нібы перамяніўся да мяне — стаў такі таварыскі, клапатліва-прыветлівы, якім, можа, ні разу не быў за час мае ў яго службы. У маёй ужо захмялелай галаве заварушыліся здагадкі на гэты конт — ці не прычынай таму наша сумесная і такая паспяховая ўвогуле атака? А можа — маё раненне, якое ў адну хвіліну зрабіла мяне ўжо не ягоным падначальным, а амаль роўным, таварышам па мінулых баях, і толькі. Нічога падобна-
га раней мне не даводзілася адчуваць. Як гэта добра — мець у адносінах гэтую сціплую таварыскую роўнасць, хмельна думаў я, адчуваючы амаль што любасць да свайго камандзіра роты.
— А лоўка мы іх турнулі, га? — запытаў ён, павярнуўшы да мяне грубаваты, з кучаравымі бачкамі на шчоках, цяпер па-добраму ўсмешысты твар. Праз секунду, аднак, гэты твар спахмурнеў,— Шкада Крывашыява, ядрона вош! Харошы салдат быў... Ну, дык што? — цераз голаў Зайцава ён зірнуў на заўжды маўклівага пры начальстве старшыну Піліпенку.— Выпіць чарку не забудзь, на тым свеце не дадуць. Давай, старшына! Твая чарга...
Піліпенка моўчкі ўзяў з ягоных рук кварту і адразу ж пацягнуўся да самага вялікага кавалка на скрынцы. Ананьеў трасянуў пляшкай.
— Шчэ ёсць. Цвяткову не дамо — не заслужыў. Фрыц тож аблізнецца. Гэта — для Ваніна. Ванін — маладзец!
У траншэі зашэрхала палатка. Грыневіч, які сядзеў насупраць увахода, узняў голаў.
— Здаецца, лёгкі на ўспамін, — сказаў ён.
Аднак, замест Ваніна, у бліндаж уваліўся доўгі няскладны Шнэйдар.
— Таварыш старшы лей...
— Шнэйдар,— перабіў яго Ананьеў.— Ну-ка во гэтага цуцыка дапытай.
Аброслы чорнаю шчэццю Шнэйдар, каб не згінаць галавы, зняў з пляча аўтамат і ўкленчыў ля ўваходу. Ананьеў згроб недзе між ног кіпу папер палоннага, зверху якой была салдацкая кніжка, і працягнуў перакладчыку.
— Спярша паглядзі, во. 3 якой ён часці, фрыцок гэты.
Шнэйдар стрымана пераняў дакументы, не выказаўшы ніякае цікавасці да немца. Той, аднак, мабыць, зразумеўшы, што гаворка ідзе пра яго, адвярнуў убок свой набычаны твар. Шнэйдар дастаў з кішэні абтрапаную кніжачку ў каленкоравай вокладцы. Гэта быў нямецка-рускі ваенны размоўнік, у якім баец хутка знайшоў патрэбную старонку.